Жизненные пути пяти маршалов Советского Союза пролегли через наш регион

17:13 / 08.09.2016
История_(надпись)Воінскае званне “Маршал Савецкага Саюза” было ўведзена ў 1935 годзе і па 1945 год з’яўлялася вышэйшым званнем у Чырвонай Арміі. За гады існавання савецкай улады яго прысвойвалі 41 раз, а жыццёвыя шляхі пяці маршалаў праляглі праз наш рэгіён. Аднымі з першых маршальскія зоркі атрымалі 7 мая 1940 года Сямён Цімашэнка, Барыс Шапашнікаў і Рыгор Кулік, якія падчас Першай сусветнай вайны ваявалі пад Смаргонню.

ЦімашэнкаВыхадзец з сям’і селяніна-ўкраінца Сямён Канстанцінавіч Цімашэнка пасля заканчэння ў 1915 годзе вучэбнай каманды і Араніенбаумскай кулямётнай школы служыў кулямётчыкам у складзе 4-й кавалерыйскай дывізіі. Упартыя баі за Смаргонь  восенню 1915 года моцна ўразілі будучага маршала С.Цімашэнку і вызначылі яго лёс як ваеннага кіраўніка. У вайну малады кулямётчык тройчы быў паранены, але ніколі не выбываў са строю. За мужнасць Цімашэнка быў адзначаны трыма Георгіеўскімі крыжамі – 4, 3, 2-й ступені і Георгіеўскім медалём. Сямён Канстанцінавіч мог стаць і поўным Георгіеўскім кавалерам, але  канфлікт са штабс-капітанам, які лютаваў у акопах, ледзь не скончыўся ваенна-палявым судом.

ШапашнікаўСа жніўня 1914 года ўдзельнічаў у вялікай вайне выдатны ваенны дзеяч і ваенны тэарэтык Барыс Міхайлавіч Шапашнікаў. У верасні 1917 года палкоўнік Б. Шапашні-каў прызначаны на пасаду камандзіра Мінгрэльскага грэнадзёрскага палка, які дыслакаваўся пад Смаргонню. У лістападзе таго ж года на з’ездзе дэлегатаў ваенна-рэвалюцыйных камітэтаў быў абраны начальнікам Каўказ-кай грэнадзёрскай дывізіі. Праявіў на франтах асабістую адвагу, за што атрымаў тры ордэны Св. Ганны – 4, 3 і 2-й ступені, ордэн Св. Уладзіміра 4-й ступені з мячамі і бантам, ордэн Св. Станіслава 3-й ступені таксама з мячамі і бантам.

КулікУ Першую сусветную вайну прайшоў шлях ад радавога да старшага фейерверкера будучы маршал Рыгор Іванавіч Кулік. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года яго выбралі старшынёй батарэйнага салдацкага камітэта, потым дывізіённага і брыгаднага камітэта. Рыгор Іванавіч браў      удзел у з’ездзе Заходняга фронту, які адбыўся ў Мінску ў красавіку 1917 года. Пасля вяртання з франтавога з’езда актыўна праводзіў рэвалюцыйную работу сярод салдат-артылерыстаў. У архіве былога Міністэрства абароны СССР у Падольску захоўваецца ўласнаручна напісаная Р. Куліком аўтабіяграфія, дзе пазначана: “У момант чэрвеньскага наступлення 1917 года на Крэва і Смаргонь, будучы старшынёй дывізіённай камісіі, я выступіў з заклікам да салдат супраць наступлення, за што быў арыштаваны. Хутка пад націскам салдацкай масы быў вызвалены, а дывізія была перакінута на Румынскі фронт, як дывізія палітычна недобрана-дзейная”. Сёння факт рэвалюцыйнай агітацыі, які паспрыяў правалу рускага летняга наступлення, адсутнасць узнагарод царскай арміі і яго дзезерцірства з фронту ў кастрычніку 1917 года характарызуюць не лепшым чынам дзейнасць будучага маршала на фронце. Але знаходжанне Р. Куліка ў нашым краі застаецца праўдзівым фактам яго біяграфіі.

У гады Вялікай Айчыннай вайны дзевяць савецкіх палкаводцаў атрымалі вышэйшае воінскае званне “Маршал Савецкага Саюза”, і сярод іх двое зноў жа мелі дачыненне да смаргонскіх пазіцый.

