С чего начиналась "Родина"... Воспоминания жительницы Гервят Ядвиги Брониславовны Тришиной

16:00 / 15.11.2015
ТришинаКамбайны з кандыцыянерамі і халадзільнікамі… Трактары, якія за адзін праход узорваюць глебу, культывуюць яе, сеюць і загортваюць насенне… Камп’ютары на малочнатаварных фермах… Усё гэта, што яшчэ пару дзесяцігоддзяў назад, не кажучы пра больш аддалены час, уяўлялася нечым на мяжы фантастыкі, сёння – ява жыцця сельскай гаспадаркі. І даярка, якая ідзе на ферму ў туфліках на абцасах, як і механізатар, што пад’язджае да мехдвара на шыкоўнай іншамарцы, ужо нікога не здзіўляюць.
А пачыналася ўсё зусім інакш. Як – пра гэта памятаюць ветэраны сельскагаспадарчай вытворчасці.
Сёння мы папрасілі падзяліцца сваімі ўспамінамі жыхарку Гервят Ядвігу Браніславаўну Трышыну, усё жыццё якой звязана з гэтай вёскай і мясцовым калгасам, які для яе назаўжды застанецца “Радзімай” ва ўсіх сэнсах гэтага слова.
Ядвіга Браніславаўна – чалавек унікальны. У сваім шаноўным узросце яна знаходзіцца ў курсе ўсіх эканамічных і палітычных падзей жыцця краіны, аб усім мае сваё абгрунтаванае меркаванне. Памятае не толькі прозвішчы і імёны тых, з кім давялося ў свой час працаваць, але і іх дні нараджэння, ведае жыццёвыя абставіны кожнага, не забывае павіншаваць са святам ці паспачуваць, калі здараецца бяда, дапамагчы, чым зможа, у цяжкую хвіліну…
Слухаць яе – нібы гартаць ажыўшую гісторыю калгаса “Радзіма”, які некалі быў вядомы сваімі поспехамі не толькі ў раёне ды вобласці, але і ва ўсім неабсяжным Савецкім Саюзе.

Тришина1– Усё маё жыццё, ад нараджэння і да гэтага часу, прайшло ў Гервятах. Пабываць пашчаслівілася ў многіх мясцінах – і па Савецкім Саюзе паездзіла, і за мяжой была, але праўду кажуць людзі: мілей за ўсё той куток, дзе рэзалі твой пупок…
Нарадзілася я ў 1937 годзе. Брат старэйшы на два гады.
Жылі мы да вайны спраўна. Хата ў нас на два канцы была, адну палавіну здавалі мясцоваму яўрэю – ён там піўную трымаў, а ў другой самі жылі. Хлеў быў добры, каменны, а ў хляве – усялякая жыўнасць: і карова, і конь, і свінні… У двары ляжаў нарыхтаваны лес яшчэ на адну хату…
Усё змянілася ў адзін дзень. Дакладней, ноч… Было гэта ў вайну, перад самым вызваленнем. Адна мясцовая дзяўчына з літоўскім паліцаем гуляла, і вырашылі яны вяселле справіць. А партызаны гэтым скарысталіся, каб напасці на паліцэйскі гарнізон. Пачалі страляць. Паліцаі ў свае бункеры схаваліся – дзе ты іх там дастанеш? І падмацаванне, відаць, па рацыі выклікалі. Наляцела нямецкая авіяцыя, сталі бамбіць вёску. Загарэлася адна хата, а за ёй другая, трэцяя. І наша…
