Сохраним историю родного края в названиях улиц

13:00 / 27.01.2015
Па дарозе на дачу ля Баяраў, што паміж Мінскам і Маладзечнам, на аўтамабілі ці на электрычцы праязджаючы праз Аляхновічы, я заўсёды звяртаю ўвагу на будынак чыгуначнага вакзала, які нагадвае вакзал майго дзяцінства, што на станцыі Гудагай на Астравеччыне.

Звычайна нахлынаюць успаміны той пары. З маленства я звяртаў увагу на цягнікі, што праходзілі ў паўкіламетры ад бабулінай хаты ў Табарышках. Потым, калі гуляў у футбол з сябрамі на выгане, у пікар ці лапту ля табарышскай лазні альбо пасвіў гусей ці навязваў казу з бабуляй, не маючы гадзінніка, ці загарка, як тады гаварылі, мог па праходзячых пасажырскіх цягніках беспамылкова вызначыць час.

У бабулінай хаце ў вёсцы Табарышкі былі дзве палавіны: у адной жылі мае бацькі, у другой – баба Таня са сваёй малодшай дачкой, маёй цёткай. Неяк бабуля вырашыла замест вялікай “рускай” печы з ляжанкай, якая займала шмат месца, зрабіць звычайную, з плітой. У час яе разборкі майстрам Шашкевічам, які быў добрым гудагайскім печніком і музыкантам (вучыў мяне іграць на акардэоне), у вуглавой кладцы была знойдзена папера. На лісце каліграфічным пісарскім почыркам змяшчаўся допіс начальніку чыгуначнай станцыі, дзе падрабязна тлумачылася, што на супрацоўніка вакзала быў неабгрунтавана накладзены вялікі штраф за тое, што ён дапусціў нязначны выпадак парушэння чысціні на пероне. Напісана было ў 1905 годзе на рускай мове. Аб ідэальным парадку на станцыйных аб’ектах жыхары Гудагая, Чубэйкі, Палушаў, Табарышак, Вавяран узгадвалі праз пакаленні. Памятаецца і вакзальны буфет з рознымі прысмакамі і тое, што вельмі якасным было тут бачкавое лідскае піва – пра гэта, дарэчы, пісаў і Уладзімір Караткевіч:

...Не ведаю, што можа звацца раем?

Хіба мароз і піва ў Гудагаі,

І галасы далёкіх цягнікоў?

Казкі, розныя гісторыі, песні, гучанне беларускай мовы – усё гэта з дзяцінства прыйшло да мяне менавіта ад бабулі Таццяны Емяльянаўны Мамойкі. У Табарышках яе звалі Казачыха ад прозвішча па мужу – Казак. А па суседству жылі Блізнічыха, Клусевічыха, Шлыковічыха, Емяльяніха, Странчаніха, Лянкевічыха… Бабуля не змяніла дзявочае прозвішча, таму што ганарылася сваім вялікім заможным родам, тым больш што яна нарадзілася ў аднайменнай вёсцы Мамойці, што на Віцебшчыне. Бацькі сасваталі яе за дастойнага, як яны лічылі, Лаўрэнка Казака з суседняй вёскі. У іх нарадзіліся дзве дачкі – Фаіна у 1932 годзе і Галіна ў 1940 годзе.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны іх і іншыя сем’і з невялікім скарбам і нават хатняй жывёлай і птушкай немцы загналі ў цяплушкі таварнага цягніка і павезлі на захад, як потым высветлілася – у Кёнігсберг. Бабуля часта ўспамінала, як яе ўразіў разбураны фашыстамі Віцебск.

На станцыі Ашмяны цягнік спыніўся. Пайшлі чуткі, што наперадзе разбураны шпалы і рэльсы. Калі няшчасных высадзілі, аказалася, што іх ужо чакалі людзі з падводамі, якія прыехалі ад паноў, што вярнуліся з-за мяжы, каб адвезці да месца жыхарства і працы. Такім чынам мае продкі з малымі дзецьмі трапілі ў вёску Паляны Ашмянскага раёна. Жылі ў будынку былой пачатковай школы, якая ў 1944 годзе была адноўлена.

Пасля вайны Казак звярнуўся ў ашчадную касу і за тыя грошы, што былі ў яго на кніжцы да вайны (яны, як аказалася, не абясцэніліся), купіў хату ў Табарышках.

