«Пока я помню – я живу». Потерянный рай

16:00 / 28.10.2014
Бог стварыў чалавека па свайму вобразу і падабенству. Надзяліў яго розумам і душой, а галоўнае – даў свабоду выбару. Менавіта з-за гэтага дару людзьмі быў страчаны райскі сад і пакладзены пачатак новай эры, у якой побач з каханнем і мацярынскай любоўю крочылі войны, здрада, людская крывадушнасць...

Галіна Мікітаўна Петрык большую частку свайго жыцця пражыла ў Бабраўніках. На долю кволай жанчыны выпала мноства нягод: страта блізкіх, вайна… Выплаканых слёз хапіла б, напэўна, каб забіла крыніца чалавечага болю. Прамоўленых у начной цемры, у халодных сценах малітваў было б дастаткова для ачышчэння не аднаго жыцця…

Другі чалавек апусціў бы рукі, калі б на яго долю выпала хоць частка тых выпрабаванняў, якія перажыла Галіна Мікітаўна. Але гэтая жанчына не падае духам. Яна дакладна ведае адказы на пытанні: дзе мяжа чалавечага цярпення і магчымасцяў, ці ёсць перашкоды, з якімі чалавек не можа справіцца, колькі горка-атрутных кропляў павінна напоўніць чалавечую існасць, каб знікла апошняя надзея?

Яна жыла насуперак усім перашкодам і выпрабаванням. Прабівалася, прарастала зялёным кволым парасткам праз тоўшчу людскога раўнадушша. У хвіліны асаблівых здзекаў фашыстаў, калі нічога зрабіць было не магчыма, – Галіна глухла, слепла, нямела… І ў гэтыя страшныя хвіліны ўваскрашала ў памяці свой страчаны рай: шчаслівыя падзеі з жыцця, вобразы блізкіх і любімых.

УКРАІНА

Лёс часам злосна жартуе з чалавека: закідвае яго за тысячы кіламетраў ад радзімы ці ўвогуле сцірае з твару Зямлі месца, дзе ён нарадзіўся. Толькі ўспаміны не можа захапіць у палон. Страчаны рай – дзяцінства – ценем цягнецца праз усё жыццё чалавека.

Галіна Мікітаўна часта ўспамінае сваю радзіму, з якой развіталася ў сямнаццаць гадоў. Пасля гэтага толькі адзін раз за ўсё жыццё наведала родную вёску Рудку ў Гадзячскім раёне Палтаўскай вобласці. Месца, дзе нарадзілася і гадавалася, дзе дзяўчынкай на роўных з дарослымі працавала да сёмага поту, дзе спакойна клалася спаць (хоць неаднойчы з пустым страўнікам), часта бачыла ў снах.

У сям’і Пазыўных было чацвёра дзяцей: Грыша, Шура, Надзя і Галя. Жылі небагата, але ніхто не скардзіўся. Кожны кавалак хлеба зараблялі сваёй працай, трымалі гаспадарку: карову, свіней, гусей.

Да бацькоў даляталі звесткі аб тым, што ў гарадах будуюцца вялікія заводы і фабрыкі, але працуючых ад рання і да змяркання Мікіту і Марыю гэта не турбавала: трэба было карміць і апранаць дзяцей. Заводы ж гэтыя знаходзяцца так далёка! Здавалася: нічога не можа парушыць заведзены здаўна ўклад жыцця. Яны нават падумаць не маглі, да чаго тысячы людзей прывядзе незнаёмае пакуль слова “калектывізацыя”. У Палтаўскім краі, як і ў іншых раёнах Украіны, яна насаджалася праз тэрор і рэпрэсіі: людзей застрашвалі, раскулачвалі і цэлымі сем’ямі высылалі ў Сібір.

