Вайна і мір ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Пешкура

14:18 / 08.10.2019
Прозвішча ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Андрэевіча Пешкура не значыцца ў раённай кнізе «Памяць», звесткі пра яго чамусьці не захаваліся ні ў раённым савеце ветэранаў, ні ў раённым ваенным камісарыяце.
Адзінымі афіцыйнымі сведкамі таго, што Іван Андрэевіч быў на фронце з 1942-га па 1945 год, з’яўляюцца пасведчанне інваліда Вялікай Айчыннай вайны і ваенны білет, у якім зроблены адпаведны запіс. А таксама ўспаміны дачкі, якая стараецца знайсці хоць якія звесткі пра свайго бацьку.

20190912_195846.jpg

 Вайна… 
– Бацька не любіў расказваць пра тыя страшныя гады, – успамінае жыхарка Гудагая Станіслава Іванаўна Козіч. – Гаварыў толькі адно: каб вы, дзеці, ніколі не зведалі такіх жахаў.
Нарадзіўся Іван  Андрэевіч Пешкур у Байканах у 1918 годзе. Калі пачалася вайна, яму было амаль 23.
– Бабуля  расказвала, што на вайну тату прызвалі адным з першых сярод аднавяскоўцаў.  Спачатку была вучэбка дзесьці пад Архангельскам. Па запісах у ваенным білеце, 17 снежня  1942 года  ён прыняў прысягу пры 751-м стралковым палку, – расказвае Станіслава Іванаўна.
Як сведчаць звесткі, змешчаныя на розных сайтах у інтэрнэ­це, гэты полк з баямі прайшоў Расію, Беларусь, Украіну, Польшчу…
У адным са шпіталяў  Польшчы ў 1945 годзе  і завяршыў свой баявы шлях Іван Андрэевіч Пешкур.
– У адным з баёў тата быў паранены і атрымаў кантузію, – гаворыць дачка. – У яго былі пакручаныя ногі і правая рука без двух пальцаў. Вайна адбілася на яго здароўі – тата цяжка хварэў і памёр у 58 гадоў.
 – Апошні год я перагледзела шэраг сайтаў, дзякуючы якім многія людзі змаглі знайсці звесткі пра сваіх родных, што ваявалі ў час Вялікай Айчыннай, – працягвае дачка ветэрана. – Але пра тату  нідзе нічога не магу знайсці.
Адзінай зачэпкай, хіба што, можа з’яўляцца інфармацыя на сайце «Памяць народа», у адным са спісаў якога значыцца «Пешкух Іван Андрэевіч, 1918 г.н.» – магчыма, тут дапушчана апіска і  пад прозвішчам хаваецца інфарма­цыя пра бацьку Станіславы Іванаўны.

