Участник Олимпийских игр в Рио-де-Жанейро, уроженец Ворнян Александр Ляхович дал интервью журналисту "АП"

13:21 / 23.09.2016
4
%d0%bb%d1%8f%d1%85%d0%be%d0%b2%d0%b8%d1%87-%d0%b2-%d1%80%d0%b8%d0%beЁн – першы… І назаўсёды застанецца першым у гісторыі раёна і памяці людзей, незалежна ад таго, якое месца заняў. Аляксандр Ляховіч, наш зямляк з Варнян, стаў першым прадстаўніком Астравеччыны, які ўдзельнічаў у Алімпійскіх гульнях.

Я перахапіла Аляксандра паміж Мінскам, Гродна і Варнянамі – ён якраз пасля ўшанавання алімпійцаў на прыёме ў губернатара Гродзенскай вобласці вырашыў на некалькі дзён прыехаць дадому. І, трэба сказаць, ішла на інтэрв’ю з хваляваннем. Чатыры гады назад мы ўжо пісалі  пра Аляксандра – тады ён быў перспектыўным спартсменам, неаднаразовым прызёрам і пераможцам абласных і  рэспубліканскіх спаборніцтваў, удзельнікам Кубка Еўропы па спартыўнай хадзьбе, які марыў дайсці да Алімпійскіх гульняў. Зараз жа я ішла на сустрэчу з першым алімпійцам Астравеччыны.   

– Адразу хачу павіншаваць: трапіць на Алімпійскія гульні – гэта ўжо перамога. Памятаеце, калі зрабілі першы крок ў бок запаветнай мары?

– Дзякуй. Напэўна, першы крок я  зрабіў, калі ўпершыню пераступіў парог секцыі па лёгкай атлетыцы ў роднай Варнянскай школе. З таго часу ўсё пачалося. І працягваецца вось ужо шаснаццаць гадоў – менавіта столькі займаюся спортам. Таму, калі хтосьці думае: патрэніруюся годзік-два – і паеду на Алімпіяду, моцна памыляецца. Гэта не проста трэніроўкі, гэта шматгадовая праца над сабой, строгі рэжым і пастаяннае ўдасканальванне сваіх магчымасцей.

– Аднак вы даказалі, што любы чалавек, у тым ліку і звычайны хлопчык з Варнян, калі моцна захоча, можа скарыць, здавалася б, недасягальную вяршыню.

– Аднаго жадання мала, патрэбна яшчэ сіла волі, падтрымка сяброў і блізкіх, а часам і іх матэрыяльная дапамога. Спорт – гэта праца. І калі хочаш чагосьці дасягнуць, трэба штодзень перамагаць ляноту, спакусы, стомленасць. Асабліва спачатку, бо пасля спорт зацягвае і ты ўжо не можаш спыніцца.

– Што адчулі, калі даведаліся, што паедзеце на Алімпійскія гульні?

– Адназначна адказаць цяжка. Мой шлях да Алімпіяды быў не вельмі роўным. Я выканаў нарматыў па спартыўнай хадзьбе на 20 кіламетраў, устаноўлены Міжнароднай і Беларускай федэрацыямі па лёгкай атлетыцы, аднак у спіс удзельнікаў алімпіяды, які фарміруецца ў пачатку года, не трапіў. Ужо пасля мяне і яшчэ пяць чалавек дабралі ў каманду. І парадокс: у выніку я і яшчэ адна дзяўчына выступілі лепш, чым тыя, хто былі ў асноўным спісе і іх падрыхтоўка адпаведна фінансавалася.

А эмоцыі? Пакуль не сеў у самалёт, да канца не верылася. А потым было шмат станоўчых эмоцый, бо гэта вынік працы ўсяго майго спартыўнага жыцця. Для любога спартсмена Алімпіяда – найвышэйшая кропка развіцця. Перафразую вядомы выраз: што гэта за спартсмен, які не марыць выступіць на Алімпійскіх гульнях!

– Чым здзівілі, запомніліся, уразілі Алімпійскія гульні?

– Паколькі я трапіў на іх упершыню, меркаваць цяжка. Спартсмены, якія ўжо ўдзельнічалі ў Алімпіядах, сцвярджалі, што ў Лондане і ў Пекіне было нашмат лепш – аднак адпаведна і затрачана больш грошай. У Рыа, наадварот, вырашылі пабагацець за кошт спартсменаў – сувеніры былі настолькі дарагія, што іх мала хто купляў. Бразільцы – народ раслаблены і неарганізаваны, тое ж тычылася спаборніцтваў: спазненні, затрымка транспарту – гэта было нормай.

Аднак Алімпійскія гульні гэта Алімпійскія гульні! І гэтым усё сказана! Нездарма ж у старажытнасці падчас іх правядзення нават спыняліся войны. Акунуцца ў непаўторную хвалю спаборніцтваў і варыцца ў агульным катле, дзе сабраліся 12,5 тысяч лепшых спартсменаў свету – гэта пачуццё немагчыма перадаць словамі.

– А якія ўражанні засталіся ад горада мары Астапа Бэндэра?

– Калі быў вольны час, мы бралі таксі і проста каталіся па горадзе, таму з упэўненнасцю кажу, што Рыа – вельмі прыгожы горад. Вочы разбягаліся ад хараства прыроды, захоплівала дух ад велічы і грацыёзнасці гор, а акіян – проста зачароўвае. А якое захапляльнае відовішча, як сёрфінгісты пакараюць грэбні хваль! Тэлевізар не перадае і дзясятай долі гэтага відовішча.  Пабываў на легендарнай гары Каркавадзе, дзе размяшчаецца статуя Іісуса Хрыса – таксама непаўторнае адчуванне. Наведаліся і на вядомы чатырохкіламетровы пляж Капакабана. Уражанняў вельмі шмат, Бразілія – прыгожая краіна.

– У спаборніцтвах вы занялі залатую сярэдзіну: 43-е месца з 80-ці. Для землякоў – вы ўжо герой. А як самі ацэньваеце свой удзел у Алімпіядзе?

– Шчыра кажучы, разлічваў быць бліжэй да 20-га месца. Змена часавых паясоў, іншы клімат – усё гэта паўплывала на самаадчуванне. Мы прыляцелі 9 жніўня і выступалі на трэці дзень – на жаль, акліматызацыя прайшла не вельмі ўдала. Мне яшчэ пашанцавала – двое калег па спартыўнай хадзьбе наогул не дайшлі да фінішу. Можна сказаць, што вынікам задаволены, але, як і кожнаму спартсмену, хацелася прадставіць сваю краіну лепш.

– Гэта ён зараз так скептычна адносіцца да свайго выніку, а пройдзе час – і зразумее, што сам удзел у Алімпійскіх гульнях – адзін шанс на мільён, – да нашай размовы далучаецца Людміла, жонка Аляксандра. (Людміла, дзявочае прозвішча Каваленка – спартсменка, удзельніца Алімпіяды па лёгкай атлетыцы ў Лондане, шматразовая пераможца паўмарафона ва Украіне). – Трэба даражыць тым, што ёсць і цаніць кожны момант. Калі мы пачыналі трэніравацца, пра медалі ніхто нават не думаў – самай запаветнай марай было толькі трапіць на Алімпіяду і быць сярод лепшых з лепшых.

– А яшчэ гэта каштоўны вопыт – дадае Аляксандр. –На фінішы я глядзеў на медалістаў і злавіў сябе на думцы – яны такія ж, як і мы. А значыць, немагчымае – магчыма. І даў сабе ўстаноўку ўжо зараз пачынаць трэніравацца да наступных Алімпійскіх гульняў.

– Значыць у планах – дайсці да Токіа?

– Я буду прыкладаць усе намаганні, каб трапіць на наступныя Алімпійскія гульні і прадставіць нашу Беларусь і Астравеччыну больш дастойна.

– Спартсмены – людзі на колах. Як родныя адносяцца да таго, што рэдка бачаць вас дома?

– Яны паважаюць мой выбар – і я вельмі ўдзячны блізкім, што заўсёды падтрымлівалі мяне і яшчэ падчас вучобы не далі зламацца і пакінуць спорт. А Люда – сама спартсменка, мы часта трэніруемся разам.

– Мы не жалезныя, і бываюць моманты, калі хочацца ўсё кінуць і сказаць “стоп” трэніроўкам, спаборніцтвам, раз’ездам, – дадае жонка Аляксандра. –А раніцай падымаешся – і зноў на прабежку, бо разумееш, што без спорту ўжо не можаш.

– Нам з Людай пашанцавала: мы займаемся любімай справай – і гэта крута! Мы жывём спортам – а ён, у сваю чаргу, дае нам адукацыю, развіццё, магчымасці. Я ведаю, што магу звярнуцца ва ўпраўленне спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама – і мяне выслухаюць і пастараюцца дапамагчы. Нягледзячы на тое, што мяне не адразу ўключылі ў спіс алімпійцаў, абласное кіраўніцтва да канца верыла ў мяне, фінансавала маю падрыхтоўку – і за гэта я вельмі ўдзячны. Таксама дзякуй Астравецкаму райвыканкаму, які выпісаў салідную грашовую прэмію, якую патрачу на неабходны спартыўны інвентар.

– А яшчэ для нас, спартсменаў, вельмі важна ўвага, усведамленне, што нас памятаюць, ведаюць і перажываюць падчас спаборніцтваў, – дадае Людміла.

– Што параіце спартсменам, якія толькі пачынаюць свой шлях і, як і вы калісьці, мараць пра Алімпійскія гульні?

– Верыць у сваю мару і кожную раніцу прачынацца з ёй. Будзе цяжка – не адчайвацца! І працаваць, працаваць, працаваць над сабой. Тады ўсё атрымаецца.

За чатыры гады, што мінулі пасля нашага першага інтэрв’ю, Аляксандр Ляховіч амаль не змяніўся: такі ж ураўнаважаны, цікавы ў стасунках, просты і без “зорнасці”. Хіба толькі стаў больш упэўнены і мэтанакіраваны, ды і калекцыя ўзнагарод папоўнілася. Чатыры гады назад ён марыў дайсці да Алімпійскіх гульняў – і выступіў у Рыа-дэ-Жанейра. Спадзяюся і веру, што мы абавязкова сустрэнемся з Аляксандрам праз чатыры гады… На гэты раз – з медалістам Алімпійскіх гульняў у Токіа!   

Марына МАЦКЕВІЧ.