Дзень нараджэння ваенкаматаў

14:57 / 07.04.2012
6322

Пасля рэвалюцыі 1917 года было прынята рашэнне аб стварэнні арміі, заснаванай на агульным воінскім абавязку. У сувязі з гэтым былі праведзены спецыяльныя мерапрыемствы, якія ўстанаўлівалі сістэму стварэння новай арміі. Адным з такіх дакументаў быў і дэкрэт, падпісаны 8 красавіка 1918 года, які заснаваў валасныя, павятовыя, губернскія і акружныя камісарыяты па ваенных справах. З тых часоў і да сённяшніх дзён менавіта ў гэты дзень – 8 красавіка – адзначаецца дзень стварэння ваенкаматаў.


Ваенныя камісарыяты цесна ўзаемазвязаны з гісторыяй стварэння і станаўлення Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. З ваенкамата пачынаецца іх тыл, тут рыхтуецца будучае папаўненне ваеннаслужачых, якія верай і праўдай будуць служыць на карысць нашай дзяржаве.
Галоўнымі задачамі дзейнасці ваенных камісарыятаў былі і застаюцца мабілізацыя людзей і транспарту, удзел у арганізацыі тэрытарыяльнай абароны і прызыў грамадзян на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве. Акрамя гэтага, тут праводзяць адбор кандыдатаў для паступлення ў ваенныя вышэйшыя навучальныя ўстановы, на ваенныя факультэты і кафедры грамадзянскіх вучэбных устаноў і на ваенную службу па кантракту, вырашаюць пытанні ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі, пенсійнага забеспячэння і сацыяльнай абароны ваеннаслужачых запасу.
Таксама вялікую ролю ў дзейнасці ваенных камісарыятаў іграе арганізацыя ўзаемадзеяння з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага ўпраўлення, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, іншымі арганізацыямі пры правядзенні розных мерапрыемстваў.
Ваеннаслужачыя і грамадзянскі персанал ваенкаматаў усведамляюць усю адказнасць за выкананне сваіх задач і стараюцца добрасумленна і якасна выконваць свае абавязкі. Праводзячы вялікую і шматгранную работу, яны творча падыходзяць да вырашэння пастаўленых задач, праяўляюць ініцыятыву і знаходзяць найбольш паспяховыя шляхі іх вырашэння.
Астравецкі ваенкамат, як адна з часцінак буйной і сур’ёзнай ваеннай сістэмы Рэспублікі Беларусь, з павагай і гонарам адносіцца да даты стварэння камісарыятаў. І ў гэты дзень хочацца павіншаваць не толькі цяперашні асабовы састаў, але таксама і тых, хто не адзін год добрасумленна тут працаваў – усіх ветэранаў ваенкамата. Усе разам мы служым на дабрабыт нашай Айчыны.


Ігар ЧЫЧВАРЫН, ваенны камісар Астравецкага раёна.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений