На карте Островетчины: Нидяны и ее жители

10:49 / 09.01.2013
4

Не ведаю, як у іншых мясцінах, а на Астравеччыне кожная вёсачка прыгожая. Нават самая маленькая, у якой і дымоў-то па раніцах – раз, два і пералічыў. Нават самая старэнькая, з пакрыўленымі ад рэўматызму бярвёнаў (хварэюць і будынкі!) хаткамі, якія ніхто не збіраецца хоць бы падлатаць. Нават самая зарослая быльнікам забыцця, па нябачных сцяжынках якой даўненька ніхто не праходзіў.
Глянеш на такую – і вачам утульна. І, як магнітам, цягне падысці і пагладзіць счарнелы ад часу мох, стагоддзе таму закладзены чыёйсьці клапатлівай рукой у зазор між бярвёнамі. Рыпнуць старэнькай брамкай. У зарасніках палыну “вычапіць” позіркам утлыя галоўкі турэцкіх гваздзікоў, прапрабабулі якіх шыкавалі калісьці на клумбах. Прайсціся ўздоўж ажыўленай некалі вуліцы і прасякнуцца цішынёй – як малітвай…
Нідзяны – вёска жывая. Большасць яе дамоў дыхтоўныя і дагледжаныя. Густанаселенай, канешне, не назавеш – рэдка на якім панадворку сцежка шырокая. Але нават ля хат, у якіх жывуць адзінокія старыя людзі, чысціня і парадак: што могуць, іх гаспадары робяць самі, а там, дзе іх спрацаваныя рукі ўжо сталі бяссільнымі, дапамагаюць іх “гарадскія” дзеці – прыязджаюць, не забываюць…
Ды і хіба можна забыць, адрачыся ад такой прыгажосці?!
Аблашчаная хуткацечнымі водамі Віліі, ад сквапных вачэй прыхаваная густымі лясамі вёска Нідзяны цярпліва чакае вяртання сваіх “пералётных птушак”…

Кароткая даведка:

НІДЗЯНЫ – вёска ў Варнянскім сельскім Савеце. У 17-ым стагоддзі адносілася да Быстрыцкага староства Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.
У 1624 годзе вёсцы належалі 24 валокі зямлі, і яна ўваходзіла ў склад маёмасці роду Бжастоўскіх.
У 19-ым стагоддзі паштовы “індэкс” Нідзян змяніўся: Віленскі павет, Віленскай губерні. Згодна перапісу 1897 года ў вёсцы налічвалася 50 двароў і пражывала 267 жыхароў (па 5,3 жыхара на двор – малайцы, не спалі ў шапку!).
З 1922 года – у складзе Польшчы. У 1938 годзе – у Варнянскай гміне Віленска-Трокскага павета Віленскага Ваяводства. 69 двароў – 312 жыхароў (ужо толькі 4,5 душы на двор – няўжо прытаміліся?).
З 1939 года ў складзе БССР, у Варонскім сельсавеце Вілейскай, з 20.09.1944 г. Маладзечанскай абласцей. У 1959 годзе – толькі 155 жыхароў (за працаднямі не стала часу на дэмаграфічныя справы?).
На 1 студзеня 2004 года ў вёсцы 33 двары і 66 жыхароў (здаліся без бою…).
На 1 снежня 2012 года – 54 чалавекі…
Нідзяны – населены пункт на тэрыторыі СВК “Варняны”. З усіх вядомых чалавецтву даброт у наяўнасці ёсць адна: працуе магазін тавараў штодзённага попыту. “І раз на тыдзень прыязджае калгасная аўталаўка! – дружна ўдакладняюць жыхары. – Там мы набываем свежае мяса, тушонку і іншыя смачныя рэчы. Сваіх кабанчыкаў ужо амаль не трымаем – не аплачваецца. А калі ўжо зусім шчыра, дык не хапае сіл на іх догляд…”
Праз кіламетр ад вёскі (кіравацца на паўночны ўсход) ёсць гарадзішча, зафіксаванае ў архіўна-гістарычных аналах краіны як археалагічны помнік. Па-мясцоваму гарадзішча называецца Віршунка.
Непадалёк ад Нідзян знаходзіцца брацкая магіла нямецкіх салдат, якія загінулі на нідзянскай зямлі падчас Першай сусветнай вайны.
І ўсё ж самая галоўная славутасць вёскі – яе людзі…

Памяць людская

Людская памяць доўгая. Асабліва на вёсцы, дзе кожны навідавоку. Самога чалавека ўжо даўно няма, а яго поспехі і промахі засталіся і жывуць у памяці вёскі. А дабром ці праклёнам узгадваюць аднавяскоўцы – гэта ўжо залежыць ад таго, як пражыў…

З ВЯСКОВАГА ДАСЬЕ:

Баніфацый Стакун. Лётчык-выпрабавальнік. Падпалкоўнік у адстаўцы. Быў жанаты на грузінцы. Сваіх дзяцей яны не мелі – выгадавалі прыёмнага сына. Калі прыязджаў да радні, стараўся перавыхаваць пляменніка Мечыслава, у якога былі залатыя рукі і смаляное горла – хадзіў у кантору, раіўся, якія трэба прыняць меры. Культурны чалавек – гэта было відаць здалёк.
Міхаіл Восіпавіч Стакун. Удзельнічаў ва ўзяцці Зімняга палаца ў Пецярбургу. З самым Леніным здароўкаўся за руку. У 1918 годзе быў камісарам па забеспячэнні харчпрадуктамі Чырвонай Арміі. Крыху пазней стаў членам Рэвалюцыйнага ваеннага савета. Змагаўся з контррэвалюцыянерамі на Доне, з басмачамі ў Сярэдняй Азіі.
У 1935 годзе стаў упаўнаважаным наркома цяжкай прамысловасці БССР. Пазней – першы сакратар Гомельскага гаркама КПБ. 7 ліпеня 1937 года быў абраны старшынёй Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР. Таксама быў уведзены ў склад бюро ЦК КПБ.
Яго подпіс, разам з іншымі адпаведнымі, стаіць на некаторых лістах з пералікам рэпрэсіраваных людзей.
Праз даволі кароткі перыяд сам аказаўся сярод рэпрэсіраваных. З фармуліроўкай “за антыпартыйную і антыдзяржаўную дзейнасць” быў сасланы ў Сібір.
У красавіку 1943 года на 50-ым годзе жыцця Міхаіл Стакун памёр. Афіцыйная версія: ад крупознага запалення лёгкіх.
Быў рэабілітаваны пасмяротна.
Іван Стакун – па-вулічнаму “Біцін”. Быў у партызанах, але не ў тых, сапраўдных, а ў рабаўніках – разам з такімі самымі рабаваў людзей. Потым стаў прыслугоўваць немцам: выдаваў людзей, мучыў яўрэяў. Пасля вайны трапіў пад суд. Пасадзілі. Сядзеў недзе пад Калугай, пасля вызвалення там і застаўся. Ажаніўся. Прыязджаў неяк паглядзець на бацькаву хату… Страшны з морды – адразу відаць, што бандыт.
Бернась Вейкніс меў голас ад Бога. Спяваў так, што сённяшнім артыстам толькі плакаць ад зайздрасці. Яго ў Польшчу хацелі забраць на вучобу, ды бацька не пусціў. А як ён граў на скрыпачцы! Птушкі спынялі свае песні – у Бернася вучыліся!
У калгасе ён пасвіў коней. І кожны раз браў з сабой сваю скрыпку. Зайграецца – забудзе пра ўсё на свеце. А аднаго разу коні ўзялі ды знішчылі калгасную капусту. Даведалася пра гэта жонка і ад злосці на мужа разбіла ягоную скрыпачку. Гараваў ён моцна. Ажно Купрэвіч, старшыня калгаса, не вытрымаў – купіў яму новы інструмент. Але гэта была звычайная фабрычная скрыпачка, а тая, першая, была самаробнай, а значыць – з душой.
Віктар Яскевіч быў у нямецкім палоне. І зняў там план будоўлі гумнаў. Вярнуўся дадому і такія гумны пабудаваў для калгаса па нямецкім плане, што ў мінулым годзе і разабраць не далі рады – расцягвалі бярвёны трактарам.
Валерык Вейкніс не меў рукі – няўдала разабраў у дзяцінстве бомбачку. Але гэта не перашкаджала яму быць самым лепшым у нашых мясцінах паляўнічым і рыбаловам. Лічыўся найлепшым знатаком па сырці – калі зацвітала чаромха, яна прыходзіла з Балтыкі ў нашы рэкі на нераст. Падсыпаў у раку вапнавы камень і лавіў сырць мяхамі. Падвяліць яе – смачнейшай рыбы няма на свеце.
Павел Стакун – таксама рыбак. У вайну ён разам з аднагодкамі вяртаўся з Вільні. У раве хлопцы знайшлі незразумелую цацку. Круцілі яе і так, і гэтак, пакуль не рванула – асколкі пасеклі Паўлу ўсю спіну. Ісці не мог, ляжаў на дарозе ў лужыне сваёй крыві. Немцы ехалі міма, падабралі і адвезлі ў Вільню ў бальніцу. Выжыў. А з рыбы Павел і жыў – прадаваў яе гаспадыням навакольных вёсак.
Адольф Янкойць усё жыццё моцна любіў сваю жонку. Цвярозым маўчаў, а ледзь чарку кульне, заводзіў адну і тую ж “пласцінку”: “Увогуле мая жана – не жана, а ком золата…”
Восенню і вясной жыхары Нідзян устрайвалі заламанку – рукамі ламалі лёд на Віліі, бярвёнамі прабівалі ў ім дзіркі, каб адбіць як мага большую крыгу. І так метр за метрам заганялі рыбу ў затокі – набіралі яе потым цэлымі мяхамі…

Пад шолах рачных хваляў

Тры дачкі было ў Адольфа Стакуна. Паслухмяныя, працавітыя дзяўчынкі. А ён марыў пра сына. Моцна-моцна. Нават маліўся – прасіў Бога паслаць яму хлопчыка. І аднойчы мара здзейснілася – сын нарадзіўся. Ад шчасця ў Адольфа выраслі крылы – гатовы быў песні спяваць ды танцы скакаць. І хлопчык рос на радасць бацьку кемлівым, цікаўным – і тое яму пакажы, і пра гэта раскажы…

Пайшоў аднойчы хлопчык разам з сябрамі бавіцца на Вілію і дадому больш не вярнуўся – забрала яго да сябе свавольніца-рака, відаць і ёй спадабаўся Адольфаў сынок.
А бацька ад гора ледзь розум не страціў – рэдкі вечар не прыходзіў
ён на бераг Віліі. На тое самае месца… Углядаўся ў раўнадушны бег рачных хваляў, нібы спадзяваўся: вось зараз страшная гісторыя пачнецца нанова, але на гэты раз ён тут, ён выправіць памылку, уратуе сына… Стаяў і не мог – баяўся скрануцца з месца. Вяртаўся дадому толькі пасля таго, як за ім прыходзіў нехта з хатніх.
У 1944 годзе пасля вызвалення Беларусі Адольфа разам з іншымі нідзянскімі мужчынамі забралі на вайну.
– Пісьмы з фронту тата прысылаў рэгулярна, – успамінае Часлава Адольфаўна Мятлеўская, адна з трох дачок Адольфа. – Расказваў пра сябе, цікавіўся нашымі справамі. А потым раптам пісьмаў не стала. Месяц, другі, трэці… Мама не знаходзіла сабе месца, усхліпвала – мы чулі – бяссоннымі начамі. І нарэшце бачым: у наш двор кіруецца паштальёнка. Мама выскачыла ёй насустрач на ганак… І літаральна ў наступную хвіліну раздаўся яе крык… Услед за мамай загаласілі і мы… Тата загінуў у горадзе Кольбарк. Прынамсі, так паведамлялася ў пахаронцы. І колькі ні галасі, а жыць трэба далей. І трэба апрацоўваць нашы пяць гектараў: араць, баранаваць, сеяць… Гэта стала нашым з сястрой абавязкам. Дзяўчынкі-падлеткі, мы па чарзе хадзілі за плугам – калі адна з нас выбівалася з сіл, другая станавілася ў баразну.
– Самым цяжкім аказаўся для нас 1946-ы – працягвае жанчына. – Год наогул быў галодным – з-за зацяжных дажджоў ураджай згніў на корані. А тое, што ўдалося сабраць, у нас забралі – прыйшлі аднойчы ноччу рабаўнікі і падчысцілі ўсё да ніткі. Вось тады мы папоўніцы спазналі голад. Калі стала зусім неўмагату, мама ўзяла торбу і пайшла па радні. Давалі, хто што мог: мерку збожжа, кошык бульбы… Памятаю, як прыбегла аднойчы з касцёла з Вароны, а мама, якой яе цётка дала торбачку грэчкі, зварыла грэчкавую кашу. Пададзеную мамай міску кашы я з’ела ў парозе, не распранаючыся…
Цяжкія былі часы – галодныя, поўныя чорнай, непад’ёмнай працы. Вясёлыя былі часы, поўныя песень, шчырага смеху. У нашай вёсцы пасля вайны было 40 дзяўчат – якімі ж яскравымі былі вечарынкі! Мелі свайго музыканта – Паўла Яскевіча, які граў на гармоніку. Бернаська Юхна памагаў яму на бубне. Хату пад вечарынку выдзялялі па чарзе.
Ці пілі? Канешне. Але бутэльку ці дзве на вялізную кампанію – цяперашняя моладзь, пэўна, такой сціплай выпіўкай і “пэцкацца” не захацела б. І танцавалі мы не па-цяперашняму – з толкам і разуменнем: полькі, вальсы, обэрак, мазурку, факстроцік. Тангаў, вядома, не ведалі, а ўсё астатняе вывучвалі яшчэ падлеткамі.
Вельмі дружна жыла вясковая моладзь. Можа, таму што ўсе былі бедныя – не выпадала зайздросціць. А можа, іншыя ў нас тады былі характары? Неяк нам і спявалася разам, і жартавалася. Не любілі толькі нашы хлопцы, калі на нашы гулянкі прыходзілі “канкурэнты” з іншых вёсак. Даходзіла, бывала, нават да боек…
Ведаеце, найчасцей нідзянская моладзь і жанілася паміж сабой – свае на сваіх. Пасля вайны, праўда, сем гадоў у вёсцы не было ніводнага вяселля. А потым адышлі ад

перажытага і зноў загучалі вяселлі…
Замуж я выйшла таксама за мясцовага. За кузняца. Ведаеце, з пароды тых людзей, пра якіх кажуць: “Рукі залатыя, а горла смаляное”. Намучылася – і ўспамінаць не хочацца. Хату будавалі на працягу дзесяці гадоў – за гарэлкай муж часу не меў.
А колькі я перажыла з-за таго, што ў мяне доўга дзяцей не было! Восем гадоў чакала – першую дачушку нарадзіла ў трыццаць гадоў. Калі ўжо і не спадзявалася. Цяпер яна жыве ў Вільні. А малодшанькую Ірынку – наогул на саракавым годзе жыцця. Не пашанцавала нам з ёй трохі – інваліднасць у Ірынкі. Але раду даём. Дроў вось купілі, агарод на зіму зааралі, капусту “паставілі”. Зімы не баімся. Ды і весялей удваіх, што там казаць…
Механізатар Янкойць

Івана Браніслававіча Янкойця мы сустрэлі на вуліцы. “Снег за ноч выпаў вельмі прыгожы – мяккі, пушысты. Хадзіў вось у лес палюбавацца, – патлумачыў ён. – Свой “дваровы” давялося цэлую раніцу расчышчаць – інакш было б і да хлява не прайсці. А ў лесе снег некрануты – ляжыць на яловых лапках нібы хто спецыяльна натрос. Ідзеш паміж дрэвамі і баішся незнарок закрануць каторае, каб не парушыць прыгажосць…”
Усё жыццё ён быў механізатарам.

– Пачынаў з прычэпшчыка, – расказвае Іван Браніслававіч. – Гідраўлікі ў першых трактарах не было. І пры пераворванні глебы на плуг садзілі спецыяльнага чалавека, які ў канцы баразны з дапамогай спецыяльнага рычага падымаў плуг, а ў пачатку новай – апускаў. Праца здавалася б няхітрая, але паспрабуй патрэсціся на працягу дванаццаці гадзін па камяністай няроўнай зямліцы – дадому вернешся ледзь прытомным. Яшчэ цяжэй было працаваць у начную змену – здаралася, засыналі проста на плугах… Траўматызм наогул квітнеў.

Затое кожны, хто адпрацаваў хоць сезон прычэпшчыкам, мог адразу стаць трактарыстам – дастаткова было прайсці атэстацыю ў раёне. Я прайшоў і быў залічаны ў штат МТС у якасці трактарыста. Пасадзілі мяне на ДТ-54. Гусенічны. Магутны, што той танк. Але ж ляскоча – не дай ты, божа!
Плацілі збожжам, збіраць якое па калгасах трэба было самім. Вось мы з напарнікам запрагалі коніка і ехалі ад адной канторы да другой…
На ДТ-54 я працаваў і ў калгасе – МТС неўзабаве была расфарміравана, а тэхніка разам з механізатарамі раздадзена па гаспадарках раёна.
Рабілі ў дзве змены: адзін механізатар гараў або культывіраваў удзень, другі – ноччу. Інакш проста не справіліся б, “завалілі б” пасяўную, таму што тагачасны трактарны парк нашага калгаса складаўся “ажно” з трох механічных адзінак. Зімой вывозілі на палі арганічныя ўгнаенні, торф цягалі з торфапляцовак – працы хапала…
Калі праз шмат гадоў пасля ДТ-54 мяне перасадзілі на “лапатунчыка” (калёсны трактар Т-25 – Г.Ч.), давялося, лічы, перавучвацца – іншыя і магутнасць, і манеўранасць. На “малышы”, вядомая справа, я ўжо не араў – рашаў менш стратэгічныя задачы: падвозіў кармы на ферме або збожжа на зернескладзе, буракі забіраў з поля, нават людзей, здаралася, вазіў.

А на час жніва заўсёды станавіўся камбайнерам. СК-3, СК-4… Іх канструктары чамусьці паленаваліся дадаць гэтым камбайнам кабіну, і ад пылу поле можна было разгледзець з цяжкасцю. Калі нарэшце з’явілася “Ніва”, яна падалася нам вельмі “элеганцкай”.
Цяперашняя тэхніка не ідзе ні ў якае параўнанне з нашай. Не тое што кабіна – кандыцыянеры, халадзільнікі, музыка… Чэсна прызнаюся: так хочацца зрабіць “колка” на новенькім “Джон Дзіры” – уласнымі рукамі пашчупаць заморскага звера…
Але мы ўбіралі чысцей. Якасць абмалоту кантралявалі і аграном, і брыгадзір, і “замацаваны” за звяном спецыяліст… Корпаліся ў абмалочанай саломе, шукалі зерне, і калі знаходзілі, камбайнер ведаў: на чарговы грашовы чэк, якімі на ўборцы адзначалі жнеяроў кожны дзень, разлічваць не варта. Таму да рэгуліровак ставіліся вельмі адказна. А які скандал разгараўся на полі, калі правяраючыя раптам натыкаліся на некалькі неабмалочаных каліваў!
…У перадпенсійныя гады я працаваў на “Кіраўцы”: трамбаваў сіласныя ямы, уздымаў зябліва, культывіраваў… А пасля пенсіі яшчэ пяць гадоў “адбарабаніў” на МТЗ…
Жаніўся ў 1965 годзе. Тры гады заляцаўся да дзяўчыны, а жаніцца неяк не імкнуўся – халасцяком быць цікавей. А потым сабраліся з сябрамі, падлічылі ўзрост і вырашылі: самы час.
Спачатку пасля вяселля было нават неяк дзікавата – сядзі сабе ў хаце, на гулянку збірацца не трэба. А потым прывык. Ды і не было часу моцна задумвацца – праца і праца. На калгасным полі ад цямна да цямна завіхаешся, а дома свая гаспадарка чакае. Рабілі, лічы, круглыя суткі. А потым павырасталі дзеці, займелі свае сем’і. Мы з жонкай выйшлі на пенсію. Тут бы толькі і пажыць, а яна памерла. І не хварэла зусім – два тыдні толькі і палячылася…
Нават думкі такой я ніколі не дапускаў, што магу перажыць жонку…

Вось так адзін і корпаюся. Гаспадарку яшчэ доўга трымаў – не прывык сядзець, склаўшы рукі. Кароўку здаў толькі мінулай восенню. Яшчэ б трымаў, але яна не пакрылася. Цяпер у мяне гаспадарка невялікая: баран, сабака і тры курыцы. Агарод? А як жа – саджу. І бурачкі, і цыбулю, і моркву – усё, што садзіла жонка. Вясной і восенню дапамагаюць дзеці, прыязджаюць: хлапец – з Астраўца, дзяўчына – з Маладзечна. Часам і летам падмогуць у праполцы, але па большасці спраўляюся сам. Маёй гародніны дзеці амаль не бяруць – сваю маюць. Ды ў горадзе людзі чамусьці шмат не ядуць. Не так, як на вёсцы.
Жыць яно добра заўсёды. Прынамсі, нашмат прыемней, чым ляжаць у зямлі. Толькі гэтае “добра” бывае цяжкім і лёгкім. Сама лёгка жылося пры Брэжневе. Ніякіх межаў – едзь, куды хочаш. І ўсюды можна было знайсці працу. Кватэры давалі за “так”. Добрых работнікаў паважалі. Людзей працы паважалі наогул. Я вось быў пераможцам раённага сацыялістычнага спаборніцтва 1976 і 1978 гадоў. Быў прызнаны ударнікам Х пяцігодкі. Ушаноўвалі на раённым узроўні!
Напэўна, і цяпер ушаноўваюць, але неяк зусім нягучна.
Прадавец прыгожай вёскі

Ганна Віктараўна Янкойць – прадавец нідзянскага магазіна. Вось ужо чвэрць стагоддзя яна забяспечвае таварамі штодзённага попыту жыхароў Нідзян і блізляжачых населеных пунктаў.

– Не толькі штодзённага, – удакладняе Ганна Віктараўна. – У нашым магазіне пакупнік можа набыць усё, што пажадае: мэблю, вопратку, відэа- і аўдыёапаратуру, тую ж касілку, да прыкладу, або веласіпед… Трэба толькі зрабіць адпаведны заказ – і на працягу некалькіх дзён неабходны тавар будзе дастаўлены, так бы мовіць, у лепшым выглядзе. Прычым не толькі за наяўны разлік – можна аформіць тавар у крэдыт або растэрмінаваць выплату на акрэслены перыяд. Усё, як у горадзе!
Сама яна родам з Быстрыцы – у Нідзяны выйшла замуж. І калі месца прадаўца аказалася вакантным, згадзілася паспрабаваць. Так і спрабуе вось ужо дваццаць пяць гадоў…
– Нідзяны ўзору 1988 годы выглядалі цалкам інакш, – гаворыць Ганна Віктараўна. – Тады ў вёсцы пражывала 126 жыхароў. Было нямала моладзі, школьнікаў. Цяпер у Нідзянах – толькі 54 жыхары, па адным-два чалавекі ў доме. Галоўным чынам, пенсіянеры. Сярэдні ўзрост – вышэй за сем дзясяткаў гадоў. Вёска старэе літаральна на вачах. Назіраеш, як адзін за адным пусцеюць дамы, і ажно сэрца пачынае балець.
Прапарцыянальна не толькі колькасці жыхароў, але і іх узросту змяншаецца попыт на тавары – стары чалавек жыве эканомна. Але паліцы магазіна не пустуюць. І абодва наяўныя ў краме халадзільнікі да адказу забіты каўбасамі, вяндлінамі, марожанай рыбай…
– Вясковыя людзі маюць права карыстацца гэткімі ж дабротамі, што і гарадскія, – упэўнена прадавец. – І я лічу неабходным падтрымліваць асартымент тавараў у поўным аб’ёме. Хоць, што грэх таіць, павышаным попытам карыстаецца галоўным чынам “чарніла” – аматарам “зялёнага змія” ён па кішэні, і бабулькі часта купляюць таннае віно – разлічваюцца потым за аказаныя паслугі з тымі ж самымі аматарамі.
Ганна Віктараўна ў курсе вясковых падзей яшчэ і таму, што на працягу трох апошніх скліканняў з’яўляецца дэпутатам Варнянскага сельскага Савета. Да яе, як да свайго дэпутата, аднавяскоўцы нясуць свае праблемы.
– Адна з самых набалелых праблем – дарога праз вёску, – гаворыць Ганна Віктараўна. – Колькі і куды мы толькі ні звярталіся! І ў сельсавет, і ў раён – ніякіх зрухаў. Іван Браніслававіч Янкойць неяк у пачатку восені патэлефанаваў на “Прамую лінію” – адказ быў канкрэтны: дапаможам. І сапраўды ледзь не назаўтра ў вёску прыбыў грузавік са жвірам, за ім паказаўся грэйдар… Людзі так абрадаваліся, маўляў, дайшла чарга і да нашага закуточка… Але грузавік высыпаў свой жвір, грэйдар яго разраўняў і абодва сышлі ў невядомым накірунку – нічога істотнага ў стане вясковай дарогі так і не змянілася.
– Зразумейце, – працягвае дэпутат сельсавета, – гэта зусім не нейкая нідзянская прыхамаць – дарога нам сапраўды вельмі патрэбна. Але амаль праз сярэдзіну вёскі працякае ручай, які размывае дарогу – пераадолець яе можна толькі на трактары. А ў нас жа ў тым баку – могілкі. Дык труну з памерлым да магазіна давозяць на машыне, а далей вымушаны несці яе на плячах. Бяда толькі, што сёння ў вёсцы ўжо няшмат такіх людзей, якім падобная справа па сілах… Ды і так людзі, дамы якіх размяшчаюцца за ручаём, фактычна адрэзаны ад астатняй вёскі. Іх дзеці, прыязджаючы наведаць бацькоў, вымушаны пакідаць свае аўто зноў жа ля магазіна. І снег… Бачылі свежы след расчысткі – гэта МАЗ ДРБУ толькі што прачысціў дарогу праз вёску. Зноў, як заўсёды, – толькі да магазіна.
Яшчэ адной праблемай Нідзян з’яўляецца адсутнасць работы – людзям працаздольнага ўзросту даводзіцца ездзіць у Варону.
– З такіх вёсак, як нашы Нідзяны проста так не з’язджаюць. Тут жа і лес, і грыбы, і ягады. І Вілія – вось жа яна, літаральна праз 200 метраў. І да ламоты ў зубах сцюдзёная Сянканка. І наогул такая ў нас прыгажосць, што і слоў няма, каб выказаць…

-----------------------------------------------------
Матэрыялы старонкі падрыхтавала
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.

Не ведаю, як у іншых мясцінах, а на Астравеччыне кожная вёсачка прыгожая. Нават самая маленькая, у якой і дымоў-то па раніцах – раз, два і пералічыў. Нават самая старэнькая, з пакрыўленымі ад рэўматызму бярвёнаў (хварэюць і будынкі!) хаткамі, якія ніхто не збіраецца хоць бы падлатаць. Нават самая зарослая быльнікам забыцця, па нябачных сцяжынках якой даўненька ніхто не праходзіў.

Глянеш на такую – і вачам утульна. І, як магнітам, цягне падысці і пагладзіць счарнелы ад часу мох, стагоддзе таму закладзены чыёйсьці клапатлівай рукой у зазор між бярвёнамі. Рыпнуць старэнькай брамкай. У зарасніках палыну “вычапіць” позіркам утлыя галоўкі турэцкіх гваздзікоў, прапрабабулі якіх шыкавалі калісьці на клумбах. Прайсціся ўздоўж ажыўленай некалі вуліцы і прасякнуцца цішынёй – як малітвай…

Нідзяны – вёска жывая. Большасць яе дамоў дыхтоўныя і дагледжаныя. Густанаселенай, канешне, не назавеш – рэдка на якім панадворку сцежка шырокая. Але нават ля хат, у якіх жывуць адзінокія старыя людзі, чысціня і парадак: што могуць, іх гаспадары робяць самі, а там, дзе іх спрацаваныя рукі ўжо сталі бяссільнымі, дапамагаюць іх “гарадскія” дзеці – прыязджаюць, не забываюць…

Ды і хіба можна забыць, адрачыся ад такой прыгажосці?!

Аблашчаная хуткацечнымі водамі Віліі, ад сквапных вачэй прыхаваная густымі лясамі вёска Нідзяны цярпліва чакае вяртання сваіх “пералётных птушак”…

Кароткая даведка:

НІДЗЯНЫ – вёска ў Варнянскім сельскім Савеце. У 17-ым стагоддзі адносілася да Быстрыцкага староства Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

У 1624 годзе вёсцы належалі 24 валокі зямлі, і яна ўваходзіла ў склад маёмасці роду Бжастоўскіх.

У 19-ым стагоддзі паштовы “індэкс” Нідзян змяніўся: Віленскі павет, Віленскай губерні. Згодна перапісу 1897 года ў вёсцы налічвалася 50 двароў і пражывала 267 жыхароў (па 5,3 жы-

хара на двор – малайцы, не спалі ў шапку!).

З 1922 года – у складзе Польшчы. У 1938 годзе – у Варнянскай гміне Віленска-Трокскага павета Віленскага Ваяводства. 69 двароў – 312 жыхароў (ужо толькі 4,5 душы на двор – няўжо прытаміліся?).

З 1939 года ў складзе БССР, у Варонскім сельсавеце Вілейскай, з 20.09.1944 г. Маладзечанскай абласцей. У 1959 годзе – толькі 155 жыхароў (за працаднямі не стала часу на дэмаграфічныя справы?).

На 1 студзеня 2004 года ў вёсцы 33 двары і 66 жыхароў (здаліся без бою…).

На 1 снежня 2012 года – 54 чалавекі…

Нідзяны – населены пункт на тэрыторыі СВК “Варняны”. З усіх вядомых чалавецтву даброт у наяўнасці ёсць адна: працуе магазін тавараў штодзённага попыту. “І раз на тыдзень прыязджае калгасная аўталаўка! – дружна ўдакладняюць жыхары. – Там мы набываем свежае мяса, тушонку і іншыя смачныя рэчы. Сваіх кабанчыкаў ужо амаль не трымаем – не аплачваецца. А калі ўжо зусім шчыра, дык не хапае сіл на іх догляд…”

Праз кіламетр ад вёскі (кіравацца на паўночны ўсход) ёсць гарадзішча, зафіксаванае ў архіўна-гістарычных аналах краіны як археалагічны помнік. Па-мясцоваму гарадзішча называецца Віршунка.

Непадалёк ад Нідзян знаходзіцца брацкая магіла нямецкіх салдат, якія загінулі на нідзянскай зямлі падчас Першай сусветнай вайны.

І ўсё ж самая галоўная славутасць вёскі – яе людзі…

Памяць людская

Людская памяць доўгая. Асабліва на вёсцы, дзе кожны навідавоку. Самога чалавека ўжо даўно няма, а яго поспехі і промахі засталіся і жывуць у памяці вёскі. А дабром ці праклёнам узгадваюць аднавяскоўцы – гэта ўжо залежыць ад таго, як пражыў…

З ВЯСКОВАГА ДАСЬЕ:

Баніфацый Стакун. Лётчык-выпрабавальнік. Падпалкоўнік у адстаўцы. Быў жанаты на грузінцы. Сваіх дзяцей яны не мелі – выгадавалі прыёмнага сына. Калі прыязджаў да радні, стараўся перавыхаваць пляменніка Мечыслава, у якога былі залатыя рукі і смаляное горла – хадзіў у кантору, раіўся, якія трэба прыняць меры. Культурны чалавек – гэта было відаць здалёк.

Міхаіл Восіпавіч Стакун. Удзельнічаў ва ўзяцці Зімняга палаца ў Пецярбургу. З самым Леніным здароўкаўся за руку. У 1918 годзе быў камісарам па забеспячэнні харчпрадуктамі Чырвонай Арміі. Крыху пазней стаў членам Рэвалюцыйнага ваеннага савета. Змагаўся з контррэвалюцыянерамі на Доне, з басмачамі ў Сярэдняй Азіі.

У 1935 годзе стаў упаўнаважаным наркома цяжкай прамысловасці БССР. Пазней – першы сакратар Гомельскага гаркама КПБ. 7 ліпеня 1937 года быў абраны старшынёй Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР. Таксама быў уведзены ў склад бюро ЦК КПБ.

Яго подпіс, разам з іншымі адпаведнымі, стаіць на некаторых лістах з пералікам рэпрэсіраваных людзей.

Праз даволі кароткі перыяд сам аказаўся сярод рэпрэсіраваных. З фармуліроўкай “за антыпартыйную і антыдзяржаўную дзейнасць” быў сасланы ў Сібір.

У красавіку 1943 года на 50-ым годзе жыцця Міхаіл Стакун памёр. Афіцыйная версія: ад крупознага запалення лёгкіх.

Быў рэабілітаваны пасмяротна.

Іван Стакун – па-вулічнаму “Біцін”. Быў у партызанах, але не ў тых, сапраўдных, а ў рабаўніках – разам з такімі самымі рабаваў людзей. Потым стаў прыслугоўваць немцам: выдаваў людзей, мучыў яўрэяў. Пасля вайны трапіў пад суд. Пасадзілі. Сядзеў недзе пад Калугай, пасля вызвалення там і застаўся. Ажаніўся. Прыязджаў неяк паглядзець на бацькаву хату… Страшны з морды – адразу відаць, што бандыт.

Бернась Вейкніс меў голас ад Бога. Спяваў так, што сённяшнім артыстам толькі плакаць ад зайздрасці. Яго ў Польшчу хацелі забраць на вучобу, ды бацька не пусціў. А як ён граў на скрыпачцы! Птушкі спынялі свае песні – у Бернася вучыліся!

У калгасе ён пасвіў коней. І кожны раз браў з сабой сваю скрыпку. Зайграецца – забудзе пра ўсё на свеце. А аднаго разу коні ўзялі ды знішчылі калгасную капусту. Даведалася пра гэта жонка і ад злосці на мужа разбіла ягоную скрыпачку. Гараваў ён моцна. Ажно Купрэвіч, старшыня калгаса, не вытрымаў – купіў яму новы інструмент. Але гэта была звычайная фабрычная скрыпачка, а тая, першая, была самаробнай, а значыць – з душой.

Віктар Яскевіч быў у нямецкім палоне. І зняў там план будоўлі гумнаў. Вярнуўся дадому і такія гумны пабудаваў для калгаса па нямецкім плане, што ў мінулым годзе і разабраць не далі рады – расцягвалі бярвёны трактарам.

Валерык Вейкніс не меў рукі – няўдала разабраў у дзяцінстве бомбачку. Але гэта не перашкаджала яму быць самым лепшым у нашых мясцінах паляўнічым і рыбаловам. Лічыўся найлепшым знатаком па сырці – калі зацвітала чаромха, яна прыходзіла з Балтыкі ў нашы рэкі на нераст. Падсыпаў у раку вапнавы камень і лавіў сырць мяхамі. Падвяліць яе – смачнейшай рыбы няма на свеце.

Павел Стакун – таксама рыбак. У вайну ён разам з аднагодкамі вяртаўся з Вільні. У раве хлопцы знайшлі незразумелую цацку. Круцілі яе і так, і гэтак, пакуль не рванула – асколкі пасеклі Паўлу ўсю спіну. Ісці не мог, ляжаў на дарозе ў лужыне сваёй крыві. Немцы ехалі міма, падабралі і адвезлі ў Вільню ў бальніцу. Выжыў. А з

рыбы Павел і жыў – прадаваў яе гаспадыням навакольных вёсак.

Адольф Янкойць усё жыццё моцна любіў сваю жонку. Цвярозым маўчаў, а ледзь чарку кульне, заводзіў адну і тую ж “пласцінку”: “Увогуле мая жана – не жана, а ком золата…”

Восенню і вясной жыхары Нідзян устрайвалі заламанку – рукамі ламалі лёд на Віліі, бярвёнамі прабівалі ў ім дзіркі, каб адбіць як мага большую крыгу. І так метр за метрам заганялі рыбу ў затокі – набіралі яе потым цэлымі мяхамі…

Пад шолах рачных хваляў

Тры дачкі было ў Адольфа Стакуна. Паслухмяныя, працавітыя дзяўчынкі. А ён марыў пра сына. Моцна-моцна. Нават маліўся – прасіў Бога паслаць яму хлопчыка. І аднойчы мара здзейснілася – сын нарадзіўся. Ад шчасця ў Адольфа выраслі крылы – гатовы быў песні спяваць ды танцы скакаць. І хлопчык рос на радасць бацьку кемлівым, цікаўным – і тое яму пакажы, і пра гэта раскажы…

Пайшоў аднойчы хлопчык разам з сябрамі бавіцца на Вілію і дадому больш не вярнуўся – забрала яго да сябе свавольніца-рака, відаць і ёй спадабаўся Адольфаў сынок.

А бацька ад гора ледзь розум не страціў – рэдкі вечар не прыходзіў

ён на бераг Віліі. На тое самае месца… Углядаўся ў раўнадушны бег рачных хваляў, нібы спадзяваўся: вось зараз страшная гісторыя пачнецца нанова, але на гэты раз ён тут, ён выправіць памылку, уратуе сына… Стаяў і не мог – баяўся скрануцца з месца. Вяртаўся дадому толькі пасля таго, як за ім прыходзіў нехта з хатніх.

У 1944 годзе пасля вызвалення Беларусі Адольфа разам з іншымі нідзянскімі мужчынамі забралі на вайну.

– Пісьмы з фронту тата прысылаў рэгулярна, – успамінае Часлава Адольфаўна Мятлеўская, адна з трох дачок Адольфа. – Расказваў пра сябе, цікавіўся нашымі справамі. А потым раптам пісьмаў не стала. Месяц, другі, трэці… Мама не знаходзіла сабе месца, усхліпвала – мы чулі – бяссоннымі начамі. І нарэшце бачым: у наш двор кіруецца паштальёнка. Мама выскачыла ёй насустрач на ганак… І літаральна ў наступную хвіліну раздаўся яе крык… Услед за мамай загаласілі і мы… Тата загінуў у горадзе Кольбарк. Прынамсі, так паведамлялася ў пахаронцы. І колькі ні галасі, а жыць трэба далей. І трэба апрацоўваць нашы пяць гектараў: араць, баранаваць, сеяць… Гэта стала нашым з сястрой абавязкам. Дзяўчынкі-падлеткі, мы па чарзе хадзілі за плугам – калі адна з нас выбівалася з сіл, другая станавілася ў баразну.

– Самым цяжкім аказаўся для нас 1946-ы – працягвае жанчына. – Год наогул быў галодным – з-за зацяжных дажджоў ураджай згніў на корані. А тое, што ўдалося сабраць, у нас забралі – прыйшлі аднойчы ноччу рабаўнікі і падчысцілі ўсё да ніткі. Вось тады мы папоўніцы спазналі голад. Калі стала зусім неўмагату, мама ўзяла торбу і пайшла па радні. Давалі, хто што мог: мерку збожжа, кошык бульбы… Памятаю, як прыбегла аднойчы з касцёла з Вароны, а мама, якой яе цётка дала торбачку грэчкі, зварыла грэчкавую кашу. Пададзеную мамай міску кашы я з’ела ў парозе, не распранаючыся…

Цяжкія былі часы – галодныя, поўныя чорнай, непад’ёмнай працы. Вясёлыя былі часы, поўныя песень, шчырага смеху. У нашай вёсцы пасля вайны было 40 дзяўчат – якімі ж яскравымі былі вечарынкі! Мелі свайго музыканта – Паўла Яскевіча, які граў на гармоніку. Бернаська Юхна памагаў яму на бубне. Хату пад вечарынку выдзялялі па чарзе.

Ці пілі? Канешне. Але бутэльку ці дзве на вялізную кампанію – цяперашняя моладзь, пэўна, такой сціплай выпіўкай і “пэцкацца” не захацела б. І танцавалі мы не па-цяперашняму – з толкам і разуменнем: полькі, вальсы, обэрак, мазурку, факстроцік. Тангаў, вядома, не ведалі, а ўсё астатняе вывучвалі яшчэ падлеткамі.

Вельмі дружна жыла вясковая моладзь. Можа, таму што ўсе былі бедныя – не выпадала зайздросціць. А можа, іншыя ў нас тады былі характары? Неяк нам і спявалася разам, і жартавалася. Не любілі толькі нашы хлопцы, калі на нашы гулянкі прыходзілі “канкурэнты” з іншых вёсак. Даходзіла, бывала, нават да боек…

Ведаеце, найчасцей нідзянская моладзь і жанілася паміж сабой – свае на сваіх. Пасля вайны, праўда, сем гадоў у вёсцы не было ніводнага вяселля. А потым адышлі ад перажытага і зноў загучалі вяселлі…

Замуж я выйшла таксама за мясцовага. За кузняца. Ведаеце, з пароды тых людзей, пра якіх кажуць: “Рукі залатыя, а горла смаляное”. Намучылася – і ўспамінаць не хочацца. Хату будавалі на працягу дзесяці гадоў – за гарэлкай муж часу не меў.

А колькі я перажыла з-за таго, што ў мяне доўга дзяцей не было! Восем гадоў чакала – першую дачушку нарадзіла ў трыццаць гадоў. Калі ўжо і не спадзявалася. Цяпер яна жыве ў Вільні. А малодшанькую Ірынку – наогул на саракавым годзе жыцця. Не пашанцавала нам з ёй трохі – інваліднасць у Ірынкі. Але раду даём. Дроў вось купілі, агарод на зіму зааралі, капусту “паставілі”. Зімы не баімся. Ды і весялей удваіх, што там казаць…

Механізатар Янкойць

Івана Браніслававіча Янкойця мы сустрэлі на вуліцы. “Снег за ноч выпаў вельмі прыгожы – мяккі, пушысты. Хадзіў вось у лес палюбавацца, – патлумачыў ён. – Свой “дваровы” давялося цэлую раніцу расчышчаць – інакш было б і да хлява не прайсці. А ў лесе снег некрануты – ляжыць на яловых лапках нібы хто спецыяльна натрос. Ідзеш паміж дрэвамі і баішся незнарок закрануць каторае, каб не парушыць прыгажосць…”

Усё жыццё ён быў механізатарам.

– Пачынаў з прычэпшчыка, – расказвае Іван Браніслававіч. – Гідраўлікі ў першых трактарах не было. І пры пераворванні глебы на плуг садзілі спецыяльнага чалавека, які ў канцы баразны з дапамогай спецыяльнага рычага падымаў плуг, а ў пачатку новай – апускаў. Праца здавалася б няхітрая, але паспрабуй патрэсціся на працягу дванаццаці гадзін па камяністай няроўнай зямліцы – дадому вернешся ледзь прытомным. Яшчэ цяжэй было працаваць у начную змену – здаралася, засыналі проста на плугах… Траўматызм наогул квітнеў.

Затое кожны, хто адпрацаваў хоць сезон прычэпшчыкам, мог адразу стаць трактарыстам – дастаткова было прайсці атэстацыю ў раёне. Я прайшоў і быў залічаны ў штат МТС у якасці трактарыста. Пасадзілі мяне на ДТ-54. Гусенічны. Магутны, што той танк. Але ж ляскоча – не дай ты, божа!

Плацілі збожжам, збіраць якое па калгасах трэба было самім. Вось мы з напарнікам запрагалі коніка і ехалі ад адной канторы да другой…

На ДТ-54 я працаваў і ў калгасе – МТС неўзабаве была расфарміравана, а тэхніка разам з механізатарамі раздадзена па гаспадарках раёна.

Рабілі ў дзве змены: адзін механізатар гараў або культывіраваў удзень, другі – ноччу. Інакш проста не справіліся б, “завалілі б” пасяўную, таму што тагачасны трактарны парк нашага калгаса складаўся “ажно” з трох механічных адзінак. Зімой вывозілі на палі арганічныя ўгнаенні, торф цягалі з торфапляцовак – працы хапала…

Калі праз шмат гадоў пасля ДТ-54 мяне перасадзілі на “лапатунчыка” (калёсны трактар Т-25 – Г.Ч.), давялося, лічы, перавучвацца – іншыя і магутнасць, і манеўранасць. На “малышы”, вядомая справа, я ўжо не араў – рашаў менш стратэгічныя задачы: падвозіў кармы на ферме або збожжа на зернескладзе, буракі забіраў з поля, нават людзей, здаралася, вазіў.

А на час жніва заўсёды станавіўся камбайнерам. СК-3, СК-4… Іх канструктары чамусьці паленаваліся дадаць гэтым камбайнам кабіну, і ад пылу поле можна было разгледзець з цяжкасцю. Калі нарэшце з’явілася “Ніва”, яна падалася нам вельмі “элеганцкай”.

Цяперашняя тэхніка не ідзе ні ў якае параўнанне з нашай. Не тое што кабіна – кандыцыянеры, халадзільнікі, музыка… Чэсна прызнаюся: так хочацца зрабіць “колка” на новенькім “Джон Дзіры” – уласнымі рукамі пашчупаць заморскага звера…

Але мы ўбіралі чысцей. Якасць абмалоту кантралявалі і аграном, і брыгадзір, і “замацаваны” за звяном спецыяліст… Корпаліся ў абмалочанай саломе, шукалі зерне, і калі знаходзілі, камбайнер ведаў: на чарговы грашовы чэк, якімі на ўборцы адзначалі жнеяроў кожны дзень, разлічваць не варта. Таму да рэгуліровак ставіліся вельмі адказна. А які скандал разгараўся на полі, калі правяраючыя раптам натыкаліся на некалькі неабмалочаных каліваў!

…У перадпенсійныя гады я працаваў на “Кіраўцы”: трамбаваў сіласныя ямы, уздымаў зябліва, культывіраваў… А пасля пенсіі яшчэ пяць гадоў “адбарабаніў” на МТЗ…

Жаніўся ў 1965 годзе. Тры гады заляцаўся да дзяўчыны, а жаніцца неяк не імкнуўся – халасцяком быць цікавей. А потым сабраліся з сябрамі, падлічылі ўзрост і вырашылі: самы час.

Спачатку пасля вяселля было нават неяк дзікавата – сядзі сабе ў хаце, на гулянку збірацца не трэба. А потым прывык. Ды і не было часу моцна задумвацца – праца і праца. На калгасным полі ад цямна да цямна завіхаешся, а дома свая гаспадарка чакае. Рабілі, лічы, круглыя суткі. А потым павырасталі дзеці, займелі свае сем’і. Мы з жонкай выйшлі на пенсію. Тут бы толькі і пажыць, а яна памерла. І не хварэла зусім – два тыдні толькі і палячылася…

Нават думкі такой я ніколі не дапускаў, што магу перажыць жонку…

Вось так адзін і корпаюся. Гаспадарку яшчэ доўга трымаў – не прывык сядзець, склаўшы рукі. Кароўку здаў толькі мінулай восенню. Яшчэ б трымаў, але яна не пакрылася. Цяпер у мяне гаспадарка невялікая: баран, сабака і тры курыцы. Агарод? А як жа – саджу. І бурачкі, і цыбулю, і моркву – усё, што садзіла жонка. Вясной і восенню дапамагаюць дзеці, прыязджаюць: хлапец – з Астраўца, дзяўчына – з Маладзечна. Часам і летам падмогуць у праполцы, але па большасці спраўляюся сам. Маёй гародніны дзеці амаль не бяруць – сваю маюць. Ды ў горадзе людзі чамусьці шмат не ядуць. Не так, як на вёсцы.

Жыць яно добра заўсёды. Прынамсі, нашмат прыемней, чым ляжаць у зямлі. Толькі гэтае “добра” бывае цяжкім і лёгкім. Сама лёгка жылося пры Брэжневе. Ніякіх межаў – едзь, куды хочаш. І ўсюды можна было знайсці працу. Кватэры давалі за “так”. Добрых работнікаў паважалі. Людзей працы паважалі наогул. Я вось быў пераможцам раённага сацыялістычнага спаборніцтва 1976 і 1978 гадоў. Быў прызнаны ударнікам Х пяцігодкі. Ушаноўвалі на раённым узроўні!

Напэўна, і цяпер ушаноўваюць, але неяк зусім нягучна.

Прадавец прыгожай вёскі

Ганна Віктараўна Янкойць – прадавец нідзянскага магазіна. Вось ужо чвэрць стагоддзя яна забяспечвае таварамі штодзённага попыту жыхароў Нідзян і блізляжачых населеных пунктаў.

– Не толькі штодзённага, – удакладняе Ганна Віктараўна. – У нашым магазіне пакупнік можа набыць усё, што пажадае: мэблю, вопратку, відэа- і аўдыёапаратуру, тую ж касілку, да прыкладу, або веласіпед… Трэба толькі зрабіць адпаведны заказ – і на працягу некалькіх дзён неабходны тавар будзе дастаўлены, так бы мовіць, у лепшым выглядзе. Прычым не толькі за наяўны разлік – можна аформіць тавар у крэдыт або растэрмінаваць выплату на акрэслены перыяд. Усё, як у горадзе!

Сама яна родам з Быстрыцы – у Нідзяны выйшла замуж. І калі месца прадаўца аказалася вакантным, згадзілася паспрабаваць. Так і спрабуе вось ужо дваццаць пяць гадоў…

– Нідзяны ўзору 1988 годы выглядалі цалкам інакш, – гаворыць Ганна Віктараўна. – Тады ў вёсцы пражывала 126 жыхароў. Было нямала моладзі, школьнікаў. Цяпер у Нідзянах – толькі 54 жыхары, па адным-два чалавекі ў доме. Галоўным чынам, пенсіянеры. Сярэдні ўзрост – вышэй за сем дзясяткаў гадоў. Вёска старэе літаральна на вачах. Назіраеш, як адзін за адным пусцеюць дамы, і ажно сэрца пачынае балець.

Прапарцыянальна не толькі колькасці жыхароў, але і іх узросту змяншаецца попыт на тавары – стары чалавек жыве эканомна. Але паліцы магазіна не пустуюць. І абодва наяўныя ў краме халадзільнікі да адказу забіты каўбасамі, вяндлінамі, марожанай рыбай…

– Вясковыя людзі маюць права карыстацца гэткімі ж дабротамі, што і гарадскія, – упэўнена прадавец. – І я лічу

неабходным падтрымліваць асартымент тавараў у поўным аб’ёме. Хоць, што грэх таіць, павышаным попытам карыстаецца галоўным чынам “чарніла” – аматарам “зялёнага змія” ён па кішэні, і бабулькі часта купляюць таннае віно – разлічваюцца потым за аказаныя паслугі з тымі ж самымі аматарамі.