Какую школу оканчивал Адам Мальдис?

17:00 / 21.03.2016
школа МальдисаНе так даўно патэлефанаваў наш слынны зямляк, прафесар Адам Восіпавіч Мальдзіс і паведаміў, што ён “развёўся”! І тут жа заключыў “новы шлюб”. У адказ на недаўменнае маўчанне – вядома ж, што Адам Восіпавіч некалькі гадоў таму назад аўдавеў, – прафесар патлумачыў, што не трэба ўсё ўспрымаць літаральна: “развёўся” ён з Астравецкай гімназіяй, а “ўзяў шлюб” з СШ №1 (заўважце: абедзве – “жанчыны”).
Падрабязнасці гэтых “разводу” і “шлюбу”, якія адбыліся ў адзін дзень, расказала ветэран педагагічнай працы, былая настаўніца СШ №1 Ларыса Аляксандраўна Мартынава, якая, сама таго не падазраючы, стала не толькі галоўнай “асыстэнткай” у абодвух працэсах, але і ў пэўнай ступені – свахай.

– Вырашыла я напісаць гісторыю сваёй роднай першай школы – у сэнсе, Астравецкай СШ №1, – расказвае Ларыса Аляксандраўна. – Хоць я і не тутэйшая, але гэтая школа для мяне – родная, бо з ёй цесна звязана маё жыццё. Стала сустракацца з былымі вучнямі і настаўнікамі гэтай школы, запісваць іх успаміны, збіраць дакументы…
Адным з самых вядомых – і адначасова невядомых для мяне – выпускнікоў адзінай пасляваеннай Астравецкай школы, правапераемніцай якой стала СШ №1, быў знакаміты на ўвесь свет прафесар Адам Восіпавіч Мальдзіс. Набралася смеласці, патэлефанавала яму і папрасіла расказаць пра школьнае жыццё. Адам Восіпавіч, мне падалося, узрадаваўся, расхваляваўся і прапанаваў сустрэцца. Аказалася, што з красавіка 1945 года ён вёў дзённік – гэта ж бясцэнны для гісторыі скарб! І я паехала ў Мінск, каб хоць пабачыць, пагартаць той дзённік – і, вядома ж, пагутарыць з самым знакамітым выпускніком Астравецкай школы…
Вядома ж, хвалявалася: Мальдзіса ведае ўвесь свет, ён сустракаўся з Папам Рымскім, з прэзідэнтамі, сябруе з пасламі, вядомымі дзеячамі навукі і культуры – а хто такая я? Але адна яго фраза ў тэлефоннай размове: “Будзьце асцярожныя, у Мінску вельмі слізка” – ператварыла прафесара, амаль што “небажыхара”, у звычайнага чалавека…
Мы сустрэліся ў рэдакцыі газеты “Вячэрні Мінск”. Я падала руку – Адам Восіпавіч схіліўся і пацалаваў яе – я была нямала здзіўлена, бо зараз мужчыны, нават калі цалуюць жанчыне руку, то цягнуць яе да сваіх вуснаў, а не схіляюцца ў паклоне. А тут такая галантнасць!
…Потым мы пілі гарбату з варэннем і доўга размаўлялі. Я паказала свае запісы, фотаздымкі старога Астраўца, якімі са мной падзялілася Марыя Паўлаўна Леановіч. Асабліва ўзрушыла Адама Восіпавіча копія загада ад 1 ліпеня 1950 года аб узнагароджанні вучня 9-га класа Астравецкай СШ Адама Мальдзіса Пахвальнай граматай:
– Вось яшчэ адзін доказ таго, што я выпускнік Астравецкай школы, а не Гудагайскай, як неяк напісалі ў адной газеце!
Адам Восіпавіч ўспамінаў дзяцінства, сям’ю, школу, шмат жартаваў. І пагадзіўся з аргументамі, што, хоць будынак школы па вуліцы Валадарскага – не першы ў Астраўцы, але ж, раз кнігі загадаў, выдачы пасведчанняў і атэстатаў Астравецкай школы захоўваюцца ў нашай школе – значыць, менавіта СШ №1 з’яўляецца правапераемніцай той адзінай Астравецкай школы, якая працавала яшчэ да вайны і якую ў свой час заканчваў Адам Мальдзіс: “Я – ваш!” – сказаў ён на завяршэнне нашай размовы.
Напрыканцы сустрэчы Адам Восіпавіч прапанаваў зрабіць у нашай школе музей знакамітых выпускнікоў. Прафесар перадаў для будучай яго экспазіцыі асабістыя рэчы, кнігі, сваю Грамату, школьны дзённік (той самы, які я так хацела пабачыць і які ён вёў з трынаццаці гадоў).
Я ведаю, што цікавая экспазіцыя, прысвечаная Адаму Восіпавічу Мальдзісу, ёсць у Гудагайскай СШ і Астравецкай гімназіі. Але, напэўна, не пашкодзіць, калі такая ж з’явіцца і ў СШ №1 – музеяў многа не бывае! – сказала на заканчэнне Ларыса Аляксандраўна Мартынава.

Ад рэдакцыі:
Калі матэрыял ужо рыхтаваўся да друку, у рэдакцыю патэлефанаваў Адам Восіпавіч Мальдзіс і, паведаміўшы навіну пра свой новы “шлюб”, сказаў, што “пасаг”, які раней ён перадаў у музеі гімназіі і Гудагайскай школы, там і застанецца. А для СШ №1 ён падбярэ новыя цікавыя экспанаты – цяпер якраз гэтым і займаецца, паставіўшы сабе задачу кожны дзень знаходзіць для будучай экспазіцыі хоць па адным артэфакце. З такіх, да прыкладу, аўтограф Максіма Танка, два фотаздымкі, зробленыя Уладзімірам Караткевічам на Астравеччыне: адзін для крыжа Аняліна, што даў назву яго незакончанаму раману, дзеянне якога адбываецца на Астравеччыне, другі – каля роднай хаты Адама Мальдзіса ў Расолах.
Што ж, думаецца, такімі тэмпамі экспазіцыя будучага музея СШ №1 вельмі хутка дагоніць па вартасці і каштоўнасці гудагайскую і гімназічную! І нельга не пагадзіцца з Л.А. Мартынавай: гэта пойдзе толькі на карысць нашай агульнай гісторыі.