Фестываль сабраў патрыётаў

18:01 / 07.03.2010
Ужо стала добрай традыцыяй, што кожны год напярэдадні дня Абаронцаў Айчыны райкам БРСМ праводзіць раённы тур абласнога фестывалю патрыятычнай песні. Гэты год таксама не стаў выключэннем – на минулым тыдні ў кінаканцэртнай зале “Астравец” ізноў іграла музыка і панавала песня.
Здаецца: што тут складанага – выйсці і праспяваць песню, аднак задумаешся: якую песню выбраць і як выканаць, каб праз яе прызму, праз словы, музыку, рухі перадаць гонар за сваю Радзіму, артыстызм і вакальныя даныя. Задача аўтаматычна ўскладняецца. Аднак не пабаяліся цяжкасцяў 18 удзельнікаў фестывалю – 15 салістаў і 3 дуэты.
Выступаць першым заўсёды складана. Але ўдзельніца з Рытані Анастасія Радзько выбрала прыгожую песню, якая годна задала старт усім астатнім. “Малюся я небу, зямлі і прасторы…” – гучалі ў новым выкананні словы з вядомай “Малітвы” Уладзіміра Мулявіна. Юная спявачка з самых аддаленых, але такіх жывапісных мясцін нашага раёна – Спондаўскай СШ Ганна Лукашэвіч поўнасцю адпавядала выбранаму сцэнічнаму вобразу: лёгка і міла праспявала яна пра “Сінюю хусцінку”. Крыху не хапіла ўпэўненасці і веры ў сябе прадстаўніцы Быстрыцкай БШ Ганне Скрандзеўскай – у наступны раз усё абавязкова атрымаецца.
Як заўсёды ўсмешліва, весела, бы маленькае сонейка, на сцэну выйшла Вікторыя Гарбачэўская – вучаніца СШ №1. “Аист на крыше – мир на земле,”– задорна пераконвала яна гледачоў. Песню пра журавоў выканала юная “партызанка” ў ваеннай форме Аксана Місевіч з Вароны.
“Афганскі вальс” – непараўнальная і кранаючая песня. Ніколі не забуду, як упершыню пачула яе ў цудоўным выкананні тады яшчэ вучаніцы Гудагайскай СШ Анастасіі Лукшы – мароз па скуры і слёзы на вачах. На гэтым фестывалі вальс гучаў у некалькі іншай інтэрпрэтацыі салісткі з Варнянскага НПК Вольгі Сімановіч. Ірміну Ластоўскую (Гудагайская СШ) я бачыла на сцэне не ўпершыню. На гэты раз яна парадавала яшчэ больш – дзяўчына, здаецца, прапускала музычны твор праз сябе.
Трэба адзначыць, што на фестывалі гучала шмат новых песень. І прыемна, што сярод іх – твор мясцовых майстроў – словы Л.Ф. Валадзько, музыка А.П. Альховіка, выканаўца Таццяна Бакевіч з Падольцаў – “Гімн школе” гучаў не горш за агульнавядомыя хіты. Вельмі чулую і прыгожую песню “До свидания, мальчики!” праспявала вучаніца з Рымдзюн Анастасія Кармаза. У рытме актуальнага ва ўсе часы вальса прагучала “Франтавая сястра” ад Веранікі Топаль – Гервяцкая СШ.
Пасля ж эстафета выступленняў перайшла да гімназістаў, дакладней, гімназістак. Алена Мацкела і танцавальная група падтрымкі падрыхтавалі прыгожы нумар пад песню з рэпертуару Ірыны Дарафеевай “Белая Русь”. Другая Алена – Раткевіч – пад кранальны відэаролік з момантамі ваенных дзеянняў, так жа пранікнёна спявала: “Ты же выжил, солдат, хоть сто раз умирал…”
Калі думаеце, што на фестывалі выступалі толькі вучні школ раёна, то памыляецеся. Эльвіра Тумкевіч з Варонскага СДК выканала песню пра “Беларусь адзіную”. Настаўніца з Мальскай школы Алена Шымковіч з пачуццём, замаркочана спявала: “У 22 – салдатка, у 23 – удава…”
Не крыўдуйце, прадстаўніцы цудоўнай паловы, але калі на фестывалі патрыятычнай песні на сцэну падымаюцца мужчыны, мерапрыемства становіцца па-сапраўднаму мужным і патрыятычным. Напэўна, ніхто не застаўся раўнадушным ад песні пад гітару начальніка пагранзаставы “Лоша” Ігара Мельніка. Мужчынскую эстафету годна працягнуў дуэт з гімназіі Вадзіма Бублевіча і Аляксандра Лябецкага. І песня была падабрана “ў дзесятачку”. Уявіце: два маладыя хлопцы ў ваеннай форме спяваюць, як не хочацца паміраць у 19 год. Шчыра кажучы, мяне прабрала.
Душэўна і міла выступіў таксама дуэт з Альхоўкі ў складзе дзвюх дзяўчынак з бантамі ў косках – Таццяны Сідарэвіч і Яўгеніі Уласік. А завяршылі фестываль Вераніка Карпіцкая і Ілона Герасім з Дайлідскай школы.
Члены журы, як заўсёды, доўга раіліся, а пасля вынеслі вердыкт. Лепшым дуэтам бясспрэчна сталі Вадзім Бублевіч і Аляксандр Лябецкі – малайцы, хлопцы! Сярод салістаў першае месца ў Алены Мацкела. А я б дала яшчэ два дадатковыя першыя месцы Ірміне Ластоўскай і Алене Раткевіч – спадабаліся іх нумары. Ды, як кажуць, першае месца – не гумовае.
Галоўную ж узнагароду – гран-пры і права прадстаўляць Астравеччыну ў Гродна – атрымала Вікторыя Гарбачэўская.

НА ЗДЫМКУ: Вікторыя Гарбачэўская; Вадзім Бублевіч і Аляксандр Лябецкі.

Марына МАЦКЕВІЧ