З бабуляй Таняй мы хадзілі на пасядзелкі да суседзяў, ды і да яе часта прыходзілі. Тэлевізараў у той час не было, толькі радыё, таму людзі паміж сабой кантактавалі значна больш, чым цяпер. Я заўсёды з цікавасцю бываў у Малышкаў, што жылі на пагорку за Беліхай: у іх хаце быў жылы другі паверх і шмат цікавых, нават дзіўных рэчаў.

Такім чынам, ужо з дзяцінства я шмат чаго ведаў пра гісторыю маёй малой радзімы.

Аказваецца, на самой справе я, як і многія, нарадзіўся ў Каменцы, што за Астраўцом (у мяне з бабуляй гэта было “нашай таямніцай”), дзе дзейнічала бальніца, а раней быў дом адпачынку і нават вакзал. Шмат ёсць цікавых сведчанняў аб тым, што было “за польскім часам”. У многіх яшчэ з таго часу захаваліся ровары (веласіпеды), жорны, мэбля, посуд і іншае. Яшчэ ў дашкольным узросце я ведаў, што станцыя Гудагай названа ў гонар аднайменнага мястэчка, дзе знаходзіцца вядомы касцёл, і спачатку мела назву Слабодка, і што ў Чубэйцы быў лагер ваеннапалонных, аб чым расказалі мясцовыя жыхары, якія перадавалі зняволеным ежу. Калі быў вучнем пачатковай школы, мы з аднакласнікамі Емяльянавым, Андрушойцам, Раманчуком, Халкоўскім і іншымі, ускапваючы зямлю для кветнікаў, натрапілі на калючы дрот, пераплецены ў некалькі радоў. І хоць нам дапамагала першая настаўніца К.І. Кірык, дастаць яго не ўдалося. Мая маці памятала перазахаванне ахвяр вайны, якое было насупраць былога лагернага будынка на другім баку дарогі, што ідзе праз Чубэйку з Гудагая ў Палушы. Па некаторых звестках, у гэтай брацкай магіле пахаваны і дзядзька маёй маці – дакладна вядома, што, трапіўшы ў палон, ён быў адпраўлены ў гэтым напрамку.

Шмат цікавага пра жыццё і падзеі ў гэтых мясцінах расказала Марыя Вішнеўская, дачка вартаўніка Юшчынскага, які жыў і працаваў у Чубэйцы.

Мая родная вёска – Табарышкі. Яшчэ ў 1994 годзе я прысвяціў ёй карціну “Родны кут. Гудагай. Табарышкі”, якую падарыў мясцоваму музею. Пасля прыехаў у Гудагай і жартам пацікавіўся ў дзяцей: “Як гэта трапіць на вуліцу Зялёную?”

“Гэта вам куды, у Табарышкі?” – спыталі яны і паказалі дарогу.

Зялёная была больш за трыццаць гадоў адной з вуліц пасёлка Гудагай, а пра былую вёску, як аказалася,  памятаюць мясцовыя жыхары. Я звярнуўся ў Гудагайскі сельвыканкам з просьбай вярнуць мясцінам, дзе ў канцы ХVІІІ ст. стаялі табары Тадэвуша Касцюшкі, гістарычную назву. Дзякуючы ўвазе і зацікаўленасці сельсавета, вуліца Зялёная з 2003 года атрымала назву Табарышкі.

Бацька мой Альфонс (Аляксандр) Ігнатавіч (1924 г.н.) паходзіў са старажытнага шляхецкага роду Драбышэўскіх. Ён нарадзіўся на Магілёўшчыне ў шматдзетнай сям’і. Пасля сямігодкі вучыўся ў фабрычна-завадскім вучылішчы ў Ленінградзе, там яго і застала вайна. Быў прызваны ў войска, накіраваны на фронт, ваяваў у пяхоце.

Перад адным з баёў ён, як і іншыя на перадавой, здаў дакументы, каб яны ў выпадку чаго не трапілі фашыстам. Памятаў, як падняўся з траншэі, пайшоў у атаку, страляў, а потым… Начное неба ў зорках, рыпенне санак па снезе і дыханне сабак, якія іх цягнулі. Раненне аказалася цяжкім: куля прайшла навылет ля самага сэрца. З дзяцінства памятаю гэтыя адмеціны вайны на целе майго бацькі: наперадзе – меншая, на спіне – большая, з няроўнымі краямі.

У шпіталі ён лячыўся разам з французскімі лётчыкамі, выпісаўся праз многа месяцаў восенню. Калі выдавалі новыя дакументы, некаторыя біяграфічныя дадзеныя памылкова ці ў спешцы змянілі, нават днём нараджэння стаў дзень выпіскі: у кастрычніку, а не 8 лютага – сапраўдны дзень народзінаў.

