Сваяк і “Сваякі”
09:02 / 07.04.2010
Гістарычныя ўмовы, на якія прыпадае дзейнасць ксяндза Канстанціна Стаповіча і створанага ім “Хаўрусу Сваякоў”, былі складанымі і палітычна неспрыяльнымі як для ўсёй Беларусі ў цэлым, так і для Клюшчанскай парафіі. Віленшчына і Свянцянскі павет у прыватнасці апынуліся пад нямецкай акупацыяй. Ідэі незалежнасці афіцыйныя ўлады не толькі не падтрымлівалі, але наадварот – рабілі ўсё, каб задушыць маладыя беларускія рухі і аб’яднанні.
Дзейнасць “Хаўрусу” была разнастайнай: ад чытання лекцый і вечароў з беларускімі дэкламацыямі, развучвання касцельных песень на беларускай мове, беларускіх народных песень, паказу спектакляў – да барацьбы з такім сацыяльным злом, як п’янства, якое мела тэндэнцыю да распаўсюджвання ў гэтай мясцовасці. На пачатку 1916 года ў “Хаўрусе” стварылі драматычную суполку і пастанавілі зладзіць прадстаўленне. Казімір Сваяк напісаў п’есу “Праклённае зелле” на злабадзённую тэму, і вясной у гумне Смаленскіх, якое знаходзілася амаль насупраць касцёла, адразу ж пасля набажэнства адбылося прадстаўленне, якое сабрала вялікую колькасць народу. Асновай усёй іх дзейнасці была хрысціянская этыка.
Кіравала «Хаўрусам» выбраная рада, душой якой, безумоўна, быў Стаповіч, хаця афіцыйна не ўваходзіў у яе склад. Такая актыўная культурна-асветніцкая дзейнасць была не даспадобы ўладам. За ўдзельнікамі «Хаўрусу» сталі сачыць. Па ўспамінах, асабліва стараўся дагадзіць уладам шэф клюшчанскіх нямецкіх жандараў – асіміляваны паляк Мікалайчык. Не раз заўважалі яго то пад вокнамі плябяніі, то пад вокнамі хат, дзе жылі найбольш актыўныя сябры таварыства. Назіранне працягвалася і пасля таго, як памянялі шэфа жандармаў. Пачаліся скаргі да вышэйшых касцельных і афіцыйных уладаў, што Клюшчанская парафія абеларушчваецца. Ксяндза Стаповіча пераводзяць працаваць у Карыцін.
Застаўшыся без свайго ідэйнага кіраўніка, “Хаўрус Сваякоў” не спыняе работы. Агульнае кіраўніцтва ўзяў на сябе Адольф Клімовіч. Ён вядзе актыўную перапіску з кс. Стаповічам, які дае парады па далейшай дзейнасці.
Сваёй актыўнай працай “Хаўрус Сваякоў” стаў шырока вядомы. Аб гэтым сведчыць і такі факт, што ў канцы 1918 года на арганізацыю прыйшло запрашэнне прыняць удзел у рабоце Беларускай канферэнцыі,якая мелася адбыцца ў Вільні. Дэлегатам на яе быў выбраны на агульным сходзе Клімовіч. Але за імі працягвалі сачыць, паступалі ўладам даносы, і многія баяліся адкрыта афішыраваць свой удзел у «Хаўрусе».
Як сказаў Адам Бярнардавіч Дзевялтоўскі, чалавек мудры, начытаны, які цікавіўся і цікавіцца мінулым і сучаснасцю: “Цяжка было працаваць Стаповічу. Як толькі «Хаўрус» распачаў сваю дзейнасць на ніве беларушчыны і пачаліся казанні на беларускай мове ў касцёле, акрамя праследвання касцельнымі і афіцыйнымі ўладамі, літоўцы таксама запатрабавалі, каб святыя імшы адпраўляліся і на літоўскай мове. Літоўскія населеныя пункты складалі немалую частку Клюшчанскай парафіі: засценак Рудабесць, в. Світайлішкі, з. Дамінікова, в. Карклінцы, з. Кульбацішкі, з. Лугі, з. Петрашышкі, в. Заблацішкі.
Яны нікому не перашкаджалі, ні з кім не ваявалі, толькі хацелі славіць Бога на роднай, зразумелай нашым людзям мове, даказаць другім народам, што наша мова нічуць не горшая за іншую, адстаяць яе годнасць і права на існаванне.”
Хто яны, удзельнікі “Хаўрусу Сваякоў”? Якія па ўзросту, па сацыяльнаму становішчу, адукацыі і г.д.? Зразумела, што гэта былі сапраўдныя сыны і дочкі сваёй бацькаўшчыны, беларускага народа.
У многіх друкаваных крыніцах паведамляецца, што ў «Хаўрус» уваходзіла больш за сорак чалавек, а ў прадстаўленым спісе іх 36. Называецца згуртаваннем моладзі, але, як бачым, удзельнічалі ў ім і людзі больш сталага ўзросту. Самаму старэйшаму, Сільвестру Семашкевічу, у 1916 было 42 гады, гэтак жа сама і яго сваяку Адаму Семашкевічу. А самым малодшым, падобна быў Адольф Клімовіч – 16 гадоў. З дзяўчынак, напэўна, Валя Смаленская – 15-16 гадоў. Памылкова лічыць, што ўсе ўдзельнікі хору аўтаматычна сталі ўдзельнікамі “Хаўрусу Сваякоў”. Было там і многа такіх, хто ў хоры не спяваў. Тэрэса Віктараўна Сусвіла (маці якой спявала ў касцельным хоры і шмат чаго цікавага ёй паведала) расказвала, што трашчанская моладзь у хоры не ўдзельнічала. І я ёй веру: я крыху памятаю Францішка Субача з Трашчан (наш родзіч). Калі майго дзеда Яна і маю маму запрашалі спяваць на пахаваннях, то Субач не спяваў, дакладна ведаю (мы з імі падтрымлівалі сваяцкія сувязі).
Няма сярод удзельнікаў «Хаўрусу» і Шапура Веры, якая спявала ў касцельным хоры і захаплялася Сваяком, а родны брат яе, Валерый Саковіч з Папялішча – і спяваў, і ўдзельнічаў. Ёсць Валя Смаленская, але няма яе брата Віктара. Сястра Ракіцкага Караліна таксама спявала ў хоры, а сярод сяброў «Хаўрусу» яе няма. Здзівіла тое, што няма ў спісе Хадорскага, хаця Франц Хадорскі быў гарачым прыхільнікам беларускага адраджэння, быў знаёмы з многімі дзеячамі беларускай культуры, пісаў артыкулы пад псеўданімам Хвэстовы, і нават прымаў у сваёй хаце, калі ладзілі ў Клюшчанах пастаноўку “Паўлінкі”, Янку Купалу з Паўлінай Мядзёлка і іншымі гасцямі. Гэта сведчыць хутчэй за ўсё аб тым, што людзі баяліся адкрыта ўваходзіць у суполку. Думаю, што аб гэтым сведчаць і запісаныя толькі ініцыялы, як напрыклад: І.Валуевіч (гэта прозвішча мяне вельмі пацешыла – якраз жа гэтак падпісваю я свае допісы) з Трашчан. Пад гэтыя ініцыялы падыходзіць і Іосіф, і Іван, Ірына і г.д., якіх у в. Трашчаны можна налічыць чалавек пяць, падыходзячых па ўзросту
Не выключана, што некаторыя запісалі сябе пад псеўданімам. Вядома, што А. Клімовіч меў псеўданім Альфіч, Ракіцкі – Роміч (хаця ў “Хаўрусе” запісаны пад сваімі прозвішчамі). Спрэчным з’яўляецца псеўданім Лаўровы. У некаторых друкаваных крыніцах указана, што гэта псеўданім Віктара Смаленскага. Асабіста я прытрымліваюся версіі, што гэта псеўданім Францішка Лаўрыновіча з Гудалёў – далей зразумееце чаму. А Віктара Смаленскага ў гэтым спісе ўвогуле няма. Былі яшчэ Астра, Ольхіч, Яхіміч, але чые гэта псеўданімы, яшчэ належыць высветліць.
