Славутыя землякі. Фізіёлаг з Крываносаў

09:02 / 28.02.2011
9098

Ініцыятарам гэтага матэрыялу стала жыхарка вёскі Завідзіненты Яніна Іванаўна Вайнілка, якая патэлефанавала да нас у рэдакцыю і папрасіла на старонках газеты расказаць пра прафесара Ягелонскага ўніверсітэта Напалеона Цыбульскага, які нарадзіўся на Астравеччыне, у вёсцы Крываносы.
Дзякуем за падказку, Яніна Іванаўна!


Мяркуючы па інфармацыі, якую выдае “на-гара” ўсёвед-інтэрнэт, Напалеон-Нікадзім Цыбульскі нарадзіўся 14 верасня 1854 года ў вёсцы Крываносы, якая ў той час ляжала “…на зямлі Віленскай”. У сям’і зямельнага магната Юзафа Напалеона герба Праўдзіч і Марцыяны з Гутаровічаў.
Спачатку закончыў гімназію ў Мінску, потым у 1875 годзе паступіў у Ваенна-медыцынскую акадэмію ў Пецярбургу. У гэты ж самы час адразу на трэці курс запісваецца сюды пасля заканчэння Прыродазнаўчага інстытута Іван Паўлаў. Кантакт паміж Цыбульскім і Паўлавым узнік адразу, тым больш цесны, што абодва працавалі ў гэты час над праблемай кровазвароту.
У 1877 годзе, яшчэ студэнтам, Цыбульскі становіцца асістэнтам акадэміі. Зноў жа, студэнтам ён атрымлівае медаль Першага класа за конкурсную працу “Аб уплыве палажэння цела на бакавы ціск, пульс і дыханне ў жывёлы”. Дыплом лекара атрымаў у 1880 годзе – прычым дыплом з адзнакай (па-нашаму – “чыр-воны”). Але да 1885 года працягваў працаваць прасектарам кафедры фізіялогіі пад кіраўніцтвам прафесара Івана Тарханава.
Шырокае прызнанне і славу прынесла Цыбульскаму вынаходніцтва ім новага апарата для вымярэння хуткасці крыві ў сасудах – фотагематахометра. Па сутнасці, малады вучоны зрабіў рэвалюцыю ў даследа-ваннях руху крыві. Слава гэтага навуковага адкрыцця і вельмі добрыя водгукі аб ім мэтраў расійскай фізіялогіі Тарханава і Сечанава паспрыялі таму, што Напалеона Цыбульскага, як вельмі таленавітага вучона-га, нястомнага працаўніка, праўдалюбца і фізіёлага з вялікай будучыняй, запрасілі ўзначаліць кафедру фізіялогіі, гісталогіі і эмбрыялогіі Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. Гэтую прапанову ён атрымаў у 1885 годзе напярэдадні абароны доктарскай дысертацыі на тэму: “Даследаванні над хуткасцю руху крыві з дапа-могай фотагематахометра”. Пасля абароны дысертацыі Цыбульскі пераязджае ў Кракаў і ўзначальвае прапа-наваную кафедру, кіраваць якой ён будзе да самай сваёй смерці.
Даследаванні Цыбульскага былі настолькі значнымі, што па кансультацыю да яго ў свой час звярталіся Паўлаў, Ненцкі (будучы лаўрэат Нобелеўскай прэміі), Залескі і іншыя “зоркі” сусветнай фізіялогіі.
У 1887– 88 і 1895 – 96 гадах наш зямляк выконваў абавязкі дэкана лекарскага факультэта, у 1904 – 05 – рэктара, 1905 – 09 – прарэктара Ягелонскага ўніверсітэта.
Цыбульскі быў арганізатарам Кракаўскай фізіялагічнай школы. У 1887 годзе ён стаў членам-карэспандэнтам, а з 31 – дзеючым членам Акадэміі навук Польшчы. 
Цыбульскі – піянер польскай электраэнцэфалаграфіі і эндакрыналогіі. У 1895 годзе разам з Уладзіславам Шымановічам адкрыў гарманальную дзейнасць наднырачнікаў і выявіў адрэналін, даказаўшы, што гэты гармон самым непасрэдным чынам уплывае на вышыню крывянога ціску. Даклад на гэтую тэму ён зрабіў на пасяджэнні Акадэміі навук у Кракаве 4 лютага 1895 года.
Цыбульскі адным з першых у свеце ў 1890 годзе атрымаў запіс электраграфіі кары галаўнога мозгу.
Навуковы тандэм у складзе Напалеона Цыбульскага і Адольфа Бецка першым у свеце правёў даследаванні электраэнцэфалаграфічных хваляў. Цыбульскі адным з першых зарэгістраваў і апісаў хуткасць лінейнага крывацёку ў шыйнай і сцегнавой артэрыях. Стаў ініцыятарам правядзення ў Польшчы даследаванняў гіпнозу.
Неўзабаве пасля пераезду ў Кракаў прафесар Цыбульскі пачаў дабівацца новага будынка для размяшчэння кафедры фізіялогіі. У 1892 годзе пачалося, а ў 1895 завяршылася будаўніцтва гмаху Collegium Medicum – на вуліцы Гжэгорацкай, 16, у якім кафедра фізіялогіі Ягелонскага ўніверсітэта размяшчаецца і сёння.
У Цыбульскага было шмат вучняў і паслядоўнікаў, самым знакамітым з якіх стаў будучы нобелеўскі лаўрэат Адольф Бецк (1863 – 1942гг.), які пачаў асісціраваць прафесару яшчэ студэнтам. Разам з Цыбульскім Бецк апрацаваў падручнік па фізіялогіі, які быў надрукаваны ў 1915 годзе. Сярод больш чым 100 публікацый Цыбульскага ёсць і кніга пад назвай “Аб гіпнатызме з пункту гледжання фізіялагічнага становішча”, асноўныя палажэнні якой прыводзяць да высновы, што менавіта яму належыць ідэя “ўплыву падсвядомасці” – і значыць, Цыбульскі ў гэтым накірунку апярэдзіў знакамітага Фрэйда.
Апроч медыцыны, Цыбульскі жыва цікавіўся грамадскім жыццём і напісаў на гэтую тэму нямала манаграфій і артыкулаў. Ён быў рашучым прыхільнікам дапушчэння жанчын да навучання ў вышэйшых медыцынскіх установах. Разам з Ода Буйвідам у 1891 годзе Цыбульскі арганізаваў у Кракаве першую жано-чую гімназію.
Памёр Напалеон Цыбульскі 26 красавіка 1919 года ў сваім кабінеце ў Інстытуце фізіялогіі – ад інсульту.
Пасмяротна быў узнагароджаны Камандорскім Крыжам Orderu Polonia Restituta.


Падрыхтавала і пераклала з польскай мовы Ганна ЧАКУР.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений