Да 70-годдзя "Астравецкай праўды"

10:02 / 02.02.2011
9378
Яны пісалі гісторыю

У гэтым годзе “Астравецкая праўда” будзе адзначаць сваё 70-годдзе. Дзякуючы нястомнаму даследчыку гісторыі Астравеччыны  прафесару Адаму Восіпавічу Мальдзісу мы  ведаем, што першы нумар раённай газеты  выйшаў 29 мая 1941 года і быў падпісаны рэдактарам С. Грышчанкам. Называлася яна ў духу часу – “Бальшавіцкі арганізатар”.
Шкада, што няма магчымасці паказаць чытачам хаця б фотакопію таго першага ці аднаго з астатніх сямі нумароў “...арганізатара”, назваць  імёны тагачасных журналістаў. Але мы можам пазнаёміць чытачоў з газетчыкамі пасляваеннага і наступных пакаленняў, для чаго маем намер падрыхтаваць цыкл публікацый з гісторыі друкаванага слова на Астравеччыне. Першы артыкул прапануем вам сёння.


Такім чынам, першы пасляваенны нумар раённай газеты  “Сталінская праўда” выйшаў у свет 2 верасня 1944 года, на рускай мове. Рэдагаваў яго Мікалай Сяргеевіч Беркутаў, які прыйшоў  на Астравеччыну  ў якасці камандзіра 16-й Смаленскай партызанскай брыгады і застаўся, каб выканаць адказнае даручэнне – аднавіць выхад раённай газеты.
Нарадзіўся Мікалай Сяргеевіч 20 жніўня 1922 года ў  вёсцы Гурэц Чашніцкага (да вайны – Халапеніцкага) раёна Віцебскай вобласці. Паспеў папрацаваць  настаўнікам у  Гурэцкай няпоўнай сярэдняй школе. Паводле архіўных дадзеных, з 1941 па 1943 год  быў партызанскім сувязным, а затым пайшоў у атрад...
 Аб чым думаў учарашні партызанскі камандзір, сеўшы на мулкае крэсла ў сціплым рэдакцыйным  кабінеце і схіліўшыся над гранкамі першага нумара? Гледзячы сёння на чацвярцінку друкаванага ліста фармату газеты “Праўда”, думаеш: запоўніць такую газетную плошчу —  прасцей простага: набраў звесткі з фронту аб чарговай перамозе Чырвонай Арміі, якая спяшаецца дабіць фашысцкую гадзіну ў яе ўласным логаве. Дадаў актуальную пастанову райкама партыі ці рашэнне райвыканкама па жыццёва важнаму пытанню... Такой  напачатку і была “Сталінская праўда” – суха афіцыйнай, запоўненай зводкамі  Савінфармбюро. Адзінай крыніцай інфармацыі, паколькі ні радыё, ні тым больш тэлебачання ў раёне не было. І штат рэдакцыі ў асобе рэдактара павінен быў пастарацца, каб газета ў час трапіла да чытача... Каб закончыць аповед пра лёс М.С. Беркутава, звернемся да раённай кнігі “Памяць”. Пасля таго, як на пасадзе рэдактара Беркутава змянілі больш маладыя і падрыхтаваныя кадры, ён некаторы час працаваў дырэктарам школы ў Лепелі і Крупках. Пра свой удзел у партызанскай барацьбе Мікалай Сяргеевіч напісаў кнігу “Ой, бярозы ды сосны...”, некалькі газетных артыкулаў. Памёр у кастрычніку 1991 года, пахаваны ў Мінску на Паўночных могілках.
У фондах Лідскага занальнага архіва захоўваецца, на жаль, няшмат дакументальных сведчанняў з гісторыі нашай газеты. У прыватнасці, мне пашанцавала знайсці спісы  работнікаў рэдакцыі за 1945 – 46 гады. Рэдактарам   ужо значыцца Міхаіл Іосіфавіч Гарбаценка, 1921 года  нараджэння, член ВКП(б). Біяграфічныя звесткі пра яго скупыя: да вайны вучыўся на педкурсах, падчас нямецка-фашысцкай акупацыі жыў з бацькамі ў Полацкім раёне, дапамагаў ім па гаспадарцы. Падтрымліваў сувязь з партызанскім атрадам.
Машыністкай і адначасова  рахункаводам працавала Антаніна Іванаўна Качан. Ёй было дваццаць гадоў, да вайны скончыла Гарадзецкую няпоўную сярэднюю школу ва Ушацкім раёне. Штат друкарні складалі  сямнаццацігадовая Вера Ігнатаўна Андраловіч  — друкарка, яе равесніцы Марыя  Сцяпанаўна Бразевіч, Надзея Быкава і Геня  Іванаўна Саўко – наборшчыцы ручнога набору (пра машынны тады нават не марылі). Ніна Вікенцьеўна Дарашкевіч была кур’ерам-прыбіральшчыцай, а бацька Марыі Бразевіч Сцяпан Казіміравіч – вартаўніком. Крыху пазней друкарня займела дырэктара – Марыю Іосіфаўну Стулаву. Да вайны яна, жонка вайскоўца, жыла на ўтрыманні мужа, у вайну працавала ў калгасе  ў Куйбышаўскай вобласці – відаць, знаходзілася ў эвакуацыі. У тым жа спісе сустракаем новае імя – Кацярына Мікалаеўна Жаваранак, наборшчыца. Родам з Ушаччыны, зусім юная, шаснаццацігадовая.
Змяніўся рахункавод (у цяперашнім разуменні – бухгалтар) рэдакцыі – ім у 1946 годзе працаваў Іван Іванавіч Шпіронак, таксама выхадзец з Ушацкага раёна.
Сярод архіўных дакументаў знайшла звесткі аб заработнай плаце супрацоўнікаў рэдакцыі. Так, аклад   рэдактара складаў 950  дарэформенных рублёў. Пасля вылічэння падаходнага падатку, падпіскі на дзяржаўны заём, розных узносаў на рукі выдавалася 574 рублі 50 капеек. Аклад адказнага сакратара – 750 рублёў, “чыстымі” – 470. Якая была пакупніцкая вартасць гэтых грошай, старэйшыя людзі, напэўна, памятаюць.
Як бачым, да выпуску раённай газеты ў першыя пасляваенныя гады дачыніліся  і мясцовыя людзі. Мажліва, нехта з іх жыве і зараз, або ў раёне жывуць іх дзеці, браты, сёстры, якія памятаюць тыя часы і не супраць падзяліцца ўспамінамі з рэдакцыяй. Адгукніцеся, калі ласка!