Многія ў Глыбокай Даліне (Рудка знаходзілася побач) пад страхам смерці ўступалі ў калгасы – але Мікіта Раманавіч не мог дазволіць, каб чужыя людзі забралі адзіную кароўку-карміцельку, а яго дзеці галадалі. Гледзячы на суседа, і іншыя гаспадары таксама пачалі адмаўляцца ўступаць у калгас. Гэтае перакананне, дадзенае чалавеку ад нараджэння права выбару каштавала Мікіту жыцця.

Марыя засталася адна з чатырма дзецьмі на руках. Ды бяда адна не ходзіць. Па Палтаўшчыне пачаў лютаваць галадамор.

– Як мы там жылі, Божа мой! – успамінае Галіна Мікітаўна. – Свету белага не бачылі. Мама працавала ў калгасе. Не было для яе ні дня, ні ночкі. І перажывала моцна, што мужа забілі. Спачатку плакала, хаваючыся ад нас, а потым, пэўна, змірылася з такой доляй. Моцная была жанчына… Так мы і жылі. Працы не баяліся, бо з маленства да яе былі прывучаны, але ўсе ў школу хадзілі. Надзя, старэйшая, вучылася ў медыцынскім вучылішчы за медсястру.

ВАЙНА

Усе дзяўчаты ля парога юнацтва расцвітаюць – нібы яблыні веснавой парой, якія ўбіраюцца ў карункавыя белыя строі. Усе дзяўчаты мараць аб каханні – узаемным і на ўсё жыццё. Усім дзяўчатам наканавана сакральнае пераўтварэнне і развітанне з дзяцінствам…

Усё дзяўчаты ў 1940 годзе, якім тады было па чатырнаццаць-шаснаццаць гадоў, так і не зведалі смак юнацтва: з дзяцінства яны адразу ступілі ў дарослае жыццё.

...Галя скончыла сем класаў і таксама, як і сястра, хацела ву чыцца далей. Толькі не магла вызначыцца, кім хоча стаць.

Вестка аб тым, што немцы распачалі вайну супраць Савецкага Саюза, разбурыла ўсе мары. Людзі жылі ў страху і не ведалі, што іх чакае заўтра.

У Рудку, як і ва ўвесь Гадзячскі раён, немцы ўступілі ў 1943 годзе. Усіх жыхароў вёскі і бліжэйшых хутароў яны сагналі на пляц. У паветры, як перад навальніцай, панавала нямая натужная цішыня, якая павінна была нечым разрадзіцца.

– Старэйшым людзям і зусім малым немцы загадалі адысці ўбок. А нас, маладзейшых, доўга і пільна аглядалі. Адабралі толькі хлопцаў і ў той жа дзень вывезлі іх з вёскі, – успамінае Галіна Мікітаўна, якой на той час не было і сямнаццаці гадоў. – А праз некалькі дзён дайшла чарга і да дзяўчат. Сярод адзінаццаці выбраных апынулася і я. Нікому з нас не дазволілі вярнуцца дадому, каб узяць ежу і вопратку. Добра, што родныя і людзі з вёскі паспелі сабраць вузельчык з хлебам, цыбуляй, салам – клалі першае, што траплялася пад руку.

– Мы не ведалі, што з намі будзе далей. Зразумелі, што збіраюцца вывезці ў Германію толькі тады, калі прыйшлі да чыгункі.

Адзінаццаць дзяўчат з Глыбокай Даліны растварыліся ў бясконцым жывым натоўпе такіх жа, як і яны, гаротнікаў. Немцы набівалі вагоны людзьмі так, што можна было толькі прысесці. Нявольнікаў вязлі ў Заходнюю Германію. Галіна думала аб маці, аб родных і блізкіх, а сэрца сціскалася ад невядомасці. Яна збілася з ліку, колькі дзён яны правялі ў дарозе. І толькі неглыбокі перарывісты сон крыху вяртаў дзяўчыне сілы.

ГЕРМАНІЯ



Толькі Богу дадзена права вырашаць, каму застацца ў жывых, а каму памерці. Усе людзі, незалежна ад колеру скуры, веравызвання, мовы, прыходзяць у гэты свет аднолькавымі. Толькі гэты закон, на жаль, вельмі часта забываецца. Вайна сцірае ўсё светлае ў чалавеку і агаляе той бок існасці, пра які страшна падумаць у самым жудасным сне. Ты – больш не чалавек. Адгэтуль – ты раб.

Толькі не ўсе людзі з варожага боку былі звярамі – сустракаліся і тыя, хто нават у воўчай зграі не страціў свайго чалавечага аблічча.

Галіна з іншымі нявольнікамі пасля бясконцай дарогі ў тавар ным вагоне трапіла ў Берлін. Там маладых і здаровых украінцаў куплялі, як жывёлу: разбіралі на заводы, на цяжкія работы.

Дзяўчыну выбраў адзін немец: яе ізноў чакала дарога і – невядомасць.

Яна не ведала, чаго чакаць, калі трапіла ў Фалінгбосталь. У гаспадара, які выбраў яе на рынку нявольнікаў ў Берліне, быў вялікі, на два паверхі, бялюткі дом – Галіна ў сваім жыцці не бачыла такога.

– Дом быў вельмі прыгожы. Але асабліва разглядваць яго часу не было. Нас адразу павялі ў гаспадарчыя пабудовы, дзе мы павінны былі жыць. Далі сукенкі, на якіх былі нашыты апазнавальныя знакі, – успамінае жанчына. – Вялікая гаспадарка была там: і свінні, і каровы, і птаства рознае. Работы – нямерана! Спаць клаліся позна, а ўставалі ў 4 гадзіны раніцы. Цяжка даводзілася працаваць. Але гаспадар Вілі Генрых добрым чалавекам быў: карміў рабочых.

– Побач знаходзіўся лагер, агароджаны калючым дротам. Там былі французы, палякі, англічане. Мноства баракаў! Бедных людцаў катавалі. Бачыла сама, як расстрэльвалі. А самае страшнае, што не кармілі. Праз дзесяць дзён людзі пухлі з голаду…

Цяжкая праца, нервовае знясіленне, адарванасць ад родных і блізкіх, а галоўнае – жахі, якія адбываліся за калючым дротам, не магла вынесці ніводная псіхіка. З Галінай здарыўся прыпадак, пасля якога яна нічога не памятала. Свядомасць запусціла механізм самазахавання праз эпілепсію, якая засталася з дзяўчынай на ўсё жыццё.

Пасля гэтага выпадку Галю перавялі працаваць на кухню. Шкадуючы людзей, што пакутавалі з голаду, дзяўчаты папрасілі ў гаспадара дазволу падкормліваць знясіленых палонных. Вілі Генрых пагадзіўся, але папярэдзіў, каб ні ў чым не прызнаваліся, калі іх, не дай Бог, зловяць.



КАХАННЕ



Неспраўджанае юнацтва не знікае – замірае ў летаргічным сне. Для яго прабуджэння дастаткова аднаго позірку, які нараджае дзесьці ўнутры невядомае пачуццё. Два чалавекі яднаюцца ў адно цэлае… Каханне выцягвае з самай бепрасветнай безвыходнасці.

Галя з іншымі дзяўчатамі з кухні, употай, хаваючыся ад чужых вачэй, ноччу прабіраліся да суседніх баракаў, каб занесці палонным хлеб. Першы юнак, якому яна падала бохан, быў наканаваны ёй лёсам. З гэтага дня Галіна пад апекай начных шатаў бегла, як толькі атрымлівалася, да Казіміра.

– Вілі Генрых, наш гаспадар, сказаў, што можа забраць адтуль, з-за калючага дроту, да сябе на работу сем чалавек. Мы павінны былі папярэдзіць аб гэтым хлопцаў і сказаць ім, каб раніцай сталі у баку ад астатніх палонных. О, мой Божа, як я хвалявалася! Але план спрацаваў – і ўсе сямёра перайшлі на працу да нашага гаспадара. Казік стаў працаваць на канюшні. Потым я даведалася, што ён быў у польскай арміі, на фронце атрымаў раненне і трапіў у палон. Слабае здароўе ў яго было. Казік быў старэйшы за мяне на дзесяць гадоў, але мы любілі адзін аднаго. Так і жылі, працуючы ў гаспадара, год, – жанчына прыпыняецца. – Казік католікам быў, пагэтаму настаяў, каб мы ўзялі шлюб.  Вядома, пра касцёл і марыць было не варта. Але нам пашанцавала: знайшоўся ваенны ксёндз. Прыйшлі мы да яго, а ён пытае ў Казіка:


– Хочаш перад Богам узяць яе ў жонкі?

– Хачу, – адказвае ён, – але Галя не каталічка.

– Будзеш нашу веру прымаць? – ужо да мяне звярнуўся. Я ў адказ толькі кіўнула галавой.

– То ідзі, – гаворыць Казіку, – і навучы сваю нарачоную пацерам.

Калі ведала я ўжо і “Ойча наш”, і “Здровась Марыя”, ксёндз даў нам шлюб. А пасля і нашу дачушку пахрысціў, Галечку. Муж моцна мяне любіў, пагэтаму, калі ў лістападзе 45-га нарадзілася дзяўчынка, даў ёй маё імя.

БЕЛАРУСЬ

Лёс сыпле бясконцым градам чалавеку выпрабаванні. Аднак рана ці позна чорная паласа заканчваецца, і прыходзіць доўгачаканы спакой. Што трэба для шчасця, калі побач з табой самыя блізкія і любімыя – муж і дзіця, а вызваленне адкрывае дзясяткі дарог? Каханне павядзе жанчыну за мужам хоць у самае пекла, хоць на край свету…

Казімір быў родам з Беларусі. Пагэтаму ў 1945 годзе, калі скончылася вайна, Субаткевічы вырашылі падацца на радзіму мужа. Аднак яшчэ на год затрымаліся ў Германіі, таму што пабаяліся выпраўляцца ў далёкую дарогу з малым дзіцем на руках.

Толькі ў 1946 годзе яны прыехалі ў вёску Карлаўшчына на Астравеччыне. Нямецкі гаспадар падарыў маладым каляску для дзіцяці і даў тое-сёе з адзення. Здавалася б, жыві і радуйся! Яны і жылі ў згодзе і павазе тры гады… Толькі раненне мужа не прайшло бясследна: урачы выявілі ў Казіка туберкулёз касцей. Трыццацідвухгадовы мужчына таяў на вачах, бы свечка. Грошай не было: Галя, каб уратаваць каханага, распрадавала прывезенае з Германіі адзенне. Ды ўсе старанні былі дарэмныя: уратаваць Казіміра не ўдалося. Галіна прайграла ў гэтай няроўнай вайне з хваробай мужа. Яна засталася адна з дзіцем у чужой краіне, сярод чужых людзей. Здавалася: лёс ізноў смяецца з яе.

– А праз два гады пасватаўся да мяне Юзік Петрык з Бабраўнік. Што было рабіць? Пайшла за яго. Працы я не баялася. Свякруха Амілія добрай жанчынай аказалася, памагала дзетак гадаваць, у нас чацвёра нарадзілася. Працавала, як чорны вол, – жанчына змаўкае. – Якое там жыццё?! Яго я і не бачыла.

Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, што выпалі на долю гэтай жанчыны, яна ніколі не траціла надзею. І зараз, калі бачыць па тэлевізары або чытае ў газеце аб падзеях ва Украіне, Галіна Мікітаўна заходзіцца ў нямым крыку: “Людцы, браткі, што ж вы робіце? Спыніцеся, пакуль не позна, каб вашы дзеці не зведалі таго, што перажыла я”.

--------------------------

Алена ГАНУЛІЧ.

Фота з асабістага архіва Г.М. Петрык і яе дачок.