Франтавік, старшыня, ветэран

16:12 / 23.04.2010

Нядаўна ветэран Вялікай Айчыннай вайны і працы Андрэй Андрэевіч Галагаеў адзначыў сваё 90-годдзе.
Лёс закінуў яго на Астравеччыну ў 1960 годзе – з той пары жыццё гэтага чалавека прысвечана нашаму раёну, які стаў яму другой радзімай.

– Родам я з вёскі Шнараўка Шклоўскага раёна з сялянскай сям’і. У сем гадоў застаўся без бацькі, – расказвае Андрэй Андрэевіч. – Жылі з маці, нас у яе было двое: я і брат Віктар. З дзяцінства былі прывучаны да працы, ведалі, як і што трэба рабіць па гаспадарцы. Пасля вопыт, назапашаны ў раннія дзіцячыя гады, спатрэбіўся мне ў дарослым жыцці.
Пасля заканчэння школы ўладкаваўся на чыгунку, працаваў памочнікам машыніста паравоза. А восенню 1940 прызвалі ў армію – служыць давялося ў Пскове ў танкавых войсках. А першыя дні вайны сустрэў у Карэла-Фінскай АССР. Вясной 1941 года нашу часць перакінулі на Паўднёвы фронт, пад Харкаў. Удзельнічалі ў баях за Стары і Новы Аскол – тады мы пацярпелі паражэнне і былі разбіты. Але сфарміравалі новую часць – і кінулі нас на Дон. Пераправіліся на пароме ў бок Сталінграда – і атрымалі мы загад трымаць абарону.
Самыя складаныя і цяжкія баі, у якіх мне прыйшлося ўдзельнічаць, былі пад Харкавам і Сталінградам. Наступалі вельмі энергічна, але страты таксама неслі вялікія. Самым цяжкім выпрабаваннем была смерць аднапалчан. Як цяпер помню: пад Мядзвежагорскам трапілі ў акружэнне, а каб выбрацца, трэба было разведаць агнявыя кропкі ворага. Пайшлі ў разведку, у наш танк трапіў снарад – заклініла вежу. Група перасела ў другі танк, а мне, як вадзіцелю, прыйшлося застацца ў сваім. У той дзень пашанцавала – я застаўся жывы, а мае сябры, якія пераселі ў другі танк, загінулі. Увогуле на вайне вельмі важна, калі побач ёсць сапраўдныя сябры. Быў выпадак, калі мяне выцягнулі з палаючага танка – а маглі ж кінуць і пабегчы, ратуючы сваё жыццё.
Баі ішлі сур’ёзныя. Але доўга ваяваць мне не прыйшлося – атрымаў раненне ў абедзве рукі. Усе шляхі адступлення былі адрэзаны – застаўся толькі адзін: па Волзе на Сызрань.
З таго часу жыццё Андрэя Андрэевіча працякала ў Барнауле – спачатку шпіталь, а потым праца. Толькі ў снежні 1946 года вярнуўся ён на радзіму, у Шклоў. Закончыў курсы бухгалтараў у Магілёве і па накіраванні трапіў у Свірскі раён. Працаваў спачатку бухгалтарам, вызваленым сакратаром партыйнай арганізацыі, кіраўніком саўгаса “Падольскі”.






