Память Афганской войне

12:28 / 25.03.2017

afgan1.jpg

Астравецкіх удзельнікаў вайны ў Афганістане ўжо даўно хвалюе пытанне адсутнасці ў райцэнтры помніка воінам-інтэрнацыяналістам. Аднак праблема зварухнулася з месца – ужо ёсць эскізны праект помніка, які распрацаваў скульптар Аляксандр Сяргеевіч Шумаў. Ён жа будзе займацца і ўвасабленнем у жыццё сваёй ідэі.

Нядаўна А.С. Шумаў наведаўся ў Астравец і згадзіўся адказаць на некалькі пытанняў карэспандэнта раённай газеты.

– Раскажыце, як узнікла ідэя праекта?

– Узнікла яна дзякуючы нераўнадушным і ініцыятыўным людзям, для якіх афганская вайна – не пустое спалучэнне слоў, а часцінка жыцця і ўспаміны, якія не сцерці з памяці. Праект “выношваўся” доўга,ён як доўгачаканае дзіця, таму яго “нараджэнне” было вельмі радасным. Мне не хацелася абстракцый ці геаметрычных фігур для адлюстравання жывой бяды, якая і зараз крывавіць сэрцы матуль і родзічаў загінуўшых у Афганістане. А яшчэ ўзнікла ідэя зрабіць не адзіночны помнік, а нешта накшталт невялікага комплексу: месца, дзе ён будзе ўстаноўлены якраз для гэтага падыходзіць. Вось так, у спробах і ўдасканальванні, і нарадзіўся канчатковы эскізны праект: фігура салдата-афганца, які стаіць на камені, прыкрыўшы рукой вочы.

– Якое сэнсавае значэнне нясе помнік?

– Гэта памяць аб вайне ў Афганістане, якая жыве ў сэрцах і павінна перадавацца з пакалення ў пакаленне. І адначасова – напамін і загад нашчадкам зрабіць усё магчымае, каб такая трагедыя больш не паўтарылася. Закрытыя рукой вочы – увасабленне таго, што не ўсе вярнуліся з афганскай вайны жывымі. Гэта боль, слёзы і бяссонныя ночы салдацкіх матуль.

– А вы самі маеце дачыненне да вайны ў Афганістане?

– У мяне сябар – афганец. Менавіта ён кансультаваў мяне па многіх пытаннях: расказваў як хадзілі ў горы, спраўляліся з абмундзіраваннем, выязджалі на баявыя заданні. У кожным слове яго ўспамінаў чуліся ноткі болю і перажыванняў. З расповедаў сябра ды прагляду яго дэмбельскага альбома я пачарпнуў намнога больш інфармацыі, чым з дакументальных звестак. Спадзяюся, што сябар не будзе супраць мне папазіраваць – хочацца, каб помнік быў максімальна рэалістычным.

– На якой стадыі рэалізацыі праект знаходзіцца зараз?

– Нядаўна разам са старшынёй раённага аб’яднання воінаў-інтэрнацыяналістаў Сцяпанам Сцяпанавічам Цітком і яго калегам Аляксандрам Аляксандравічам Андралойцем ездзілі выбіраць камень, на якім будзе ўстаноўлены помнік. З тэхнічнага боку гэта вельмі важна, бо пры наяўнасці асновы ўжо можна планаваць, як будзе выглядаць фігура на камені, якім чынам яе лепш устанавіць і іншыя нюансы, неабходныя для работы. Дарэчы, на камені плануецца прымацаваць таблічкі з пералікам правінцый, дзе служылі астравецкія афганцы – каб ведалі і памяталі землякі і будучыя пакаленні.

– Калі плануецца ўстанавіць доўгачаканы помнік?

– На мне ляжыць рамесніцкая частка – якасна і добрасумленна зрабіць помнік, бо гэта адлюстраванне майго творчага “я”. Праект мне падабаецца, таму бяруся за работу з задавальненнем.

Аднак існуе матэрыяльны бок, таму тэрміны ўстаноўкі помніка залежаць у тым ліку і ад фінансавання праекта. Ведаю, што аб’яўлены добраахвотны збор ахвяраванняў, мясцовыя ўлады і абласное аб’яднанне афганцаў таксама не застануцца ў баку. І, спадзяюся, агульнымі намаганнямі нераўнадушных людзей у Астраўцы сёлета з’явіцца помнік воінам-інтэрнацыяналістам.

afgan.jpg

Нагадваем, што пералічыць ахвяраванні можна (скапіраваць №14 ад 22 лютага, 4 стр., эскізнае фота).

Марына МАЦКЕВІЧ,

ostrov-red.matskevich@tut.by.

Текст: