Карані беларускія і... шведскія

13:26 / 17.04.2010


Распараджэннем Астравецкага райвыканкама ў сувязі са 120-й гадавінай з дня нараджэння каталіцкага святара і вядомага беларускага паэта Канстанціна Стэповіча, які пісаў пад псеўданімам Казімір Сваяк, сёлетні год у раёне аб’яўлены Годам яго памяці. Складзены вялікі план мерапрыемстваў, які ўжо пачаў выконвацца. Шырока ў раёне адзначалася 19 лютага – менавіта ў гэты дзень нарадзіўся Канстанцін Стэповіч. Але цэнтральныя святкаванні перанесены на больш позні час – пачатак лета.



НА ЗЯМЛІ КЛЮШЧАНСКАЙ



Паэт нарадзіўся ў вёсцы Барані (дарэвалюцыйная назва – Бараны) Клюшчанскай парафіі, тут яшчэ захаваўся яго родны дом, дзе сёлета падчас святкавання юбілею запланавана адкрыць мемарыяльны музей і прэзентаваць першы зборнік твораў пісьменніка, над якім завяршыла работу для выдавецтва “Кнігазбор” вядомы літаратуразнаўца Ірына Багдановіч. Дарэчы, грошы на выданне гэтай кнігі збірае ўвесь раён, і збор сродкаў працягваецца.
А непадалёк ад Бараняў, у былым мястэчку Клюшчаны ўзвышаецца касцёл, ля ўваходу ў які знаходзіцца мемарыяльны камень, прысвечаны памяці братоў Стэповічаў, Канстанціна і Альбіна — кампазітара, музыказнаўцы, пасла ад беларусаў у даваенным польскім сейме. У гэтым касцёле малады святар Канстанцін Стэповіч, пераехаўшы з Камаяў (сённяшні Пастаўскі раён Віцебскай вобласці), куды ён быў накіраваны з Пецярбургскай духоўнай акадэміі вікарыем, праслужыў усяго каля года. Але паспеў за гэты цяжкі ваенны час (1915-1916 гады) зрабіць столькі, што іншым на гэта спатрэбіліся б дзесяцігоддзі. Ён стварыў маладзёжнае таварыства (здаецца, першае на беларускіх землях) “Хаўрус Сваякоў”, які ставіў сваёй мэтай атрыманне глыбокіх ведаў і маральнае самаўдасканаленне. Арганізаваў пры касцёле хор, які выконваў духоўныя і народныя песні, а таксама драматычны гурток, які ставіў п’есы самога Сваяка і іншых аўтараў. Нарэшце, адкрыў за год у Клюшчанах і навакольных вёсках (у Баранях дзеці збіраліся ў хаце Стэповічаў) сем(!) беларускіх школ, для якіх патрабаваліся і курсы настаўнікаў, і падручнікі, якія набываліся за ўласны кошт і, магчыма, за сродкі мецэната з суседняга маёнтка Шайкуні. І ўсё гэта рабілася з гумарам, імправізацыямі і застаецца ў памяці мясцовых жыхароў да гэтага часу.
Але тое, што Стэповіч вёў службы на беларускай мове, не падабалася віленскім духоўным уладам, і яго выслалі з Клюшчан вікарыем у Карыцін на Беласточчыну. Спробы распаўсюджваць там беларускія кнігі, прамаўляць казанні на роднай мове выклікалі рэзка адмоўную рэакцыю ўладу маючых. Усё гэта абвастрыла туберкулёз, які ён атрымаў яшчэ ў гады вучобы ў акадэміі. Давялося часта і надоўга выязджаць для лячэння ў перадгор’е Татраў – у Закапанэ. Здароўе крыху палепшылася, калі ўдалося атрымаць месца ў касю. “Хаўрус”, а таксама беларускія школкі там працягвалі працаваць яшчэ гады тры-чатыры, пакуль улады іх рашуча не закрылі. Арганізатару пагражаў арышт, ад якога яго выратавала чарговая паездка ў Закапанэ.
Дарэчы, у абодвух касцёлах, дзе служыў Стэповіч – у Камаях і Засвіры – устаноўлены мемарыяльныя дошкі ў яго гонар, прычым – вось парадокс! – раней, чым у Клюшчанах.

ПРЫСТУПКІ СПАСЦІЖЭННЯ

Шлях мой да пазнання жыцця і творчасці Казіміра Сваяка быў доўгім і складаным. Ва ўніверсітэце ў тыя атэістычныя часы мы пра яго, вядома, нічога не чулі. У Інстытуце літаратуры АН БССР, памятаю, доўга спрачаліся: прапанаваць асобны раздзел ў чатырохтомнай гісторыі літаратуры ці не? Характарыстыка “клерыкальны” прывяла да таго, што спыніліся на другім варыянце. Да таго ж я ўвесь час займаўся іншымі перыядамі – літаратурай ХІХ, а потым і ХVІІІ стагоддзяў.
Па-сапраўднаму мяне зацікавіў Казімірам Сваяком незабыўны берасцеец Уладзімір Калеснік у канцы 60-х гадоў. Мы абодва працавалі тады ў Цэнтральнай бібліятэцы Акадэміі навук Літвы, а жылі ў “людскіх” былога палаца Агінскіх каля паштамта. Неяк сустрэліся ранкам у калідоры, а ён і кажа:
—Які глыбокі паэт Казімір Сваяк! Які арганічны сплаў духоўнага, сацыяльнага і нацыянальнага! Ні слова вымушанага, штучнага, фальшывага.
У той жа дзень у бібліятэцы я заказаў паэтычны зборнік «Мая ліра» (1924) і філасофскі дзённік “Дзея маёй мыслі, сэрца і волі” (1932), п’есы “Янка Канцавы” і “Купалле”. І ўжо не змог адарвацца ні да канца дня, ні назаўтра. Разглядваючы цяпер запісы таго часу, знайшоў тры выпіскі. Вось яны.

З “Маёй ліры”:
Ці безнадзейны, замучаны, збіты
Дух мой устане? Ці зваліцца слабы!
Ніколі, Божа, табой я нясыты:
Нават і ў пекле цябе прызываў бы…


З “Дзеі маёй мыслі, сэрца і волі”:
“Я сын таго народу, што найбольш цярпеў, церпіць і цярпець будзе. Цярпення хачу, але такога, каторае з мяне зрабіла чалавека стальнога характару. Народ наш вялікі, а лічыцца найменшым. Няхай і я – сын яго – такім буду. Народ наш нешчаслівы, без сучаснасці пэўнай, без будучыні яснай – але глыбокі ў сваім ціхім, скрытым, спеўным. Няхай і з маім так будзе жыццём: глыбокасць духа, шырокасць сэрца, агонь мовы і песня, песня тайнічая, бязмерна сумная, хоць вечнай спадзеяй жывая”.

І яшчэ – амаль біблейскае па вобразнасці і гучанню:
“Баліць мне сэрца за народ, каторага няшчасце не змагу апісаць.
Пячэ нутро маё сум з бяссільнасці сваёй да направы перш сябе, потым бліжніх маіх…
Плача сэрца маё над нядоляй, над упадкам духа тых, што звалі сябе дужымі…”


Але тады, у Вільнюсе, я яшчэ не ўсвядоміў усёй глыбіні і трагізму творчасці Сваяка. Сапраўды сказана: хто хоча спазнаць паэта, павінен пабываць у яго краі.
Аднак у сярэдзіне 70-х, калі працаваў над рукапісам кнігі “Астравеччына, край дарагі…” (1977) і аб’ездзіў амаль увесь раён, да Клюшчанаў і Бараняў усё ж не дабраўся. Адзначыў толькі, што ў суседніх Спондах і Жукойнях – самая правільная ў раёне беларуская мова – амаль ніякіх паланізмаў ці русізмаў. І падумаў: чым гэта вытлумачыць? Лясной глухаманню?
Сваяк тады прысутнічаў у кнізе ўсяго некалькімі дзяжурнымі фразамі аб высокім мастацкім узроўні яго творчасці, аб тым, што быў не толькі рэлігійным, але і сацыяльным паэтам. І — каюся сёння – перастрахаваўся ад рэдактарскага і галоўлітаўскага ўмяшальніцтва традыцыйнымі фразамі пра клерыкалізм, супярэчлівасць, ідэалізм і раздвоенасць. Выкарыстоўваючы метафару Казіміра Сваяка, назваў яго клюшчанскі край “Богам забытым”.
І толькі з гадамі ўсвядоміў, што край гэты, дзякуючы Стэповічам і іх апекунам, не забыты, а наадварот – абраны Богам, намолены, што па свайму інтэлектуальнаму патэнцыялу ён пераўзыходзіць іншыя куткі Астравеччыны. Толькі не мог зразумець: чаму?