Хто схаваўся за скарочаным Гоз. Лаўрыновіч? Не прыйшло ў галаву ні адно імя – ні мужчынскага, ні жаночага полу – якое магло бы пачынацца на «Гоз». Зноў жа – Леонава? хто такі Янук Чэрвоны? Габрыновіч з в. Масцян – без ведання ініцыялаў устанавіць, каторая з двух сямей Габрыновічаў мела дачыненне да «Хаўрусу», пакуль што немагчыма. Застаецца паўтарыць за Ганнай Чакур, аўтаркай публікацыі ў “Астравецкай праўдзе”: “Эх! Знайсці б яшчэ й самі дакументы!”
Канешне, склад “Хаўрусу” мог мяняцца, але гэтыя даследаванні яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў. Маёй мэтай і задачай было адказаць на пытанне: хто яны, удзельнікі “Хаўрусу Сваякоў”.
Першы ў спісе – Адольф Клімовіч (1900 г.н.) – асоба вядомая. Інтэлігент еўрапейскай культуры, выпускнік Пражскага ўніверсітэта, адзін з лідэраў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, працаўнік Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, таленавіты журналіст, рэдактар і выдавец. А яшчэ – нястомны барацьбіт, тэарэтык і практык нацыянальна-вызваленчага руху. Магчыма, на станаўленне яго актыўнай беларускасці аказаў уплыў удзел у “Хаўрусе”.
Нарадзіўся ён у в.Казаноўшчына ў сям’і каваля. Бацька, Юстын, памёр у 48 гадоў, пакінуў 5-гадовага сына, якога выхоўвала маці Петрунэля. У 16 гадоў ён стаў самым актыўным сябрам “Хаўрусу”.
Вяскоўцы ўспамінаюць яго як вельмі адукаванага чалавека, ганарацца ім. У маладым узросце, калі былі ўтвораны беларускія школкі, у адной з іх, у Казаноўшчызне, ён ужо працаваў настаўнікам.
Фігура Адольфа Клімовіча настолькі знакавая для нашай мясцовасці, што заслугоўвае асобнай размовы. 20 красавіка бягучага года таксама будзем адзначаць 110-гадовы юбілей з дня яго нараджэння.
Рамуальд Ракіцкі (1899 г.н.). Для мяне ўбачыць у спісе яго імя было вялікай радасцю. Літаральна перад юбілеем Сваяка, калі я рыхтавала невялікае выданне сваіх публікацый, маю ўвагу прыцягнула тое, што нідзе не называецца імя яго блізкага сябра і паплечніка Ракіцкага. Пералістала ўсе магчымыя крыніцы, усюды запісана толькі прозвішча - мастак Ракіцкі. Патэлефанавала Драўніцкаму – ён таксама не ведае. І вось – на талерачцы з блакітным беражком, акурат да юбілею, з далёкага небыцця з’явілася на свет Божы імя – Рамуальд. Раней, не ведаючы імя, нават было спрэчным пытанне адкуль ён родам – з Казаноўшчызны ці з Клюшчан. Дзякуючы спісу “Хаўрусу” ўсё стала на месца.
Дружным калектывам выступае магутны і слаўны род Семашкевічаў з в. Лакцяны. Я думаю, што гэта яны палажылі пачатак ідэі беларускага адраджэння на Клюшчаншчыне. У спісе чамусьці яны раскіданы ўразброд – можа, таксама дзеля канспірацыі?
Сільвестар Семашкевіч (1874 г.н.) – родны брат вядомага святара-паэта з в.Лакцяны Янкі Быліны.
Яго дзеці: дачка Красільда (Грасыльда) Семашкевіч (1900 г.н.) (калі добра прыгледзецца, то назву населенага пункта можна прачытаць у ксеракопіі арыгінала). Гэта пляменніца Янкі Быліны.
Сын Юзаф (Іосіф) Семашкевіч (1906 г.н.), пляменнік Я. Быліны.
Сястра Янкі Быліны і Сельвестра Францішка – (1888 г.).
Здзіўленне, хваляванне, радасць і гонар за свой род – такімі былі першыя пачуцці , якія агарнулі Тэрэсу Мар’янаўну Драган, сакратара камісіі па справах непаўналетніх Астравецкага райвыканкама, калі яна ўбачыла ў спісе “Хаўрусу Сваякоў” імя свайго дзеда Адама Семашкевіча
Адам Семашкевіч (1874-1950 – дата нараджэння можа быць крышачку недакладнай) з хутара Клевіе – так пісалася гэтая назва на пачатку мінулага стагоддзя. (у пратаколе пазначана, як Клаўсе). Гэты населены пункт ужо не існуе, нават назву яго памятаюць нямногія. Дачка Адама Семашкевіча – Рэгіна Клімашэўская – зараз жыве ў Ясені. Унучка, Тарэса Мар’янаўна Драган, працуе ў райвыканкаме, унук, Рышард Семашкевіч, жыве ў Белай Вадзе. Яны мне і расказалі пра свайго дзеда. Самае важнае ў яго біяграфіі тое, што ён паходзіць з Лакцян і з’яўляецца стрыечным братам паэта-святара Янкі Быліны.
У ранняй маладосці паехаў на заробкі ў Латвію, працаваў там на цагельні. Вярнуўшыся, купіў зямлю і возера Клевіе, пабудаваўся і назваў свой хутар Клевіе. Знаходзіцца ён паміж Белай Вадой і Баранямі. Як прадстаўнік роду Семашкевічаў, ён быў напоўнены патрыятычнымі ідэямі і не мог застацца раўнадушным да пачынанняў Сваяка. Ён таксама спяваў у хоры Клюшчанскага касцёла. Яго адданасць беларускай ідэі выяўляецца нават у тым, што завяшчаў быць пахаваным на Клюшчанскіх могілках, побач з касцёлам, там, дзе пахавана ўся радня Семашкевічаў. Тэрэса Мар’янаўна з аповедаў сваёй мамы памятае, што дзед быў чалавекам самабытным, правільным і нават суровым. Вось чаму апошнюю волю яго выканалі безумоўна. Пахаваны А.Семашкевіч у радзіннай магіле Семашкевічаў.
Гэта сведчыць аб моцнай повязі роду, адданасці беларускай ідэі: нават пасля смерці ён захацеў быць побач са сваім родзічам і ідэйным настаўнікам.
Натуральна, што сярод моладзі ў “Хаўрусе” завязваліся рамантычныя адносіны і нават складваліся шлюбы.
Францішак Лаўрыновіч (1894 г.н.) з в. Гудалі – таксама цікавая асоба. Як сказаў яго былы сусед Б.А. Дзевялтоўскі, Лаўрыновіч быў для таго часу чалавекам адукаваным, разумным і вельмі набожным. Удзельнічаў у пасяджэннях сейму ў Свянцянах, у Вялікім Посце чытаў Евангелле ў касцёле. У “Хаўрусе” ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Грасыльдай Семашкевічанкай- пляменніцай Янкі Быліны. У шлюбе яны нажылі чацвёра дзяцей, але неўзабаве Грасыльда памерла. Яго дачка, Ядвіга, якая зараз жыве ў Вільні, расказвала, што Янка Быліна быў нярэдкім госцем у іх доме ў Гудалях.”Пакажы мне сваіх лісянятак”, – пытаўся ён у кожны свой прыезд і частаваў дзяцей цукеркамі. «Лісіца» – гэта была мянушка яго бацькі. Застаўшыся без жонкі, Францішак прадаў хату ў Гудалях і выехаў у Вільню.
У артыкуле “Хаўрус Сваякоў” прыводзіцца вытрымка з рапарта, дзе сказана: “За Камітэт арганізацыйны падпісаліся В. Смаленская, кс. Стэповіч, Ф. Лаўрыновіч і Р. Ракіцкі.”
