Память, которая не забывается

11:00 / 14.02.2015



Кажуць, час лечыць усё… Памяць паступова сцірае карцінкі мінулага, на змену якім прыходзяць новыя. І жыццё працягваецца далей.

А яны зноў і зноў прачынаюцца ў халодным поце ад успамінаў, якія мірным жыхарам цяжка ўявіць. Зноў і зноў чуюць выбухі, аўтаматныя чэргі, бачаць пякучае сонца і сваіх баявых сяброў.

15 лютага адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Дзень памяці, якая не дае забыцца.

Сёння хочацца ўспомніць тых, хто не вярнуўся з Афганістана жывым, хто апошнім бачыў сонца чужой краіны і назаўсёды застаўся ва ўзросце -наццаць. Іх у Астравецкім раёне двое – Іосіф Канстовіч і Станіслаў Бялячыц.

Успомнім і пра тых, хто, хоць і не быў на вайне, ніколі яе не забудзе. Хто не адчуваў там блізкага подыху смерці, не прачынаўся ад ціхага шолаху ці грукату бамбёжкі, але сэрцы каго пры слове “Афган” зноў і зноў працінае нясцерпны боль, які пасяліўся там назаўсёды, – жанчын, якія не дачакаліся з Афганскай вайны сваіх сыноў.





На жаль, пагутарыць з маці Іосіфа Канстовіча не ўдалося – яна зараз знаходзіцца ў Гродне. А вось Яніна Іванаўна Бялячыц шчыра сустрэла нас у сваім доме.


Далёкая вёска Радзюшы-Тушча, куды ў суровую снежную зіму праедзе не кожны аўтамабіль, звычайная вясковая хатка з пахам нядаўна працепленай печкі. І бабуля з крыху сумнымі, але добрымі вачыма – маці Станіслава Бялячыца.

– Нарадзілася я тут, на Астравеччыне, у вёсцы Курніцкі, што непадалёк ад Рытані, – расказвае пра сябе Яніна Іванаўна. – Тут прайшло маё дзяцінства і юнацтва. Гэта зараз моладзь вучыцца спачатку ў школе, затым у сваіх інстытутах-універсітэтах. А тады… Падраслі – і на свой хлеб пайшлі. Я ўладкавалася працаваць на Свірскі малаказавод. Можна сказаць, што лёсавызначальным тое месца было (усміхаецца), бо менавіта тут я і сустрэлася з Пятром, сваім будучым мужам, – ён прыехаў на завод нешта будаваць. Пазнаёміліся, сталі сябраваць, пажаніліся. Былі, вядома, і цяжкасці, і радасці…

Гісторыя сустрэчы, кахання і жыцця Яніны і Пятра Бялячыцаў не адпавядае модным рамантычным меладрамам з закручаным сюжэтам: яны жылі проста і шчыра – звычайна. Галоўным іх шчасцем, багаццем і ўцехай сталі дзеці. Іх у Бялячыцаў нарадзілася шасцёра – шчаслівая, дружная сям’я. Ды і як не радавацца, калі, бы па заказу, адзін за адным на свет з’явіліся тры хлопчыкі і тры дзяўчынкі?! Станіслаў быў другім…

– Старэйшы – Ізыдор, пасля Стасік, Юзаф, Аня, Тэрэса, Люцыя… Шчасце, радасць і надзея… Усе мае дзеткі скончылі васьмігодку ў Завідзінентах, а пасля кожны пайшоў сваім шляхам. Якім быў Стасік? Вельмі добрым, спагадлівым і спакойным хлопчыкам. У школе, праўда, сярэдне вучыўся – яго больш тэхніка цікавіла. Пасля Міхалішкаўскай сярэдняй школы ён закончыў курсы вадзіцеля ў Ашмянах і пайшоў працаваць шафёрам у свірскі калгас. Добры мой Стасік быў, акуратны, уважлівы да людзей – гэта кожны скажа. А як васямнаццаць гадоў споўнілася, на службу стаў збірацца. Праўда, з першага раза ў армію яго не забралі – машыну сваю рамантаваў, сур’ёзна параніўся і ў бальніцу трапіў. Далі адтэрміноўку. Як быццам папярэджванне было. А затым, як зараз памятаю, мужа дома не было, прыношу я Стасіку павестку ў армію. Дык ён аж заскакаў ад радасці – такі шчаслівы быў, што служыць пойдзе. Вельмі ж у армію хацеў. А ў мяне тады толькі сэрца моцна-моцна сціснулася ад трывогі.

Голас жанчыны становіцца ледзь чутным і дрыготкім. І яна змаўкае, апускаючы мокрыя ад слёз вочы. А я разумею, якой неверагодна гучнай бывае цішыня. Невыноснай, даўкай, балючай…

– Вось кажуць разумныя людзі – навукоўцы, даследчыкі, – што народныя прыкметы і прадчуванні – пустыя забабоны, глупствы і супадзенні. Не ведаю… Толькі тады як быццам нехта пастаянна нас папярэджваў аб небяспецы. З самага пачатку ўсё пайшло не так, – вяртаецца да расказу Яніна Іванаўна. – Як і належыць, мы справілі Стасіку провады. Дык гармонік на тых провадах парваўся, хлопцы пабіліся, усё, бы знарок, валілася з рук. Як быццам на бяду. Мы стараліся не звяртаць на гэта ўвагі, а мо проста не хацелі бачыць, чуць, верыць. Каб жа ж можна было ведаць наперад!

– А яшчэ быў матацыкл, – у нашу размову ўмешваецца Юзаф – малодшы сын Яніны Іванаўны, які жыве разам з маці. – Можаце лічыць гэта таксама супадзеннем, але нейкі праклён на ім быў. Яшчэ да арміі Стасік купіў сабе матацыкл “Ява” – у тыя часы самы “круты”, як сёння сказалі б. Ранейшы гаспадар у аварыю моцную на гэтай “Яве” трапіў. Паправіўся, яшчэ і матацыкл адрамантаваць паспеў, а праз два гады памёр: разрыў селязёнкі падчас аварыі атрымаў, з цягам часу гэтая траўма звяла чалавека да магілы. Дык вось мой брат гэту “Яву” купіў… а праз два гады яго таксама не стала. Прадаў я той злашчасны матацыкл. Затым ужо даведаўся, што пакупнік таксама на ім у аварыю трапіў. Пасля гэтага “Яву” прадалі на запчасткі.

Радавы Станіслаў Бялячыц службу пачаў праходзіць у горадзе Гразі. Вадзіцель па жыцці, у арміі ён таксама служыў “за рулём” – справа не новая, добра знаёмая. А праз паўгода хлопец напісаў бацькам, што паедзе выконваць свой інтэрнацыянальны абавязак ў Афганістан.

– Так, мы ведалі, што сын адправіўся служыць у Афганістан. Але, як і большасць людзей, дрэнна ўяўлялі, што там адбываецца на самой справе. Ведалі толькі, што там Стасік таксама быў вадзіцелем. На адным з пісьмаў быў указаны адрас ваеннага шпіталю ў Ташкенце – толькі пазней даведаліся, што сын трапіў туды параненым.

– Там, у Ташкенце, я бачыў яго ў апошні раз, – дапаўняе маці Юзаф. – Я якраз там служыў, дык брат прыходзіў два разы да мяне. Памятаю, адыдземся крыху ад КПП, пагутарым. “Дык ты сам захацеў у Афганістан?” – спытаў яго пры першай сустрэчы. “А хто туды не хацеў!” – пачуў у адказ.

– Пісьмы Стасік прысылаў нячаста, – працягвае Яніна Іванаўна. – Пра службу і сябе расказваў мала – маўляў, жывы, здаровы, усё добра. Усё больш цікавіўся, што дома робіцца. Апошні яго ліст памятаю як зараз: пісаў, што засталося зусім мала, хутка дэмабілізуецца – і мы сустрэнемся. Пасля гэтага пісьма я амаль кожны дзень па сцежцы за паварот выходзіла і глядзела на дарогу – а раптам мой сынок дадому вяртаецца, і я яго сустрэну…

Яны сустрэліся… Ноччу… Станіслаў вярнуўся дадому ў цынкавай труне.

– Незадоўга да гэтага мы гулялі вяселле маёй пляменніцы ў Трашчанах. Свята ў самым разгары: гоман, смех, моладзь танцуе… Ніколі такога не было, каб я дзесьці ў людзях заснула. А тут на вяселлі  прыдрамала! Схамянулася, і адразу думка – да бяды… І Стасіка ўспомніла. Нам жа спачатку ніхто нічога не сказаў. У калгасе ведалі, у сельсавеце, у вёсцы… Усе ведалі, а мы – не. А затым ваенны камісар з Астраўца прыехаў, пачаў адрасы сыноў – Ізыдора і Юзафа – распытваць. “А чаму ён пра Стасіка нічога не пытае?.. Нешта здарылася”, – балючая здагадка кальнула ў сэрца. Але і тады нам нічога не сказалі. Вечарам падзялілася сваімі здагадкамі з мужам, і ён не вытрымаў – сабраўся і паехаў у ваенкамат. Вярнуўся – і ўсё стала зразумелым без слоў. Не стала нашага Стасіка…

Станіслаў Бялячыц загінуў у Афганістане 1 жніўня 1982 года. Першая куля трапіла ў лёгкае, другая – у сэрца. Пахаваны на могілках у Завідзінентах…

Са старога здымка на мяне глядзіць прыгожы ўсмешлівы хлопец з такімі ж добрымі, як і ў маці, вачыма. Менавіта такім – маладым і ўсмешлівым – ён застаўся ў памяці многіх. Жыццё спынілася для яго на адрэзку “дваццаць”… Яго будучыню бязлітасна ўкрала Афганская вайна. Таварышы па службе – воіны-інтэрнацыяналісты Астравеччыны – называюць Станіслава сваім братам, хоць большасць з іх не былі з ім нават знаёмыя. Яны ўсе парадніліся там – пад пякельным сонцам Афганістана.

– Не магу паскардзіцца – не забываюць майго сыночка. Кожны год прыязджаюць на могілкі, ды і да мяне таксама. Як зойдуць усе, дык і павярнуцца ім няма дзе. Дзякуюць, спачуваюць, а хто і проста моўчкі абдыме ці руку пацісне. Ды і што тут гаварыць?! Усе гэтыя хлопцы – нечыя сыны. Усе служылі ў Афгане. Дзякуй усім, хто пра нас не забывае, пра Стасіка майго помніць. Сустракалася я з іншымі матулямі, чые сыны не вярнуліся жывымі з Афганістана. Памятаю, у Мінску побач сядзела пара, іх адзіны сынок загінуў на той вайне. Магчыма, нехта скажа, што мне пашанцавала: у мяне ж ёсць яшчэ дзеці, а зараз ужо – і ўнукі. За кожнага перажываю і хвалююся, радуюся і плачу разам з імі. Але ведаеце, які палец ні парэжаш, ён усё роўна баліць. А калі кавалак сэрца адняць – балець заўсёды…

-------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ.

Фота аўтара і з архіва Я.І. Бялячыц.