Уникальными вещами славится библиотека-музей в Бобровниках

17:00 / 05.09.2014
Калі ў Бабраўнікі прыязджаюць госці – жыхары гарадоў ці нават іншых краін, – пытанне пра тое, што ім паказаць, не стаіць. Вядома ж, местачкоўцы ўпэўнена кіруюць у бок бібліятэкі-музея.

Фонд бібліятэкі невялікі – каля чатырох тысяч экзэмпляраў. А вось музей! Яго справядліва называюць бабраўніцкай скарбніцай. Тут у некалькіх пакоях размясціліся ўнікальныя старажытныя рэчы – сапраўдны гонар жыхароў вёскі! І што цікава: усе экзэмпляры сабраны высілкамі аднаго чалавека – Сафіі Іосіфаўны Комар.
Гэтая жанчына ўражвае сваім жыццялюбствам, энергіяй і хуткасцю. Здаецца, яна паспявае ўсё. Сафія Іосіфаўна вельмі любіць кветкі. Яна выпісвае ружы з часопісаў і па інтэрнэце – каб двор выглядаў прыгожа і ярка. Суседзі жартуюць з яе захаплення: кветкаў так шмат, што па ўсёй вёсцы рассадзіць можна. Апроч асноўнай працы, жанчына шмат чытае, вядзе гаспадарку, любіць гатаваць і прыгожа апранацца. Спраўная ды ўсмешлівая, Сафія Іосіфаўна не адразу пагадзілася адказваць на пытанні для газеты. “А што ж, мы – людзі сціплыя, куды нам у газету?” – адмаўлялася Сафія Іосіфаўна. Аднак жа пасля ўгавораў ды настойлівых роспытаў дала згоду распавесці і пра сябе, і пра справу, якой прысвяціла апошнія гады.
…Бабраўніцкай бібліятэкай-музеем яна кіруе вось ужо пятнаццаць гадоў. Па адукацыі Сафія Іосіфаўна – рэжысёр клубных мерапрыемстваў, і пакуль ў Бабраўніках быў клуб, яна кіравала ім. Потым клуб зачынілі і знеслі. Пасля гэтага Сафія Іосіфаўна і стала загадчыцай Бабраўніцкай бібліятэкі. Дарэчы, самому будынку ўжо 74 гады. Ён узведзены ў 1937 годзе. Раней гэта была вялікая на той час школа – больш за сто вучняў. З часам навучэнцаў станавілася ўсё менш… І замест школы ў будынку з’явілася бібліятэка, якая і зараз абслугоўвае адзінаццаць населеных пунктаў.
– Стварыць этнаграфічны музей прапанавала загадчыца раённай бібліятэкі Вера Сцяпанаўна Тумаш. У мяне былі і сілы, і жаданне, таму адразу зацікавілася. Так і стала збіраць розныя даўнія рэчы, – распавядае Сафія Іосіфаўна. Абслугоўваючы некалькі найбліжэйшых вёсак падворным абходам, жанчына пачала шукаць старадаўнія прылады працы, упрыгожванні, посуд, мэблю, якія, здавалася, аджывалі сваё і ляжалі нікому не патрэбныя на гарышчах, у куфэрках, павецях. Гэтым пошукам пайшоў вось ужо другі дзясятак.
– Некаторыя рэчы я сама адшукала. Многае з таго, што ёсць, людзі прыносілі ў музей. Падтрымка з боку мясцовага насельніцтва вельмі вялікая, – з удзячнасцю гаворыць Сафія Іосіфаўна.
Знаходзячы цікавыя, пацёртыя часам і чалавечымі рукамі рэчы, жыхары кажуць: “Панясу да Зоі!”. З асаблівай удзячнасцю Сафія Іосіфаўна ўзгадвае Уладзіміра Пралуцкага, мясцовага жыхара, добрага знаўцу гісторыі вёскі Бабраўнікі. Уладзімір нават падарыў бібліятэцы калекцыю старажытных грошай і некалькі старых рэчаў, якія знайшоў на тэрыторыі вёскі. А экскурсію па музеі ён можа правесці не горш, чым прафесійны экскурсавод.
…Ходзіш па музеі – і адчуваеш сапраўдную асалоду. Тут пахне сівой даўніной! Паглядзіш на ўсё – і станеш бліжэй да спазнання побыту нашых продкаў. Тут можна ўбачыць розныя віды жорнаў, прылады для часання валакна, вялікія кросны, на якіх раней працавалі па некалькі жанчын. Ёсць і стары камод, дазволіць сабе які на той час маглі толькі багатыя людзі. На сценах вісяць абразы. Тут жа і карціны, напісаныя народнымі ўмельцамі-самавучкамі – нядрэнна яны захаваліся да нашых дзён. Для нумізматаў тут сабраны папяровыя грошы і манеты розных гадоў. Асобны куток адведзены пад прылады для рамяства, бо, як казалі раней у народзе, “з рамяством дружыць – у жыцці не тужыць”.
У музеі захоўваецца і вялікае люстэрка з маёнтка паноў Заянчкоўскіх, якія ў канцы XIX стагоддзя жылі ў фальварку Шульнікі, што за тры кіламетры ад Бабраўнік. Вядома ж, ад таго маёнтка і камянёў не засталося, а вось памяць пра яго жыве і зараз. Гэтае люстэрка прынесла ў музей бабуля, якая ў маладосці прыслугоўвала пану Заянчкоўскаму і яго сёстрам.
Сафія Іосіфаўна памятае гісторыю і шлях у музей кожнай рэчы.
– Аднойчы я трапіла ў вёску Рудзішкі. Там на ўскрайку леса стаяла хата, якую меліся знасіць. Я залезла на гарышча з надзеяй знайсці цікавыя рэчы… Але хата старая была. Гарышча абвалілася... і я рухнула ўніз. Да таго ж аказалася, што звонку хата зачынена! Ледзь выбралася тады, – са смехам дзеліцца сваімі прыгодамі Сафія Іосіфаўна.
У музей, паводле слоў загадчыцы, і зараз людзі прыносяць цікавыя рэчы. Але месца ўжо не хапае. Дарэчы, Сафія Іосіфаўна захоўвае і дапаўняе летапіс вёскі Бабраўнікі, збірае фотаздымкі, ліставанні, радаводы сем’яў, якія жывуць або жылі ў Бабраўніках ці на бліжэйшых хутарах. Жанчына шкадуе толькі пра адно: не хапае сіл і рук абгарадзіць тэрыторыю бібліятэкі-музея прыгожым плотам. Такім, каб з дарогі было бачна, што будынак гэты незвычайны.
– У музеі бывалі госці з Літвы, Польшчы, Расіі. Шмат прыязджае экскурсій са школ раёна. Калі атамную станцыю пачалі будаваць, то многія, хто туды едзе, таксама сталі заязджаць. Падабаецца ўсім. А каб яшчэ вонкава аформіць двор цікава, то наведвальнікаў яшчэ больш было б, – мяркуе Сафія Іосіфаўна.
Зараз бібіліятэка-музей – своеасаблівае ўніверсальнае месца адпачынку для жыхароў Бабраўнік і гасцей з суседніх вёсак. Для дзетак тут аформлены адмысловы куток з кнігамі ды лялькамі. Час ад часу ў адным з пакояў ставіцца тэнісны стол – кожны жадаючы можа ці навучыцца, ці ўдасканаліць навыкі ў гэтым відзе спорту.
А сапраўднае свята тут адбываецца на Новы год. Нягледзячы на невялікую колькасць жыхароў, людзей у адным з памяшканняў будынка збіраецца шмат: і з Бабраўнік, і з іншых вёсак аматараў адзначыць разам свята хапае. Ёлка, музыка, спевы ды скокі – усё як мае быць.
Так вось універсальная бібліятэка-музей і стала неабходнай для тутэйшых жыхароў. Тут і кнігі, і гісторыя, і адпачынак.
…У хуткім часе Сафія Іосіфаўна выходзіць на заслужаны адпачынак. Што будзе з будынкам, бібліятэкай ды музеем – дакладна невядома. Але Сафія Іосіфаўна ўпарта верыць, што яе справа будзе прадоўжана:
– Столькі сіл пакладзена на стварэнне і захаванне музея. Цяпер гэта як скарб для мяне. Хочацца, каб экспанаты не згубіліся, бо гэта ж сапраўды скарбніца. Няхай маленькая, але такая свая, беларуская. І такая родная для мяне і нашых жыхароў, – дзеліцца патаемным збіральніца этнаграфічных скарбаў.
А як тое будзе – паглядзім. Толькі гісторыя павінна жыць. У сэрцах, душах людзей і ў такіх музеях.


-------------------------------
Адэлька Байцэвіч, фота аўтара.