Красотой и таинственностью привлекает Дубок

16:00 / 15.07.2014
Ёсць у нашым раёне мясціны, якія прывабліваюць наведвальнікаў сваёй прыгажосцю і таямніцай мінулага. Адна з такіх – комплекс сакральных мураваных пабудоў і драўляных крыжоў, што размешчаны на левым маляўнічым беразе Віліі ў ваколіцах вёскі Дубок. Увагу воднага турыста і пешага вандроўніка прыцягваюць грот з выявай Маці Божай і крынічкай з крыштальна чысцюткай вадой, велічная мураваная брама, аздобленая цікавым народным кавальствам на стромкім пейзажным беразе ракі, іншыя мясцовыя дзівосы...
Усе гэтыя ўзведзеныя чалавечым талентам рэлігійна-культурныя аб‘екты маюць сваю непаўторную і старажытную гісторыю…

Мінулае дубоцкіх наваколляў

З даўніх часоў балоцістыя і густыя лясныя абшары паміж Жодзішкамі-Данюшавам-Соламі-Гервятамі-Нястанішкамі лічыліся кутом паганскай веры гэтага краю. Пры адсутнасці значных сухапутных шляхоў зносін, блакітная стужка Віліі адыгрывала галоўны гандлёва-транспартны і інфармацыйны канал. Па ёй ішло засяленне краю ў мінулым, ствараліся асяродкі жыцця з традыцыйным побытам, аб чым сведчаць курганы, якія часткова захаваліся паабапал ракі каля Ашмянца, Андрэяўцаў, Пільсці, Углянаў, Татарскіх гор насупраць Жодзішак, Дубка. Адначасова тут узнікаюць значныя паганскія рэлігійныя цэнтры.
Пры правядзенні воднай экспедыцыі па вывучэнні Віліі і яе берагоў у 1857 годзе Канстанцінам Тышкеві-чам упершыню былі выяў-лены свяцілішчы каля Татарскіх гор паблізу Жодзішак і Тупальшчыны. Першае складалася з вялікага каменя, атачонага двума радамі меншых камянёў, а археалагічныя знаходкі каля Тупальшчынскага Вялікага каменя далі падставу даследчыку лічыць яго “алтаром паганскай веры ў Літве”.
Не абмінулі сваёй увагай гэтыя мясціны навукоўцы і ў 20-ым стагоддзі. Маштабнае вывучэнне курганоў у Дубку і наваколлях адбылося археолагам Г. Цэгак-Галубовіч ў 1935 годзе, прадоўжана ў 1999 годзе раскопкамі каля недалёкага Тупальшчынскага каменя і курганоў вядомым беларускім археолагам Эдвардам Зайкоўскім. Па знойдзеных у час апошняга даследавання матэрыялах быў зроблены вывад: пахаванні ў курганах можна датаваць першай паловай ці сярэдзінай 13 стагоддзя, знаходзяцца яны ў арэале распаўсюджання курганоў усходне-літоўскага тыпу. Як мяркуе навуковец, курганная група і Вялікі камень з каменнай абкладкай вакол яго ў мінулым уяўлялі адзіны культавы комплекс. Аб гэтым сведчаць і знаходкі рэшткаў рытуальнага ключа з каляровага металу, пярсцёнак з салярным знакам у выглядзе свастыкі, дзве бразготкі з крыжападобнымі прарэзамі ўнізе.
На карце 1865-1866 года на месцы Дубка пазначаны “ Господский Двор Новосёлки “ – гэта нагадвае аб існаванні тут маёнтка. Але назва паселішча мае больш глыбокія вытокі. Той факт, што тут спакон вякоў раслі шанаваныя продкамі дубравы, якія і далі тапанімічную назву вёсцы, можа пацвердзіць адзін з велізарных дубоў вёскі. Гэта амаль апошні жывы помнік старажытнасці ўсяго ўзбярэжжа Віліі, якім мы можам па праву ганарыцца.
Вось у такім адметным месцы ў першай палове мінулага стагоддзя было наканавана лёсам пабудаваць капліцу, якая атрымала назву Курганская.



Курганская капліца

Пачаткам будаўніцтва хрысціянскай святыні ў Дубку лічыцца 1928 год. На наступны год, 29 мая 1929 года, біскуп Уладзіслаў Бандурскі асвяціў капліцу Маці Божай Нястомнай Дапамогі, абраз якой называюць яшчэ абразам Маці Божай Смуткуючай.
Храм узведзены ў традыцыях народнага драўлянага дойлідства па тыпу трохнефавай бязвежавай базілікі. Цэнтральны, вышэйшы за бакавыя неф завяршаецца паўвальмавым дахам, які спачатку быў крыты гонтам, цяпер жа перакрыты шыферам. Уваходны вальмавы навес ганка трымаецца на двух драўляных слупах. Зруб збудавання вяночнай канструкцыі складзены з абчэсанага бярвення і абапіраецца на падмурак з валуноў. На галоўным фасадзе ёсць драўляная скульптура распятага Збавіцеля, дах касцёла вянчае металічны крыж філіграннай кавальскай работы – народныя традыцыі спалучаюцца з рэлігійным сэнсам. Вянкі і аздабляючыя дах дубовыя галінкі, дзве каменныя кропельніцы побач з уваходам і прыбітыя да сцяны драўляныя маскі аскаленых пашчаў драпежнікаў – адбіткі старадаўняй мінуўшчыны краю. Напэўна, на Беларусі больш нідзе не сустрэць такога дзіўнага спалучэння хрысціянства і былой паганскай веры, рэлігійных сюжэтаў і іх увасаблення ў народнай творчасці.
У 1934 годзе дырэктар фабрыкі “М.O.J.” з польскага горада Катавіцы ахвяраваў капліцы 40-кілаграмовы звон, меладычны гук якога па святах запрашае вернікаў на набажэнства. Першапачаткова ён знаходзіўся на высокай 4-х слупковай званніцы з пірамідальным гонтавым паддашкам, цяпер жа месціцца на простай канструкцыі з двума слупкамі. Побач з касцёлам узвышаецца вялікі рарытэтны драўляны крыж з нядзельнага дня 7 ліпеня 1935 года, аб чым сведчыць памятны запіс на ім.
Аднак існуючая капліца мае больш даўнюю гісторыю і глыбейшыя традыцыі ўшанавання сваёй заступніцы ў гэтых мясцінах. Яе папярэднікам быў асвечаны ў 1814 годзе філіяльны касцёл у недалёкім маёнтку Пастарыні. Той касцёльчык у Жодзішкаўскай парафіі быў невялікім, драўляным, крытым саломай, меў дзве вежы і столькі ж захрыстый. Збудаваў яго уладальнік Пастарынь, былы памежны суддзя Свянцянскага павету Ігнат Жолудзь, даўшы імя Маці Божай Смуткуючай. Фундатар абавязаў сваіх паслядоўнікаў па пастарынскім двары выплачваць штогод жодзішкаўскаму пробашчу па 15 рублёў, за што апошні павінен быў даязджаць на сваіх конях у Пастарыні і адпраўляць набажэнства ў першы дзень кожнага месяца, у дні Маці Божай Смуткуючай, і на іншыя значныя рэлігійныя святы.
Трагічнай датай у жыцці храма стала 18 снежня 1894 года, калі было забаронена ў ім адпраўляць набажэнствы. Пасля чаго пачаўся паступовы яго заняпад, які завяршыўся поўным знішчэннем касцёла ў гады Першай сусветнай вайны. Дрэва пабудовы пайшло на ацяпленне нямецкіх казармаў, касцельнае начынне страчана. У пасляваенны час быў знойдзены толькі зламаны крыжык з алтара, які пастарынскія жыхары прымацавалі да памятнага драў-лянага крыжа, устаноўленага на месцы былога касцёла. Пасля вяртання жыхароў парафіі з вымушанага бежанства, адбудовы гаспадарак і пацярпелага ад вайны Жодзішкаўскага храма, паўстала думка аб аднаўленні філіяльнага касцёла. Справе садзейнічала і тое, што з часоў ваеннага ліхалецця захаваўся тэстамэнт Жолудзя на пабудову і абслугоўванне Пастарынскага касцёла. Да таго ж парафіяне па-ранейшаму маліліся да абраза Маці Божай Смуткуючай. Пытанне вырашылася ўзвядзеннем хрысціянскага храма, але ужо ў вёсцы Дубок.