УПЕРШЫНЮ Ў БАРАНЯХ

Першае праясненне наступіла, калі недзе ў пачатку 80-х мы з Вячаславам Рагойшам пабывалі ў хаце Казіміра Сваяка, якой тады пагражала знікненне, пазнаёміліся з яго пляменніцай – сціплай, абаяльнай і гасціннай Анэляй Стэповіч, яе суседзямі, якія заходзілі, прапаноўвалі дапамогу і гаспадыні, і нам (“А раптам што трэба?”). Тады я адчуў, што ў жыхароў Бараняў ёсць нешта такое, што адрознівае іх ад насельніцтва іншых мясцін раёна: у іх павышанае пачуццё ўласнай годнасці і адначасова – спаянасць, духоўнае сваяцтва.
Гаспадыня гаварыла дакладна і вобразна:
— Трымаемся з суседзямі разам, вось як старадрэвіны ў гэтых сценах. Колькі гадоў нашай хаце? Ой, многа! Яшчэ дзед Мацей выбіраў лепшыя камлі. Такое права яму даў шайкунскі пан, Сволькенам ён зваўся. Ці не немец быў? Не, швед. Паміж сабой па-свойму гергеталі. А з людзьмі – па-нашаму, простаму. Добрыя паны былі: кемлівыя, гаспадарыстыя. А якое дачыненне да іх меў дзед Мацей? Ляснічым у іх служыў. Не, не лесніком, а якраз ляснічым, бо ў паноў былі тысячы гектараў лесу, вялізны абшар. І двор тыя, што гаспадарылі да іх, таксама з моцнай старадрэвіны склалі. Дзед Мацей у Шайкунах прыглядаўся, што і як рабіць. І таму добрую галаву займеў, усіх шасцярых сыноў вывучыў, у людзі вывеў, дочкам пасаг даў…
Але Шайкуні са Сволькенамі тады мяне не вельмі зацікавілі. Свае пошукі я тады засяродзіў вакол Казіміра Сваяка і яго вельмі таленавітага і працалюбівага брата Альбіна. Яшчэ раз перачытаў іх творы і зразумеў, што ніякага раздваення ў творчасці не было. Гэта натуры надзіва цэльныя, харызматычныя. Так, у паэзіі Сваяка адбілася ўнутраная барацьба, але не барацьба паміж дабром і злом, верай і бязвер’ем, а паміж дабром актыўным і сузіральным. Паэта прыцягвала барацьба рэвалюцыйная, але разам з тым ён апасаўся яе ахвяр.
Тыя думкі я ўпершыню выказаў на вечары, прысвечаным стагоддзю з дня нараджэння Казіміра Сваяка і арганізаваным (яшчэ без індульгенцыі раённых улад) нястомным бібліятэкарам і краязнаўцай, да таго ж родзічкай паэта Іалантай Валуевіч у вёсцы Спонды – сённяшнім культурным цэнтры Клюшчанскага краю.
І зноў мяне ўразілі згуртаванасць і ўнутраная высакароднасць простых сялян. Выказваючыся, яны думалі не пра сваё, як было ў іншых вёсках раёна, а пра агульнае. Як зрабіць, каб дом Анэлі Стэповіч не пайшоў, у выпадку чаго, на дровы? Як адвадзіць “фуліганаў” ад здзекаў над целамі нябожчыкаў Сволькенаў ў шайкунскай капліцы і адрамантаваць самую капліцу? Раней жа ў ёй ішлі выязныя службы… Як знайсці магілу таго клюшчанскага ксяндза-арганіста, які цудоўна іграў і сам пісаў музыку? І чаму б не перапахаваць Казіміра Сваяка ў Клюшчанах, як ён сам таго хацеў?
Гэтыя пытанні тады здаваліся мне невырашальнымі. Але пазней многія з іх вырашала само жыццё. Да прыкладу, астанкі Сволькенаў перапахаваны ў Клюшчанах, там жа знойдзена і прыведзена ў парадак магіла кампазітара Яна Галіча-Сулінскага, а дом Стэповічаў ужо стаў уласнасцю раённага аддзела культуры і на ім устаноўлена мемарыяльная дошка. Што ж тычыцца капліцы ў Шайкунях, то, думаю, прыйдзе і яе час.



Аднак вернемся ў 1990 год. Знаходзячыся ў час 100-годдзя з дня нараджэння Казіміра Сваяка ў яго родных мясцінах, я пераканаўся, што землякі шануюць яго не толькі як паэта, але і як высокамаральную асобу. Гэта дало мне падставы вясной таго ж года, калі я апынуўся ў складзе беларускай дэлегацыі на міжнароднай канферэнцыі ў Рыме, а потым – на прыёме ў Папы Рымскага Яна Паўла ІІ, назваць яго імя, а таксама імя пакутніка за веру прэлата Фабіяна Абрантовіча ў якасці патэнцыяльных беларускіх каталіцкіх святых. Бо цяжка народу, які прывык да сацыяльных стэрэатыпаў, лічыць такімі ўжо кананізаваных Іасафата Кунцэвіча і Андрэя Баболю, якія сталі ахвярамі паўстаўшых мас. А Канстанцін Стэповіч ахвярна служыў словам і справай Богу і людзям і заўчасна памёр, імкнучыся даць народу слова Божае на роднай і зразумелай яму мове. На гэта пантыфік адказаў прыязна, што ўсё вырашаць час і ўважлівае даследаванне. І калі будуць засведчаны спадарожныя працэсу беатыфікацыі цуды, то ўсё магчыма.




УСЁ БЛІЖЭЙ ДА РАЗГАДКІ

Пасля Рыма я стаў старанна збіраць усе матэрыялы, звязаныя з Клюшчанскім краем, і прыйшоў да высновы, што паэтычная, літаратурная і шырэй – інтэлектуальная глеба там надзвычай урадлівая. Мяркуйце самі.
Непадалёк ад месца нараджэння Казіміра Сваяка нарадзіўся Янка Быліна – таксама святар і таксама паэт, хоць і ніжэйшага палёту. З Казаноўшчыны ля Клюшчан родам пісьменнік, аграном і грамадскі дзеяч Адольф Клімовіч, пра якога пісаў Міхась Казлоўскі ў сваёй кнізе “Нашчадак слаўных крывічоў”. Зборнік беларускіх вершаў выдала ў Паставах Генуэфа Семашкевіч, ураджэнка вёскі Глушыца, а цяпер — жыхарка літоўскага гарадка Лентварыс. На Клюшчаншчыне выраслі і тварылі мастак Рамуальд Ракіцкі, рэзчык па дрэву Міхаіл Валуевіч. А колькі вучоных, што пакінулі свае сляды ў Расіі, ЗША, Францыі, Латвіі, Літве, адкрыла ў сваёй краязнаўчай кнізе “Калыска талентаў – Глушыца” Іаланта Валуевіч. Адназначна: клюшчанская зямля па талентах, знакамітых суайчынніках пераўзыходзіць астатнія мікрарэгіёны Астравецкага раёна. Толькі зноў усплыве пытанне: чаму? Павінны ж быць упаўне зямныя, рэальныя тлумачэнні.
Ці вось яшчэ адна загадка. Чаму сюды імкнуліся прыехаць дзеячы беларускай культуры? Чаму Язэп Драздовіч палічыў неабходным напісаць партрэт Казіміра Сваяка? Чаму Янка Купала і Паўліна Мядзёлка паддаліся ўгаворам Канстанціна і Альбіна Стэповічаў і ў сярэдзіне спякотнага лета 1914 года, перад самай вайной, прыехалі з “Паўлінкай” у Клюшчаны і Барані? Як сведчыць па запісаных успамінах мясцовы краязнаўца Іван Драўніцкі, вяскоўцы сустракалі гасцей на засланых хатнімі посцілкамі брычках на бліжэйшым чыгуначным паўстанку Гелядня. Клюшчанская моладзь выйшла насустрач з кветкамі. Спектакль ставілі ў прасторным гумне Смаленскіх, дачка якіх працавала настаўніцай у беларускай школцы. Абедалі па-суседску, у Казаноўшчыне, у Эміліі Хадорскай, чыё кулінарнае майстэрства цанілі і ў Шайкунях. А пасля перабраліся ў Барані, дзе перад пачаткам спектакля Альбін Стэповіч расказаў аб беларускім адраджэнні і “Нашай ніве”, якую тады рэдагаваў Янка Купала. Закончылася сустрэча агульнай вячэрай, на якую кожны вясковец нёс з хаты самае смачнае, і танцамі пад народныя мелодыі. Музыканты тут жа складалі прыпеўкі пра Купалу і Мядзёлку, а тыя ім адказвалі тым жа.
Мяне ў запісах Івана Драўніцкага зацікавіла вось якая дэталь. Аказваецца, жыхары Бараняў спявалі для гасцей песню “Дробна драбніца”, якая зараз лічыцца народнай. Але яе словы і музыку, злажылі тут, на месцы, і адрасавалі гаспадыні Шайкунь, якая не давала “беднай басоце” грошай на выпіўку (успомнім, што і Сваяк сваю першую кніжку “Алкаголь” (1913) скіраваў супраць п’янства). Потым словы “пані скупая” былі дыпламатычна заменены на “дзядзька багаты”. Песня спадабалася гасцям, і яны перапісалі яе для сябе. Але самае важнае тут, мне здаецца, хаваецца ў тым, што сяляне звярталіся з песняй да сваіх гаспадароў на беларускай мове! Чаму? Ды таму, што гаспадары былі шведамі, хоць злёгку і паланізаванымі. Калі б на месцы Сволькенаў былі польскія ці рускія землеўладальнікі, непазбежна пачаўся б працэс дэнацыяналізацыі, і наўрад ці з’явіліся б у гэтых мясцінах і Сваяк, і Быліна, і Клімовіч. Шведы ж успрымалі мясцовых сялян такімі, якія яны былі, пагэтаму засвоілі (не карыстацца ж перакладчыкамі!) іх гаворку. Яна не раздражняла іх, не перашкаджала. Гэта была дадзенасць – і дадзенасць звыш.