Жукаў18 студзеня 1943 года першым атрымаў званне Маршала Савецкага Саюза Георгій Канстанцінавіч Жукаў. Факт знаходжання Г. Жукава на нашым участку Заходняга фронту ў Першую сусветную вайну ўпершыню агучыў вядомы краязнаўца рэгіёна Генадзь Каханоўскі. У гістарычна-эканамічным нарысе “Маладзечна” Генадзь Аляксандравіч адзначыў, што “цяжкае ўражанне пакінула на ўсё жыццё тая пры-франтавая і франтавая рэальнасць у душы будучага савецкага палкаводца Г.К. Жукава, якому выпала тут быць у нялёгкім 1916 годзе”. На вялікі жаль, нам невядомы тыя дакументы, на якія спасылаўся даследчык, таксама не дапамаглі больш даведацца пра гэты факт біяграфіі звароты ў Слуцкі краязнаўчы музей і да родных маршала. Не адзначана знаходжанне ў нашым краі выбітнага ваеннага дзеяча ва “Успамінах і развагах” Г. Жукава.

Дапоўніць гэтыя звесткі могуць толькі ўспаміны пісьменніка Канстанціна Федзіна аб сустрэчы і гутарцы з маршалам Жукавым у Патздаме ў 1945 годзе.

“…У кавалерыі навічок вылучаецца, і яго залічваюць ва ўнцер-афіцэрскую вучэбную каманду.

– Я быў першым нумарам у камандзе з двухсот сарака чалавек, – расказвае маршал, – і хутка атрымаў званне віцэ-унцер-афіцэра, яфрэйтараў у кавалерыі не было. У шаснаццатым годзе ў гэтым унцер-афіцэрскім чыне трапіў на Заходні фронт. Драцца прыйшлося ў раёне Маладзечна – Свянцяны. Там я і атрымаў сваё першае знаёмства з немцамі…”.

У гэтых успамінах таксама адзначана, што ў гады Першай сусветнай вайны Г. Жукаў быў узнагароджаны Георгіеўскімі крыжамі 4-й і 3-й ступені і двума Георгіеўскімі медалямі. Напэўна, далейшы пошук звестак у архівах дапоўніць жыццёвы шлях вядомага палкаводца ў нашых  мясцінах.

МаліноўскіНапалеонаўскае выказванне, што кожны салдат “носіць у сваім ранцы маршальскі жэзл” у поўнай меры  адносіцца і да Радзіёна Якаўлевіча Маліноўскага, які званне Маршала Савецкага Саюза атрымаў 10 верасня

1944 года. У Першую сусветную вайну ён служыў у кулямётнай камандзе 256-га Елісаветградскага пяхотнага палка 64-й пяхотнай дывізіі. Спачатку быў падносчыкам патронаў, потым – наводчыкам і, нарэшце, начальнікам кулямёта. Вераснёўскае адступленне 1915 года праз Тургелі, Ашмяны і Крэва. Полк трапляе пад Смаргонь і замацоўваецца ў раёне чыгуначнага вакзала горада. У выніку кастрычніцкага наступлення на заходнюю частку горада над тым месцам, дзе стаяў кулямёт Р. Маліноўскага, разарвалася брызантная граната. Два асколкі трапілі ў спіну салдата, а трэці наскрозь прабіў нагу вышэй калена. У перадавым шпіталі ў Залессі на акаванай цынкавым жалезам багажнай стойцы чыгуначнай станцыі яму зрабілі аперацыю, пасля якой Р. Маліноўскі быў накіраваны ў 66-ы гарадскі шпіталь Казані. За мужнасць у гады вайны Радзіён Якаўлевіч быў узнагароджаны двума Георгіеўскімі крыжамі 4-й і 3-й ступені і трыма баявымі французкімі крыжамі “Круа дэ Гер” з мячамі.

У гады сусветнай вайны супрацьстаянне каля французкага горада Вердэн зрабіла яго назву сімвалічнай. Абарона Смаргоні ўвайшла ў гісторыю як Вердэн Усходняга фронту. На смаргонскіх пазіцыях у той час зведалі баявыя выпрабаванні шмат вядомых у будучым людзей, а атрыманы вопыт на лініі мясцовага фронту стаў ці не першай прыступкай на лесвіцы іх вайсковай кар’еры.

Уладзімір ПРЫХАЧ.