20190912_195832.jpg


… і мір
У родныя Байканы Іван Андрэевіч Пешкур вярнуўся ў чэрвені 1945 года. Амаль год вёска і раён ужо жылі мірным жыццём.
– Тату сустракалі як героя, ды і потым вельмі паважалі. Пра гэта сведчыць хоць бы той факт, што  адразу ж сельсавет выдзеліў яму жыллё, – расказвае Станіслава Іванаўна. – Калі бацька вярнуўся дадому, яго старэйшы брат ужо быў жанаты – і ў доме месца для яшчэ аднаго чалавека   не было. Бацьку пасялілі на хутары Дайнава ў доме заможных гаспадароў, якія  выехалі ў Польшчу.
Калі пачалася арганізацыя калгасаў, Іван Андрэевіч пайшоў працаваць на перасоўную малатарню, якая малаціла збожжа па ўсім раёне.
Прыгажуню Стэфанію Іван Пешкур заўважыў на танцах, якія моладзь арганізоўвала ў яго доме. Праўда,  дзяўчына на той час ужо мела жаніха, і ў касцёле паспелі зачытаць першую запаведзь аб будучым шлюбе.
Іван доўга не разважаў –  завітаў да мачахі Стэфаніі і папрасіў рукі і сэрца прыёмнай дачкі. 
– Ад пасагу адмовіўся, ды і вяселле паабяцаў справіць сам, – расказвае Станіслава Іванаўна. – Дом у яго быў і праца па тым часе таксама добрая. І мачаха вырашыла лёс маёй маці, удала выдаўшы прыёмную дачку замуж. 
– Бацькі жылі добра. Ніколі тата на маму ні голас не павысіў, ні рукі не падняў, – працягвае Станіслава Іванаўна. 
У 1948 годзе Пешкуры пабудавалі дом у Байканах, неўзабаве нарадзілася першая дачка, затым – другая, а потым  і сынок.
– Бацька быў паважаным чалавекам. У сельсавеце яго партрэт  вісеў побач з партрэтамі яшчэ двух  ветэранаў Вялікай  Айчыннай вайны, – успамінае   Станіслава Іванаўна. – Ад райвыканкама ён некалькі разоў атрымліваў машыны з ручным кіраваннем. Ды і першы свой аўтамабіль «Жыгулі» мы набылі дзякуючы тату – у савецкія часы машыны выдзяляліся па чарзе, а ў ветэранаў вайны былі пэўныя прэферэнцыі.  
– У бацькі былі ўзна­гароды, але ў  ваенным білеце пазначаны толькі медаль «За перамогу над Германіяй», – гаворыць дачка ветэрана. – Калі тата памёр, вяскоўцы параілі маці яго ўзнагароды пакласці разам з ім у труну. Так мы і зрабілі. Цяпер, на жаль, аднавіць інфармацыю пра ўзнагароды не атрымліваецца.

1.jpg


! Цікава, што ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Астравецкага райвыканкама ўдалося адшукаць асабістую справу па налічэнні пенсіі бацьку Івана Пешкура – Андрэю Пешкуру. 
У адным з пратаколаў  значацца паказанні сведкі – ім выступіў Іван Пешкур,  – які пацвярджаў, што яго бацька з моманту арганізацыі калгаса «Чырвоная Зара»  быў калгаснікам. Сам жа Іван Пешкур у гэты  час  працаваў брыгадзірам. 
Справы ж Івана Пешкура ў архіве ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне няма. Хаця сярод сямейных дакументаў захавалася яго пасведчанне інваліда Вялікай Айчыннай вайны.

 Байканская зямля на Кургане Славы
Дзесьці ў сярэдзіне шасцідзясятых кіраўніцтва рэспублікі прыняло  рашэнне  ўзвесці пад Мінскам мемарыяльны комплекс, які сімвалізаваў завяршэнне аперацыі «Баграціён». 
На мітынг, удзельнікамі якога сталі прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў нашай краіны, тысячы людзей прывезлі да Кургана Славы зямлю з родных мясцін. Сярод іх быў і Іван Андрэевіч Пешкур з Астравецкага раёна.
– Бацька ганарыўся тым, што трапіў у склад дэлегацыі раёна, якая адпраўлялася на Курган Славы, – успамінае Станіслава Іванаўна. –  Суседзі дзівіліся, што зямля з нашай вёскі таксама бу­дзе дададзена  да вялікага насыпу ў гонар Перамогі.

У сямейных архівах Пешку­роў і Козічаў захоўваецца шэраг гістарычных дакументаў. Сярод іх пасведчанні аб нараджэнні і шлюбе  18 стагоддзя, дакументы аб набыцці зямлі, зроблены крокі па стварэнні сямейнага дрэва. А вось падзеі 75-гадовай даўніны для Станіславы Іванаўны пакуль што застаюцца невядомымі. Але дачка ветэрана  ўпэўнена, што прыйдзе час – і гісторыя папоўніцца звесткамі пра яшчэ аднаго героя Вялікай Айчыннай вайны – жыхара  вёскі Байканы Івана  Андрэевіча  Пешкура. 
Текст: