Поговорим про тунеядство
Ці шмат у нас дармаедаў і што можа іх матываваць да працы? Гэта высвятляў наш карэспандэнт на вуліцах горада.
Святлана Марцінкевіч, метадыст:
– Я не лічу, што ў нашым раёне шмат дармаедаў. Па першай рэдакцыі Дэкрэта аб тунеядцах шмат людзей трапляла ў іх рады. Цяпер лягчэй разабрацца – хто дармаед, а хто – не.
Што да матывацыі непрацуючых людзей, то гэтае пытанне вырашыць павышэнне заработнай платы. Аднак і гэта не выйсце, бо тады пачнуць расці цэны…
Віктар Зайцаў, адміністратар магазіна:
– Я статыстыку не вяду, аднак большасць людзей, якіх бачу,– добрыя работнікі. Хаця дармаеды мне на вочы ўсё ж трапляюць.
Матываваць чалавека да працы – задача не з лёгкіх. Чалавек сам павінен захацець працаваць. У многіх выпадках прымусіць чалавека кожны дзень уставаць на работу можа толькі сіла.
Таццяна Глаўдзель, школьніца:
– У Астраўцы дармаедаў і ім падобных мала – прынамсі, я іх не бачу.
Адносна работы ў мяне такое меркаванне: калі чалавек не хоча працаваць, то прымушаць яго не трэба – нічога добрага з гэтага не атрымаецца. Калі некаму падабаецца жыць, перабіваючыся выпадковымі заробкамі, то няхай ён так і жыве.
Алена Грэйць, пенсіянерка:
– Дармаедаў у нас хапае. І сярод моладзі ёсць такія, хто сядзіць на шыі ў бацькоў. Я, хоць і пенсіянерка, езжу на бульбу і бачу, колькі з намі непрацуючай моладзі.
Вось пры СССР немагчыма было сабе ўявіць, што нехта не хоча рабіць унёсак у агульную будучыню.
Вера Баўціна, муляр:
– Я не мясцовая – у Астраўцы толькі працую. Адзначу, што сярод тых, хто тут жыве, або прыязджае на працу, лайдакоў няма, многія працуюць нават звыш нормы.
Прымусіць чалавека працаваць немагчыма. Ён павінен сам захацець. А для гэтага яму трэба стварыць умовы і даць годны заробак.