Воины-интернационалисты встретились с островецкими школьниками

08:30 / 01.03.2013
«Ёсць памяць, якой не будзе канца» – менавіта пад такім дэвізам у Гудагайскай школе напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброенных Сіл Рэспублікі Беларусь прайшла сустрэча з тымі, хто сёння выконвае свой воінскі абавязак, і тымі, хто зведаў жахі Афганскай вайны.

Люты багаты на святы і сустрэчы, таму мы аб’ядналі ў адно мерапрыемства спатканне з воінамі-пагранічнікамі, якія прыйшлі ў школу на чале з лейтэнантам Дзмітрыем Рамуальдавічам Мухляда, і людзьмі, што прайшлі праз афганскую вайну – Уладзімірам Мар’янавічам Алізарам і Святланай Антонаўнай Ромаш.
Сустрэча пачалася з выступлення зусім яшчэ юнага лейтэнанта, які якраз напярэдадні мерапрыемства разам са сваімі падапечнымі выконваў заданне па ахове дзяржаўнай мяжы. Для салдатаў тэрміновай службы – гэта звычайныя, але вельмі адказныя будні. І на пытанне вучняў: “Ці ёсць у сучасным жыцці месца подзвігу?” – Дзмітрый Рамуальдавіч не адказаў непасрэдна, але ўсе прысутныя з яго шчырага, усхваляванага выступлення зразумелі, што не аб подзвігах павінен думаць салдат – гэтак жа, як і кожны чалавек – а аб тым, каб найлепш выканаць пастаўленыя перад ім задачы. Сама прысутнасць маладых, сур’ёзных людзей у форме “падцягвала” прысутных, прымушала настроіцца на грамадзянска-патрыятычны лад, якога і чакалі арганізатары мерапрыемства.
…Такімі ж 18-гадовымі юнакамі, якія нават не здагадваліся, якое жорсткае выпрабаванне падрыхтаваў ім лёс, ішлі аддаваць грамадзянскі абавязак Радзіме ў 80-ыя гады мінулага стагоддзя сённяшнія воіны-афганцы.
Уладзімір Мар’янавіч Алізар глядзіць на наведвальнікаў школьнага музея з пажаўцелай старонкі цэнтральнай ваеннай газеты “Гвардейская доблесть” з далёкага 1988 года. Стрыманы позірк мужнага чалавека з фотаздымка прыкоўвае ўвагу рабят. І сёння Уладзімір Мар’янавіч гаворыць не аб асабістых заслугах, а аб той неабходнай калектыўнай дзейнасці, дзе на першым плане заўсёды слова “мы”, без якой у тых умовах нельга было выжыць. Але ж граматы самага высокага ўзроўню і медалі, што ўпрыгожваюць лацканы святочнага касцюма, сведчаць аб тым, што заўважылі і адзначылі тых, хто не хаваўся за спіны іншых, калі трэба было ісці ў бой.
…Сустрэўшы ў верасні ў прыёмным пакоі дырэктара школы новага сакратара – прыемную, інтэлігентную жанчыну, ніхто з вучняў і настаўнікаў не мог падумаць, што ў яе лёсе таксама ёсць афганская старонка.
Святлана Антонаўна Ромаш на працягу трох ваенных гадоў працавала ў адной з воінскіх часцей у Афганістане. У ваенных дзеяннях яна ўдзелу не прымала, але ці магчыма жыць у горадзе, на вуліцах якога ідзе перастрэлка, а часам і сапраўдны бой – і не зведаць жаху вайны?! Канешне, Святлана Антонаўна па праве носіць званне воін-інтэрнацыяналіст, а яе расповед аб тых днях прыблізіў да ўдзельнікаў сустрэчы подых гарачага і горкага полымя той вайны, якая спаліла так многа жыццяў. Напэўна, зусім па-іншаму будуць глядзець на гэтую жанчыну з мяккім голасам нашы вучні – асабліва пасля яе слоў аб тым, што, калі б спатрэбілася зноў вярнуцца ў той час, яна б, не раздумваючы, зноў прайшла б тым самым шляхам. Бо яна жыве па прынцыпе: хто, калі не я?
Гучалі ўспаміны, перарываючыся радкамі паэзіі і расповедам цяперашніх салдат – воінаў-пагранічнікаў.
Для нашых дзевяцікласнікаў сустрэча закончылася на ўрачыстай ноце: выконваючая абавязкі першага сакратара раённага камітэта БРСМ Аксана Паўлаўна Лазарава ўручыла ім БРСМ-аўскія білеты і значкі, а таксама памятныя каляндарыкі.
Актавую залу ўдзельнікі сустрэчы пакідалі ўзрушаныя. Дзякуючы тым, хто ўклаў часцінку сваёй душы ў гэта мерапрыемства: вядучым у строгай кадэтскай форме – Марце Горбаль і Сяргею Рагаўцову; сённяшняй салістцы школы, голас якой набывае ўсё большую моц, а выканаўчае майстэрства расце з кожным выхадам на сцэну – Віялеце Грыва і пачынаючай маленькай зорачцы нашай школы Вераніцы Багдановіч свята атрымалася цёплым і запамінальным.


------------------------------
Марыя ВАСІЛЁНАК, кіраўнік школьнага музея ”Зямля Гудагайская”.


Фота з сайта  forum.od.ua.