Да юбілею Казіміра Сваяка: новыя знаходкі Івана Драўніцкага
 З дакументамі ў руках я вырашыў падзяліцца з чытачамі “Астравецкай праўды” часткай жыццёвага шляху знакамітага земляка.
З дакументамі ў руках я вырашыў падзяліцца з чытачамі “Астравецкай праўды” часткай жыццёвага шляху знакамітага земляка.
Дакумент “Метрычная выпіска аб нараджэнні і хрышчэнні Канстанціна Стэповіча” за подпісам ксяндза Бародзіча сведчыць, што немаўля хрысціў 10 лютага 1890 года па старому стылю ксёндз пробашч Іаан Галіч, а кумамі былі мешчанін Іван Жванскі і Петрунэля Ілюковіч.
З наступнага  дакумента “Атэстата сталасці выпускніка Свенцянскага 3-класнага вучылішча” даведваемся, што тут ён займаўся з 1902 года і вывучаў Закон Божы, рускую і царкоўна-славянскую мову, арыфметыку, геаметрыю, прыродазнаўства, фізіку, гісторыю, геаграфію, чыстапісанне, чарчэнне, маляванне і спевы. Пасля вучылішча пачалася падрыхтоўка да паступлення ў духоўную семінарыю.
Вось як апісвае гэты перыяд жыцця К. Стэповіча ў артыкуле “Айцец Язэп Германовіч – жыццё і творчасць” біскуп Часлаў Сіповіч. (Часопіс “Божым шляхам”, Лондан, 1964, №92): “Перш, чым быў прыняты фармальна ў Віленскую  каталіцкую духоўную семінарыю, Язэп Германавіч тры гады разам з Кастусём Стэповічам кватаруюцца і вучацца ў Вільні ў сясцёр Шаблоўскіх. Хваробы і матэрыяльныя нястачы не збіваюць юнакоў з выбранага шляху: абодва Германовіч і Стэповіч вучацца, здаюць экзамены і, урэшце, паступаюць у Віленскую семінарыю”.
 Яшчэ ў гэты час К. Стэповіч правярае сваё прызванне: дакумент “Пасведчанне” канстатуе, што ён 16 кастрычніка 1907 года ў Іспытальным  Камітэце пры Санкт-Пецярбургскай вучэбнай акрузе здае дадатковыя экзамены па  алгебры, французскай і лацінскай  мовах і атрымлівае пасведчанне на званне аптэкарскага  вучня.
Яшчэ ў гэты час К. Стэповіч правярае сваё прызванне: дакумент “Пасведчанне” канстатуе, што ён 16 кастрычніка 1907 года ў Іспытальным  Камітэце пры Санкт-Пецярбургскай вучэбнай акрузе здае дадатковыя экзамены па  алгебры, французскай і лацінскай  мовах і атрымлівае пасведчанне на званне аптэкарскага  вучня.
І ўрэшце 24 красавіка 1908 года паспяхова здае экзамены і паступае  навучэнцам Віленскай Рымска-Каталіцкай Епархіяльнай Семінарыі.
Пра  атмасферу ў той час у семінарыі далей піша біскуп Часлаў Сіповіч:
“Семінарыя  гэта, хаця і знаходзілася ў той час пад началам Архібіскупа Эдварда Ропа, вядомага сваёй прыхільнасцю да беларускай мовы ў  святынях, аднак з-за таго, што ён  адсутнічаў у Вільні і з-за перавагі польскіх прафесароў, дух у семінарыі быў  нацыянальна нездарова польскі. Нягледзячы на гэта, выйшла з яе  паважаная большасць вядомых беларускіх святароў… Усе яны папрацавалі шмат для беларускага духоўнага адраджэння”.
Прыпісное  пасведчанне ад 10 мая 1908 года дае магчымасць уявіць постаць і партрэт паэта-святара. Рост 2 аршыны і 5 вяршкоў (аршын – 72,12 см, вяршок – 4,4 см, значыць, рост К. Стэповіча быў каля 1,70 метра),  валасы і бровы русыя, вочы блакітныя, нос і рост умераныя, падбародак і твар круглыя, асаблівых  прыкмет няма, занятак – вучоба. У 1911 годзе ён падлягаў адбыванню вайсковай павіннасці.
Іван ДРАЎНІЦКІ.
 
  
								 
								 
								