– У 1960 годзе мяне прызначылі старшынёй калгаса “Радзіма” на Астравеччыне. Да гэтага часу ў мяне ўжо была сям’я, таму ў Гервяты прыехаў не адзін, – працягвае Андрэй Андрэевіч. – Калгас “Радзіма” сустрэў мяне непрыветна. Не ў тым сэнсе, што людзі былі няветлівыя – гаспадарка знаходзілася на апошнім месцы ў раёне. У спадчыну засталіся толькі даўгі. Два гады калгаснікі амаль не атрымлівалі зарплаты, у бухгалтэрыі ляжалі толькі неаплачаныя ведамасці. Агульны доўг калгаса складаў 1 мільён 570 тысяч рублёў. Ураджайнасць і пагалоўе жывёлы былі нізкімі, не кажучы пра надоі.
Неабходна было выцягваць калгас з нястачы. Іншым часам прыходзілася ісці на хітрасці, за якія атрымліваў вымовы. Але ў такіх выпадках для мяне на першым месцы стаяла пытанне дабрабыту людзей. Калі прыйшоў у калгас, вырашылі заняцца вырошчваннем лёну: вырасцілі, здалі, атрымалі грошы і раздалі людзям. Загадчыца банка раскрыла нашы «махінацыі» і далажыла ў вобласць. Выклікалі ў райвыканкам – далі вымову.
Прыходзілася ісці на такія вось парушэнні, каб людзі мне паверылі: я, кіраўнік, абяцаў ім вывесці калгас з нястачы – і трэба было выконваць дадзенае слова.
У калгасе выдзелілася вузкая спецыялізацыя. Спачатку гэта была шматгаліновая гаспадарка: вырошчвалі курэй, авечак, свіней, кароў. З часам пачалі займацца адкормам буйной рагатай жывёлы. З гэтага і пачалося развіццё гаспадаркі.
– Мы своечасова ўхапіліся за гэтую справу. Нягледзячы на тое, што калгас быў невялікі, займаў толькі 200 гектараў зямлі, мы пастаўлялі 30 працэнтаў раённага мяса. Былі, канешне, перыяды, калі не ўсё ўдавалася, – у адзін год адбыўся паморак жывёлы. Па нявопытнасці ўвялі ў корм зашмат мачавіны – і 40 галоў давялося дарэзаць. Якасць мяса атрымалася ніжэйшага гатунку і, адпаведна, цана на яго – таксама. А гэта ўжо страты для калгаса. Але цяжкасці заўсёды сустракаюцца ў жыцці. Без гэтага нельга – наадварот, іх трэба вучыцца пераадольваць, толькі тады гаспадарка будзе развівацца.
Паціху калгас вылазіў з даўгоў, людзі пачыналі разумець, што можна працаваць у калгасе і добра жыць, атрымлівалі прэміі і ўзнагароды, пачыналі верыць старшыні і ў свае сілы. Усё часцей і часцей калгас “Радзіма” пачаў займаць першыя месцы ў сацспаборніцтвах, удзельнічаў у ВДНГ. Праз дзесяць гадоў пасля таго, як гаспадарку ўзначаліў Андрэй Андрэевіч, калгас увайшоў у лік лепшых гаспадарак раёна. Ужо ў 1971 годзе даход, які атрымала гаспадарка, стаў такім жа, як у першы год – яго даўгі: ён склаў 1 мільён 882 тысячы рублёў.
– З прыходам Андрэя Андрэевіча сітуацыя змянілася не толькі ў калгасе, але і ў школе, – успамінае тагачасны дырэктар Гервяцкай школы Эдуард Міхайлавіч Пяткевіч. – Змяніўся жыццёвы ўзровень насельніцтва і школьныя пытанні сталі вырашацца нашмат лягчэй. Дзякуючы настойлівасці і энергіі старшыні, яго мэтанакіраванасці і верным памочнікам, якія заўсёды былі побач, з году ў год калгас дабіваўся новых вяршынь. Андрэй Андрэевіч зарэкамендаваў сябе як чалавек справы і працы.
– У калгаса з’явіліся грошы, – працягвае Андрэй Андрэевіч. – За іх можна зрабіць многае. Але часы тады былі такія, што грошы меліся, а вось што купіць за іх? Будматэрыялы былі ў вялізным дэфітыце. Тым не менш пабудавалі комплекс па адкорму буйной жывёлы, мехдвор, набывалі новую тэхніку – аблегчылі працу сялян. Цяпер цяжка ўявіць, як гаспадаркі спраўляліся без тэхнікі – усё рабілі ўручную: касілі, грэблі, раздавалі кармы. Тады ж дзякуючы механізацыі працы гаспадарка па даходнасці стала першай у раёне.
Кадравая палітыка – накірунак, якому Галагаеў удзяляў асаблівую ўвагу. Вакол Андрэя Андрэевіча сабраліся аднадумцы, верныя памочнікі і сябры.
– З маім галоўным аграномам Сігізмундам Сігізмундавічам Валуевічам і яго жонкай Таццянай Рыгораўнай, якая працавала у нас бухгалтарам, мы пазнаёміліся ў Гродзенскім аграрным інстытуце. Запрасіў іх на працу. Сігізмунд Сігізмундавіч аказаўся сапраўдным асам у сваёй справе. Шмат зрабіў для калгасных зямель – зарослыя, закамянелыя палеткі ператварыў ва ўрадлівыя, якія пачалі даваць багатыя ўраджаі. Сям”ю спецыялістаў паважалі людзі – і яны таксама да ўсіх ставіліся з павагай.
Надзейных людзей у маім жыцці было шмат – гэта і Ядвіга Браніславаўна Трышына, якая спачатку працавала бухгалтарам, а потым – маім намеснікам, і простыя працаўнікі, якія дабіваліся поспехаў у даручанай ім справе, – напрыклад, даярка Генуэфа Іосіфаўна Бублевіч. Ужо ў 1968-70 гады яна надойвала па 5000 літраў малака ад каровы. Вось на працы такіх адданых і працавітых людзей і трымалася наша гаспадарка.
Праз некалькі гадоў наладзілі цесныя сувязі з калгасам “Крэтоніс” у Літоўскай Рэспубліцы. Тагачасны старшыня літоўскага калгаса Куліс нарадзіўся ў Гальчунах. Аднойчы ён прыехаў на сваю радзіму да маці – тады і пазнаёміліся два старшыні.
– Праз некаторы час адбылася першая паездка нашай дэлегацыі ў Літву, а потым і яны прыязджалі да нас. Абменьваліся вопытам, сустракаліся, праводзілі семінары, арганізоўвалі канцэрты. Гервятцы знаёміліся з жыццём літоўскіх сялян – і разумелі, што справы ў нашым калгасе ідуць не горш, чым у “Крэтонісе”, а нават лепш. У людзей падымаўся настрой і з’яўляліся сілы для новых дасягненняў.
Тады ўсе імкнуліся быць лепшымі, кожная гаспадарка старалася. Зайздрасці не было. Наадварот – кожны стараўся штосьці падказаць, нечаму павучыцца, ездзілі па гаспадарках, дзяліліся вопытам. Працавалі, як умелі і маглі.
А потым прыйшоў час пайсці са сваёй пасады – трэба даваць дарогу маладзейшым. Таму ў 1982 годзе я прыняў рашэнне і пакінуў пасаду старшыні калгаса. Гаспадарку прыняў Вячаслаў Іосіфавіч Адахоўскі. І хаця гавораць, што два каты ў адным мяшку не ўсядзяць, мы з ім добра ладзілі і заўсёды былі і застаёмся сябрамі.
Яшчэ пяць гадоў працаваў Андрэй Андрэевіч у калгасе на розных пасадах: начальнікам комплексу па адкорму буйной рагатай жывёлы, начальнікам штаба грамадзянскай абароны. За гады працы ўзнагароджаны граматамі Вярхоўнага Савета БССР, ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі і Дружбы народаў, шматлікімі абласнымі і рэспубліканскімі граматамі і медалямі, бронзавым, сярэбраным і залатым медалём ВДНГ.
– Але не гэта галоўнае ў жыцці, – лічыць мой герой. – Узнагароды, канешне, важныя, кожны чалавек задаволены, калі бачыць, што яго цэняць. Важней жа, каб у яго было імкненне зрабіць штосьці добрае і лепшае для людзей і радзімы.

Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.