Уроки иконописи для детей и молодежи

14:24 / 29.05.2012
2

У праваслаўным храме святых апосталаў Пятра і Паўла нядаўна працавала мастак-іканапісец Вольга Вацлаваўна Марцішка. Менавіта яна напісала ўсе абразы новага іканастаса і прыехала ў Астравец, каб выканаць некаторыя рэстаўрацыйныя работы на раней напісаных іконах алтара.


Працу  мастачкі  пажадалі ўбачыць юныя мастакі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. У вызначаны дзень выхаванцы гурткоў жывапісу, фларыстыкі і саломапляцення разам са сваімі настаўніцамі Аляксандрай Мікалаеўнай Букель і Нінай Іосіфаўнай Мілаш прыйшлі ў храм на ўрок іканапісу.


Вольга Вацлаваўна пачала свой майстар-клас з азоў: расказала, як падбіраюцца і рыхтуюцца дошкі для будучых абразоў, якія прымяняюцца фарбы і якімі пэндзлямі яны наносяцца на загрунтаваную адмысловым чынам дошку, аб значэнні колераў у іканапісе. На вачах дзяцей нараджаўся эскіз будучай іконы Хрыста Збавіцеля, а  ўжо закончаны абраз яны ўбачылі на іканастасе. Юных жывапісцаў і фларыстаў вельмі зацікавілі тонкасці старадаўняга мастацтва іканапісу, таму пытанняў у іх узнікла многа.


Рабяты пачулі гісторыю стварэння цудатворнай іверскай іконы Багародзіцы, абраза Святой Троіцы, даведаліся яшчэ нямала цікавага і пазнавальнага.



Таіса СЯМЁНАВА.