Праздник детства в Островце получился веселым и запоминающимся

10:00 / 11.06.2013
1
Раённае свята, прысвечанае Дню абароны дзяцей, прайшло ў Астраўцы.

Мерапрыемствы, прысвечаныя дзіцячаму дню, пачаліся за некалькі дзён да 1 чэрвеня. Пачатак ім паклалі святочныя ранішнікі ў дзіцячых садках і школах раёна. Цікавае свята для дзяцей, якія навучаюцца ў класе карэкцыйнага цэнтра, адбылося ў Мальскім НПК.
А 1 чэрвеня ўсіх дзетак горада і раёна сустракалі ў лесапаркавай зоне Астраўца – тут для іх арганізавалі свята, прысвечанае Дню абароны дзяцей.
З ранку сонейка сагрэла залітую дажджом зямлю і паціху мамы і таты з дзеткамі рознага ўзросту пачалі збірацца ў лесапарку. Тут іх ужо чакалі. Райспажыўтаварыства арганізавала выязны гандаль – у іх палатках можна было набыць смачныя пірожныя і свежую выпечку, паласавацца цукеркамі і іншай смакатой, якую так любяць дзеці.
Побач заклікалі дзяцей надзіманыя горкі – жадаючых паскакаць і пакатацца было шмат. Яшчэ больш дзетвары сабралася ля машынак розных марак і памераў, на якіх можна было пакатацца і ўявіць сябе ў ролі вадзіцеля.
Непадалёк ад сцэны жадаючых паспрабаваць удачу сабрала бяспройгрышная латарэя, якую арганізаваў раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Тут жа можна было набыць самаробныя вырабы з саломкі, бісеру і іншых матэрыялаў, створаных рукамі дзяцей, і зрабіць прыгожую кветачку, коціка ці сабачку з паветранага шарыка. А калі вы аматар чытання і літаратуры, то можна было стаць удзельнікам віктарыны, якую наладзілі супрацоўнікі раённай дзіцячай бібліятэкі.
Выратавальнікі арганізавалі выставу інструментаў, якімі карыстаюцца пры надзвычайных сітуацыях. Падчас свята можна было нават залезці ў пажарную машыну і прымерыць абмундзіраванне выратавальніка. У гэты дзень аварыйна-выратавальную тэхніку прадстаўлялі не толькі супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях – ім актыўна дапамагалі кадэты, навучэнцы спецыялізаванага класа СШ №1.
Можна было паўдзельнічаць у спаборніцтвах і конкурсах – пагуляць ў шашкі і тэніс, пакідаць дроцікі і памаляваць крэйдай на асфальце. Такіх было асабліва шмат – прыемна, што малявалі не толькі дзеці, але і іх мамы і таты.
І ўсё ж галоўнае дзейства разгарнулася на сцэне летняга амфітэатра. Яшчэ да пачатку святочнага канцэрта можна было ўбачыць вядомых казачных персанажаў Лісу Алісу і Ката Базіліо, Пэпі-Доўгую-Панчоху і Чорта Задзіру, якія мірна разгульвалі паміж дзяцей.
Святочная праграма пачалася з віншаванняў – рабят, іх мамаў і татаў, педагогаў павіншавалі намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла і старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, дырэктар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Наталля Уладзіміраўна Сянюць.
Але толькі словамі віншаванняў не абышлося – лепшыя педагогі і іх выхаванцы, пераможцы абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў былі ўзнагароджаны граматамі аддзела адукацыі і памятнымі падарункамі Астравецкага раённага выканаўчага камітэта.
А потым песні і танцы ўсім, хто сабраўся на свята, дарылі дзеці і педагогі.
Свята дзяцей атрымалася радасным, прыгожым і запамінальным!


-------------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.