Дакрануцца да мінулага

17:16 / 13.05.2010
1

Вясна. Археолагі зноў прыехалі на Астравеччыну. Толькі на гэты раз у больш узмоцненным складзе. Мы ж напомнілі ім аб дадзеным слове і папрасілі расказаць аб знаходках і далейшых планах археалагічных даследаванняў на тэрыторыі раёна загадчыка аддзела археалогіі, кандыдата гістарычных навук
Вадзіма Леанідавіча ЛАКІЗУ.


Аб папярэдняй рабоце
– Археалагічнае вывучэнне Астравеччыны пачалося не з рыдлёвак і раскопак, а з вывучэння пісьмовых гістарычных крыніц. Перш чым прыехаць сюды, мы “пералапацілі” велізарную колькасць архіўных дакументаў. Падключылі да гэтай справы вядомых у краіне спецыялістаў. У выніку сабралі каштоўнейшыя звесткі не толькі аб тых населеных пунктах, што знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад пляцоўкі АЭС – такіх як Варняны, Гервяты, Газа, Бабраўнікі – але і аб паселішчах, якія знаходзяцца уздоўж будуемай дарогі. Яна, як вядом, а ад Газы ідзе да Ашмян. Таму ў поле нашай увагі трапіў не толькі Астравецкі раён, а і Ашмянскі.



Вадзім Леанідавіч Лакіза

«Гэта сапраўды цуд!»
– Археолагаў звычайна чысціня не радуе, а засмучае. Праўда, першазданная чысціня, з гістарычнай кропкі погляду, пляцоўкі АЭС нас неймаверна ўзрадавала! Мы абышлі яе ўздоўж і ўпоперак, зрабілі шурфы – і не знайшлі ніякіх прыкмет чалавечай дзейнасці на гэтай тэрыторыі ў мінулым! Таму ў гістарычным плане дадзеная пляцоўка не ўяўляе абсалютна ніякай каштоўнасці.
Затым прайшлі ўздоўж дарог, якія будуюцца. Спачатку ўздоўж аўтамабільнай, затым – чыгуначнай. Дарэчы, Закон Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”, а таксама шэраг пастаноў Савета Міністраў дазваляюць навукоўцам праводзіць свае даследаванні як на перадпраектным этапе, так і на праектным і нават на этапе непасрэднага выканання будаўнічых работ.
Вось тут, ля будуемай аўтадарогі, нас чакала сапраўднае адкрыццё! Непадалёк ад яе мы выявілі старажытнае гарадзішча. Гэта ўнікальная знаходка. Сапраўдны цуд! Шурфаванне дае падставу меркаваць аб багацейшай насычанасці культурнага пласта. Культурны слой – гэта пласт зямлі, які ўтрымлівае рэшткі прылад працы, посуду, жытла… Усяго таго, чым чалавек карыстаўся на працягу свайго жыцця. Калі пасяленне існавала стагоддзі, уяўляеце, аб якой колькасці гістарычных артэфактаў можа ісці гаворка? Вельмі добра, што дарога праходзіць побач з гэтым аб’ектам. Па-першае, можна не спяшацца з даследаваннем. А па-другое, блізкасць шляхоў зносін можа ператварыць гэтае месца ва ўнікальную кропку турыстычнага маршруту. Толькі, зноў-такі, я б не хацеў гэтае месца шырока афішыраваць. Усяму свой час. Хутка пачнем работу – тады і адкрыем усе сакрэты.


Новы старажытны горад?
– Другая, і таксама надзвычай цікавая, знаходка чакала нас у самім Астраўцы. Тут на месцы будучага жылога мікрараёна, ля рэчкі Кавалёўка, мы знайшлі прыкметы старажытнага чалавечага пасялення. Па папярэдніх дадзеных, гаворка можа ісці аб сярэдневяковым пасяленні. Сама пазней – семнаццатага стагоддзя. А мажліва, нават і дзесятага-адзінаццатага. Знайшлі мы тут і некалькі крэмніевых прылад. Яны, як вядома, выкарыстоўваліся ў эпоху каменнага веку. Гэта значыць — некалькі тысяч гадоў таму назад. Калі нашы здагадкі пацвердзяцца далейшымі даследаваннямі – будзем толькі рады. Раскопкі пакажуць. Увогуле, месца гэта вельмі перспектыўнае. На беразе рэчкі, на невялікім мысе… Старажытныя людзі вельмі часта выбіралі для жыцця такія месцы.
Гэту пляцоўку мы абазначылі і да завяршэння раскопак забаранілі праводзіць тут будаўнічыя работы.


Што далей?
– Археалагічныя раскопкі – досыць складанае і карпатлівае навуковае даследаванне. Праводзіць яго могуць толькі спецыялісты, якія атрымалі адпаведны дазвол.
Пачынаецца ўсё з правядзення так званай разведкі – папярэдняга вывучэння тэрыторыі.
На другім этапе праводзяцца ўласна самі раскопкі. Вызначаецца пляцоўка раскопу. Звычайна гэта 100 – 200 квадратных метраў. Яна, у сваю чаргу, таксама разбіваецца на квадраты – метр на метр. Здымаецца паверхневы слой зямлі — да пачатку культурнага пласта. У дачыненні да пляцоўкі ля ракі Кавалёўка гэта 40 – 50 сантыметраў. На гэтай глыбіні пачынаецца культурны слой сярэдневяковага пасялення. Затым кожны квадрат раскопваецца пластамі таўшчынёй па 10-15 сантыметраў. Зачышчаецца. Абавязкова фатаграфуецца. Усё знойдзенае апісваецца, заносіцца ў спецыяльны каталог. І так да заканчэння культурнага пласта. Работа складаная, у тым ліку і фізічна. Але вельмі цікавая. Спадзяёмся, што знойдзем у Астраўцы добраахвотных памочнікаў, аматараў гісторыі і археалогіі. Ужо звярнуліся ў аддзел адукацыі з просьбай аб дапамозе з боку школьнікаў. Мы ж абяцаем арганізаваць лекцыі, практычныя заняткі для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю.


Музей папоўніцца
– Сэнс археалагічнага даследавання, па-першае, у вывучэнні, а па-другое, у практычным прымяненні атрыманых ведаў. Наша галоўная задача – “зрабіць” навуку. Але мы яшчэ маем на мэце, каб гэтыя навуковыя веды былі перапрацаваны ў навукова-папулярныя. Сэнс нашай працы і ў тым, каб жыхары Астравецкага раёна ведалі, разумелі, шанавалі тую багатую гісторыю, якая ў іх ёсць. А ў тым, што яна багатая, я не сумняваюся! Ва ўсіх даследаваннях, якія мы праводзім, археалагічны матэрыял пасля навуковай апрацоўкі стараемся перадаць туды, дзе ён павінен быць. Паколькі працаваць будзем на тэрыторыі Астравеччыны, значыць матэрыялы павінны застацца тут. Стаць часткай нейкай экспазіцыі, музейнага пакоя ці музея. Каб людзі мелі магчымасць яго ўбачыць, каб можна было прывесці туды сына, унука і сказаць: так жылі нашы продкі. Адсюль – твае карані… Таму, калі ў Астраўцы пачнецца стварэнне гістарычнага музея, мы акажам любую дапамогу. Ад кансультацый – і не толькі археолагаў, а і іншых супрацоўнікаў нашага інстытута – да практычнай дапамогі. Мы абяцаем перадаць у музейную экспазіцыю археалагічны матэрыял – ад першабытнага ладу да эпохі сярэднявечча. Дапаможам іншымі гістарычнымі матэрыяламі і дакументамі.
А мы, жыхары Астравеччыны, – тым больш! Таму пажадаем навукоўцам новых адкрыццяў – і будзем чакаць ад іх новых звестак аб гісторыі нашага краю.
Зрэшты, адным толькі чаканнем можна і не абмяжоўвацца. Калі ёсць жаданне і дазваляе час, да нашай мінуўшчыны можна дакрануцца і ўласнаручна. Толькі не самастойна! Гэта, як кажуць, ужо іншая гісторыя…


Эдуард СВІРЫД.