Мировые события глазами "Неделя postfactum"

13:41 / 24.07.2012

Трагедыя ў прыгарадзе амерыканскага горада Дэнвер і паралелі, якія ўзгадваюцца ў сувязі з гэтай падзеяй – у аглядзе навін мінулага тыдня.


20 ліпеня на прэм’еры чарговай серыі прыгод Бэтмэна ў кінатэатры амерыканскага горада Дэнвер адбылася крывавая бойня. У выніку страляніны і выбуху, якую пасярод сеанса ўчыніў нейкі Джэймс Холмс, загінула 14 чалавек. Яшчэ некалькі дзясяткаў атрымалі раненні. Сярод іх – трохмесячнае немаўля.


Амерыка цяпер у чарговы раз задаецца пытаннем: наколькі апраўданы свабодны продаж зброі ў краіне?


Забойца – прынамсі да названага выпадку – не вызначаўся псіхічнымі растройствамі, закончыў Каліфарнійскі ўніверсітэт і з’яўляўся аспірантам Каларадскага ўніверсітэта, выхоўваўся ў набожнай сям’і, некаторы час працаваў выхавацелем у дзіцячым лагеры, не здзяйсняў проціпраўных дзеянняў і таму не меў зносін з паліцыяй і канфліктаў з законам.


Па ўсіх прыкметах, гэты 24-гадовы чалавек з’яўляўся ўвасабленнем сярэднестатыстычнага амерыканца і ўсё неабходнае для крывавай задумкі – некалькі аўтаматаў, тысячы патронаў і складаемыя выбуховага прыстасавання – набыў у магазінах абсалютна свабодна і легальна.


Свабодны продаж зброі ў амерыканскіх магазінах грунтуецца на ідэі самаабароны чалавека. Аднак наколькі адэкватнай мерай аховы асобы з’яўляецца прымяненне буйнакаліберных аўтаматаў і гранат?


Матыў, які падпіхнуў забойцу да здзяйснення злачынства, бязглузды і вар’яцкі па сваёй сутнасці: Холмс уявіў сябе Джокерам – кінагероем, праціўнікам Бэтмэна па кінафільме. Такім чынам, націскаючы курок у зацемненай кіназале, ён нібы ўяўляў сябе часткай кінакарціны.


Сюжэт, дарэчы сказаць, не новы. Менавіта па такім сцэнарыі развіваецца адна з серый яшчэ аднаго амерыканскага фільма жахаў “Крык”.


І вось тут узнікае пытанне: для чаго нам навязваюцца фільмы, тэлепраграмы, камп’ютарныя гульні з бясконцай стралянінай і рэкамі крыві? Псіхолагамі даказана, што ў выніку працяглых праглядаў такіх відэа і шматгадзінным баўленнем часу за камп’ютарнымі “стралялкамі” чалавек паступова перастае раздзяляць рэчаіснасць і вымысел і пачынае атаясамліваць сябе з падзеямі на экране. Асабліва гэта тычыцца падлеткавай псіхікі.


Нас намагаюцца пераканаць, што ўсё гэта патрэбна НАМ, што гэта НАШ выбар, а любое ўмяшальніцтва ў справы мас-медыя дзяржавы тлумачыцца як прыцясненне нашага права выбару.


Але дзе ён, той выбар? Пагартайце тэлепраграму – нават па назвах можна зразумець, што без крымінальных разборак, страляніны і насілля ў ёй мала што застанецца.


Дык ці варта здзіўляцца, што ў нашым гуманным свеце, дзе жыццё чалавека нібыта з’яўляецца найвялікшай каштоўнасцю то ў адным, то ў другім месцы адбываюцца падобныя каларадскай, такія ж бессэнсоўныя забойствы.


Акурат у гэтыя ж дні спаўняецца гадавіна сумных падзей на нарвежскім востраве Утойя.


У краіне з гэтай нагоды адбыліся жалобныя мерапрыемствы з удзелам вышэйшых асоб.


Сродкі масавай інфармацыі неаднойчы звярнулі асаблівую ўвагу на тое, што падчас мерапрыемстваў імя нелюдзя ні разу не было вымаўлена. Такое вось “страшнае” пакаранне для забойцы, ад якога ён, напэўна, у роспачы кусае сабе локці, седзячы ў камфартабельнай камеры нарвежскай турмы.


Дарэчы, па прашэсці года суд над Андрэасам Брэйвікам да гэтага часу не завяршыўся. Плануецца, што прысуд будзе вынесены ў жніўні, але гледзячы на тое, як усё адбываецца, спадзяванні на гэта даволі прывідныя.


Увогуле, складваецца ўражанне, што суд сёння хвалюе не столькі справядлівасць пакарання, колькі ўласнае рэнамэ самага паліткарэктнага, чалавечнага і адданага традыцыям суда ў свеце.


Згодна з гэтымі традыцыямі перад кожным пасяджэннем пракурор і абвінавачваемы павінны паціснуць адзін аднаму рукі. Гэткі рэверанс у бок неперадузятасці і аб’ектыўнасці.


Як адзначаў адзін палітык: фармальна правільна, а па сутнасці – здзек.


Здзек над родзічамі ахвяр і пацярпелых у выніку бойні, якую ўчыніў Брэйвік. На іх глядзелі тыя ж вочы, якія цяпер міла ўсміхаюцца з лавы падсудных, і на курок націскала тая ж рука, якую сёння па-сяброўску паціскае дзяржаўны абвінавачвальнік.