Милиционеры встретились в Островце, чтобы песни свои посвятить 70-летию Победы
10:00 / 30.04.2015

А вось убачыць міліцыянераў, якія натхнёна спяваюць ці чулліва чытаюць вершы... Вы лічыце, што гэта немагчыма? Значыць, вы не былі на аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці сярод калектываў органаў і падраздзяленняў унутраных спраў Гродзеншчыны, які праходзіў у Астраўцы!

Сімвалічнай і значнай была і тэматыка агляду-конкурсу – ён прысвячаўся 70-годдзю Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Успомніць падзеі тых гадоў і выказаць пашану і падзяку праз шчырыя і простыя словы песень і вершаў – што можа быць лепш? А калі аб вайне спяваюць і расказваюць падцягнутыя, дужыя мужчыны ў форме – тут ужо і дрыжыкі ў каленях, і мароз па скуры ад шквалу эмоцый.
Ацэньваць майстэрства і адпаведнасць рэпертуару канкурсантаў прыехала сур’ёзнае журы з Гродна. Агляд-конкурс праходзіў у чатырох намінацыях, у дзвюх з якіх – “Музычнае мастацтва” і “Размоўны жанр” – удзельнічалі і астравецкія артысты. Дарэчы, праявіць свой талент у канцэрце маглі не толькі супрацоўнікі органаў унутраных спраў, але і вучні прававых класаў: іх творчыя здольнасці ацэньваліся асобна.
Бачыць міліцыянераў на сцэне было непрывычна, і на канцэрт я была настроена даволі скептычна: наглядзелася самадзейнасці… Аднак, калі заспявалі першыя ўдзельнікі з Воранаўскага аддзела ўнутраных спраў – скептызм знік бясследна. Песня “Воблакам па небу” Алега Марцінкевіча яшчэ доўга аддавалася ў сэрцы.

А вось удзельнікі конкурсу з Іўеўскага РАУС прадставілі гледачам і журы аж тры нумары: верш і песню ад работнікаў унутраных спраў гарманічна дапоўніла такая родная “Катюша”, якую прыгожа выканала дружнае трыа дзяўчынак з прававога класа.
Артысты-міліцыянеры Карэліцкага раёна парадавалі гледачоў знаёмымі шлягерамі “У незнакомого поселка…” і “Это просто война…”
А словы песні ў выкананні дуэта хлопцаў Навагрудскага РАУС можна смела назваць лейтматывам конкурсу – “За Победу!”

Вучаніца 9 прававога класа Гудагайскай сярэдняй школы Ілона Масейка выканала досыць складаную песню “Ты же выжил, солдат…” Але з пастаўленай задачай дзяўчына справілася выдатна – нумар атрымаўся чуллівым, прыгожым і пяшчотным.

Гледачы ледзь адышлі ад выступлення гудагайскага школьніка, як на сцэну падняўся прадстаўнік Ашмянскага аддзела ўнутраных спраў Андрэй Кузьменка. Ён таксама прачытаў верш – “Варварство” Джаліля Мусы. Тут было ўсё: гульня тэмбру, дэкламацыя на некалькі галасоў, страх, злосць, боль, слёзы, спачуванне, перажыванне… Мужчына чытаў верш – а перад вачыма паўставала жудасная карціна варварства: выкапаная магіла і жанчына, што прыціскае да грудзей сваё дзіця. І адна варожая куля, што прабівае два нявінныя сэрцы…
Апошнімі выступалі канкурсанты Смаргоншчыны. Супрацоўнік РАУС Андрэй Говіч пранікнёна і шчыра праспяваў “Пісьмо бацькі”, а вучні прававога класа дружна заклікалі да міру і спагады на ўсёй зямлі.
Нумары ўдзельнікаў агляду-конкурсу скончыліся, але гледачоў чакаў яшчэ адзін сюрпрыз – феерычнае выступленне аркестра Упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама. Узмах палачкі дырыжора – і нараджаецца непаўторная жывая музыка, якая зачароўвае, і бярэ ў палон. А музыку, вядома ж, дапоўніла песня – у выкананні звонкіх і прыгожых галасоў салістаў аркестра. Пад іх фінальную сімвалічную песню “Этот день Победы” апладзіравала, стоячы, уся зала.

У намінацыі “Размоўны жанр” пераможцам заслужана стаў ашмянец Андрэй Кузьменка. А сярод школьнікаў першае месца заняў наш Мікіта Вішнеўскі, з чым мы яго таксама шчыра віншуем!
Таццяна Васюкевіч:
– У мінулым годзе я прымала ўдзел у падобным конкурсе, які праходзіў у Ашмянах. Таму, калі сёлета запрасілі паўдзельнічаць, ведала, на што згаджаюся. Сяброўкі параілі песню “Баллада о матери”: паслухала, паглядзела ў інтэрнэце, як яе выконваюць, – і вырашыла паспрабаваць. Гэта вельмі прыгожая, трагічная і чуллівая песня. Рэпеціравала дома: міміку, жэсты, манеру выканання. Перад выхадам на сцэну вельмі хвалявалася. Самым галоўным для мяне было годна прадставіць перад гледачамі і журы наш аддзел унутраных спраў. Гэта такая адказнасць! Але ўсё прайшло добра. Хачу падзякаваць усім, хто дапамагаў рыхтавацца да конкурсу, а таксама родным, сябрам і калегам за падтрымку. Спадзяюся, што не падвяла.
Ілона Масейка:
– Паўдзельнічаць у гэтым конкурсе мне параіла дырэктар школы Ганна Мечыславаўна Капцюг. Я згадзілася – спяваць люблю, выступаць на сцэне даводзілася і раней. Але, шчыра кажучы, больш за ўсё натхніла тэма конкурсу. Лічу, што пра Вялікую Айчынную вайну трэба памятаць заўсёды і ўсім, і падобныя конкурсы і канцэрты трэба праводзіць часцей. Выбраная песня прыйшлася па душы. Магчыма, пагэтаму і спявала лёгка. Хоць, канешне, выступаць было страшнавата, асабліва адчувалася хваляванне ў апошнія хвіліны перад выхадам на сцэну. Але я змагла ўзяць сябе ў рукі. Канешне, вельмі рада, што заняла трэцяе месца, але яшчэ больш – што паўдзельнічала ў такім значным конкурсе, прысвечаным Вялікай Перамозе.
Мікіта Вішнеўскі:
– Аб тым, што я заняў першае месца, даведаўся нядаўна. Узрадаваўся, канешне, – але і здзівіўся: нават не думаў пра перамогу. А пачалося ўсё з таго, што да мяне падышла наш класны кіраўнік Святлана Станіславаўна Пілецкая, паказала верш, спытала, ці падабаецца ён мне, і расказала пра конкурс. І я вырашыў рызыкнуць – верш вельмі ўразіў, захацелася расказаць яго ўсім. Ці доўга вучыў? Хвілін 20. А пасля рэпеціраваў, чытаў яго нашым настаўнікам, дырэктару. Перад выступленнем моцна хваляваўся, баяўся словы забыцца ці пераблытаць. А выйшаў на сцэну – і напружанне як рукой зняло. Вельмі хацелася данесці да гледачоў усю глыбіню, сэнс і моц верша.
-------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.