Выспяваная смерць Льва Дабжынскага

16:50 / 08.02.2011
8517

74 гады назад – 20 лістапада 1937 года – грымнуў той ракавы стрэл, які абарваў жыццё слыннага мастака Льва Дабжынскага.


Абарваў на ўзлёце – Леў толькі-толькі выйграў агульнапольскі конкурс мастакоў і атрымаў у якасці прыза стыпендыю для вучобы ў Парыжы. За некалькі дзён да ад’езду ў Францыю шчаслівы і поўны надзей ён завітаў у радавы маёнтак у Лошу. Жыццё бачылася ў ружовым колеры. І раптам…
…Трое сутак паліцыя не дазваляла хаваць Льва – абставіны, у якіх яны знайшлі загінуўшага, не адпавядалі агульнай карціне самагубства. “Браўнінг не так ляжаў, – расказала мне некалі жыхарка вёскі Лоша, якая памятала тую гісторыю. – Ён быў падкінуты, а не выпаў з рукі Лёвы. Трое сутак ля яго труны сядзелі жыхары вёскі – маліліся, спявалі жалобныя песні. Лёву ў нас вельмі любілі – ён быў просты, хоць і з паноў. Да кожнага ставіўся з павагай. А заступіцца за яго не было каму – сястра Надзя была яшчэ непаўналетняй, а маці… Пагаворвалі, што забіў яго палюбоўнік барыні… Такі Расальскі… За лес ці за нейкія там грошы… Ніхто не верыў у самагубства, але паколькі забойства не даказалі, пахавалі Лёву, як самагубцу – за плотам агароджы капліцы. Гэта сёння агароджу аднеслі далей, і помнік – атрымалася – стаіць ля капліцы, а тады…”.


…Нядаўна мне давялося пабываць у Беластоку – у даўняга сябра Астравеччыны прафесара Беластоцкага ўніверсітэта Гэлены Глагоўскай. І Лена паказала трохтомнік з, на першы погляд, цалкам агранамічнай назвай “Дамы і агароды” – успаміны Барбары Хонвальт–Кастэцкай, пляменніцы знакамітага мастака Кузьмы Чурылы – сябра і сакурсніка Льва Дабжынскага.
Старонка 171-ая першага тома вартая таго, каб быць перадрукаванай у нашай газеце:
–Бабця Медынска і дзядзька Кузьма ведалі таксама песню Лёўкі Дабжынскага, сябра маіх бацькоў з факультэта жывапісу ў Вільні.
Леў Дабжынскі, расіянін, загінуў трагічна ў радзінным маёнтку на Віленскіх Крэсах. Афіцыйная прычына смерці: самагубства. Але ў гэта цяжка было паверыць ягоным сябрам і сяброўкам з універсітэта, якія – у роспачы – прыехалі на пахаванне ў гэтую згубленую сярод лясоў вёску. Па ўспамінах маёй мамы (у той час – Басі Шапувны) – двор Дабжынскіх быў цёмным, панурым, цяжкія цені густапасаджаных дрэў “дзікага” парку не дазвалялі сонцу заглянуць у вокны незлічоных пакояў дома.
Горыч памінак. Глухія ўсхліпы маці. І тая “Песня Лёўкі”, якую ён так часта любіў спяваць. Песня-Прадчуванне?
“Ох, умру я – умру…
Похоронят меня.
Да никто не узнает.
Где могила моя…


Да никто не узнает
И никто не придёт,
Только ранней весною
Соловей запоёт.


Пропоёт – промелькнёт,
Да опять пропоёт,
На могилу, да на мою
Никто не придёт…”
У Лёўкі быў цудоўны голас. Ён наогул быў вельмі таленавітым мастаком і цудоўным чалавекам – яго любілі ўсе аднакурснікі. Яго смерць (выспяваў яе сабе?) – жыўцом вырваная з аповесці або казання…
Праўда ўрэшце выплыла: пануры, пазіраючы ваўком упраўляючы маёнтка, паводле слоў маёй мамы: высокі, цемнавалосы мужчына, выспаведаўся ў здзейсненым забойстве бацюшку, а неўзабаве павесіўся ў парку пры двары. Забіў з зайздрасці і разліку: кахаў маці Льва Дабжынскага, прагнуў валодаць іх зямлёй, хацеў быць адзіным гаспадаром. Але сумленне не дазволіла яму жыць спакойна пасля здзейсненага злачынства.”
…У адным любімая песня Льва ўсё ж  памылілася – дарожка да яго магілы не зарасла і сёння. І памяць пра таленавітага мастака працягвае жыць.


Падрыхтавала  Ганна ЧАКУР.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений