Учащиеся Гудогайской школы посетили Брестскую крепость

15:00 / 22.05.2013
Напярэдадні Дня Перамогі вучні ваенна- патрыятычнага класа Гудагайскай сярэдняй школы разам з адміністрацыяй школы, ваенным і класным кіраўнікамі пры фінансавай падтрымцы раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” адправіліся ў горад Брэст.

І хаця большасць удзельнікаў гэтай экскурсіі ўжо была ў Брэсцкай крэпасці, з задавальненнем вырашылі наведаць яе яшчэ раз. Горад спадабаўся школьнікам з першых хвілін – гэтаму спрыяла і цудоўнае надвор’е, і зеляніна, што радавала вока яркімі колерамі.
Знаёмства з горадам школьнікі пачалі з Брэсцкай крэпасці. Як і многія беларускія гарады, напярэдадні свята Брэст быў упрыгожаны сцягамі, плакатамі і расцяжкамі, прысвечанымі Дню Перамогі. Па дарозе, што вядзе да Брэсцкай крэпасці, можна было пазнаёміцца з пералікам гарадоў-герояў. А вось Брэст не з’яўляецца горадам-героем, званне “Крэпасць-герой” прысуджана менавіта Брэсцкай крэпасці.
І вось нас сустракае велізарная каменная пліта з высечанай пяціканцовай зоркай. Словы песні “Священная война” пранімаюць да сэрца, і мурашкі бягуць па ўсім целе – хочацца застыць і не рухацца.
Цытадэль, Валынскае, Кобрынскае і Цярэспальскае ўмацаванні, манументы “Смага” і “Мужнасць”, музей… Словы экскурсавода. І цішыня, праз якую кожны стараецца пачуць падзеі тых крывавых гадоў.
Падарожжа па Брэсце прадоўжылася экскурсіяй ў Музей выратаваных каштоўнасцей і пешаходнай экскурсіяй па вуліцы Савецкай. А на начлег школьнікаў і педагогаў прыняў абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.
Другі дзень нашага падарожжа быў прысвечаны наведванню Белавежскай пушчы. І хаця перамяшчацца па ёй можна на экскурсійным аўтобусе, мы выбралі пешую экскурсію – цікава было паглядзець, што змянілася ў пушчы з апошняга нашага візіту.
Пушча і сапраўды змянілася непазнавальна – апошні раз дзесяцікласнікі былі тут падчас рэканструкцыі і ўбачыць усю прыгажосць Белавежы не атрымалася. Захапіў Музей прыроды і экзатычныя дрэвы, пасаджаныя ў сямідзясятых гадах мінулага стагоддзя. За гэты час яны паспелі вырасці – і ўсё ж не згубілі сваёй статнасці і прыгажосці. Падарожжа па пушчы прадоўжылася знаёмствам з вальерамі. Асабліва нас парадавалі дагледжаныя жывёлы, якія зусім не баяліся людзей – відаць, за час знаходжання ў няволі прызвычаіліся.
Два дні праляцелі вельмі хутка. За гэты час мы не толькі паспелі даведацца шмат новага, але крышачку змяніліся і самі – наведванне Брэсцкай крэпасці пакідае ў сэрцы чалавека добрую памяць аб велічнай перамозе нашага народа.
За незабыўныя ўражанні і цікавае падарожжа хацелася б выказаць словы падзякі арганізатарам экскурсіі – старшыні раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Наталлі Сянюць і ваеннаму кіраўніку ваенна-патрыятычнага класа, ваеннаслужачаму аддзела пагранічнай службы “Гудагай” Дзмітрыю Салаўю.


----------------------------------------------------
Ірына ЖАЛТОК, намеснік дырэктара Гудагайскай школы.