Радавога Драбышэўскага направілі ў Омскае танкавае каманднае вучылішча, але, не паспеўшы яго скончыць, ён быў зноў тэрмінова адпраўлены на фронт, ужо ў званні старшыні. Бацька ўзнагароджаны шматлікімі ордэнамі і медалямі.

Дэмабілізаваўся ён у 1947 годзе, наведаў сваіх родных на Быхаўшчыне – і паехаў у Барысаў, дзе жылі сёстры Гэля і Нэля, – афіцэрскія ўдовы. Некаторы час працаваў на заводзе “Пралетарскі молат”, затым закончыў шафёрскія курсы і ў верасні 1948 года быў накіраваны ў будупраўленне Смалявіцкай ДРЭС у вёсцы Жодзіна на будаўніцтва Беларускага аўтамабільнага завода (БелАЗ).

Для будоўлі патрабавалася шмат камянёў. Для іх нарыхтоўкі была створана мабільная брыгада, якую адправілі ў Астравецкі раён, дзе ледавік пакінуў найбольш акамянеласцяў. Вось такім чынам А.І. Драбышэўскі аказаўся ў Гудагаі.

Збіралі камяні мясцовыя жыхары ўручную, звозілі на супрацьлеглы ад вакзала бок, потым грузілі на чыгуначныя платформы і адпраўлялі на будаўніцтва.

Мая маці Фаіна Лаўрэнцьеўна на той час працавала ў Чубэйцы ў школе. Яна звярнула ўвагу на маладога прыгожага Алега (Аляксандра) Драбышэўскага. Дзед Лаўрэнцій не хацеў аддаваць сваю дачку за гэтага хлопца – мабыць, з-за бацькоўскай рэўнасці, ды і з-за дзяўчат, што “хадзілі за ім гужам”. Таму пасля рэгістрацыі ў Гудагайскім сельсавеце маладыя жылі пэўны час у Чубэйцы ў двухпавярховым будынку школы, а калі дзеда не стала, перасяліліся ў Табарышкі.

Камандзіроўка закончылася ў студзені 1952 года, аднак бацька і яго сябар Андрэй Чайкоўскі, якога я добра памятаю, засталіся на Астравеччыне. Бацька працаваў у нарыхтоўчай канторы на станцыі Гудагай, а потым у калгасе “Чырвоны Кастрычнік” у Малях, дзе вазіў на новенькім “Масквічы” старшыню гаспадаркі, былога партызана І.П. Германава – з кім мы потым сябравалі сем’ямі.

З самага пачатку ўтварэння аўтабазы Міндарбуда (студзень 1956 г.) мой бацька стаў працаваць на грузавым бартавым ЗІЛ-150. Памятаю гэты аўтамабіль з усімі падрабязнасцямі: колер цёмны хакі, фары і падфарнікі размяшчаліся на крылах, цікава адкрываўся капот – з двух бакоў, а паловы складваліся ўверх удвая. Летам бакавыя часткі зусім здымаліся, і можна было назіраць дэталі рухавіка, яго работу. Дарэчы, у гарачыню можна было адчыняць лабавое акно ў кабіне. Тэрмастата, які падтрымлівае пастаянную рабочую тэмпературу, не было, яго ролю выконвалі жалюзі наперадзе перад радыятарам, а ў кабіне была рукаятка з насечкамі, якая рэгулявала адкрыццё заслонак для падачы паветра. Антыфрызу ў той час не было, і ў радыятар залівалася звычайная вада. Зімой увечары яна злівалася, каб не замарозіць рухавік, а раніцай залівалася гарачая. Ацяпляльнік ці печка ў кабіне адсутнічалі.

Штогод летам у Чубэйцы арганізоўваліся раённыя піянерскія лагеры. Пакоі з ложкамі размяшчаліся ў аднапавярховым будынку пачатковай школы. Сталоўка з доўгімі сталамі і лавамі пад павеццю абсталёўвалася ў лесе за жылымі дамамі ля сцяжынкі, што вяла напрасткі праз лес з Чубэйкі на станцыю Гудагай і выходзіла ля хаты Дубіцкіх і далей, да крамы Дорніка – так тады называлі магазін гаспадарчых тавараў ля брукаванай шашы.