Па словах Браніславы Масцяніца, сярод сяброў “Хаўрусу” была дзяўчына з сям’і Габрыновіч, якая там пазнаёмілася з адным з братоў Сваяка і выйшла за яго замуж. Такой дзяўчынай магла быць Петрунэля Габрыновіч (1903 г.н.). А вось за каго яна выйшла замуж – за Алеся ці Янку, устанавіць пакуль што не атрымалася. Па ўзросту – як бы за Янку, але ж ці ва ўзросце справа? Унучка Алеся Стэповіча Ніна Даніловіч з Гродна памятае толькі, што ў бабулі было незвычайнае і доўгае імя, магчыма і Петрунэлія. Але гэта толькі згадкі, пакуль што.
Многім у Астравецкім раёне вядома імя Чэслава Іванавіча Габрыновіча, дырэктара фірмы “Верас”. Напачатку 20 стагоддзя ў Масцянах былі две сям’і Габрыновічаў, якія, па словах іх нашчадкаў, знаходзіліся ў сваяцкіх адносінах. У любым выпадку, далейшыя ці бліжэйшыя, але сваякі Чэслава Іванавіча былі сябрамі «Хаўрусу Сваякоў». Мне думаецца, што гонар за сваю прыналежнасць да беларускай нацыі перадаўся ад продкаў і нашчадкам. Нездарма ж сваю фірму Чэслаў Іванавіч назваў не якімсьці мудрагелістым амерыканізмам, але нашым, родным, пяшчотным беларускім словам – “Верас”. Вось і працвітае яна з году ў год, як і кветка верас – сімвал нашых лясоў.
Ала Казелювна (1898 г.н.) з в. Лакцян – не Ала, але Гэлена Козел. Тут памылкі быць не можа, па-першае, таму, што ў метрычнай кнізе таго часу Алы у гэтай вёсцы зусім няма, а па-другое, як мне расказала Т. В. Сусвіла, яна была яркай асобай і яе запомнілі надоўга. Калі пачаў кс.Канстанцін фарміраваць касцельны хор і прапанаваў развучваць песні па-беларуску, яна адна з першых падтрымала яго і заявіла: “Мы не павінны выракацца роднай мовы”. Яна спявала ў хоры. Імя Ала ўзята, можа, і наўмысна, каб збіць са следу шпіёнаў, а магчыма, і памылка ў напісанні, дапушчаная следчым. У далейшым яна выйшла замуж у Світайлішкі (Літва, Клюшчанскай парафіі).
Таксама пад рознымі пунктамі ў спісе члены сям’і Стэповічаў:
Кс. Канстанты Стэповіч
Брат Янка Стэповіч (1898 г.н.) – малодшы брат Кастуся.
Алесь Стэповіч (1887 г.н.) – старэйшы брат працаваў аб’езчыкам. Жыў у Баранях. Яго ўнучка, Яніна Даніловіч, зараз жыве ў Гродна і трапятліва ставіцца да памяці сваіх продкаў, збірае кожную звестачку, кожнае паведамленне і ўсё, што датычыцца іх сям’і. Гэта яе ініцыятывай было выданне выбраных твораў Казіміра Сваяка.
Зюня Стэповіч – Зузана Стэповіч (1896 г.н.), малодшая сястра Казіміра Сваяка.
Юзаф Сліскі – у дакументах, якія мне былі прадстаўлены, я не знайшла ні такога населенага пункта, ні такога прозвішча. Але цётка Яня з Пабрадзе, калі пісала мне ў лісце пра нашы сваяцкія адносіны са Стэповічамі, упамінала, што малодшая з сясцёр Зузана выйшла замуж за Сліскага, не ўказваючы больш нічога, як бы маючы на ўвазе, што імя гэта вядомае ў тым ліку і мне. Аказалася, сапраўды: Юзаф Сліскі быў даволі заможным гаспадаром, што пацвярджае і І.П. Драўніцкі, і Б. Масцяніца. А пазначаны населены пункт – Гулі – напэўна, памылка, там і прачытаць цяжка. Сліскія мелі свой млын і жылі ў Юстынове каля Свіра.
Павел Юлюк (1889 г.н.). Юлюк – гэта мясцовае вымаўленне, па сучаснаму гэта прозвішча пішацца Ілюк. Яго ўнук Альфонс Віктаравіч Ілюк жыве ў Баранях і ганарыцца сваім продкам.
Станіслаў Рабовіч з Бараняў (1900 г.н.). Вырас у мнагадзетнай (8 дзяцей) сям’і. Выхоўвала дзяцей адна маці – Стэфанія, у дзявоцтве Пляўга. Фотаздымак баранскіх дзецюкоў знайшла ў сямейным архіве Яніна Ілюк, муж якой з’яўляецца нашчадкам Паўла Ілюка. На жаль, імён астатніх хлопцаў яна не ведае, магчыма, яны ўсе сябры-хаўруснікі.
Рамуальд Чарняўскі (1897 г.н), бацька Юліян Андрэевіч – удавец.
Вітольд Буйка (1879 г.н.) жыў у Баранях да 1968 г. Яго нашчадкі: Іван Буйка, жыве ў Баранях, яго дачка – настаўніца Падольскай СШ Ларыса Іванаўна Сасноўская, сапраўдны патрыёт сваёй бацькаўшчыны, лічыць, што ёй пашанцавала нарадзіцца ў вёсцы, якая падарыла Астравеччыне аднаго з лепшых сыноў – Казіміра Сваяка і дзе жывуць сапраўдныя “сваякі“.
Янка Якубовіч (на самай справе – Якубцэвіч) (1883 г.н.). Бацька – Антон, маці – Марцыяна. Вырас у мнагадзетнай (6 дзяцей ) сям’і.
Юзаф Буйка (1898 г.н.). Бацька – Адам, маці Марыяна.
Юлія Буйка (1899 г.н.). Бацька – Франц, маці – Марыяна.
Ян Лось (1889) з в. Пятрашышкі. Гэта родны брат дзеда Фелікса Станевіча і Генуэфы Семашкевіч, пра якіх некалі пісала “Астравецкая праўда”. У далейшым ён выехаў у Амерыку. Усе ў гэтай сям’i былі людзi таленавiтыя, творчыя. Як бачым, таленавітыя продкі перадалі свой талент нашчадкам. Па ўспамінах Генуэфы, у іх сям’і ўсе спявалі: дзядзька Юзэф быў скрыпачом i пiсаў вершы; цёця Лёня складала вершы i тэксты рэлiгiйных песень, якiя сама ўкладала на музыку; брат Фелiкс дасягнуў пэўных вышынь у радыётэхнiцы i музыцы, доўгi час працаваў у латышскiм фальклорным ансамблi «Орнамент». Сама Генуэфа Антонаўна, акрамя паэтычных, мае i музычныя здольнасцi, спявае ў парафiяльным хоры касцёла ў горадзе Лентварыс.
Але, галоўнае, што перадаў ім далёкі продак – гэта сваю любоў да родных мясцiн, да беларускай зямлі, да матчынай мовы. Большую частку жыцця пражыўшы ў Лiтве, Генуэфа Антонаўна не забыла матчыну мову, памятае род, кроўную повязь з роднай зямлёй – яна піша вершы на беларускай мове.
... Няма нічога і нікога:
ні таго саду маладога,
і гаспадар і гаспадыня
даўно на могілках спачылі.
Ніхто ўжо не чакае ў госці
тут, як чакалі ў маладосці.
Сумны малюнак, сумны від,
а мяне цягне, як магніт,
гэта зямля –
яна мяне заваражыла –
дзе б ні была,
заве з няўмольнай сілай.
Г. Семашкевіч “Успаміны”.
Рамуальд Трыбоцкі (1899 г.н) з в. Кісялі. Бацька – Мікалай, маці – Канстанцыя. У сям’і было шэсць дзяцей. Меў прыгожы голас і спяваў у касцельным хоры. Цікава, што яго родны брат лічыў сябе палякам і падкрэсліваў гэта пры кожным зручным выпадку.
Валерый Саковіч з Папялішча (1893 г.н.). Гэта брат Веранікі Шапура, якая захавала для нас фотаздымак Клюшчанскага хору, дзе яны разам спявалі. Памёр у маладым веку ад апендыцыту – не паспелі своечасова давезці да доктара.
З Трашчанскай моладдзю дапамагла разабрацца Рэгіна Францаўна Субач.
Андрэй Пілімон (1994 г.н.) з в.Трашчаны. Быў кавалём і жыў даволі заможна. Усё жыццё пражыў у Трашчанах. Выхоўваў сем дзяцей. Захавалася яшчэ хата, у якой зараз жыве сям’я Ствол. Яго нашчадкі – 4 дачкі, тры з іх жывуць у Вільні, адна ў Калінінградзе. Унук – Напалеон Альфонсавіч Пілімон, жыве ў Клюшчанах і ганарыцца сваім дзедам. Ён і збярог для нас фотаздымак.
Францішэк Субач (1900 г.н.) з в. Трашчаны, сваяк майго дзеда Яна Субача. Усё жыццё пражыў у Трашчанах, дзе і па сённяшні дзень жыве яго дачка.
Юстын Валуевіч з в. Трашчаны. Яго дачка Гэлена Ствол жыве і зараз у Трашчанах.
Эмілія Міхновіч. Яе дачка, па словах Рэгіны Францаўны, жыве зараз у в.Пятрашышкі.
Валя Смаленская з в. Клюшчаны таксама фігура вядомая. Малодшая сястра Віктара Смаленскага (пра яго расказвала Ніна Рыбік ў нарысе “Сад жыцця Віктара Смаленскага” «Астравецкая праўда», 2009, 19 жніўня). Дакладна год яе нараджэння пакуль што невядомы: прыкладна 1902. У 1922 годзе яна ўжо была замужам за начальнікам Клюшчанскай пошты Мечыславам Карпінскім і нарадзіла першую дачку Аліну. Акрамя таго, што спявала ў хоры і была актыўнай удзельніцай “Хаўрусу”, яна настаўнічала ў адной з беларускіх школак у в.Барані, а затым у Буйках. Пазней выйшла замуж, нарадзіла трох дачок і выехала з сям’ёй у Польшчу.
Ян Клімовіч з в. Клюшчаны – апошні з удзельнікаў “Хаўрусу”. Апошні, таму што, як паведаміла мне Т. В. Сусвіла, ён зусім нядаўна пакінуў гэты свет. Ён быў самым старэйшым сярод удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны ў Спондаўскім сельсавеце. Апошнія гады жыў на Літве ў сына. Гэты чалавек быў моцны і духоўна, і фізічна. Прайшоўшы дарогамі вайны, вярнуўся дадому і пражыў доўгае жыццё.
Якімі б ні былі па свайму сацыяльнаму статусу, матэрыяльнаму становішчу і ўзросту гэтыя хлопцы і дзяўчаты, мужчыны і жанчыны , іх аб’ядноўвала адно – бязмежная любоў да сваёй Бацькаўшчыны, да свайго народа, павага і давер да свайго ідэйнага, духоўнага настаўніка і павадыра – Казіміра Сваяка.“Хаўрусу сваякоў” у Клюшчанах”
Гадкі са тры дзяржаўся ты ўдала,
Старонцы роднай
усё стараючысь служыць,
Як мог і як умеў: не быстра, ані вяла -
Змагаўся русняка з прасоння разбудзіць
Так думцы вось тваей хай багаславіць Бог,
Каб буйна ўзрасла
для Бацькаўшчыны роднай,
А помні, брат Сваяк, наперад без трывог
Ідзі ўсё дальш і дальш па пуціне свабоднай.
А еслі ж пуціна калючкамі наб’ецца, –
Не бойся толькі ты, абы ісці ледзь мог,
Бо пэўна нас калісь не мала сабярэцца –
Сапхнём тады карчы з усіх сваіх дарог.
К. Сваяк (24 верасня 1919 года.)
Матэрыял падрыхтавала Іаланта ВАЛУЕВІЧ.
P.S. Удзячна людзям, якія захавалі ў памяці добрыя ўспаміны і дапамаглі ў даследчых пошуках: Браніславе Масцяніца, Эдуарду Балюцкісу, Тэрэсе Віктараўне Сусвіла, Зофіі Бернардаўне Шапель, Яніне Вітольдаўне Ілюк, Бярнарду Адамавічу Дзевялтоўскаму.