Адам КАВАЛЬКА: «Хачу, каб астраўчане ганарыліся сваім горадам!»

11:22 / 25.08.2018

Сённяшні Астравец, які на вачах яго жыхароў ста­но­віцца адным з самых прыгожых і добра­ўпа­радкаваных гарадоў краіны, мала нагадвае раённы цэнтр, тады яшчэ не горад, а мястэчка, вёску, пазней – гарадскі пасёлак, якому ў 1940 годзе выпала стаць цэнтрам раёна.

 І, тым не менш, ён не стаў бы такім, як сёння, калі б не тыя людзі, што працавалі тут у далёкія 50-я, 60-я, 70-я, 80-я гады. Так, у той час яны вырашалі зусім іншыя задачы і праблемы, у іх былі зусім іншыя магчымасці – але гэта не значыць, што яны ў сваю працу ўкладвалі менш душы і сіл, што тыя дасягненні, якія сёння некаму могуць падацца смешнымі, вымагалі ад іх менш старання і самааддачы.

Напярэдадні юбілею Астраўца мы задалі «Пяць пытанняў аб галоўным» былым кіраўнікам раёна.

Пяць пытанняў аб галоўным

1. Якія задачы і праблемы вы вырашалі падчас вашага кіраўніцтва раёнам?

2.  Якія асноўныя дасяг­ненні ў Астравеччыны былі ў той час?

3.  Адзін у полі не воін… На каго вы абапіраліся ў сваёй рабоце, хто былі вашы памочнікі?

4.  Ці часта бываеце зараз у Астраўцы, ці сочыце за справамі раёна – і як успрымаеце тыя пераўтварэнні, што адбываюцца на Астравеччыне?

5.  Што бы вы пажадалі жыхарам горада і раёна ў гэтыя юбілейныя дні?

IMG_8023.jpg

Адам Дзмітрыевіч Кавалька, старшыня райвыканкама ў 1999-2016 гадах, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

1. Калі мяне прызначылі старшынёй Астравецкага райвыканкама і я крыху пазнаёміўся з раёнам і яго людзьмі, то, прызнаюся шчыра, больш за ўсё мяне прыгняталі не нізкія паказчыкі ў сельскай гаспадарцы, не адсутнасць матэрыяльнай базы, не праблемы сацыяльнай сферы  – горш за ўсё было тое, што людзі звыкліся з такім становішчам і, падобна, самі ўжо паверылі ў тое, што Астравец – свету канец. Больш таго – іх гэта задавальняла і яны нічога не хацелі мяняць. Часам здавалася, што разварушыць гэтае «балота», што панавала ў свядомасці не толькі радавых працаўнікоў, але і многіх кіраўнікоў, проста немагчыма.

І асноўная задача, якую я ставіў перад сабой як кіраўніком раёна, – дабіцца, каб людзі паверылі, што яны могуць жыць не горш, чым у Мастоўскім раёне, адкуль я прыехаў, дабівацца паказчыкаў на ўзроўні лепшых раёнаў вобласці.

Канешне, зрабіць гэта было не проста, пераламаць псіхалогію чалавека – гэта ўвогуле самае складанае, што можа быць. Але я шчаслівы, што ўрэшце гэта ўдалося.

2. Пачыналі мы з элементарнага – навядзення парадку, дысцыпліны, укаранення тэхналогіі ва ўсіх галінах сельскай гаспадаркі і прамысловасці. А ўжо потым прыйшлі  паказчыкі, поспехі. Да прыкладу, валавы збор збожжа вырас у 2,2 раза – з 38,4 тысячы тон у 2000 годзе да 84,6 – у 2015 годзе, вытворчасць малака – з 14,5 да 59,6 тысячы тон, сярэдні надой ад каровы – з 2 000 кілаграмаў да 5 817 кілаграмаў.

Не трэба доўга расказваць, як змяніліся за гэты час аграгарадкі і сам Астравец, які набыў другое аблічча да 540-годдзя Астраўца, бо ўсё гэта адбывалася на вачах большасці жыхароў горада і раёна.

Але галоўным дасягненнем я лічу, тое, што да нас паехалі маладыя спецыялісты. Калі я пачынаў працаваць, 30-35 выпускнікоў, што прыехалі ў раён, – гэта ўжо было шчасце, нават пры тым, што большасць з іх пасля адпрацоўкі ад’язджалі ў сталіцу і іншыя буйныя гарады, не бачачы тут ніякіх перспектыў. А калі ўпершыню прыехала 130 маладых спецыялістаў, я, прызнаюся шчыра, не змог стрымаць слёз: значыць, моладзь паверыла, што ў раёна ёсць будучыня!

3.  Я не хачу называць нейкія прозвішчы – з кожным з кіраўнікоў я працаваў асабіста, з кімсьці мы знаходзілі паразуменне, з кімсьці – не, і тады даводзілася развітвацца.

Але асноўнай маёй апорай былі простыя людзі – большасць спецыялістаў, кіраўнікоў ся­рэдняга звяна, ды і радавых працаўнікоў я ведаў не толькі ў твар, але і па імені, любіў пагаварыць з імі, і не толькі пра вытворчыя справы, але і пра асабістыя. Людзі цанілі такі давер – і раскрываліся.

А асноўнай маёй апорай стала інтэлігенцыя: настаўнікі, ме­дыцынскія работнікі. Я часта сустра­каўся з імі, хоць пытанні падчас гэтых сустрэч часам гу­чалі няпростыя. Але я разумеў: калі яны мне павераць і падтрымаюць – тады паверыць і падтрымае ўсё насельніцтва раёна. Так і атрымалася.

4. З раёна я, можна сказаць, і не выязджаў: кожныя выхадныя тут, адзін тыдзень у месяц  афіцыйна працую ў сваёй выбарчай акрузе. Калі прыязджаю на Астравеччыну, заўсёды сустракаюся з кіраўнікамі, спецыялістамі, так што застаюся ў курсе ўсіх спраў, што адбываюцца ў раёне. 

Я задаволены, што Астравец развіваецца, што ўзводзяцца дзіцячыя садкі, магазіны, спар­тыўныя аб’екты. А з уводам у экспулатацыю першага, а затым – і другога энергаблокаў атамнай электрастанцыі перспектывы нашага горада стануць яшчэ большымі – і ўжо зараз яны рэалізуюцца на вачах гараджан.

5. Пажаданні жыхарам Аст­раў­ца – гэта, можна сказаць, пажаданні самому сабе, бо я таксама лічу сябе астраў­чанінам.

Мне вельмі хочацца, каб нашы людзі адчувалі сябе ўтульна і камфортна ў нашым агульным доме – Астраўцы, каб пастаянна павышаўся іх дабрабыт і каб яны мелі ўсе падставы ганарыцца сваім горадам і сваёй радзімай.

Текст: Нина Рыбик