Маці працавала выхавацельніцай і заўсёды ўладкоўвала мяне ў піянерскі лагер. Гэтым я ганарыўся і часта дазваляў сабе нейкія вясёлыя, як мне здавалася, вольнасці. Так, аднойчы перад ціхай гадзінай наліў употай на ложак аднаму з хлопчыкаў ваду пад коўдру. Гвалту было на ўвесь лагер. За гэтую і іншыя мае выхадкі мама-выхавацельніца ставіла мяне ў кут, адкуль бацька вызваляў ажно ўвечары, вяртаючыся праз Чубэйку з палушанскай аўтабазы, дзе працаваў да яе закрыцця ў сакавіку 1965 года.

У Чубэйцы на працягу дзесяцігоддзяў дзейнічалі агульнаадукацыйная васьмігадовая і вячэрняя школы, праводзіліся шматлікія раённыя і нават абласныя культурныя мерапрыемствы, спартыўныя спаборніцтвы. З ёю звязаны лёсы многіх і многіх людзей, цэлых пакаленняў.

Цікавая, багатая, шматбаковая гісторыя Чубэйкі, безумоўна, будзе садзейнічаць духоўнаму, патрыятычнаму выхаванню людзей, асабліва маладога пакалення, таму, думаецца, яе неабходна грунтоўна падаць на турыстычным маршруце Астравеччыны.

Яшчэ ў 2005 годзе на 80-гадовым юбілеі Гудагайскай школы я прапанаваў звярнуць увагу на гэтыя мясціны і захаваць для сучаснікаў і нашчадкаў гісторыю Чубэйкі і яе назву. На аснове сабраных матэрыялаў стаў працаваць над карцінай, прысвечанай Чубэйцы, – у 2008 годзе аснова яе была напісана. На сюжэтным палатне на фоне будынка школы адна з дзяўчын – маладая настаўніца Шура Лісянкова, якая да замужжа кватэравала ў маёй бабулі, потым доўгі час была дырэктарам школы (А.М. Блізнік).

У чэрвені 2010 года ў Гудагайскім доме культуры адбылася краязнаўчая сустрэча. З Мінска я прывёз карціну “Чубэйка 50-х”, прадставіў копіі тапаграфічных карт (вярстовак) Генеральнага штаба царскай арміі 1880 г. і Войска польскага 1939 г. (яны друкаваліся ў газеце “Астравецкая праўда”), дзе адзначана Чубэйка, якая ўзнікла значна раней, чым станцыя Гудагай. Удзельнікі сустрэчы і асабліва тыя, хто дзяцінствам, вучобай ці працай на ўсё жыццё былі звязаны з Чубэйкай, падтрымалі ідэю захавання гісторыі, назваў родных мясцін.

Творы, якія адлюстроўваюць гісторыю Астравеччыны на працягу шэрага гадоў, прадстаўляліся мною на вернісажах міжнароднага фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. У 2013 годзе значнай падзеяй стала персанальная выстава ў Віцебскім мастацкім музеі, дзе вялікую цікавасць выклікалі карціны з пейзажамі Астравецкага краю і асабліва “Чубэйка 50-х”.

Дзякуючы творчым пошукам, персанальным выставам, я пабываў у многіх кутках Беларусі. І магу адзначыць, што пытанням захавання гісторыі ў нашай краіне надаецца ўсё больш увагі. У гэтым плане прыкладам служыць, безумоўна, сталіца Беларусі. Па назвах вуліц, прыпынкаў грамадскага транспарту, мікрараёнаў Мінска можна ўявіць тыя фальваркі, дворышчы, вёскі, якія там былі раней: Барноўшчына, Вялікая Сляпня, Дражня, Зацень, Лошыца, Масюкоўшчына, Мядзвежына, Цнянка... У 2012-2013 гадах у Мінскім метрапалітэне адкрыліся новыя станцыі, у назвах якіх гучыць гісторыя былых вёсак: “Грушаўка”, “Міхалова”, “Пятроўшчына”, “Малінаўка”. Захаванне гісторыі, гістарычных назваў былых населеных пунктаў, якія сёння ўвайшлі ў межы Мінска, выклікае гонар і цвёрдую надзею на захаванне і нашай гістарычнай спадчыны.

Я і ўсе тыя, хто цікавяцца гісторыяй, на якой, як вядома, трымаецца будучыня, чакаем адпаведных дзянняў на роднай Гудагайшчыне. І спадзяёмся, што ўслед за вуліцай Табарышкі ў Гудагаі з’явіцца і вуліца Чубэйка.

----------------------------------

Алег ДРАБЫШЭЎСКІ.