Беларусь отмечает 200-летие со дня рождения Иосифа Гашкевича

13:00 / 31.03.2014
Беларусь дала свету нямала выдатных асоб, якія ў свой час праславіліся сваімі дасягненнямі ў розных галінах дзейнасці. У гэтым сузор’і імён нашых славутых землякоў яркай зоркай свеціцца і імя нашага суайчынніка, беларуса, першага консула Расіі ў Японіі, вучонага – мовазнаўцы, паліглота, натураліста, арыенталіста – Іосіфа Антонавіча Гашкевіча. Жыхарам Астравеччыны добра вядома гэтае імя: “Астравецкая праўда” неаднаразова друкавала артыкулы пра яго жыццё і дзейнасць, у Астраўцы праходзілі Гашкевічаўскія чытанні, тут жа ўстаноўлены бюст І. Гашкевічу. А ў вёсцы Малі, дзе ён правёў апошнія свае гады, яго памяць ушанавана памятным знакам. І калі месца апошняга жыцця І. Гашкевіча добра сёння вядома, дык наконт месца яго нараджэння доўгі час існавала поўная блытаніна.

Так, у кнізе расійскага пісьменніка В. Гузанава “Адысей з Беларусі” ёсць звесткі, што дзіцячыя гады І.Гашкевіча прайшлі ў вёсцы Якімава Слабада Рэчыцкага павета (цяпер Светлагорскі раён), у кнізе “Памяць. Светлагорскі раён” сцвярджаецца, што ён нават нарадзіўся ў гэтай вёсцы.
Мне ж захацелася бліжэй даведацца пра нашага выдатнага земляка і прайціся па сцяжынках яго дзяцінства і юнацтва. З гэтай мэтай у пачатку лютага я прыехаў у г. Светлагорск. У мясцовым гісторыка-краязнаўчым музеі існуе стэнд, прысвечаны І. Гашкевічу, а ў вёсцы Якімава Слабада ў памяшканні сельскай бібліятэкі вісіць партрэт І. Гашкевіча работы мясцовага мастака С. Каваля. Было відавочна, што я натрапіў на правільную сцежку. Але калі я вярнуўся з вёскі, загадчыца музея Ірына Заяц паказала мне кнігу “Памяць. Рэчыцкі раён”, дзе паведамлялася, што нарадзіўся І. Гашкевіч у вёсцы Перасвятое Рэчыцкага раёна. Таму, вярнуўшыся ў Мінск, у пошуках ісціны я звярнуўся ў Дзяржаўны гістарычны архіў, дзе мне далі звестку, што сапраўднае месца нараджэння Гашкевіча – вёска Стралічава былога Рэчыцкага павета (цяпер Хойніцкі раён). Гэта блытаніна ўзнікла, верагодна, па той прычыне, што ў царкве вёскі Якімава Слабада працаваў святаром малодшы брат Іосіфа Гашкевіча – Андрэй, а Іосіф часта заязджаў да брата ў госці.
Такія звесткі пра братоў Гашкевічаў і пра іншых членаў іх сям’і паведаміла на вечарыне пад назвай “Сустрэча з І. Гашкевічам” вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, кандыдат гістарычных навук Лідзія Кулажанка. Вечарына, якую ўзначаліў доктар філалагічных навук, прафесар Адам Мальдзіс, адбылася ў чытальнай зале мінскай гарадской бібліятэкі імя Л. Талстога 16 сакавіка, і, фактычна, паклала пачатак святкаванню юбілея Іосіфа Гашкевіча. З цікавым паведамленнем аб дабрачыннай дзейнасці І. Гашкевіча на пасадзе першага консула Расіі ў Японіі выступіла Масако Тацумі, кіраўнік інфацэнтра японскай культуры, а Наталля Обухава, метадыст абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра, расказала пра 10-гадовы перыяд жыцця І. Гашкевіча ў Пекіне. На вечарыне выступіў таксама і аўтар гэтых радкоў.
А не так даўно, 21сакавіка, на факультэце міжнародных адносін Белдзяржуніверсітэта, адбыліся III Міжнародныя чытанні, прысвечаныя 200-годдзю з дня нараджэння І. Гашкевіча. З прывітаннямі да ўдзельнікаў чытання выступілі пасол Японіі ў Рэспубліцы Беларусь Сігэхіро Міморы, адказны сакратар Нацыянальнай камісіі РБ па справах ЮНЕСКА Юрый Амбразевіч. А намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Свіла расказаў прысутным аб тым, як на Астравеччыне ўшаноўваюць памяць І. Гашкевіча. З цікавымі паведамленнямі аб жыцці і дзейнасці нашага знакамітага земляка выступілі вядомы беларускі вучоны Адам Мальдзіс, доктар гістарычных навук і прафесар універсітэта ў г. Хакадатэ Курата Юка, доктар гістарычных навук і прафесар Мікалай Нікалаеў (г. Санкт-Пецярбург) і выкладчык японскай мовы ў Белдзяржуніверсітэце Акіра Фурасава. На чытаннях прысутнічала шмат студэнтаў факультэта міжнародных адносін.
Плануецца, што святкаванні з нагоды юбілею І. Гашкевіча працягнуцца: удзельнікі мерапрыемства наведаюць Астравеччыну, Хойнікшчыну, прымуць удзел у семінарах, “круглых сталах”.
Вельмі прыемна і радасна, што з паўзабытымі і забытымі імёнамі нашых выдатных суайчыннікаў, землякоў знаёміцца ўсё большая колькасць жыхароў Беларусі.


---------------------------------------
Лявон Целеш, г. Дзяржынск.