Вайны мінулай партызаны

10:32 / 30.04.2010

Тады, амаль 70 гадоў назад, на барацьбу з агрэсарам падняўся ўвесь беларускі народ. Лясныя мсціўцы не давалі акупантам спакою ні днём, ні ноччу. Дастаткова сказаць, што ўжо ў жніўні 1942 года партызанская група Фёдара Маркава і Сяргея Пронькі ліквідавала паліцэйскі ўчастак і ахоўваемы ім сепаратарны пункт у вёсцы Клюшчаны Астравецкага раёна. Байцы атрада імя Неўскага вывелі са строю рад аб’ектаў, якія працавалі на фашыстаў: кардонную фабрыку ў Альхоўцы, спіртзавод у Палянах, маслазавод у Кямелішках.
3 ліпеня 1944 года партызаны брыгады імя ЦК КПБ вызвалілі г.п. Астравец і чыгуначную станцыю Гудагай. 6 ліпеня яны сустрэліся з часцямі 144-ай стралковай дывізіі Чырвонай Арміі.
Партызаны 16-ай Смаленскай брыгады атрымалі баявое заданне аднавіць мост праз Вілію ў вёсцы Міхалішкі, які быў разбураны падчас бамбардзіроўкі. Партызаны ўзвялі наплаўную пераправу праз Вілію і забяспечылі армейскім часцям дарогу на Вільнюс.





Канешне, мы не былі кадравымі ваеннымі, але паспяхова змагацца з ворагам нам дапамагала гарачае жаданне вызваліць Радзіму ад акупантаў. Мы не шкадавалі ні сіл, ні нават свайго жыцця ў барацьбе з фашыстамі. Многія з нас не дажылі да шчаслівага Дня Перамогі, але памяць пра іх подзвіг жыве і будзе жыць у людской памяці.
З кожным годам нас, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, застаецца ўсё менш, але пакуль жывы хоць адзін з нас, мы не дазволім ганьбіць наша агульнае імя – Беларускі партызан. За свяшчэннае права насіць гэтае імя мы заплацілі ўласнай крывёй.


Зоя БЫСТРОВА,
Аляксандра ЛІПСКАЯ,
Анастасія ДАВЫДАВА.