Знакомьтесь: учитель, интеллектуал, отец троих детей Сергей Гаврилович!

10:07 / 02.10.2016
1
%d0%b3%d0%b0%d0%b2%d1%80%d0%b8%d0%bb%d0%be%d0%b2%d0%b8%d1%87-%d1%84%d0%be%d1%82%d0%beЗамест візітнай карткі:

Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч – настаўнік матэматыкі, дырэктар Альхоўскай сярэдняй школы, які за 5 гадоў свайго кіраўніцтва літаральна пераўтварыў яе, надаўшы зусім новае аблічча. Інтэлектуал – капітан каманды “Гульні розуму”. Бацька траіх дзяцей. І вельмі сціплы і інтэлігентны чалавек, пра якога мы амаль нічога не ведаем.

Рыхтуючы спецвыпуск “АП” да Дня настаўніка, мы вырашылі запоўніць гэты прабел – пазнаёміцца бліжэй з Сяргеем Анатольевічам і расказаць пра яго нашым чытачам.

Аб прафесіі


– Сяргей Анатольевіч, як вы лічыце, чаму ў апошні час так упаў прэстыж прафесіі настаўніка? І ці мінулі мы ў гэтым працэсе кропку невяртання?

– Не згодзен з вамі. Я не лічу, што прэстыж настаўніцкай прафесіі так упаў, як аб гэтым усе крычаць, – тут, мне здаецца, больш шуму, чым сапраўднай праблемы. Зарплаты настаўнікаў сёння, у параўнанні з іншымі катэгорыямі нядрэнныя, асабліва ў сельскіх школах, дзе настаўнікі атрымліваюць 20 працэнтаў так званай сельскай надбаўкі. Ва ўсялякім выпадку, маладыя спецыялісты, якія прыходзяць да нас па размеркаванні, не пакідаюць школы, адпрацаваўшы належны тэрмін. І конкурсы сёлета ў педагагічныя ўніверсітэты выраслі – гэта таксама сведчыць, што не ўсё так дрэнна.

Праблема, мне здаецца, у іншым: у адносінах да настаўніка “вышэйстаячых”, якія часта будуюцца  па прынцыпу “Я начальнік – ты дурань”. Яшчэ ў тым, што жывая работа ўсё больш падмяняецца канцыляршчынай, і лепшым лічыцца той, хто хутчэй і прыгажэй напіша справаздачу. І ў тым, што настаўнікаў загружаюць не ўласцівымі ім, нікому не патрэбнымі справамі.

Я вельмі люблю сваю работу. Зарплата ў мяне не самая высокая ў школе і тым больш – у раёне, тым не менш, я не скарджуся – мне хапае. Але калі сутыкаюся з элементарным хамствам у адносінах да настаўніка і ўвогуле да сістэмы адукацыі, прызнаюся шчыра: часам з’яўляецца жаданне напісаць заяву на звальненне.

– Калі б вы былі міністрам – што б змянілі ў сістэме адукацыі?

Вельмі шмат… На 90 працэнтаў ліквідаваў бы нашу праславутую бюракратыю – толькі не ўпэўнены, што гэта па сілах нават міністру.

Ёсць такая арганізацыя настаўнікаў Еўропы, да якой я маю пэўнае дачыненне. І вось аднойчы нам наладзілі паездку ў суседнюю Літву для знаёмства з іх сістэмай адукацыі. Мне здаецца, многаму можна павучыцца.

Мы пабывалі ў раёне, дзе жыве 20 тысяч насельніцтва, – прыкладна як наша Астравеччына. Зайшлі ў аддзел адукацыі. Ведаеце, колькі там працуе людзей? Чатыры чалавекі! У нас жа на парадак больш. Прычым ніхто з нашых работнікаў аддзела не лайдачыць, усе займаюцца справай – і загружаны так, што ў будынку аддзела і вечарамі вокны свецяцца. Можа, таму, што ў нас ад адукацыі патрабуюць значна больш, чым у суседзяў?

Ці іншы прыклад. У нас штогод даводзіцца план даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці. Сёлета, напрыклад, Альхоўскай школе трэба зарабіць 37 мільёнаў рублёў – і гэта не самая вялікая сума. А вось як гэтыя грошы зарабіць – праблема выключна дырэктара школы. А там кожны чалавек прыходзіць у падатковую інспекцыю і піша заяву з просьбай адзін працэнт свайго заробку пералічваць на рахунак нейкай сацыяльнай установы – школы, бальніцы, дзіцячага садка, словам, туды, дзе вучацца яго дзеці ці лечацца бацькі альбо ён сам. І школа зацікаўлена, каб вучням у яе сценах было добра, каб бацькі менавіта школу выбралі для пералічэння гэтага аднаго працэнта. Адпаведна, настаўнікам не трэба прыніжацца і прасіць у бацькоў грошы на фарбу, новыя жалюзі ці прынтар.

Статус дырэктара там таксама зусім іншы: ён – дзяржаўны служачы, атрымлівае зарплату ў муніцыпалітэце – і, адпаведна, ён больш самастойны ў прыняцці рашэнняў.

Увогуле там больш выкарыстоўваецца практыка перніка, у той час як у нас – бізуна. Скажам, калі еўрапейская школа зэканоміла энергарэсурсы, то гэтыя грошы можа затым скарыстаць па сваім разуменні. У нас жа іншы падыход: калі ты не зэканоміў, то атрымаеш адпаведнае пакаранне.

Працягваць параўнанні можна і надалей – але я іх прывожу не для таго, каб паказаць, што, маўляў, там усё добра, а ў нас дрэнна. Думаю, што паказвалі нам толькі самае лепшае, а праблем і ў іх хапае. Але ж было чаму па-добраму і пазайздросціць. Наша сістэма адукацыі пакуль што лічыцца адной з лепшых у свеце – але гэта не азначае, што так будзе заўсёды і што яе не трэба ўдасканальваць.

– Пры ўсім гэтым – ці параіце вы сваім дзецям ісці ў настаўнікі?

– Ужо раю! Дачка ў наступным годзе заканчвае школу і збіраецца паступаць у педагагічны – праўда, профіль выбрала некалькі іншы, лінгвістычны. Плануем браць мэтавае накіраванне, каб затым вярнуцца ў свой раён і працягваць сямейную дынастыю.

Яна ў нас, дарэчы, немалая: па не ўдакладненых пакуль звестках яшчэ мой прадзед працаваў настаўнікам польскай школы. Мама, Ганна Іванаўна, усё жыццё выкладала матэматыку і фізіку. Настаўнікам матэматыкі ў Спондаўскай школе да гэтага часу працуе яе брат Віктар Іванавіч Лукша.  Мая стрыечная сястра Наталля Іванаўна Хвясечка і яе муж Анатоль Васільевіч – таксама вядомыя ў раёне настаўнікі. Мае стрыечныя браты і сёстры – таксама настаўнікі. Ды і яшчэ не менш чым з дзясятак стрыечных братоў і сясцёр і іх дзяцей ядуць настаўніцкі хлеб па ўсёй Беларусі.  Мне хацелася б, каб нехта з маіх дзяцей прадоўжыў сямейную справу. Малодшаму сыну пра гэта думаць пакуль рана – ён пайшоў толькі ў другі клас. Сярэдні, васьмікласнік, марыць аб Акадэміі МНЗ. А вось дачка, спадзяюся, пойдзе па педагагічнай сцежцы.

Пра сябе


– А вы якімі сцежкамі-дарожкамі прыйшлі ў педагогіку?

– О, гэта асобная гісторыя, не вельмі паказальная…

Школу я заканчваў у Літве – бацькі пераехалі туды, калі я яшчэ малы быў. Мама працавала настаўніцай, бацька – намеснікам старшыні калгаса. Я хоць і не быў медалістам, але вучыўся добра. І прафесію выбраў па тым часе самую што ні ёсць прэстыжную – эканамічная кібернэтыка, аўтаматычныя сістэмы кіравання. З першага разу не паступіў. Год працаваў трактарыстам у калгасе. Другая спроба аказалася больш удалай – у 1990 годзе я стаў студэнтам Вільнюскага універсітэта.

Ну а потым – развал Саюза, “парад суверэнітэтаў”, адносіны да нас у Літве адпаведныя. Бацькі вырашылі, што трэба вяртацца на радзіму, у Беларусь – месцам жыхарства абралі Міхалішкі. З імі, вядома ж, і я. Але ўзнавіць вучобу ў Беларусі не атрымалася з-за элементарнай неразбярыхі: не змог своечасова забраць дакументы, бо не разлічыўся з бібліятэкай, а з бібліятэкай не разлічыўся, бо за страчаную кнігу налічылі астранамічную суму…

Словам, я па новай паступаў. Скончыў Гродзенскі ўніверсітэт, факультэт матэматыкі і інфарматыкі – і стаў настаўнікам.

Сёння ні аб чым не шкадую: ужо працуючы, зразумеў, што люблю сваю работу, што мне гэта па душы.

– Ведаю, што вы добра разбіраецеся ў камп’ютарах – спецыялісты вашага ўзроўню, незалежна ад таго, дзе і якую адукацыю атрымалі, працуюць у іншых месцах і зарабляюць іншыя грошы. Прызнайцеся: у вас ніколі не ўзнікала жадання ўсё кінуць і пайсці туды, дзе “лепш кормяць”?

– Калі ў 2010 годзе закрылі Быстрыцкую школу, дзе я на той час працаваў настаўнікам матэматыкі, мне амаль адначасова паступіла дзве прапановы: ісці дырэктарам у Альхоўку ці ехаць у Маскву, дзе трэба было сядзець у офісе за камп’ютарам.

З’ездзіў я ў тую Маскву – зарплату прапаноўвалі непараўнальную з настаўніцкай, нават кватэру абяцалі аплачваць. Але я падумаў – і пайшоў у Альхоўку. Ні аб чым, яшчэ раз паўтаруся, не шкадую.

– Адным з вашых захапленняў з’яўляюцца інтэлектуальныя гульні – ваша каманда штомесяц прыязджае на гульню за 30 кіламетраў, прычым прывозіце вы яе на ўласнай машыне… А чым яшчэ “сэрца супакойваецца”, чым любіце займацца ў вольны час?

– Так, інтэлектуальныя гульні я вельмі люблю, стараюся не прапускаць ніводнай – нават з курсаў прыязджаў.

Упершыню паспрабаваў сябе ў гэтай гульні на адным з першых турніраў, калі аддзел адукацыі выставіў зборную – я яшчэ працаваў у Быстрыцы. Мы тады з нейкай камандай падзялілі трэцяе месца, атрымалі ў якасці ўзнагароды вазу і кнігу. Мне прапанавалі выбраць частку прыза – і я, вядома, забраў кнігу. На наступны турнір аддзел каманду не выстаўляў, хоць я ўсяляк падбухторваў. Ну, а як толькі стаў працаваць у Альхоўцы, на першы ж калядны турнір мы прыехалі сваёй камандай – з таго часу і гуляем. Потым і вучні за намі пацягнуліся, спачатку іх трэніравала член нашай каманды “Гульні розуму” Таццяна Мікалаеўна Ждановіч, зараз яна перадала гэтую “эстафету” Алене Валер’еўне Клімашэўскіс. Дарэчы, вучні гуляюць больш паспяхова, чым мы – яны прывезлі з раённых і абласных спаборніцтваў ужо некалькі дыпломаў і “яблыкаў азарэння” – мы пакуль што толькі марым дасягнуць іх поспеху.

Дарэчы, чуў, што хутка ў Астраўцы будзе сваё тэлебачанне – у такім разе чаму б нам не арганізаваць якую-небудзь інтэлектуальную перадачу кшталту элітарнага клуба знатакоў? Я думаю, яна карысталася б папулярнасцю.

А што яшчэ? Спорт. Моцна памыляецца той, хто лічыць, што спорт і інтэлект – рэчы несумяшчальныя. Я ў свой час сур’ёзна захапляўся настольным тэнісам, выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту.  Аднойчы, яшчэ ў юнацтве, на нейкіх спаборніцтвах мне нават давялося згуляць са знакамітым Уладзімірам Самсонавым – гэты вялікі беларускі тэнісіст усяго на тры гады маладзейшы за мяне. Прайграў, канешне, – але дастойна. І ўражанні засталіся  незабыўныя.

І сёння ў Міхалішках, дзе я жыву, а зараз ужо і ў Альхоўцы, увесь сезон на школьным стадыёне ў пятніцу і нядзелю гуляюць у футбол ветэраны супраць моладзі. А зімой перабіраемся ў школьную спартыўную залу і гуляем у валейбол. Праўда, апошні год вырваўся толькі некалькі разоў.

Пра школу…


– Сённяшні дырэктар школы – ён хто: настаўнік, выхавальнік, загадчык гаспадарчай часткі, забеспячэнец?..

– Адно скажу: я ўжо не настаўнік – свядома адмовіўся выкладаць сваю любімую матэматыку. Прычына адна: не хачу халтурыць. Кожны тыдзень трэба па той ці іншай прычыне ехаць у Астравец, здараюцца і іншыя форс-мажоры – а гэта значыць, што трэба прапускаць ці замяняць урокі. Канешне, усе прадметы важныя – але калі дзеці не будуць ведаць матэматыку, гэта закрые ім дарогу ў палову ВНУ. У зарплаце, вядома ж, згубіў і істотна – але затое сумленне чыстае!

Дырэктару школы трэба быць у першую чаргу добрым псіхолагам, бо кіраваць жаночым калектывам, які да таго ж працуе разам не адзін дзясятак гадоў, – тая яшчэ задача…

А ўвогуле, я перакананы, што добры кіраўнік не павінен кідацца затыкаць усе дзіркі. Задача дырэктара: арганізаваць работу так, каб  ад яго адсутнасці ці прысутнасці ўмоўна нічога не залежала: усе павінны ведаць свае абавязкі і выконваць іх. Калі справа наладжана менавіта так, то гэта і азначае – кіраўнік на сваім месцы.

Многія школы раёна зрабілі капітальныя рамонты і набылі новае аблічча ў рамках будаўніцтва аграгарадкоў. Альхоўцы, рабочаму пасёлку без прыстаўкі “агра”, такая ўдача не выпала – і рамонт школы вы рабілі самі, тым самым гаспадарчым спосабам, які адны хваляць, а большасць пакрываюцца халодным потам, толькі пачуўшы гэтае слова. Як вам ўдалося сваімі сіламі адужаць такі аб’ём работы?

– Ой, не пытайце! Гэты рамонт каштаваў мне дзесяці – не менш! – гадоў жыцця.

Два гады запар 31 жніўня да 5 гадзін раніцы настаўнікі выносілі са школы будаўнічае смецце, мылі вокны і падлогі – затым пераапраналіся і ішлі на ўрачыстую лінейку.

Памятаю, 23 жніўня 2013 года на прыёмку школы прыехаў прадстаўнік абласнога ўпраўлення – а ў нас у сталовай, што называецца, конь не валяўся. Ён за тэлефон: прышлю пракурорскую праверку, пойдзеш за краты за тое, што зрываеш навучальны працэс. Добра, што Віктар Збігневіч Свіла на той момант узяў мяне “на парукі”, запэўніў, што да пачатку навучальнага года школа будзе гатова – інакш калі не сядзеў бы за кратамі, то дырэктарам дакладна ўжо не працаваў бы. І спаліць мяне пагражалі рабочыя, якім я ў час не аддаваў грошы за працу, здаралася, і прэміі пазбаўлялі за невыкананне тэрмінаў падрыхтоўкі школы…

Рамонт ішоў кожнае лета, што я тут працую дырэктарам, – і кожны год часу на яго было катастрафічна мала: у чэрвені экзамены, летні лагер, затым традыцыйны рэспубліканскі летнік фізікаў, які доўжыцца да сярэдзіны ліпеня. Застаецца фактычна паўтара месяцы – як усё паспець?!

Ды і розных бюракратычных перашкод хапала: тое, што можна зрабіць па-гаспадарску, з найменшымі затратамі, рабіць нельга, а тое, як можна і трэба, патрабуе вялізных грошай… Ну, рабілі, як умелі і маглі. Працавалі ўсе: і рабочых, здаралася, наймалі, і настаўнікі, і бацькі, і я – другі паверх, лічы, поўнасцю сам патынкаваў. У школе за час гэтага шматгадовага рамонту паступова заменены вокны, падлога, абноўлены ўнутраныя сцены. Без змен застаўся толькі фасад.

А зараз хто ўспомніць усе тыя перажыванні, няўвязкі, адсутнасць летняга адпачынку? Затое цяпер у школу прыемна зайсці і дзецям, і дарослым: тут камфортна працаваць і радасна вучыцца.

Аб усім пакрысе…


– Каго вы лічыце галоўнымі людзьмі ў сваім жыцці, хто аказаў на вас лёсавызначальны ўплыў?

– Ну, асабліва паўплываць на мяне складана…

А галоўныя людзі ў маім жыцці – гэта дзеці.

– Тады, магчыма, ёсць кнігі, якія паўплывалі на вас? Ці тыя, што вы можаце перачытваць бясконца?

– Вялікі ўплыў на мяне ў свой час аказала кніга Дэйла Карнегі “Як заваяваць сяброў і аказваць уплыў на людзей” – але не скажу, каб мне хацелася перачытаць яе яшчэ раз.

А бясконца перачытваць я магу “Двенадцаць стульев” і “Золотой теленок” Ільфа і Пятрова, “Пикник на обочине” братоў Стругацкіх, “Войну и мир” Льва Талстога…

Увогуле нелюбімых кніг не бывае – чытаю шмат. Зараз, напрыклад, на маім стале ляжаць “Кремлевские дети” Ларысы Васільевай.

– Якія падзеі ў сваім жыцці вы лічыце лёсавызначальнымі?

– Вяртанне ў Беларусь. Заканчэнне ўніверсітэта. Прызначэнне дырэктарам Альхоўскай школы. І, вядома ж, працу ў Быстрыцы – гэта асаблівая вёсачка са сваім каларытам, менталітэтам жыхароў, характарам – я яе вельмі люблю.

– Якое ў вас запаветнае жаданне?

– Ну якое ж яно запаветнае, калі я пра яго ўсім раскажу? Хай ужо лепш застаецца запаветным…

– Вашы пажаданні сабе і калегам напярэдадні Дня настаўніка?

– Хай усё ва ўсіх будзе добра!

Гутарыла Ніна РЫБІК.