Караткевіч на Астравеччыне

15:36 / 29.07.2011
9113
1

У 1960-я гады, да свайго шлюбу з Валянцінай Браніславаўнай, Уладзімір Караткевіч пабываў на маёй роднай Астравеччыне, што мяжуе з Літвой, разоў з дзесяць.


Едучы ў Вільню дзеля архіўных пошукаў, мы звычайна спыняліся, робячы перасадку з аднаго прыгараднага цягніка на другі, на апошняй беларускай станцыі Гудагай. Або заходзілі, чакаючы віленскага прыгараднага, у вакзальны буфет, заказвалі “півэчко” і,  пад шум грузавых цягнікоў, якія праносіліся, не спыняючыся, пацягвалі яго. Валодзя, як заўсёды перабольшваючы, аднойчы нават зацягнуў тут жа прыдуманую “дрындушку”.


Аж шумела рэха гаем,



Як пілі мы ў Гудагаях.


Потым той прыспеў перанялі гудагайскія дзецюкі і цяпер выконваюць яго, галёкаючы і абсалютна не ведаючы, хто, калі і дзеля чаго яго склаў.


Пяць разоў Уладзімір Караткевіч наведваўся на Астравеччыну з начаваннем. Першы раз – на Новы год, які ён сустрэў у кампаніі з маімі родзічамі, участковым міліцыянерам Голубевым ды іншым мясцовым “началам”. Памятаю, назаўтра мы пайшлі ў сельскі клуб, каб паглядзець “Паўлінку” ў мясцовым выкананні. Нехта з самадзейных артыстаў спазняўся, і гледачы, стомленыя сустрэчай Новага года, ціха падрэмвалі. Ратуючы сітуацыю, вядучая вечара, яна ж дачка ўчастковага, якая ведала аб прысутнасці ў зале таленавітага госця, выйшла на авансцэну і гучна прамовіла:


–Товарищи! Среди нас присутствует известный белорусский поэт Владимир Короткевич. Просьба на сцену!


Апладысменты разбудзілі паэта. Ён няўцямна ўстаў, пайшоў наперад. Але на сцэну не ўзняўся, стаў да яе задам, а тварам да публікі і стаў адпрошвацца:


–Людзі добрыя! Сёння Новы год, вы не выспаліся, я не выспаўся... То якога яшчэ выспетка ад Пана Бога вам трэба?!


Жанчына, якая, будучы на падпітку, сядзела ў першым радзе і падумала, што прадстаўленне пачынаецца, захацела, каб было яшчэ смяшней: падбегла да Караткевіча, схапіла яго аберуч за ногі і кульнула на сцэну. А той, устаўшы, пакрыўджана сказаў:


–Ну, калі так, тады не трэба!


І ціха вярнуўся на сваё месца.


Праўда потым, пасля  спектакля і перад танцамі, усё ж прачытаў некалькі сваіх вершаў.


А назаўтра, снедаючы, мы пачалі падцвельваць з паэта:


–А ты думаеш, той жанчыне – лёгка? Кажуць ёй недзе: такога чалавека кульнула на сцэну. Адказваць будзеш...


–Дык што вы параіце?


–Я бы, Валодзенька, на тваім месцы ўзяў бы пляшку віна, скажам, вось гэтую, і пайшоў бы супакоіць яе. Глянь у акно: вунь там яе хата.


–То я тады канфіскую гэты посуд на стале, вам яшчэ хопіць.


І трэба ж такому здарыцца: выйшаўшы на веранду, Караткевіч сутыкнуўся якраз з той жанчынай. Нехта напалохаў яе (“такога чалавека кінула на падлогу, будзе табе, ой, будзе”), і яна ішла мірыцца. Таксама з пляшкай у сумцы.


І на зямлі Гудагайскай, у цэнтры колішняга славянскага племені гудаў, запанаваў мір.


Яшчэ раз Уладзімір Караткевіч быў на Астравеччыне з цэлай кінагрупай, якая здымала дакументальны фільм пра помнікі архітэктуры пад назвай “Памяць”. Памятаецца, як у Варнянах паэт энергічна ўзмахваў веццем, каб над вежай, што на востраве, прыгожа кружылі буслы. З Варнянаў мы паехалі ў Міхалішкі на абед да настаўнікаў Багдановічаў і іх зяця, галоўурача бальніцы Ражко. Але паколькі той прыезд даволі падрабязна апісаны мною ў  кнізе “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча”, спыняцца на ім не стану.


Трэці раз Уладзімір Караткевіч прыязджаў у Астравец, на творчую сустрэчу ў раённай бібліятэцы, без мяне. Чакаў я на яго прыезд у Вільнюс ва ўтульным і таму любімым гатэлі “Нерынга”. Ці не тады ён напісаў верш на 500-годдзе Астраўца пад назвай “Дом сябра”?! Упершыню ён быў надрукаваны ў сувязі з юбілеем у “Астравецкай праўдзе”.


Мала хто ведае, што Уладзімір Караткевіч яшчэ прыязджаў на Астравеччыну, дакладней, у хату Адамковічаў, што стаіць ледзь не каля самай чыгункі паміж былой вёскай Табарышкі (цяпер вуліца ў Гудагаі) і Палушамі, каб адгуляць “дружбантам” звычайнае сялянскае вяселле Марыі  Адамковіч, стрыечнай сястры маёй нябожчыцы жонкі. Малады быў з тэрыторыі Літвы, з-пад Пабрадзе, з мясціны, дзе ў Зулове нарадзіўся вядомы польскі дзеяч Юзаф Пілсудскі. Мы паехалі туды аўтобусікамі праз Варняны, Міхалішкі і Кямелішкі. Памятаецца, і Караткевіча, і мяне здзівіла, на якой польска-беларуска-літоўска-рускай “трасянцы” гаварылі там дзеці ля крамы. Паэту захацелася пабываць на папялішчах маёнтка, дзе гучала таксама і беларуская мова (ведаем пра гэта з рукапісу п’есы “на Каляды”, напісанай сынам зулоўскага аканома), угаварыў нейкага матацыкліста на момант паехаць туды, вядома ж, затрымаўся там і спазніўся на апошні прыгарадны цягнік да Вільнюса. Дабіраўся туды назаўтра разам з музыкантамі, “падзарабляючы” на білет падыгрываннем на бубне.


Падрабязней пра тое вяселле і далейшы лёс тагачасных маладажонаў, блаславёных як ксяндзом, так і тостамі Караткевіча, добра было б распытаць у Фаіны Адамковіч, блізкай сваячкі, якая, здаецца, і сёння працуе ў сістэме астравецкай спажыўкааперацыі...


Аднак усе пералічаныя прыезды не былі засведчаны фатаграфіямі (ці яны да мяне не дайшлі), хаця абодва мы мелі фотаапараты, а Валодзя рабіў здымкі густоўна і тэхнічна дасканала. Засталося толькі некалькі фатаграфій з яго пятага працяглага летняга прыезду, калі ён пабываў не толькі ў Гудагаі і Палушах (у час танцаў у палушанскім клубе аднойчы хтосьці з падшыванцаў сыпануў яму пад ногі жменю лубіну з мяшкоў, якія стаялі  на сцэне...), але і ў Расолах, на маёй непасрэднай радзіме. Там яшчэ стаяў бацькоўскі дом, праўда, з забітымі дошкамі вокнамі, стаяла гумно з духмяным сенам, віднелася студня на восем бетонных колцаў са сцюдзённай  вадой прыемнага смаку, раслі здзічэлыя  яблыні і вішні. Караткевіч тады прыехаў да мяне не адзін, а з рамантычна-летуценнай сяброўкай Галінай Бальчэўскай, артысткай віцебскага, а потым мінскага драматычнага тэатра. Караткевіч паказваў ёй палкай у былым садочку, як зухаваты касец павінен класці пакосы травы. Вось гэта здымак, дагэтуль, здаецца, недрукаваны, – адзіны з астравецкіх, які па тэхнічных якасцях можна публікаваць, што я тут і раблю. Іншыя ж  здымкі, зробленыя ў тое лета на ганку дома, каля гістарычнага крыжа паблізу былога маёнтка Анялін, цікавыя па “зместу”, але невыразныя, няўдала скадраваныя.


Дарэчы, размова каля Анялінскага крыжа пра Кастуся Каліноўскага і Уладзіслава Сыракомлю, якія ў 1861 годзе, напярэдадні паўстання, паводле мясцовай легенды, пабывалі тут і сустрэлі “Марыську чарнабрыву”, мела свае творчыя вынікі. Уладзімір Караткевіч распачаў тады раман “Крыж Аняліна” (тэкст увайшоў у трэці том васьмітомніка), а я напісаў, пасля ўгавораў паэта, сваю аповесць “Восень пасярод вясны”, якая ўжо дачакалася перавыдання і перакладаў. Так што задума іх нарадзілася на скрыжаванні дарог, на старажытным Віленскім тракце, які з часоў ўдалага гаспадарання ў Астраўцы Гаштальда вёў з гэтага мястэчка, а цяпер прэтэндэнта на горад у самую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага, магутнай супольнай дзяржавы і нашай прарадзімы.


Даты ўсіх пяці пералічаных прыездаў Уладзіміра Караткевіча на зямлю Астравецкую  патрабуюць дадатковага ўдакладнення – дзеля гісторыі.


Адам МАЛЬДЗІС.

Комментарии
0
Гость
Живу далеко за океаном.
Было приятно читать воспоминания о писателе.
Потому как места родные Островецкие .
Я горд тем что он посещал наш край.
С уважением Мариян Боровка
Имя Цитировать 0
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений