Православные верующие Островетчины ответили на пять вопросов о Пасхе

09:00 / 11.04.2015
Сустрэлі светлае свята Пасхі Хрыстовай каталікі – а праваслаўныя хрысціяне перажываюць апошнія дні страсной сядміцы, рыхтуючыся духоўна і цялесна да таго радаснага моманту, калі званы ўсяго праваслаўнага свету абвесцяць радасную навіну: Хрыстос уваскрос! І шматмільённым дружным адказам ён прагучыць шчаслівы водгук: сапраўды ўваскрос! У гэтым людскім шматгалоссі будуць і галасы праваслаўных вернікаў Астравеччыны.

Напярэдадні Вялікадня мы сустрэліся з некаторымі з іх, каб задаць нашы традыцыйныя “Пяць пытанняў аб галоўным”.


1. Усе мы родам з дзяцінства. Якім вам помніцца Вялікдзень з таго часу, калі “дрэвы былі вялікімі”?

2. Якая Пасха стала самай памятнай для вас?

3. Заканчваецца 40-дзённы Вялікі пост. Як вы яго прайшлі?

4. Як святкуецца Вялікдзень у вашай сям’і?

5. Пасха – гэта найвялікшае царкоўнае свята, якое пры гэтым сваімі каранямі ідзе ўглыб стагоддзяў, у дахрысціянскія часы. Як вы лічыце: што ў ім ад рэлігіі, а што – ад народных традыцый?


Таццяна Мікалаеўна БУКЕЛЬ, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама:

1. Самы яркі ўспамін пра Вялікдзень дзяцінства – гэта калі мы ўсе збіраліся ў бабулі і дзядулі, сядзелі і чакалі, калі яны вернуцца з царквы. Як зараз бачу: адчыняюцца дзверы, на парозе з’яўляецца дзед і гучыць яго радаснае “Хрыстос уваскрос!”. І мы ўсе ускокваем і хорам адказваем: “Сапраўды уваскрос!”, і так – тры разы. Затым усе тройчы цалаваліся адзін з адным. І такая радасць, такое шчасце ахоплівала ў гэты момант…

2. Калі ў Астраўцы з’явілася царква, першым настаяцелем быў айцец Павел Варановіч, царства яму нябеснае. Я памятаю гэтае неперадавальнае пачуццё ўсеагульнага лікавання, калі бацюшка выходзіў з алтара і сваім гучным голасам абвяшчаў: “Хрыстос уваскрос!”. Яго магічны голас, а мо і настрой самога айца Паўла, яго несхаваная радасць, святло яго вачэй абдымалі ўсіх, хто знаходзіўся ў храме, ядналі людзей – тое пачуццё радасці, еднасці, шчасця не перадаць словамі.

3. Сёлета я не змагла трымаць строгі саракадзённы пост, і за гэта мне сорамна – перад мамай, якая заўсёды пасціцца вельмі строга, перад маімі цётачкамі, стрыечнымі сёстрамі. Зрэшты, перад самой сабой.

Так, я ўзяла ў бацюшкі блаславенне на паслабленне посту, старалася часцей бываць у храме, маліцца, пазбягала шумных вясёлых кампаній, але ўсё ж сённяшні рытм жыцця, свецкія абавязкі, неабходныя і непазбежныя стасункі часта не даюць магчымасці захоўваць строгі пост.

Тым не менш вымушана прызнацца: намнога лепш я сябе адчувала ў тыя гады, калі мне ўдавалася пасціцца. Гэта няцяжка – трэба толькі настроіцца адпаведна, даць сабе такую ўстаноўку – і ніякай спакусы пакаштаваць нешта з таго, чаго есці нельга, не ўзнікае.

Затое ў мінулыя гады падчас строгага посту я спазнала сапраўдны смак вады, хлеба – у звычайным жыцці яго не заўважаеш. А якая смачная посная грэцкая каша, звараная на вадзе! Сёння я дакладна ведаю: каб зведаць сапраўдны смак ежы, трэба пасціцца.

4. У апошнія гады стала ўжо традыцыяй, што наша сям’я, уся радня, збіраюцца на Вялікдзень у маім доме. Прыязджаюць цётачка са сваёй сям’ей, сястра, мама… Мы збіраемся зараней, каб пайсці на ўсяночную ў царкву.

А ў нядзелю ранкам садзімся за стол. Святочнае снеданне пачынаецца з малітвы – так заўсёды было ў нашай сям’і, дзед з бабуляй ніколі не садзіліся за стол, не памаліўшыся і не перахрысціўшы ежу. Цяпер гэтую традыцыю працягвае мама – яна пачынае пасхальныя малітвы і песнапенні, а мы падтрымліваем. Некалі, я так разумею, гэтая эстафета пяройдзе да мяне.

Потым мы абменьваемся яйкамі, гуляем у біткі, размаўляем. Абавязковая традыцыя – сумесны фотаздымак на памяць.

5. Мне вельмі падабаецца, што настаяцель нашай царквы айцец Георгій вядзе службу па ўсіх канонах, нічога не скарачаючы. Некаторыя скардзяцца: маўляў, цяжка стаяць, хай бы хутчэй закончылася… Але я пераканана: калі скараціць, то абавязкова страціцца, расплешчацца гэтая чаша гармоніі і радасці.

Канешне, не ўсё ў царкве ад рэлігіі – многае ідзе ад народных традыцый. Вось, напрыклад, у нас на радзіме галінкі вярбы перад асвячэннем нічым не ўпрыгожвалі. Ведаю, што і зараз многія святары гавораць, што рабіць гэтага нельга, – а людзі ўсё адно ўпрыгожваюць. Ці на Радуніцу – бацюшка ўвесь час нагадвае, што нельга класці на магілу яйкі, хлеб, цукеркі. Але людзі ўсё роўна робяць гэта – бо гэтая традыцыя ідзе з глыбіні вякоў. Прызнаюся: і я на Радуніцу кладу на магілы родных фарбаванае яечка, хлеб, запальваю свечку. Так заўсёды рабілі мае дзядуля і бабуля, так робіць мая мама – і я не лічу, што маю права парушаць традыцыю, нават калі яна не адпавядае рэлігійным канонам.


Святлана Георгіеўна Янульчык, загадчыца магазіна “Універмаг”:

1. Дзяцінства запомнілася перш за ўсё падрыхтоўкай да Вялікадня: штодзённыя хатнія малітвы, водар запаленай свечкі…

А яшчэ – генеральнай уборкай: замочваліся і мыліся ручнікі, палавікі, пакрывалы, бяліліся печы і столі, чысціліся вокны… І нібы новае святло, новае жыццё ўваходзіла ў хату: дыхалася лёгка, свежа…

Асаблівае значэнне надавалася Чыстаму чацвяргу: з ночы палілася лазня, і нас, малых, яшчэ да ўсходу сонца вялі мыцца. А яшчэ бабуля з серады на чацвер налівала ў міску ваду, клала туды чыстае, без розных крапінак ці разводаў яйка і манеткі – і ранкам усе мыліся ў гэтай вадзе, каб быць увесь год багатымі, здаровымі і прыгожымі. У маёй сям’і да гэтага часу захоўваецца гэты звычай!

У пятніцу захоўваўся вельмі строгі пост.

У суботу фарбавалі яйкі, пяклі булкі. Я да гэтага часу памятаю бабуліны булкі: яна палівала іх белай глазурай з узбітага яйка і цукру і пасыпала каляровым – жоўтым, чырвоным, зялёным – просам. Колькі потым ні спрабавала знайсці хоць нешта падобнае на тыя бабуліны ўпрыгожанні – не змагла.

А ў нядзелю мама ці бабуля прыходзілі з царквы – і ўся сям’я садзілася за святочны стол разгаўляцца. Затым мы, дзеці, бралі кошыкі і ішлі па суседзях: спявалі песні, віншавалі з Вялікаднём – а нас частавалі фарбаванымі яйкамі і пірагамі. Мы потым збіраліся на прыродзе, хваліліся сваімі “трафеямі”, гулялі ў біткі…

2. Тыя Пасхі, з майго дзяцінства, і з’яўляюцца самымі памятнымі і самымі дарагімі – калі былі жывыя бабуля з дзядулем, бацькі, калі мы кожны дзень і кожную хвіліну адчувалі іх любоў і клопат…

Жылі мы небагата, як і ўсе ў той час, стол накрывалі ў асноўным з таго, што давала ўласная гаспадарка: сваё мяса, сыр, яйкі… Але як светла і радасна было за тым сталом! І суседзі збіраліся разам не для таго, каб папіць гарэлкі, а каб пагутарыць, паспяваць… На жаль, зараз гэта страчваецца, на першы план выходзіць матэрыяльны дабрабыт, а не духоўная еднасць.

3. Мой тата ўвесь час навучаў: “Не тое грэх, што ў рот, а тое, што з роту…”. І святары пра гэта гавораць. І я гэтую запаведзь нясу па жыцці. Лічу, што большы грэх, чым з’есці нешта скаромнае, – абгаварыць некага, асудзіць, пазайздросціць...

Сёлета я ўзяла ў бацюшкі блаславенне на паслабленне посту: не вельмі добра сябе адчуваю. Але стараюся больш часу праводзіць у малітве ранкам і вечарам – не наспех прагаварыць, збіраючыся на работу, што ўспомніш, як гэта часта было раней, а ўдзяліць шчырай, свядомай малітве пэўны час, нават адарваўшы яго ад нейкіх неадкладных, як здаецца на той момант, спраў.

А вось дочкі захоўваюць вельмі строгі пост усе сорак дзён – у гэтым сэнсе яны для мяне з’яўляюцца прыкладам.

4. У падрыхтоўцы і святкаванні Вялікадня я прытрымліваюся тых традыцый, якія заўсёды захоўваліся ў нашай сям’і і пра якія я ўжо расказвала: падрыхтоўка, Чысты чацвер, строгі пост у пятніцу, яйкі і булкі ў суботу…

А затым мы ўсе ідзём на ўсяночную. Дочкі, нават калі былі зусім маленькія, гадоў з трох, заўсёды былі ў гэтую ноч з намі. Не таму, што мы прымушалі, – яны самі прасіліся. Потым і спяць на руках ці ў машыне, і прачынаюцца… Але гэтая радасць ад таго, што “Хрыстос уваскрос – сапраўды ўваскрос” заўсёды была з імі. Я бачу, што гэта ім трэба.

5. У нашай сям’і заўсёды вельмі строга захоўваліся ўсе рэлігійныя каноны – мо таму, што мамін дзед быў святаром.

А традыцыяй, якую мы стараемся захоўваць, можна лічыць тое, што ў гэты дзень уся сям’я павінна сабрацца разам, за адным сталом. Канешне, раней, калі ўсе жылі ў адной хаце ці побач, гэта было прасцей. Зараз жа жыццё становіцца ўсё больш імклівым, раскідвае родных за сотні і тысячы кіламетраў. Але мы ўсё роўна імкнёмся прытрымлівацца гэтай традыцыі. Малодшая дачка зараз вучыцца ў каледжы ў Лідзе, спявае ў царкоўным хоры і на ўсяночную будзе там у храме – але затым любымі спосабамі яна дабіраецца дахаты, бо Вялікдзень трэба сустрэць з сям’ёй!


Святлана Васільеўна Еўтушэнка, выкладчыца Варнянскай дзіцячай школы мастацтваў:

1. Вялікдзень дзяцінства ў мяне асацыіруецца з сонцам. У гэты дзень, як мне помніцца, заўсёды свяціла яркае, шчодрае сонца, якое залівала святлом, сагравала ўсю нашу вуліцу. Мне здаецца, у дзяцінстве ўсе Вялікадні былі цёплымі і сонечнымі. А мо ўся справа ў тым, што я родам з Гомельшчыны – там вясна прыходзіць раней, чым тут, на Астравеччыне?

А яшчэ Вялікдзень майго дзяцінства – гэта ні з чым не параўнальны, непаўторны смак і водар маміных булак. Іх заўсёды было многа – з разынкамі, з макам, жоўтых, круглых, як сонейка ў небе. Я зараз таксама пяку булкі – да свята і проста так, – але мае ўсё роўна не такія, як маміны…

2. Ведаеце, кожная Пасха – асаблівая, і кожная – памятная.

Асаблівы след у душы, вядома, пакінулі святы дзяцінства. Бабуля вярталася з царквы – нас тады, у часы атэізму, у храм не пускалі. Мы накрывалі святочны стол, разгаўляліся, затым гулялі ў біткі. Потым дзеці ішлі на вуліцу – высвятлялі, чыё яйка самае моцнае. Памятаю, як мяне, малую і наіўную, падманулі – усе мае “трафеі” пабілі фарбаваным драўляным яйкам. Тады было крыўдна, а зараз – смешна…

3. Раней мне было складана пасціцца, я не заўсёды вытрымлівала сорак дзён, мне здавалася, што гэта – такая пакута. А зараз, наадварот: я чакаю пост, гэта для мяне – радасць, бо ён нясе з сабой новыя адчуванні, уражанні, пазнанне. І ў апошні час пасціцца мне зусім нескладана. Усё залежыць ад таго, як настроіш сябе. Калі лічыш, што пост нясе пакуту, адрачэнне, выпрабаванне, то так і будзе – пакута і выпрабаванне. А калі настроішся на радасць, то яе і атрымаеш.

Нехта лічыць, што пост – гэта ўтрыманне ад скаромнай ежы і забаўляльных імпрэз. Але ўсё не так проста, усё значна глыбей. Я па сабе ведаю: калі шчыра, не на паказ, стараешся, імкнешся да новых духоўных вышынь, нават калі не вельмі атрымліваецца, – Бог табе абавязкова дапаможа, падтрымае на гэтым шляху. А калі ідзеш на пост, як на пакуту, то і пакутуеш: напрыклад, я раней у гэты час заўсёды хварэла…

Але не хачу сказаць, што тое, што адчуваю і разумею я, разумеюць і адчуваюць усе іншыя, і што гэта – правільна. У кожнага свая дарога да храма і да Бога. І пост у кожнага розны. Да гэтага таксама трэба прыйсці, я б сказала – дарасці. Але якое шчасце, калі дасягаеш гэтай асабістай вяршыні! Хай сабе яна для некага – толькі ўзгорак...

4. Некалі мая бабуля казала: “Ну вось, Вялікадня дачакалася – яшчэ адзін год пражыла”. Яе летазлічэнне вымяралася не ад аднаго Новага года да другога, а ад Пасхі да Пасхі. Я заўважыла, што і ў мяне зараз так: з Вялікадня для мяне пачынаецца новы год. І таму гэтае свята для мне – самае галоўнае. Рыхтавацца пачынаю загадзя. Стараюся да страсной сядміцы падрыхтаваць хату – вымыць усё, вычысціць, бо гэтыя апошнія сем дзён перад Уваскрэсеннем Хрыста – асаблівыя. Кожны з іх – як эпоха. І пражыць іх хочацца, не адхіляючыся на бытавыя дробязі. У суботу фарбуем яйкі, пячом булкі, рыхтуем святочныя стравы. Ідзём на ўсяночную ў царкву. Ранкам на Вялікдзень кожны мыецца з чырвоным яйкам – бабуля казала, што так трэба рабіць, каб увесь год быць здаровым і прыгожым. Затым уся сям’я садзіцца за святочны стол.

Пасля – як атрымаецца: каторы раз ідзём у госці, калі да нас прыходзяць. Але, прызнаюся шчыра, я не вялікі аматар шумных і вясёлых кампаній. У гэты дзень мне хочацца выбрацца ў лес, паблукаць сярод дрэў, адчуць водар вясенняй травы, што прабіваецца праз тоўшчу перапрэлага за зіму лісця, падумаць, памарыць – словам, пабыць сам-насам з сабой – і з Богам.

5. Вялікія рэлігійныя святы – гэта своеасаблівыя вяршыні, на якія цяжка ўзабрацца – але калі да іх дабіраешся, адчуваеш незвычайную радасць, захапленне, лікаванне! Калі б іх не было – іх трэба было б прыдумаць, каб чалавек не жыў у руціне паўсядзёншчыны, каб ён мог адчуць гэтую радасць яднання з вышэйшай сілай і з іншымі людзьмі.

Я лічу, што самае каштоўнае ў рэлігіі – гэта тое, што яна яднае людзей. Я так люблю, калі каталіцкі і праваслаўны Вялікдзень супадаюць і не трэба дзяліцца, хто каго павінен віншаваць, каму адзначаць свята, а каму яшчэ трэба пасціцца. Я мару, каб некалі так стала ва ўсім свеце – і назаўжды!