Гэта на ўсё жыццё засталося адным з самых яркіх успамінаў дзяцінства. Час пад ранак браўся. Мы выскачылі з палаючай хаты ў адных сарочках. Я стаю, дрыжу ад холаду… Кругом светла, бы днём, ад асвятляльных шароў, што вісяць над вёскай. Усе крычаць, галосяць, страляніна, выбухі, полымя бушуе – а мне спаць хочацца. Ведама, дзіця… А мо так мая дзіцячая свядомасць спрабавала схавацца ад гэтага жаху? Памятаю, сусед мне на плечы світку нейкую накінуў і адвёў да валоўніка, схаваў у канаву. Я і заснула ў той канаве…
Згарэла ў нас тады ўсё: і хата, і нарыхтаваны лес, і хлеў, і жывёла… Засталіся ні з чым. Жыць няма дзе, есці няма чаго…
Аддалі мяне ў Пелегрынду да нейкай далёкай радні. Адтуль толькі крыж на нашым касцёле бачны. Я выйду з хаты, гляджу на той крыж – і плачу: так дамоў хочацца, да мамы…
Потым мяне забралі ў сям’ю мамінага стрыечнага брата ў Гальчуны. А затым бацькаў далёкі родзіч – у самога сямёра дзяцей – прыняў нас, пагарэльцаў. І карміў, і паіў, хоць самім часам есці не было чаго. Былі ж людзі спагадлівыя…
Пасля нам пакойчык далі ў касцельным доме. Ды другая бяда: бацька недзе нешта не тое ляпнуў пра Сталіна. Ну, за такія словы тады лёгка было ў турму ці ў лагер трапіць. Ён, каб уратавацца, у лес уцёк, хаваўся там гадоў, мусіць, з пяць.... А мама з намі адна. А хату ж будаваць трэба! Як яна, бядачка, мучылася… Запражэ коніка – і ў лес. Там, канешне, бацька падыдзе асцярожна, нешта дапаможа, а дома – адна. А ў самой – варыкознае расшырэнне вен. Памятаю, пайшлі ў лазню, сталі мыцца, глядзім – адна жанчына ўся ў крыві. Перапалохаліся: што здарылася?! Пакуль разабраліся, што гэта ў мамы вена лопнула і кроў струменем свішча… Потым ёй аперацыю зрабілі, спачатку на адной назе, затым – на другой. Берагчыся трэба, не працаваць цяжка – а як жа хату будаваць? І дзе ў вёсцы тая лёгкая праца?
Тришина2Пасля вайны школу ў Гервятах у панскім маёнтку адкрылі. І туды ўсіх запісалі: і нас, малалетак, і бэйбусаў пятнаццацігадовых – усе ў адным класе. Класы вялікія, чалавек па сорак. Вучыліся неяк, хто хацеў…
Мне вучыцца падабалася. Ды дзе там… Закончыла сямігодку ў Гервятах – а каб далей навуку спасцігаць, трэба грошы мець. І немалыя, бо дзесяцігодка ўжо ў Варнянах. І за вучобу трэба плаціць, і кватэру зняць, і харчы купіць… Дзе ж мая мама-гаротніца гэта асіліць? Якая там вучоба… Пайшла я працаваць паляводам у наш калгас “Радзіма”. Было гэта напачатку 50-х гадоў.
Праўда, нядоўга мне давялося з віламі хадзіць, год усяго. А потым у кантору забралі: граматных на той час было мала, а спецыялістаў і ўвогуле ні якіх. А ў мяне сем класаў адукацыі – чым не бухгалтар?
Накіравалі на курсы рахункаводаў, каб трохі падвучыць, што да чаго. А ў чым ехаць? Аддала мне мама сваё паліто – страшна глядзець на яго. А іншага няма…
Але вучылася я добра, на адны пяцёркі. Мая фатаграфія ўвесь час на Дошцы гонару вісела.
Вярнулася з тых курсаў – і мяне прызначылі другім бухгалтарам. Галоўным тады была Марыя Сяліцкая. А муж яе працаваў дырэктарам маслазавода – сёння ўжо мала хто памятае, што ў Гервятах пасля вайны дзейнічаў маслазавод.
Старшынёй нашага калгаса “Радзіма” ў той час быў Іван Казіміравіч Скерла. Але ён доўга не затрымаўся – тады ўвогуле ні кіраўнікі, ні спецыялісты ў калгасе не затрымліваліся. Да нас прыслалі расіяніна, Пятра Ермалаевіча Гузава. Жонка яго працавала ў сельпо галоўным бухгалтарам. Дзетак у іх двое было, хлопчык і дзяўчынка. Пётр Ермалаевіч з твару быў непаглядны – яму ў аварыі нос адарвала. Ён, відаць, збіраўся ў нас надоўга затрымацца, бо пачаў дом будаваць – той самы, дзе затым жыў былы дырэктар школы Эдуард Міхайлавіч Пяткевіч. Нанялі яны будаўнікоў. Ды жонка Гузава злюбілася з адным з іх – і з’ехалі яны ў Расію, пакінуўшы дзяцей на мужа. І Пётр Ермалаевіч таксама неўзабаве з’ехаў у Ашмяны.
Калгас наш у той час быў – страшна ўспамінаць. Мяне ў 60-м годзе прызначылі галоўным бухгалтарам. А ў калгаснай касе – ні капейкі, картатэка даўгоў. Тры гады людзям за работу зарплату не плацілі.
У канцы года якіх грамаў па дзвесце збожжа на працадзень выдадуць – у адным мяшку за плячамі заробак за ўвесь год можна панесці.
І тут да нас прыслалі старшынёй Андрэя Андрэевіча Галагаева – франтавіка, чалавека разумнага і гаспадарлівага. І з чаго яму пачынаць? Параіліся мы з ім і – скажу па праўдзе, як было – пайшлі, можна сказаць, на злачынства. Суседнім калгасам “Рассвет” кіраваў тады Цімафей Аляксеевіч Ігнаценка – просты і мудры чалавек, які, хоць і меў усяго сем класаў адукацыі, але калгас вывеў у перадавыя. У суседзяў рахункі былі чыстыя, грошы вадзіліся.
А ў нас такі лён вырас – люба-дорага глядзець. Працаваць з лёнам тады было цяжка: уручную рвалі, рассцілалі, затым падымалі, малацілі, мялі – і здавалі ўжо гатовае валакно. Але ж за лён можна было ўзяць добрую капейку! Толькі як яе атрымаць, калі даўгоў, як шаўкоў? Грошы на рахунак паступяць – іх тут жа спішуць крэдыторы…
І тады мы дамовіліся з Ігнаценкам, што будзем свой лён здаваць праз яго калгас – а ён з намі затым разлічвацца наяўнымі грашамі. Мы тады за тры гады людзям зарплату выплацілі – можаце сабе ўявіць? Праўда, пазней, як усё выкрылася, нам з Андрэем Андрэевічам за такую сама-дзейнасць вымовы аб’явілі – але што яны значылі ў параўнанні з тым, што калгаснікі нарэшце грошы атрымалі? У іх настрой, адносіны да калектыўнай працы змяніліся…
Андрэй Андрэевіч мудры кіраўнік быў. Жывёлагадоўлю любіў. Фермы пачаў будаваць, жыллё. Да нас спецыялісты сталі прыязджаць.
Тришина3Першымі спецыялістамі з вышэйшай адукацыяй у раёне былі аграномы Сантоцкі, які стаў працаваць у калгасе імя Леніна – гэта Чэхі, Шавель – ён пачынаў у “Рассвеце”, а затым перабраўся ў Пет-раполь, і Валуевіч, які прыехаў да нас. Ну і мой будучы муж, Павел Мікітавіч Трышын, ураджэнец Бранска, у той час прыехаў сюды пасля заканчэння Віцебскага ветэрынарнага інстытута. Толькі ён не ў калгасе працаваў, а на вет-участку – абслугоўваў ажно пяць гаспадарак. Але ж і работа ў яго была! Дзень, ноч, завея, лівень – трэба ехаць: асядлаў коніка – і наперад. Пазней ужо нейкі матацыкл яму далі. Цяпер, мне здаецца, так працаваць не ўмеюць: яшчэ на работу не ўладкаваліся, а ўжо патрабуюць зарплату, прэмію, водпуск, выхадныя…
Наш галоўны аграном Сігіз-мунд Сігізмундавіч Валуевіч прыехаў у Гервяты з жонкай, Таццянай Рыгораўнай, – яна стала працаваць галоўным эканамістам. Ён быў, што называецца, аграном ад бога. Механізатараў кантраляваў. Зямлю ведаў. Давёў наш калгас да звання “Гаспадарка высокай культуры земляробства”. Ураджаі ў нас пайшлі – пераходныя Чырвоныя сцягі калгасу штогод уручалі: і раённыя, і абласныя, і рэспубліканскія. Калгас “Радзіма” нават быў занесены на Дошку гонару Усесаюзнай выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве. Калгасу за гэтую перамогу тады далі аўтобус – нечуваная па тым часе раскоша! Мы ім сталі людзей на работу падвозіць. А многіх нашых працаўнікоў адзначылі каштоўнымі падарункамі: яны атрымалі дываны, тэхніку бытавую. І мне ўручылі падарунак – парасон.
Двум нашым лепшым механізатарам нават выдзелілі бясплатна аўтамабілі. Тады гэта было – ого! Адзін з іх – Імпаліт Ануфрыевіч Мажэйка, бацька семярых дзяцей. Памятаю, ён паклікаў пасля таго нас, спецыялістаў, да сябе ў госці – ну, каб аддзячыць такім чынам за ўвагу, за пашану. Ніколі не забуду, як усе яго дзеткі выстраіліся – і кожны сказаў нешта добрае, цёплае пра сваіх бацькоў. Так складна было, прыгожа, кранальна… Здавалася б – дзеці простых бацькоў, а такія разумнікі ўсе!
Андрэй Андрэевіч Галагаеў працаваў старшынёй 21 год – і менавіта ён вывеў нашу “Радзіму” ў лік перадавых. А затым яго на гэтай пасадзе змяніў Вячаслаў Іосіфавіч Адахоўскі. Ён, у адрозненне ад Галагаева, прыняў калгас не проста з чыстым з рахункам, без даўгоў, але і з прыбыткам. Але і Адахоўскі не змарнаваў, як гэта часта бывае, а прымножыў шматразова тое, што атрымаў. Праз нейкі час мы сталі “мільянерамі” – мелі больш мільёна свабодных грошай. Вы можаце сабе ўявіць, што гэта значыла па тым часе? Усё, што хочаш, можна было купіць…
Увогуле Вячаслаў Іосіфавіч вельмі шмат зрабіў для нашай “Радзімы”, для Гервят і для лю-дзей. Вельмі чалавечны, уважлівы, граматны, усе бачыў, усё ведаў, усё разумеў. Пры ім мы шмат будавалі – механічныя майстэрні, жывёлагадоўчыя памяшканні, жыллё. Умеў людзей у гаспадарку прыцягнуць, заахвоціць тых, хто хацеў і ўмеў працаваць. Ды што там гаварыць, Адахоўскі – Гаспадар з вялікай літары, аб гэтым вам кожны скажа, хто яго ведае.
Увогуле ў нас з цягам часу добры калектыў сфарміраваўся - і спецыялістаў, і брыгадзіраў, і радавых працаўнікоў. Пачаўся гэты працэс яшчэ пры Галагаеве, а Адахоўскі яго прадоўжыў, як многія добрыя справы свайго папярэдніка.
Тришина4Галоўным інжынерам працавала Таіса Паўлаўна Троцкая – пазней яна з’яўлялася дэканам Гродзенскага сельгасінстытута. А муж яе, Канстанцін Пятровіч, у нас быў загадчыкам майстэрань, а калі яны пераехалі ў Гродна, працаваў інжынерам у насеннетраўаб’яднанні.
Брыгадзіры былі талковыя. Цэнтральную брыгаду шмат гадоў узначальваў Рафаіл Уладзіміравіч Рэміс, удзельнік вайны. У Гудзеніках кіраваў Часлаў Пятровіч Бароўскі, у Гальчунах – Іван Станіслававіч Куліс, таксама ўдзельнік вайны, у Мацках – Мечыслаў Міхайлавіч Стахоўскі.
