Кто изображён на фреске в Ворнянском костёле?

17:00 / 15.06.2015
Летам 2010 года сродкі масавай інфармацыі ўскалыхнула навіна: падчас рамонту ў Варнянскім касцёле святога Юрыя пад слоем тынкоўкі будаўнікі знайшлі старажытную фрэску. “Астравецкая праўда” таксама пісала аб гэтым.

Знаўцы гісторыі адносяць фрэску да другой паловы ХVІІІ стагоддзя: роспіс зроблены ў класічнай тэхніцы адначасова з муроўкаю і тынкаваннем. А вось даць адказ на пытанне: хто адлюстраваны на фрэсцы? – так і не змаглі.


Прагучала шмат здагадак наконт таго, хто ж гэта можа быць. Тагачасны пробашч касцёла Здзіслаў Пікула меркаваў, што на фрэсцы – выява святога Станіслава Косткі; мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі выказваў гіпотэзу, што, хутчэй за ўсё, намаляваны варнянскі пробашч…

І толькі праз пяць гадоў, дзякуючы Антону Францішку Брылю (унуку народнага пісьменніка Янкі Брыля), мы можам змяніць пытальнік на кропку ў гэтай загадцы. Вось што ў сваім допісе расказвае аўтар:

“У мінулым годзе мне трапіўся архіўны дакумент, які дазваляе з адноснай ўпэўненасцю адказаць на гэтае пытанне, – інвентар усяго Ашмянскага дэканата. Ён складзены ў 1780-х гадах (рукапіс F43-5449 у зборах Акадэміі Навук Літвы) і ўключае апісанне касцёла ў Варнянах за 1784 год.

З яго можна даведацца, што на сцяне закрыстыі былі намаляваныя чатыры партрэты: рымскага папы Клімента з дому Ганганэлі (Клімента XIV, свецкае імя якога было Джавані Ганганэлі), віленскага біскупа Масальскага, дапаможнага віленскага біскупа Зянковіча (між іншым, кансэкратара касцёла) і варнянскага пробашча Станішэўскага.

Якая з гэтых чатырох выяў захавалася і трапіла ў 2010 годзе на фатаздымкі, размешчаныя ў сродках масавай інфармацыі? Папу Клімента можна выключыць, бо яго знешнасць вядома па некалькіх партрэтах: хударлявы чарнавалосы італьянец, зусім непадобны да чалавека на варнянскай фрэсцы.

Выяў Зянковіча і Станішэўскага знайсці не змаглі. Затое існуе некалькі партрэтаў біскупа Ігнацыя Якуба Масальскага, і падабенства паміж імі і выявай на фрэскцы значнае. Можна, здаецца, смела прыняць за  працоўную гіпотэзу, што чалавек на сцяне варнянскай закрыстыі – гэта акурат біскуп Масальскі.

Варта адзначыць, што фрэскі пісаліся адначасова з завяршэннем будоўлі касцёла ў 1769 годзе і Масальскаму на той час было 43 гады.”