Знакомьтесь: гордость Островецкого района Андрей Часнойть!

13:04 / 20.11.2016
%d0%b3%d0%be%d1%80%d0%b4%d0%be%d1%81%d1%82%d1%8c-%d1%87%d0%b0%d1%81%d0%bd%d0%be%d0%b9%d1%82%d1%8cЭпагеем сельскагаспадарчых работ у калгасах лічыцца жніво калі цэлыя караваны камбайнаў працуюць у полі ад расы і да заходу сонца, калі загружаныя машыны на ўсіх парах імчаць да зернесушылак, дзе аператары чакаюць новую партыю залатога збожжа. Уся гаспадарка ў гэты час жыве ў рэжыме жніва і падпарадковаўваецца Яго Вялікасці Хлебу. Аднак для таго, каб колас вырас важкім, а ніва разрадзілася добрым ураджаем, яе ў час трэба падкарміць, прапалоць ад пустазелля. У СВК “Міхалішкі” з гэтай справай “на выдатна” спраўляецца трактарыст-машыніст Андрэй Тадэвушавіч Часнойць, чый партрэт сёлета занесены на раённую Дошку гонару.

Міхалішкаўскаму “хіміку-выдатніку” мы задалі пяць пытанняў аб галоўным.

  1. Якімі сцежкамі вы прыйшлі ў сельскую гаспадарку?


– Не ведаю, што – наканаванасць ці заканамернасць – павяло мяне бацькоўскім шляхам. Бацька Тадэвуш і маці Яніна ўсё жыццё адпрацавалі ў калгасе трактарыстам і даяркай. Як усе вясковыя людзі, трымалі вялікую гаспадарку: каня, кароў, свіней.

Хоць у пасведчанні аб нараджэнні запісана “Побалі”, але ўсё мае дзяцінства прайшло ў Шульніках. Разам з братам Юрыем – мы з ім блізняты – пасля школы дапамагалі бацькам па гаспадарцы. Бацька зранку даваў наказ, што трэба зрабіць, а ўвечары пасля працы правяраў, ці не праседзелі без справы, ці ўдосталь напіліся каровы і ці не рохкаюць галодныя свінні.

Прызнаюся шчыра: вучыцца ў школе мне не падабалася – куды больш цягнула да тэхнікі. Пасля таго як адвучыўся на трактарыста ў Варнянскім НПК, пайшоў працаваць у калгас імя Чапаева. Але хутка забралі ў армію.

Спачатку служыў у Баранаві-чах, пасля перавялі ў Смаргонь. Не паспеў азірнуцца, як служба ў войску скончылася. Працаваў у Варнянскім лясніцтве, у сель-гастэхніцы, а ў 2002 годзе пе-райшоў у калгас імя Кірава, дзе  за мной замацавалі трактар МТЗ-952.

  1. Лягчэй было працаваць, калі толькі прыйшлі ў калгас, ці зараз?


– Складана адказаць... Многія наракаюць, што зарплаты малыя, запчастак не хапае – але ў такіх няпростых эканамічных умовах існуюць усе гаспадаркі. Будзеш працаваць – нешта заробіш. Нашым бацькам значна цяжэй было.

  1. Некаторыя лічаць, што прафесія трактарыста-машыніста пазбаўлена раман-тыкі. Ці так гэта? І ці здараюцца моманты, калі работа надакучвае і хочацца змяніць прафесію?


– Сэрца радуецца, калі веснавой парой на “Расе” выязджаю ў поле, каб падкарміць пасевы: роўнымі радкамі зелянее рунь, якая праз некалькі месяцаў літаральна на вачах ператворыцца ў суцэльную залатую сцяну – стане збожжавым полем... Калі тэхніка добра ідзе – тады і працаваць у ахвоту. Часам хочацца адпачыць, а калі задажджыць і нельга ўносіць хімію – дзянёк вальнейшы ўжо не ў радасць. А настрой псуецца, калі нешта ламаецца. Як, напэўна, і ўсім звычайным людзям, мне таксама часам надакучвае работа – але нідзе, акрамя СВК “Міхалішкі”, сябе больш не бачу.

  1. Што або хто займае самае значнае месца ў вашым жыцці?


– Канешне, сям’я. Разам з жонкай Святланай, якая зараз працуе ў СВК “Міхалішкі” загадчыцай кафэ, гадуем дачку Дашу і сына Сяргея. Напэўна, само жыццё нас звяло са Святланай: разам хадзілі ў Гозскую школу, а пасля – і на танцы. Калі мяне забралі ў армію, яна паступіла вучыцца. Сустракаліся пяць гадоў, а шлюбам пабраліся ў 1997 годзе. Тагачасны старшыня калгаса імя Кірава Аляксей Сцяпанавіч Шафарэвіч выдзеліў нам жыллё, а ў мінулым годзе старшыня СВК “Міхалішкі” Аляксандр Іванавіч Чаплінскі дазволіў яго выкупіць...

Маё рабочае месца – калгасныя майстэрні – літаральна пад домам. Таму, у адрозненні ад гараджан, дарога на работу ў мяне займае ўсяго хвіліну.

  1. Пра што марыце?


–  Усё, што павінен зрабіць сапраўдны мужчына, я выканаў: разам з жонкай нарадзілі сына, не адно дрэва пасадзіў. Дом, праўда, не пабудаваў – але зарабіў на яго і добраўпарадкаваў. Хочацца, каб мама – таты не стала сем гадоў назад – была здаровая, каб дачка добра вучылася ў школе, а сын, які яшчэ наведвае дзіцячы сад, пайшоў не па мне, а па жонцы – у яе вышэйшая адукацыя.  (Усміхаецца). Верыцца, што некалі ажыццявіцца мая самая запаведная мара: адпачыць ля мора ўсёй сям’ёй.

...Шчыры, нешматслоўны і працавіты, як і большасць вясковых людзей, Андрэй Тадэвушавіч спрытна сеў у кабіну кормараздатчыка “Гаспадар”, на якім ён працуе зімой на малочна-таварным комплексе “Маркуны”, каб на “сталы” рагуль у час трапілі кармы... А веснавой парой мужчына перасядзе на “Расу” падкармліваць і “вызваляць” ад пустазелля пасевы, каб нівы закаласіліся, а зерне стала хлебам новага ўраджаю.

Алена ГАНУЛІЧ.