А якія ў нас даглядчыкі на адкорме працавалі! Часлаў Аляксандравіч Глаўдзель і Адольф Уладзіслававіч Гедройц у тыя часы атрымлівалі кілаграмовыя прывагі! А якая чысціня і парадак у іх на ферме была – не ў кожнай гаспадыні на кухні такую ўбачыш.
Даяркі былі цудоўныя. Я асабліва любіла дзвюх сябровак – Генаэфу Іосіфаўну Бублевіч і яе цёзку Генаэфу Іосіфаўну Кукель. От жа працавітыя жанчыны! Бублевіч, ужо калі на пенсію пайшла, яшчэ гадоў дзесяць малаказборшчыцай працавала – не магла без работы. Вось толькі лёс у яе – хай бог мілуе… Мужа пахавала і дваіх дзяцей, дажывала свой век у Міхалішках, на сацыяльным ложку. Але пражыла 92 гады! Калі ёй споўнілася 90, я звярнулася да тагачаснага нашага старшыні Андрэя Уладзіслававіча Янчэўскага: трэба павіншаваць такога заслужанага чалавека, ветэрана гаспадаркі. Ён распарадзіўся выдзеліць грошы, мы купілі прыгожы букет, прысмакаў розных набралі, яшчэ і хатняга таго-сяго я з дому прыхапіла, сяброўку яе запрасіла – і паехалі мы ў Міхалішкі. Колькі радасці і слёз было ў жанчыны, як яна нас чакала… На жаль, яе ўжо няма. А сяброўка яе, Генаэфа Іосіфаўна Кукель, трымаецца – хутка справіць 85-гадовы юбілей…
Пра сябе? Ну што ж пра сябе… Пасля тых курсаў рахункавода я спачатку закончыла бухгалтарскі тэхнікум, пасля – Ленінградскі сельгасінстытут. Усё, што называецца, без адрыву ад вытворчасці і сям’і. Мы з Паўлам Мікітавічам неўзабаве пажаніліся, дваіх сыноў нарадзілі. Усё мусіла паспяваць. Памятаю, сына толькі нарадзіла, а тут канец года: баланс, прамфінплан. Дахаты работу брала. Дзіця спаць пакладу, а сама працую… Да таго ж выбралі мяне сакратаром партарганізацыі – цягнула яшчэ і гэты немалы воз. Угаворвалі, каб перайшла ў вызваленыя парторгі, нават у абкам партыі выклікалі, ды я не пагадзілася.
Тришина5А ў 1975 годзе прызначылі мяне намеснікам старшыні па кормавытворчасці. І ў старшыні не раз “сваталі”, розныя гаспадаркі прапаноўвалі – і Дайлідкі, і Варону, і Чэхі, і нават Міхалішкі. Ды я ўвесь час адмаўлялася. Не магла я бацькоў пакінуць! Яны састарэлі, аслабелі – хто іх дагледзіць, як не я, дачка? Яны ж мяне не кідалі нават у самыя ліхія часы…
Мама тады, пасля вайны, з горам папалам хаціну ўсё ж пабудавала. А пазней, як сталі жыць разам, ужо мы яе прыбудоўвалі, дабудоўвалі. І зараз у гэтай хаце жывём, хоць ад ранейшай ужо мала што засталося. Але ўсё роўна – бацькоўская!
За працу мне два ордэны ўручылі – “Знак Пашаны” і “Дружбы народаў”.
Дваіх сыноў мы выхавалі з Паўлам Мікітавічам: адзін у Літве жыве, другі тут, побач, першы наш памочнік ва ўсім. Чацвёра ўнукаў маем, і праўнучка ўжо нават ёсць. Усё добра, усяго хапае – акрамя хіба што здароўя. Але гаспадарку яшчэ трымаем: карову, свіней, курэй, катоў, сабак… З імі, праўда, муж упраўляецца ды сын яму дапамагае, я памочнік слабы – ногі баляць…

Запісала Ніна РЫБІК.