Са школы да пенсіі – выдатнік

15:45 / 20.04.2010
Сёння сваімі ўспамінамі з чытачамі «Астравецкай праўды» дзеліцца Эдуард Міхайлавіч Пяткевіч – былы дырэктар Гервяцкай школы, заслужаны настаўнік Беларусі



У студзені бягучага года Эдуард Міхайлавіч адзначаў сваё 85-годдзе. Большую частку з іх, амаль 61 год, пражыў на Астравеччыне. За гэты час змяніўся ён сам, многіх, хто жыў і працаваў побач з ім, ужо не стала, нязменным засталося адно – любоў да сваёй справы і вера ў людзей.

З дзяцінства хлопчык не цураўся работы: мог і за плугам пахадзіць, і з касой управіцца. Сям’я трымала гаспадарку, таму жывёлу таксама прыходзілася даглядаць. Але была ў яго мара – вучыцца.
Да вайны Эдуард вучыўся ў Кавальскай сямігадовай школе Смаргонскага раёна. Пасля смерці Пілсудскага на тэрыторыі сённяшняй Беларусі было пабудавана 100 школ – Кавальская якраз і была адной з іх. Выкладанне ў ёй, канешне ж, вялося на польскай мове. Да 1939 года Эдуард Міхайлавіч закончыў польскую сямігадовую школу і паступіў у беларускую, хаця не ведаў ні рускай, ні беларускай моў – усё прыйшлося спасцігаць з азоў.
Праз некаторы час пачалася вайна – гэты перыяд Эдуард Міхайлавіч правёў дома з бацькамі, працаваў па гаспадарцы і марыў пра далейшую вучобу.
У 1944 годзе, калі Савецкая Армія вызваліла тэрыторыю Беларусі, пачалося аднаўленне школ. Настаўнік, які калісьці вучыў Эдуарда Міхайлавіча, працаваў у аддзеле адукацыі ў Смаргоні. Ён і адправіў хлопца і яго малодшую сястру Марыю на сямімесячныя настаўніцкія курсы ў Ашмяны. Праўда, тыя сем месяцаў расцягнуліся на тры гады – замест курсаў у Ашмянах адкрылі педагагічнае вучылішча.



– Зіма 1944-1945 года выдалася цяжкай, – успамінае Эдуард Міхайлавіч. – Халодны інтэрнат, ложкі, збітыя з дошак – і больш нічога, нават вады не было ў чым прынесці. Кожную раніцу больш чым за кіламетр бегалі ў сталовую на сняданак. А які ён быў? Бульбяны суп і лыжка сланечнікавага алею, ды яшчэ 300 грамаў хлеба па картках. А калі картку згубіш, то застанешся без хлеба. Жыццё было складанае. Дапамагала толькі тое, што бацькі жылі за 25 кіламетраў ад Ашмян – часта наведвалі і прывозілі з дому нешта з яды.
Праз тры гады Эдуард Міхайлавіч атрымаў дыплом з адзнакай і накіраваўся настаўнічаць у сваю родную Кавальскую школу. Але затрымаўся там нядоўга. Якраз у гэты час адкрыўся Маладзечанскі настаўніцкі інстытут.
Эдуард Міхайлавіч заўсёды любіў вучыцца. Таму без доўгіх разваг пасля прапановы загадчыка Смаргонскага РАА Арэхава накіраваўся малады настаўнік у Маладзечна. Яму падабаліся ўсе прадметы, таму экзамены вырашыў здаваць на два патокі: фізіка-матэматычны і руска-беларускі. Але абставіны склаліся так, што Эдуард Міхайлавіч аказаўся на аддзяленні рускай мовы і літаратуры.
Для студэнта, якога да таго ж выбралі старастам групы, два гады вучобы праляцелі, як адзін дзень. Вучоба перамяжоўвалася выступленнямі – студэнты стварылі аркестр струнных інструментаў. А яшчэ ў вольны час працавалі на будаўніцтве кінатэатра. Але вучоба ўсё ж была на першым месцы.
– У нас былі цудоўныя выкладчыкі, большасць з іх прыязджала з Мінска, з універсітэта і педінстытута, чыталі цікавыя лекцыі, таму ўзровень нашай падрыхтоўкі быў высокі, – расказвае Эдуард Міхайлавіч. – Кніг мала, а вучыцца трэба было, ды і хацелася.
Да цяперашняга часу помніць Эдуард Міхайлавіч, як у кніжнай краме сказалі, што павінны прывезці чатырохтомны тлумачальны слоўнік рускай мовы. Кожны том тады каштаваў 25 рублёў. Ды не гэта было самым складаным – Эдуард Міхайлавіч быў сталінскім стыпендыятам, атрымліваў 300 рублёў, мог дазволіць сабе такую раскошу. Але кожны тыдзень трэба было хадзіць у магазін і пацвярджаць, што ты набудзеш гэтыя кнігі. Той слоўнік 1935 года выдання да цяперашняга часу захоўваецца ў хатняй бібліятэцы Пяткевічаў.
Пасля заканчэння інстытута ў 1949 годзе Эдуард Міхайлавіч зноў атрымаў дыплом з адзнакай – менавіта тады і быў зроблены здымак для абласной газеты, на якой сярод іншых выпускнікоў ёсць і наш герой.
Па накіраванню Эдуард Міхайлавіч апынуўся ў Астравецкім раёне. Тагачасны загадчык аддзела народнай асветы Асмалоўскі накіраваў дыпламаванага спецыяліста ў Рымдзюнскую сямігадовую школу. Малады педагог стаў выкладаць рускую мову і літаратуру ў 5-6 класах. А ўжо праз год яго прызначылі завучам. Так да выхаду на пенсію ніжэй гэтай пасады Эдуард Міхайлавіч не апускаўся.
– Школа тады размяшчалася на хутары, каля ракі, у былым доме пана Крукоўскага. Амаль у кожнай з навакольных вёсак працавалі пачатковыя школы, пасля заканчэння якіх вучні прыходзілі ў Рымдзюнскую сямігодку. Было шмат дзяцей-пераросткаў, ды і дарослае насельніцтва таксама прыходзілася вучыць. Большасць былі літоўцы. Я быў замацаваны за Петрыкамі. Прыйдзеш у вёску, пакуль збярэш усіх, правядзеш заняткі – дамоў вяртаешся позна ноччу.



У 1954 годзе Эдуард Міхайлавіч быў узнагароджаны знакам “Выдатнік народнай асветы”. Менавіта ў гэты час Гервяцкая школа засталася без кіраўніцтва, і Рымдзюнскага завуча пераводзяць туды з надзеяй, што ён згодзіцца на пасаду дырэктара.
– Адбылося гэта першага красавіка, і было ўспрынята мною, як жарт, – са смехам успамінае Эдуард Міхайлавіч. – На пасаду дырэктара тады я не згадзіўся. У Гервятах было шмат таленавітых настаўнікаў, і выбралі з мясцовых – Раісу Іванаўну Стрэльнікаву, а я застаўся працаваць завучам. Раіса Іванаўна выкладала матэматыку, родам яна з Тамбоўскай вобласці па размеркаванню трапіла ў 1950 годзе ў Астравецкі раён. Праз дзесяць гадоў мы пажаніліся.
За амаль дванаццаць гадоў работы Эдуарда Міхайлавіча на пасадзе завуча ў школе змянілася пяць дырэктараў. Ніхто з іх доўга не затрымліваўся. Але многія шмат зрабілі для школы і развіцця адукацыі.
– Гервяцкая школа размяшчалася ў былым доме памешчыка Дамейкі. Цудоўны будынак, у якім была паркетная падлога, прыгажэйшае ўнутранае аздабленне, але за гады вайны ўсё прыйшло ў запусценне. З прыездам Антона Антонавіча Пашкоўскага школа пачала прыхарошвацца. З падсобнага памяшкання зрабілі інтэрнат для прыезджых дзяцей. У падвальным абсталявалі сталовую – усё рабілі для таго, каб дзецям было добра.
Менавіта ў тыя гады пачалі наладжваць сувязь адукацыі з жыццём, увялі працоўнае навучанне. Набылі швейныя машыны, такарныя і свідравальныя станкі. Пабудавалі цяпліцу – пачалі вырошчваць агародніну. Пры кожнай школе мелася падсобная гаспадарка. У Гервятах тады вырошчвалі куранят. Здаралася рознае: нягледзячы на тое, што ўстанаўлівалі дзяжурствы, часта куранятамі ласаваліся каты. Аднойчы ў маі нечакана выскачылі замаразкі. Вырашана было адагрэць куранят у лазні. Загадчык гаспадаркі прапаліў яе, але рана прыкрыў юшку – пяцьдзесят птушанят загінула. А яшчэ пры школе была свая сажалка, у якой вырошчвалі рыбу.
У навакольных вёсках кампактна пражывалі літоўцы і, калі пачалася хрушчоўская “адліга”, узнікла яшчэ адна праблема. Насельніцтва стала патрабаваць навучання дзяцей на літоўскай мове. Адпаведнае пісьмо было накіравана ў Вярхоўны Савет. Школа на той час была беларускамоўная і такую раскошу, як адкрыццё яшчэ і літоўскамоўнай, ніхто дазволіць не мог. Таму і было вырашана зрабіць Гервяцкую школу рускамоўнай і выкладаць у ёй дзве мовы – беларускую і літоўскую.
І тут зноў узніклі праблемы – выкладчыкаў літоўскай мовы ў раёне не было. З імі дапамаглі ў Міністэрстве адукацыі Літоўскай Рэспублікі. У школу накіравалі цудоўнага настаўніка – Ёнаса Шыронаса, яго жонка працавала ў бібліятэцы.
І ўсё ішло добра. Але зноў узніклі праблемы: трэба забяспечыць выкананне ўсенавуча, а зрабіць гэта даволі цяжка. Сем’і – вялікія, пачынаецца вучэбны год, а дзяцей на занятках няма – дома гаспадарка, трэба памочнікі. І толькі калі выпадаў снег, у школе з’яўляліся вучні.
Пазней сем’і пачалі выязджаць у Літву. Узнікла пытанне: як іх утрымаць? Тады вырашылі будаваць тыпавую школу на 320 месцаў. Будаўніцтва пачалося ў 1961 годзе, а ўжо 1 студзеня 1963 года школа сустрэла дзяцей. Па тым часе Расціслаў Арсеньцевіч Герт шмат зрабіў для развіцця сістэмы адукацыі раёна. Вельмі адказна ён ставіўся да падбору і размеркавання кадраў. А галоўнае – яго дэмакратычны стыль кіравання: ніколі не павышаў голас на людзей, кожнаму даваў магчымасць праявіць сябе, давяраў людзям.
– Калектыў нашай школы быў дружны, мы ўсё рабілі разам. Яшчэ да таго, як здалі будынак, пачалі абуладкаванне прышкольнай тэрыторыі. Была машына, якую перадала нам вайсковая часць, – ехалі на ёй у лес, выкопвалі маладзенькія ліпкі і клёнікі, а потым абсаджвалі па перыметру тэрыторыю. Пасадзілі цудоўны сад, некалькі дрэўцаў алычы, якая тады была экзотыкай. Збіралі вялікія ўраджаі, рэалізоўвалі насельніцтву і зараблялі грошы.
Ніколі настаўнікі не сядзелі на месцы. Шмат падарожнічалі па роднай Беларусі. У Эдуарда Міхайлавіча захаваўся цэлы альбом фотаздымкаў адной з такіх экскурсій. Летам 1960 года два тыдні на школьнай машыне настаўнікі падарожнічалі па загадзя спланаванаму маршруту: наведалі Гродна, Белавежскую пушчу – трохі прыблудзілі і трапілі нават у Віскулі, заехалі ў Камянец, Брэсцкую крэпасць, Мірскі замак, Нясвіж... Яны не толькі аглядалі гістарычныя помнікі і мясціны, але і наведвалі школы, знаёміліся з педагогамі, наладжвалі сувязі, дзяліліся вопытам і бралі штосьці новае для сябе.
Праз год у школе быў закладзены прысядзібны ўчастак, кветнік. А пасля яе здачы, пачалося абуладкаванне кабінетаў. І звычайная вясковая школа стала ўстановай перадавога вопыту.
Але працаваць прыходзілася шмат: пабудавалі складскія памяшканні, майстэрню, сховішча для гародніны, гараж, перавезлі будынак былой Валэйкунскай пачатковай школы і адкрылі інтэрнат.
– Мне падабалася працаваць у школе, весці ўрокі, вучыць дзяцей. Але, па праўдзе кажучы, дырэктарам быць не хацеў ніколі. Ды абставіны так склаліся, што ў 1966 годзе ўсё ж такі прыйшлося прыняць школу. За дзевятнаццаць гадоў майго дырэктарства не ўзнікла ніводнага канфлікту. Наадварот, нам прысылалі педагогаў “на перавыхаванне” – і ў іх таксама ўсё атрымлівалася. Мы арганізавалі вакальную групу настаўнікаў, ездзілі на розныя конкурсы.
У нас заўсёды былі цесныя сувязі з калгасам «Радзіма», а з прыходам на пасаду старшыні Андрэя Андрэевіча Галагаева мы наладзілі сувязь з Швянчонскім раёнам суседняй Літвы – сустракаліся, арганізоўвалі семінары, абменьваліся вопытам, канцэртамі мастацкай самадзейнасці.
Са школы выйшлі чатыры заслужаныя настаўнікі БССР. Акрамя Эдуарда Міхайлавіча, які гэта званне атрымаў у 1968 годзе, такой жа пашаны былі ўдастоены Надзея Сямёнаўна Пашкоўская, Леанід Міцкевіч і Ганна Мацвееўна Новікава. Першым у раёне калектыў Гервяцкай школы выканаў закон аб усеагульнай сярэдняй адукацыі. Доўгія гады школа захоўвала і самы высокі паказчык паступленняў у ВНУ і ССНУ – з 1956 года, калі адбыўся першы выпуск, да 1972 года сярэднюю адукацыю тут атрымалі 245 чалавек. З іх 185 прадоўжылі сваё навучанне.
Старалася кіраўніцтва вырашаць і жыллёвыя пытанні настаўнікаў. З дапамогай калгаса і будаўнічых арганізацый многія сем’і атрымалі ўласнае жыллё.
– Педагогі нашай школы заўсёды імкнуліся да лепшага. Быў у нас завуч, Ліпскі, ён набіраў турыстычную групу, распрацоўваў маршрут – і ішоў з дзецьмі ў паходы, ехаў на экскурсіі. Для вучняў пачатковых класаў распрацоўвалі больш блізкія маршруты. Кожнае лета арганізоўвалі летнікі працы і адпачынку. Цесна падтрымлівалі сувязь з калгасам – летам мы стваралі працоўныя брыгады, даглядалі пасевы, рабілі праполку, затым дапамагалі ва ўборцы, школьнікі працавалі памочнікамі камбайнераў. А восенню праводзілі святы ўраджаю – на ўрачыстай лінейцы называліся прозвішчы лепшых вучняў-працаўнікоў, ім уручалі прэміі, арганізоўвалі паездкі.
Падчас працы ў школе дырэктарскую пасаду Эдуард Міхайлавіч сумяшчаў з абавязкамі старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі, загадваў раённым педагагічным таварыствам – усё гэта было не ў цяжар, хаця дадатковыя справы патрабавалі шмат часу і намаганняў. Да 1985 года працаваў Эдуард Міхайлавіч дырэктарам школы, а потым яшчэ пяць гадоў пасля выхаду на пенсію выкладаў рускую мову і літаратуру.
Энергічны, інтэлігентны чалавек, мудры кіраўнік і Настаўнік з вялікай літары, Эдуард Міхайлавіч і цяпер не сядзіць склаўшы рукі. Часты госць у школе, актыўны ўдзельнік розных канферэнцый і мерапрыемстваў, ён і на пенсіі працягвае займацца выхаваннем падрастаючага пакалення.

Алена ЯРАШЭВІЧ.
Здымкі з сямейнага архіва Э. М. Пяткевіча.