ШАЙКУНСКІЯ АСВЕТНІКІ

Факты сведчаць, што Сволькены былі добрымі хрысціянамі. Гэта іх стараннямі на месцы старога быў пабудаваны ў Клюшчанах новы касцёл (легенда сведчыць: за адзін дзень, каб не паспелі ўмяшацца царскія ўлады) – з той жа адборнай драўніннай сэрцавіны, што і сядзіба ў Шайкунях, і дом Стэповічаў.
Толькі ім было пад сілу запрасіць у Клюшчаны і Шайкуні, у капліцу святога Міхала ад Клюшчан такога адоранага чалавека (ксёндз, кампазітар, арганіст і педагог у адной асобе) як Ян Галіч-Сулінскі (каля 1830-1898), аўтара трох рэквіемаў, шасці мес, многіх прэлюдый для аргана, падручнікаў “Школа для аргана” (1858) і “Музыка для аргана, новы метад з літарных нот” (1883). Дзе ён нарадзіўся, пакуль невядома, але што вёў пастырскую работу ў Клюшчанах ў 1875-1898 гады і пахаваны там жа – гэта дакладна.
Аб значнай ролі Галіча-Сулінскага ў развіцці музычнага жыцця на тэрыторыі Беларусі і Літвы нядаўна ішла размова пры абароне кандыдацкай дысертацыі Святланы Шэйпа аб музычнай практыцы каталіцкай царквы ў Беларусі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Кампазітара даследчыца ўвесь час называла “цэцэліянцам”. Пасля майго пытання, ці ведае яна, што святая Цэцылія з’яўляецца не толькі заступніцай музыкантаў, але і патронкай Швецыі, разгарэлася невялікая дыскусія, якая закончылася высновай, што без шведаў тут не абышлося. Тады ўзнікла пытанне: адкуль тут шведы? І я ўпэўнена патлумачыў: з Шайкуняў.
Вярнуўшыся пасля абароны дысертацыі, я адшукаў тоўсты том даследаванняў Рамана Афтаназы, прысвечаны сядзібам былога Віленскага краю, адшукаў па алфавіту Шайкуні і ў каторы ўжо раз уважліва праглядзеў здымкі старадаўняй сядзібы. Вядомы польскі даследчык архітэктуры сведчыць, што аднапавярховы палац з лістоўніцы з арыгінальнай балконнай надбудовай быў узведзены ў канцы ХVІІ стагоддзя і знішчаны пажарам у 1929 годзе. Маёнтку належала каля шасці тысяч дзесяцін зямлі – гонкіх сасновых лясоў, маляўнічых лугоў і некалькі фальваркаў (пасля – вёсачак) з млыном. Віленскаму суддзі Ігнацыю Сволькену, продкі якога перасяліліся са Швецыі ў Літву, Шайкуні дасталіся ў 1840 годзе як пасаг яго жонкі Міхаліны Кучэўскай. У 1879 годзе маёнтак унаследаваў Эдуард, а ў 1905 – Канстанцін Сволькен. Жылі яны даволі адасоблена, а за рэфарматарства і ўвагу да сялянскіх патрэб, удзел у вясковых святкаваннях заслужылі ў віленскіх кансерватараў пагардлівую мянушку “народалюбы”.
Па звестках Р. Афтаназы, Сволькены былі вельмі адукаванымі. У іх бібліятэцы налічвалася каля трох тысяч кніг, у тым ліку выданні ХVІ і ХVІІ стагоддзяў, мноства рукапісаў на пергаменце. У салоне стаяў раяль фірмы “Мюльбах”, а сцены ўпрыгожвалі алейныя партрэты продкаў.
Звесткі Р. Афтаназы вельмі істотна дапоўніў у газеце “Літаратура і мастацтва” (20 сакавіка 2010 года) Сяргей Макарэвіч. Ён пабываў у Шайкунях, гаварыў з мясцовымі жыхарамі, якія цёпла ўспаміналі апошняга ўладальніка (“Канстанты быў вельмі добры і надта разумны”), устанавіў, што ў Сволькенаў быў графскі тытул, шматлікая сям’я за мяжой, а ў ёй — некалькі генералаў. А сярод пахаваных у капліцы знаходзіўся сын Ігнацыя Густаў Сволькен, гвардзеец 2-га грэнадзёрскага Свірскага палка, удзельнік руска-турэцкай вайны. Ён прымаў удзел у вызваленні Балгарыі, дзе і загінуў. Цяпер, дзякуючы старанням мясцовых жыхароў Алеся і Алены Марозікаў, а таксама родзічкі Сволькенаў Магдалены Асухоўскай з Польшчы прах героя знайшоў спачын на могілках у Клюшчанах.
Што ж тычыцца Канстанціна Сволькена, то, мне здаецца, убачыў яго на здымку, які адшукала ў прыхаджанкі Клюшчанскага касцёла Тарэсы Сусвіла нястомная Іаланта Валуевіч — ён быў надрукаваны разам з матэрыялам “Хаўрус Казіміра Сваяка” ў газеце “Звязда” 19 лютага. Толькі ён, пакуль неапазнаны, мог стаяць у капелюшы і з вусамі ў цэнтры ўдзельнікаў Клюшчанскага хору (прыгледзьцеся да іх твараў: інтэлігентныя, спакойныя, раскаваныя). Дарэчы, такі здымак тады мог быць зроблены толькі ў Клюшчанах, на землях, што належалі Сволькенам. У іншых мястэчках Астравеччыны (Варнянах, Міхалішках, самім Астраўцы), дзе землеўладальнікамі былі палякі ці рускія, такія фотаздымкі былі б немагчымыя. Можа, падумалася мне, толькі ў Гервятах, якімі тады валодалі Дамейкі. Класавае, нацыянальнае тады яшчэ выцясняла агульначалавечае. У Сволькенаў было наадварот. Пагэтаму раскаваны чалавечы дух тварыў на клюшчанскай зямлі цуды. Нешта падобнае назіралася толькі ў канцы ХVІІІ стагоддзя на землях асветнікаў Храптовічаў (Шчорсы, Нягневічы, Вішнева) і ў пачатку ХІХ стагоддзя ў Манюшкаў на Ігуменшчыне.
З іншага боку, было б цікава паглядзець, даследаваць гісторыкам і сацыёлагам, якія справы з гуманізмам і традыцыямі былі ў розных маёнтках ў залежнасці ад паходжання іх уладальнікаў, асабліва тых, што прыйшлі з Заходняй Еўропы. Памятаю, геральдыст Марына Ялінская налічыла сем шведскіх радоў, якія аселі ў Беларусі. Асветнікі Сволькены былі сярод іх правілам ці выключэннем? А Гуттэн-Чапскія, у сям’і якіх, як пісала Марыя Чапская, скрыжавалася ўся Еўропа? А нашчадкі Пушкіна пад Бабруйскам і род Дамейкаў на Навагрудчыне? Цікава і важна для нашай этыкі прасачыць велічыню крапасных павіннасцяў і накапленне адукацыйнага патэнцыялу ў залежнасці ад індывідуальных асаблівасцей гаспадароў…
Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Магчыма, чытачы могуць мяне папракнуць у некаторым ігнараванні жыццёвага і творчага шляху Казіміра Сваяка. Але яму ўжо прысвечаны многія работы іншых аўтараў, найперш за ўсё Адама Станкевіча, Уладзіміра Калесніка. У апошнія гады надрукаваны кнігі і артыкулы кандыдатаў філалагічных навук Ірыны Багдановіч і Мікалая Мікуліча. Маёй жа мэтай было паказаць акружэнне паэта, тыя традыцыі, беларускія і шведскія, якія аблегчылі — але і паскорылі яго ўзыходжанне на Парнас і Галгофу.

Адам МАЛЬДЗІС.