В Островце прошла презентация книги Адама Мальдиса "Соотечественники"

17:00 / 05.04.2014
Удзячную даніну памяці знакамітым суайчыннікам, якія ўнеслі адметны ўклад у сусветную культуру і праславілі Беларусь у свеце, ужо шмат гадоў аддае наш знакаміты зямляк прафесар Адам Восіпавіч Мальдзіс сваімі карпатлівымі даследаваннямі мінуўшчыны, літаратурных, мастацкіх набыткаў народа. Вынікам гэтай настойлівай і нялёгкай працы сталі кнігі. Некаторыя з іх – ужо бібліяграфічная рэдкасць.

Не прыходзіцца сумнявацца, што вялікую чытацкую цікавасць выкліча і зборнік “Соотечественники”, надрукаваны ў мінулым годзе Выдавецкім домам “Звязда”. У кнігу ўвайшлі гістарычныя нарысы, эсэ, артыкулы, надрукаваныя ў газеце “СБ – Беларусь сегодня”.
Сярод герояў кнігі – славутыя ўраджэнцы і жыхары Астравеччыны: браты Стаповічы, першы расійскі консул у Японіі Іосіф Гашкевіч, 200-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца сёлета.
Вось да гэтай адметнай даты і была прымеркавана прэзентацыя кнігі Адама Мальдзіса “Соотечественники”. Прайшло мерапрыемства ў мінулую пятніцу ў інфармацыйным цэнтры дырэкцыі будаўніцтва Беларускай АЭС з удзелам аўтара. Паводле традыцый гасціннасці гаспадар – кіраўнік групы па інфармацыйнай рабоце і сувязях з грамадскасцю Эдуард Іванавіч Свірыд – расказаў аб прынцыпах дзейнасці і адметнасцях станцыі, праілюстраваў іх на схеме і макеце, а потым сам далучыўся да літаратурнай імпрэзы.
Слова пра новае выданне сказалі супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі і запрасілі ў відэападарожжа па старонках кнігі. Затым Наталля Васільеўна Рабцава зрабіла кароткі экскурс у біяграфію “белавалосага консула” – Іосіфа Гашкевіча. Аб пачатку і развіцці японска-беларускіх сувязяў, што завязаліся на глебе ўзаемнай цікавасці і памяці аб славутым вучоным, місіянеры, даследчыку, стваральніку першага руска-японскага слоўніка, расказала Данута Францаўна Чарнушэвіч. Спробу прасачыць сваяцкія сувязі Іосіфа Гашкевіча і праваслаўнага святога праведнага Іаана Кармянскага, які таксама паходзіў з роду Гашкевічаў, зрабіла аўтар гэтых радкоў.
У абмеркаванні кнігі таксама прынялі ўдзел шчырая прыхільніца літаратурнай творчасці А.В. Мальдзіса Ірына Баляславаўна Шляхтун і настаўніца Людміла Іванаўна Кухарэвіч. Прыемны музычны сюрпрыз – дыск з запісам уласнай песні “Адысей з Беларусі” на словы астравецкай паэтэсы Таццяны Граблеўскай – падараваў Адаму Восіпавічу кампазітар Аляксандр Якіменка.
З вялікай увагай прысутныя выслухалі аповед самога Адама Восіпавіча – успаміны аб дзяцінстве, калі зарадзілася яго любоў да кнігі як крыніцы разнастайных ведаў, дзякуючы чаму літаратура стала справай жыцця, аб працы над зборнікам «Соотечественники».
Завяршылася сустрэча, як і пачалася, на гасціннай ноце – Адам Восіпавіч пачаставаў прысутных духмянай гарбатай з Мальдзіваў. Паводле легенды, гэтая назва магла ўзнікнуць ад прозвішча Мальдзіс, чалавека, які таксама быў ураджэнцам Астравеччыны і нейкім чынам адзначыўся ў гісторыі Мальдзіўскіх астравоў…
Застаецца запрасіць землякоў у раённую бібліятэку, каб яны пазнаёміліся з новай кнігай прафесара А.В. Мальдзіса, якая адкрые шмат невядомых раней старонак біяграфій нашых славутых землякоў.


--------------------------
Таіса СЯМЁНАВА, фота аўтара.