Наследие ордена кармелитов на Островетчине

09:26 / 01.08.2012

У 2012 годзе з часу заснавання касцёла Маці Божай Шкаплернай у в.Жукойні-Жалядскія спаўняецца 390 год.


У 1621 годзе ў Жэлядзях з’явіліся манахі ордэна  кармялітаў. Гэта адна з ранніх хваль пранікнення манахаў на Астравеччыну. Толькі на год раней у Свіранах з’явіліся манахі-базыліяне (1620). У 1622 – манахі-аўгустынцы ў Міхалішках. Што датычыцца кармялітаў, то ў Слабодцы яны абаснаваліся толькі ў 1710 годзе, а ў Гудагаі праз 143 гады – у 1764 годзе.


У 1622 годзе  сакратар караля Зыгмунта ІІІ Вазы Вайцех Хлюдзінскі  “для сваёй выгады і патрэб падданых” збудаваў на ўзгорку сярод дубовага гаю для кармялітаў касцёл. Згодна паданню,  Маці Божая ў далёкім мінулым з’явілася манахам у Палесціне на гары Кармэль. З таго часу манаскі ордэн кармялітаў у яе гонар будуе касцёлы выключна на ўзвышшах.


Прывілеем ад 1624 года В. Хлюдзінскі запісаў у фундуш кармялітам маёнткі Жалядзі, Спонды і Косцевічы (ранейшыя Якубавічы) і невялічкія навакольныя засценкі. Плошча манастырскіх уладанняў складала 133 валокі (2840 га), на якіх меліся 94 сялянскія дымы (дым – сельскагаспадарчы комплекс адной сям’і). Улічваючы тое, што сем’і тады былі вялікія, то кляштару належала каля тысячы душ. Да манастыра адносілася 11 вёсак і засценкаў.


З часам манахі ўзвялі тут цэлы комплекс будынкаў: плябаня з вялікім пограбам з бутавага каменя, гаспадарчыя пабудовы, сажалку для развядзення рыбы, добраўпарадкавалі прыродную крыніцу, заклалі парк, сад, потым адкрылі школу, шпіталь, багадзельню для нямоглых і старых.


Жалядскі касцёл лічыўся філіялам Свірскага. Праз 200 гадоў кармяліты пабудавалі новы, больш прасторны касцёл пад  вызнаннем Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і св.Войцеха і мучанікаў. З часам кармяліты вырашылі пабудаваць новы касцёл пад эгідай Маці Божай Шкаплернай, сабралі сродкі, заказалі праект мураванага касцёла, будаўнічыя матэрыялы, але іх планам не было наканавана здзейсніцца.


Пасля анексіі беларускіх зямель Расійскай імперыяй царскія ўлады распачалі гвалтоўную русіфікацыю краю. Каталіцкая рэлігія з’яўлялася перашкодай на гэтым шляху. Імператрыца Кацярына ІІ прапанавала “зрабіць беларусаў рускімі не толькі імем, але душою і сэрцам”. Насельніцтва пачало адчуваць моцны націск афіцыйнага праваслаўя. У 1830-31 гадах на Астравеччыне, у т.л. і Жалядзях успыхнула паўстанне. Гэта паслужыла зачэпкай для ганенняў на каталіцкіх манахаў. У 1842 г. манахаў разагналі, усю маёмасць забралі пад казну. Апошнім кіраўніком Жалядскага манастыра быў кармяліт старога Статуту Клеманс Мюллер. Каталіцкі касцёл у сваім апазіцыйным становішчы да царызму стаў набываць ролю абаронцы вальнадумства. У 1866 годзе царскія ўлады закрылі каталіцкі касцёл, а вернікаў раскідалі па іншых парафіях: Свірскай і Клюшчанскай.


Будынак касцёла быў перароблены пад царкву, і пачалася кампанія “перакручвання“  католікаў у праваслаўных. (І да сённяшняга дня нашчадкаў тых, хто перайшоў у праваслаўе называюць “перакульшчыкамі”, іх было зусім няшмат за 17 год пераманьвання). Праваслаўныя святары, адчуваючы варожасць насельніцтва, жылі ў Засвіры, а службу адпраўлялі наездамі. Захаваўся запіс у “Літоўскіх епархіяльных ведамасцях” №37 за 1883 год “14 жніўня 1883 г. у 12 гадзін ночы на святара Засвірскай царквы Часновіча, які вяртаўся з м.Жэлядзях у Засвір, паміж вёскамі Куркулі і Лушчыкі напалі 10 сялян, нанеслі пабоі і адабралі грошы 14 рублёў і 65 капеек і кішэнны сярэбраны гадзіннік коштам 26 рублёў”. Пасля гэтага праваслаўныя святары адмаўляліся прымаць прыход у Жэлядзях.


Пасля талерантнага ўказа цара, які “выбачаў” удзельнікаў паўстання, узнікла надзея вярнуць касцёл. Вернікі Засвірскай і Жалядскай парафіі напісалі адозву, у якой прасілі вярнуць касцёл, але безвынікова. У 1908 г. царква згарэла з-за неасцярожнасці бацюшкі і перастала існаваць на некаторы час.


На месцы згарэўшага будынка ў 1912г. пабудавалі новую царкву: Т-падобны гмах плошчай у 60 кв.м.


У 1914 г. улады дазволілі католікам аднавіць парафію і перарабіць будынак царквы пад касцёл. На працягу 1914-1928 гг.была зроблена рэканструкцыя будынка. Да царквы прыбудавалі драўляны трысценнік плошчай 150 кв.м, разабралі ўсходнюю сцяну, зрабіўшы памяшканне былой царквы прэсбітэрыем. У прыбудове з бакоў прарэзалі па тры арачныя акны, над уваходам абсталявалі хоры, набылі фісгармонію. Касцёл пачаў дзейнічаць пад вызнаннем Маці Боскай Шкаплернай. У ім тры алтары. У адным з іх маецца абраз св.Юзафа работы Люцыі Белянкавічовай, напісаны ў 1720 годзе.


У  правым  бакавым алтары абраз св. Войцеха. Аўтар невядомы.


Ля касцёла ўзвялі званіцу, павесілі звон фундацыі Гасперскага і парафіян з надпісам: “niech glos m?j pscenika do serca grzecsnika” (“Няхай мой голас пранікне ў сэрца грэшніка”).


Святарамі тут працавалі (сярод іншых) ксяндзы Юзаф Бародзіч, Юзафовіч Тумашэвіч, Гіпаліт Маліноўскі і Юзаф Маліноўскі (плем.), Андрэй Булька (1941-1946), Юзаф Пяркоўскі, Ян Кавалеўскі, Адам Вайцяхоўскі (наездамі з Клюшчан) – у гэтым годзе спаўняецца 110 гадоў з дня яго нараджэння.


У 1948 годзе касцёл закрылі. Вернікі кожны год на фэст адчынялі касцёл і маліліся.  У 1989 годзе касцёл у Жэлядзях адчынілі, дзякуючы настойлівым намаганням вернікаў.



Іаланта ВАЛУЕВІЧ.