Успомніць усіх пайменна

Час хуткаплынны. З кожным пасляваенным годам мяняецца да лепшага жыццё людзей. Мяняецца і газета. З 25 мая 1947 года  “Сталінская праўда” пачала выходзіць на беларускай мове, а з 1 ліпеня 1956-га – пад цяперашняй назвай – “Астравецкая праўда”.


Зноў хачу звярнуцца да дакументальных сведчанняў, здабытых у Лідскім занальным архіве. Яны сведчаць, што ў 1950 годзе нашу раёнку рэдагаваў Пётр Андрэевіч Суткаленка. Аднак  нядоўга – неўзабаве быў пераведзены на пасаду загадчыка аддзела сельскай гападаркі ў “Гродненскую правду”, а пазней узначаліў  аддзел партыйнага жыцця ў газеце “Советская Белоруссия”. Пётр Андрэевіч быў выбітным публіцыстам свайго часу, яго матэрыялы часта  з’яўляліся ў цэнтральнай партыйнай газеце “Правда”.
Адказным сакратаром рэдакцыі ў той час працавалі спачатку Васіль Яфімавіч Груздзеў, затым –Яўген Пятровіч Барысюк. Рахункаводам быў Пётр Ігнатавіч Федарук, прыбіральшчыцай – Ядвіга Іванаўна Васільчык. Набіралі газетныя палосы Нэлі Вікенцьеўна Казакевіч, Ганна Сямёнаўна Леановіч, Уладзімір Міхайлавіч Масевіч, друкавалі – Марыя Якаўлеўна Суткаленка і Людміла Мяфодзьеўна Пелюхава. Нядоўгі час, літаральна пару месяцаў, у друкарні “Астравецкай праўды” працаваў класны наборшчык – меў самы высокі 8 разрад – Пётр Пятровіч Левітан. На жаль, невядома, якім чынам апынуўся ён тут, мажліва, прыехаў наладжваць друкарскую справу ці навучаць наборшчыкаў.
На наступны год газету падпісваў ужо Аляксандр Рыгоравіч Хілько. Франтавік, па водгуках супрацоўнікаў, чалавек душэўны, вясёлы, таварыскі, але надзвычай патрабавальны да ўсяго, што тычылася газеты. Разам з ім у рэдакцыі ў той і наступныя гады  працавалі Павел Філімонавіч Падворны, Уладзімір Іосіфавіч Царэвіч, Васіль Сямёнавіч Шкаеў, Валянціна Паўлаўна Налівайка, Ірына Юр’еўна Палер, Яўген Мікалаевіч Кулакоў. Пазней А.Р. Хілько і В.С.Шкаеў выехалі ў г.Вілейка Мінскай вобласці, працавалі ў мясцовай раённай газеце, кожны ў свой час з’яўляўся яе рэдактарам. Абодвух ужо няма ў жывых, пахаваны ў Вілейцы.
 У 1952 годзе ў рэдакцыі на  пасадзе бухгалтара пачынае працаваць Іван Сафонавіч Странчанка, які аддасць “Астравецкай праўдзе” амаль сорак гадоў жыцця і пойдзе на заслужаны адпачынак з пасады карэктара. Свой уклад у выпуск “Астравецкай праўды” ўнеслі ў свой час Мікалай Іосіфавіч Савіч – адказны сакратар (1953 год) і Соф’я Канстанцінаўна Дзембавецкая – бухгалтар (1954 – 1962 гады).
З 1 снежня 1956 года раёнка пачала друкавацца на чатырох старонках фармату А-3. А ў 1957 годзе прыходзіла да чытача ўжо тройчы на тыдзень.
Пазней “Астравецкую праўду” рэдагаваў  В. Таранда, але – нядоўга: у 1962 годзе Астравецкі раён расфармавалі, а газету закрылі. Нейкі час выходзіла толькі раённае радыё, на якім працаваў Яўген Мікалаевіч Кулакоў.
Сённяшнім супрацоўнікам, на чыіх сталах стаяць персанальныя камп’ютары, а газета вярстаецца на настольным выдавецкім комплексе, цяжка ўявіць, што ў 1957 годзе абсталяванне друкарні складалася з плоскадрукавальнай і паперарэзальнай машын, касы-рэала, у ячэйках якой змяшчаліся літары шрыфтоў і наборныя матэрыялы – набор жа вёўся ўручную. У рэдакцыі меліся адзін канторскі стол, канапа, шафа, радыёпрыёмнік, дзве партатыўныя пішучыя машынкі, фотаапарат ФЭД. Месціліся рэдакцыі і друкарня з усім “начыннем” у невялікім драўляным дамку па вуліцы Валадарскага.


Таіса СЯМЁНАВА.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений