Ёсць песня – будзе і хлеб?

18:25 / 22.07.2011
Калі цэнтр духоўнага жыцця раёна ў мінулую нядзелю знаходзіўся ў мястэчку Гудагай, дзе вернікаў і святароў сабраў парафіяльны фэст, то цэнтрам культурнага сталі Варняны, дзе адзначаўся дзень вёскі, прымеркаваны да 620-годдзя гэтага старажытнага паселішча.

Праўда, святам вёскі ў агульнапрынятым сэнсе гэтага слова яго назваць было цяжка, бо не было традыцыйнага ўшаноўвання лепшых людзей, працоўных дынастый,гаспадароў падвор’яў, ветэранаў і іншых традыцыйных атрыбутаў падобных свят. Але гэта, падобна, ніколькі не сапсавала ні само дзейства, ні настрой яго ўдзельнікаў. Дзякуючы намаганням арганізатара і спонсара свята – праўлення мясцовага СВК – атрымаўся цікавы і запамінальны вечар адпачынку не толькі для жыхароў Варнян, але і для тых, хто жыве ў суседніх вёсках – сельскагаспадарчы кааператыў цяпер моцна павялічыўся, і для жыхароў навакольных вёсак Варняны сталі своеасаблівым цэнтрам, мясцовай сталіцай.


У гэты сонечны дзень прыступкі адміністрацыйнага будынка праўлення ператварыліся ў своеасаблівую сцэну, адміністрацыйныя памяшканні канторы – у “грымёркі” артыстаў, а плошча перад праўленнем – у адну вялікую глядзельную залу: каму не хапіла расстаўленых крэслаў, той займаў месцы на “танц-поле” (і трэба сказаць, што ахвочых да “кулуараў” было нямала). “Хлебам” шматлікіх гледчоў, што прыйшлі на свята, таксама забяспечваў кааператыў, які разгарнуў свае шматлікія гандлёвыя кропкі, прапануючы і шашлыкі, і марожанае, і ўсялякія розныя прысмакі. І нават бяспройгрышную латарэю, галоўныя пераможцы якой сталі ўладальнікамі парасят – хто да вялікай радасці, а хто, як хлопчык-падлетак, не хаваючы свайго засмучэння: лепш бы шакаладку…


Пачалося свята з гістарычнай даведкі: вучаніцы Варнянскай школы Вольга Калтан і Яна Сідарэвіч нагадалі прысутным пра багатае на падзеі і выбітных асоб мінулае роднай вёскі. А Людміла Кухарэвіч праспявала сваю песню “Мая маленькая радзіма”, якую можна лічыць своеасаблівым гімнам вёскі.


Гасцей павіншавалі са святам галоўны яго арганізатар — старшыня СВК “Варняны” Аляксандр Часлававіч Вярбовіч, старшыня сельвыканкама Марыя Сігізмундаўна Шыманец, госці. Сваё блаславенне святу і прысутным даў ксёндз-пробашч Варнянскага касцёла Здзіслаў Пікула, які прыехаў на свята непасрэдна з гудагайскага фэсту, дзе па замове святара ў гэты дзень ля цудатворнай іконы Маці Божай Гудагайскай адбылася Святая імша за вернікаў Варнянскай парафіі.


А затым амаль на чатыры гадзіны імправізаваная сцэна была аддадзена ў распараджэнне мясцовых і прыезджых артыстаў, а такі ж імправізаваны танцпол, у які ледзь не з першых акордаў ператварылася ўся прылягаючая тэрыторыя – жадаючым “адарвацца па поўніцы”.


Канцэртную праграму адкрыў народны калектыў “Світанак”, які можна назваць візітнай карткай Варнян. Затым эстафету перахапілі самадзейныя артысты Астравеччыны, якія дэманстравалі свае шматлікія таленты, з якіх асабліва запомніўся сваёй артыстычнасцю і звонкім голасам юны ўдзельнік фестывалю “Адна зямля” Жэня Юркойць – хлопчыку неаднаразова “бісіравалі” і крычалі “Брава!”.


А ім на змену прыйшлі спецыяльна запрошаныя на свята артысты Гродзенскай філармоніі, якія паказалі, без перабольшвання, “вышэйшы пілатаж”, уразіўшы прысутных і сваімі цудоўнымі галасамі, як Ала Аўсейчык і Аляксандр Казакевіч, і віртуозным валоданнем самай празаічнай балалайкай, якая ў руках Аляксандра Варанішчы тварыла сапраўдныя цуды; і невытлумачальнымі фокусамі майстра арыгінальнага жанру; і цікавымі танцавальнымі нумарамі – хоць тут наш “Нон-стоп”, і асабліва яго салістка, скажам не без гонару, выглядалі ніколькі не горш, чым прыезджы калектыў з фрывольнай назвай “Правакацыя”. Трэба сказаць, што сітуацыя, калі артыста і гледача не раздзяляе сцэна, калі яны знаходзяцца побач, вочы ў вочы, і здаецца, што кожны спявае і танцуе менавіта для цябе, дае ні з чым непараўнальны “эфект прысутнасці” і яднання гледачоў і артыстаў.


Пасля канцэрта гледачы падыходзілі да Аляксандра Часлававіча Вярбовіча і дзякавалі яму за цудоўнае свята і добры настрой.


…А назаўтра ў сельгаскааператыве пачалося жніво – час, калі хлебаробам будзе не да свят і не да песень. Хочацца спадзявацца, што зарад пазітыву, які атрымалі яны напярэдадні, дапаможа ім справіцца з паўсядзённай стомленасцю наступных шматлікіх будняў.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.