Тэрэса Чахрач з Карвэляў на Краснай плошчы з Машэравым. Было!
08:58 / 23.05.2018
…На парозе хаткі, якая нічым не выдзяляецца сярод іншых вясковых дагледжаных дамоў, мяне сустракае гаспадыня – Тэрэса Францаўна Чахрач, тая самая прыгажуня з фотаздымка. Яна і цяпер, у свае восемдзясят, усё такая ж: хоць і па-хатняму, але з густам апранутая, па-сталаму прыгожая, нягледзячы на павуцінкі маршчынак, што раскідаў узрост па яе твары, і з такім жа, як і ў маладосці, стрыжнем лідара і працаўніка ў характары.
Тэрэса Францаўна не абараняла дысэртацый, не рабіла навуковых адкрыццяў, не займала высокіх пасад. Ад ранку да позняга вечара яна працавала спачатку на свінаферме, потым – на цялятніку, уручную нарыхтоўвала кармы для жывёлы, якую даглядала, – таго, што выдзялялі, не хапала. Дзякуючы яе стараннай адданай працы жывёла добра прыбаўляла ў вазе – а жанчына такім чынам дапамагала дзяржаве карміць народ.
– Верас ездзілі ў лес нарыхтоўваць, іржышча, – успамінае жанчына.
Працавітая красуня
Нарадзілася Тэрэса Францаўнаў у 1937 годзе ў сялянскай сям’і ў вёсцы Юрчуны, што ў Астравецкім раёне.
Гістарычная даведка
Кніга «Памяць. Астравецкі раён»: «…Юрчуны з 1922 года (вёска) ў складзе Польшчы, у Варнянскай гміне Віленска-Трокскага павета Віленскага ваяводства. <…> З 1939 г. у складзе БССР.»
– Нас у бацькоў было пяцёра, – расказвае жанчына. – Тры браты, сястра і я. Тата працаваў брыгадзірам у калгасе, мама – там жа. Нас з дзяцінства да работы прывучалі: дапамога патрэбна была – працавалі цяжка. Гэта цяпер усюды тэхніка, а раней толькі на свае рукі можна было разлічваць.
У дзесяць гадоў Тэрэса пад наглядам бабулі ўжо спрытна арудвала сярпом.
– Я ўсё чыста ўмела рабіць: грачыху рвала, лён слала, касіла, баранавала – жыццё такое было, – успамінае Тэрэса Францаўна. – Толькі дроў ніколі не шчапала і не гарала.
У школу дзяўчынка пайшла ў суседнія Грышкойці – там яна скончыла 4 класы. У 5 клас трэба было ездзіць у Варону – але бацька не пусціў.
– Я хваравітая была, – успамінае жанчына. – Тата баяўся за маё здароўе, а школа далёка – вось і запрацівіўся.
А каб у дачкі была справа, якая пракорміць, бацька адправіў Тэрэсу на навуку да мясцовай швачкі Марыі Кяжун.
– Год хадзіла да яе вучыцца шыць, – гаворыць жанчына. – Добра навучылася – і сябе абшывала, і людзі звярталіся.
А ў 15 гадоў Тэрэса пайшла працаваць у калгас.
Дзяўчынка вырасла сапраўднай прыгажуняй: правільныя рысы твару, тонкі стан, доўгія русыя косы, адкрытая ўсмешка... А яшчэ – працавітая і валявая бацькава натура.
Век жыць – не мех шыць
З Вікенціем іх пазнаёміў бацька.
– Мой Вінцэнт працаваў разам з бацькам у калгасе прыцэпшчыкам – кіраваў плугамі, якія прычапляліся да трактара, – дзеліцца Тэрэса Францаўна. – Тата стаў прыглядацца да яго. Пацікавіўся бацькамі, паглядзеў, дзе жыве, – і вырашыў, што падыходзіць яму такі зяць. Ну і прыбуксіраваў яго тата. (Смяецца)
– Помню, ідзе мой Вінцэнт па вёсцы са сваім напарнікам – трактарыстам, а я, убачыўшы яго, ходу праз вуліцу – і схавалася! – працягвае жанчына. – Яму вельмі мае косы спадабаліся.
Вікенцій таксама быў відным хлоцам: высокі, статны, прыгожы. Стаў наведвацца да дзяўчыны. Асаблівых заляцанняў не было: «бывала, цукерак-падушачкаў прынясе пачаставаць». А яна і не чакала, што павінна быць нешта асаблівае. Бацька сказаў, што пара замуж – значыць, пара.
– Ведаеце, гэта ж лішні рот у хаце – нас жа пяцёра было, – гаворыць Тэрэса Францаўна. – А жылося цяжка…
– Як тата «забуксіраваў» Вінцэнта, дык адразу пачаў водку жмыкаць, – расказвае жанчына. – У грудні (снежань) 1955 года мне ўжо гады сыходзілі (павінна было споўніцца 18 гадоў – Заўв. аўт.), а 30 ліпца (ліпень) нам вяселле справілі. Муж мой тады 22 гады меў.
Бацькі Вікенція прынялі нявестку з душой.
– Са свякроўкай пражылі разам 27 гадоў – пасля вяселля мы сталі жыць у яго хаце. Яна дапамагала з дзецьмі – тры сыночкі ў нас нарадзіліся. Свякроўка і кароўку падоіць, усё чыста зробіць, – з цеплынёй успамінае Тэрэса Францаўна мужаву маці. – Яна вельмі добрая была жанчына, спагадлівая. А калі матка (свякроў – Заўв. аўт.) занемагла, тады ўжо і ў мяне хвост прыціснуўся.
Вікенцій, можна сказаць, у бацькоў адзін застаўся.
– Брата яго Людвіга «лапанькі» забралі – аблавы рабілі на тых, хто на вайну не пайшоў. Людвіг трапіў у турму ў Казахстане. Дзесяць гадоў адсядзеў, а калі вызваліўся – ажаніўся там і застаўся жыць, – успамінае жанчына.
Тэрэса Францаўна была не толькі спрытнай працаўніцай, але і добрай гаспадыняй: спраўлялася і ў хаце парадак трымаць, і ля печы завіхацца, і на ферме лепшай быць.
– У маёй свякроўкі, – гаворыць Гэлена, нявестка Тэрэсы Францаўны, – заўсёды ў руках работа гарэла: снеданне, абед, вячэра прыгатаваныя, бялізна накрухмаленая, у хаце чысціня. А яшчэ ж і гаспадарку трымала. Яна і цяпер такая.
Вікенцій у калгасе нарыхтоўваў торф – але, па словах Тэрэсы Чахрач, рабіў, рабіў, ды ботаў не зарабіў. Потым паехаў па вярбоўцы на заробкі ў Карэлію – сплаўляць лес, ды і там доўга не набыў. Вярнуўшыся, пайшоў у Кулішкі гліну капаць, а потым перайшоў рабочым у Дубніцкі дом інвалідаў – працаваў па зменах, а ў вольны час хадзіў дапамагаць Тэрэсе.
– А потым я Вінцэнта забрала да сябе на ферму, – расказвае Тэрэса Францаўна. – Мы ўсё разам рабілі: і кармы нарыхтоўвалі, і чысцілі жывёлу, і воркі з мукой цягалі.
Калі жанчына выйшла на пенсію, ужо яна хадзіла дапамагаць на ферму Вінцэнту – усё ж удваіх спрытней і лягчэй.
– А потым муж злёг – надта ж яму ногі балелі, – расказвае Тэрэса Францаўна. – 22 гады я яго даглядала. Мне казалі, што можна ў Міхалішкі аформіць. Але як жа гэта?! Усё жыццё разам – і раптам я яго кіну?! Ды і чужога не кінуў бы. Мы з ім душа ў душу жылі. А паўгода назад майго Вінцэнта не стала, – выцірае слёзы жанчына.
Вікенцій і Тэрэса пражылі разам 63 гады. Вяселле залатое спраўлялі – як і належыць: у варнянскім касцёле імша была, дзеці, унукі сабраліся на святочны абед.
– Праўда, Вінцэнт ужо не хадзіў – у хаце застаўся, – дзеліцца жанчына. – Мы нарадзіліся і паехалі. А пасля імшы прыехалі дахаты, і ксёндз Пікула з намі. Ён абрад правёў, як належыць, рукі нам з мужам звязваў, як маладым.
Чырвоная плошча
Тэрэса Францаўна увесь час на ферме прападала – вельмі перажывала за сваіх гадаванцаў: каб у пару накормленыя, падасланыя, пачышчаныя былі, каб не занядужалі – жывёла не паскардзіцца, сама не возьме...
– Я на свінарніку рабіла сем гадоў, а калі яго скасавалі ў 1972 годзе, перайшла на цялятнік. Гадавала да чатырох месяцаў целючкі. Тут рабіць усё чыста трэба было самой: і пойла варыць, і па салярку ездзіць, і касіць, і падсцілаць, – расказвае Тэрэса Францаўна. – На цялятніку працавала, аж пакуль на пэнсію не пайшла. Я сваю работу вельмі любіла.
Тэрэса Францаўна расказала, што ў Карвэлях раней было тры свінарнікі, на кожным з іх гадавалася да тысячы галоў. Станкі стаялі ў чатыры рады, у кожным утрымлівалася па 8-10 свіней. Корм ім падаваўся раздатчыкам. Ля фермы стаяла кухня, дзе варылі зацірку для жывёлы.
Жанчына нікому не давярала сваю ферму – баялася, што іншыя не дагледзяць, як след, не дакормяць. Нават спраўляючы вяселле сынам, паспявала і там, і тут.
Адданая праца, спрыт у справах і добрыя паказчыкі не маглі застацца незаўважанымі і не адзначанымі: яе абралі дэлегатам на ІІІ Усесаюзны з’езд калгаснікаў, які прайшоў у лістападзе 1969 года. Трыццацідвухгадовую перадавіцу карвэльскай свінафермы Тэрэсу Чахрач вылучыў дэлегатам тагачасны першы сакратар Астравецкага РК КПБ Дзмітрый Канстанцінавіч Арцыменя.
– Помню, прыехаў Арцыменя на ферму, – расказвае жанчына. – А ў мяне часу няма, каб пастаяць з ім пагаварыць. Я вёрткая была: скачу па станках туды-сюды – так і размаўлялі па ходу справы. (Усміхаецца)
Так адправілася карвэльская свінарка ў складзе дэлегацыі БССР у Крэмль.
– Я з’ездзіла ў Вільню, прыкупіла сабе чорны касцюм, белую блюзку, туфлі, паліто, сумачку, – успамінае Тэрэса Францаўна. – А вось шапкі не мела – пазычыла ў сяброўкі. Ад нашага раёна яшчэ ездзіў на з’езд трактырыст з «Яснай Паляны». Тады смяяліся, што свінарка без пастуха. (Усміхаецца).
Калі дэлегаты прыехалі ў Маскву, іх засялілі ў гасцініцу. Наша зямлячка ўзгадвае, што гэта была дзесяцідзённая паездка. У кожнага – асобны нумар у гасцініцы, есці хадзілі ў рэстаран, знаёміліся з Крамлём, у Ружэйную палату хадзілі, ішлі калонай па Чырвонай плошчы, былі ў Маўзалеі і, канешне ж, удзельнічалі ў самім з’ездзе.
Вось тады і быў зроблены той фотаздымак з Тэрэсай Францаўнай на Чырвонай плошчы, які трапіў у часопіс, – для жанчыны гэта дарагая памяць.
– Я ж не сама стала там у калоне ўперадзе – так мне сказалі. Я павінна была ўскласці вянок да Маўзалея Леніна, – нібыта апраўдваецца жанчына. – І як мяне, простую калгасніцу, разам з Машэравым паставілі? Мабыць, убраўшыся была хораша… (Усміхаецца)
У Маскве дэлегатам выдалі талоны, па якіх калгаснікі маглі набыць што-кольвек сабе ў магазіне. Талонамі не разлічваліся – гэта быў дадатак да грошай. Тэрэса Францаўна тады купіла сабе пуховую хустку і залаты гадзіннік – на памяць пра паездку.
– Грошы, канешне, даваліся нялёгка – іх заўсёды не хапала, – гаворыць жанчына. – Але я вырашыла, што памяць павінна застацца. Калі я сабе яшчэ змагу такое набыць? Яшчэ я са з’езда шмат кніжак прывезла – не купляла, там давалі.
Потым праца нашай зямлячкі яшчэ не раз адзначалася ўзнагародамі, яе партрэт быў занесены на Дошку гонару.
Але яна працавала не дзеля пашаны і ўзнагарод – не ўяўляла іншай долі…
Узнагароды
1973 год – ордэн «Знак пашаны»;
1975 год – Ганаровы дыплом пераможцы рэспубліканскага спаборніцтва сярод рабочых па прафесійнай галіне;
1980 год – знак «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва»;
1980 год – Ганаровая Ленінская грамата;
1994 год – пасведчанне заслужанага калгасніка.