Марыянская Кальварыя

Пасля ўзнясення Курганскай капліцы яна становіцца прыцягальным цэнтрам для каталіцкіх вернікаў усіх бліжэйшых населеных пунктаў, і таму ў 1936 годзе нараджаецца думка аб узвядзенні тут сямі стацый смутку Маці Божай, або так званая Марыянская Кальварыя.
Кальварыяй у каталікоў Беларусі, Літвы і Польшчы называюцца сакральныя святыя месцы, прысвечаныя культу Крыжовага шляху. Закладаліся яны звычайна на ўзгорках на ўспамін аб рэльефе Іерусаліма. Уздоўж шляху ўстанаўліваюцца стацыі Крыжовага шляху ў форме крыжоў, капліц і касцёлаў. Як у выпадку з Дубком, яны найчасцей засноўваліся ля месцаў былых паганскіх цэнтраў веры, у атачэнні курганоў, святых дубраў і крыніц.
Напружаная праца 1936 года дала свой плён. У хуткім часе была вымуравана першая стацыя ў выглядзе брамы з дзвюх ладных вежаў, злучаных прыгожай сімвалічнай аздобай. Можна адзначыць, што ўсё кавальскія работы сакральнага комплексу выкананы ў народным характары, з мастацкім густам, без паўтораў.
Трэцяя стацыя з`явілася на месцы крынічкі з цудадзейнай гаючай вадой. Старажылы распавядаюць, што калісьці на гэтым месцы было аб’яўленне Маці Божай, а потым забіла крыніца. Верагодней усё ж другая версія, па якой крыніца, як амаль усе такія водныя прытокі Віліі, мела ў старажытнасці сакральны сэнс і была месцам пакланення сілам прыроды. Яе прыстасоўваюць да новых умоў, вымуроўваюць над крыніцай грот з палявога камення і ўстанаўліваюць у ім скульптуру Маці Божай. Уверсе грота выбіта дата 1936, якая нагадвае пра год пабудовы гэтага помніка.
Цікавай у архітэктурным вырашэнні стала і шостая стацыя Кальварыі. Яна ўяўляе сабой невялікую па памеры, квадратную ў плане, вымураваную з цэглы і валуноў капліцу, пакрытую двухсхільным дахам, завершаную ля фасада цаглянай званічкай. Дзякуючы шырокім уваходным дзвярам удзел у набажэнстве можа прыняць неабмежаваная колькасць вернікаў. Капліца носіць імя Маці Божай Смуткуючай. На фасадзе прымацавана мемарыяльная шыльда, дзе пазначана:
KTO TE KAPLICE MIJA
NIECH ZMOWI POBOZNIE
ZDROWAS MARYA
ZA DUSZE
S.† P.
IGNACEGO SIDOREWICZA
ZMARL 20-VI-1936 ROKU
(Хто мінае гэтую капліцу, няхай змовіць пабожна “Радуйся, Дзева Марыя” за душу святой памяці Ігнацы Сіадарэвіча, які памёр 20.06.1936 г.).
На стацыях прымацавалі абразы, намаляваныя вядо-мым ксяндзом Баляславам Грамзай. Кальварыя была асвечана 30 жніўня 1936 года. Як адзначаецца ў адной з пісьмовых крыніц, нягледзячы на дождж, у той святочны дзень на Ціхай даліне (так завецца ў народзе гэтае месца) сабралася каля 6 000 вернікаў з суседніх Гервят, Нестанішак і Жодзішак. Праўдападобна, што колькасць прысутных на ўрачыстасці ў даўнейшай брашурцы пададзена і завышаная, але ў той час дубоцкая Кальварыя сапраўды стала адным з вядомых рэлігійных цэнтраў усяго рэгіёна, сюды наведваліся пілігрымы з розных куткоў не толькі Заходняй Беларусі, але Літвы, Польшчы, і на працягу года іх агульная колькасць, цалкам верагодна, магла складаць больш за 10 000 наведвальнікаў.
Кальварыю ў гэты перыяд бярэ пад сваю апеку Ордэн айцоў марыянаў. Члены гэтага каталіцкага манаскага ордэна Таварыства бязгрэшнага за-чацця Дзевы Марыі прымаюць непасрэдны ўдзел ва ўсіх урачыстасцях, якія ладзяцца ў Дубку, іх друкарня “Марыянум” у Вільні выдае адпаведную дапаможную рэлігійную літаратуру. Узначальвае Ордэн у час станаўлення Кальварыі ўраджэнец гэтых мясцін, вядомы рэлігійны дзеяч, удзельнік беларускага нацыянальнага руху Андрэй Цікота.



Архімандрыт Андрэй Цікота

Нарадзіўся будучы каталіцкі святар усходняга абраду, гене-рал ордэна айцоў марыянаў Андрэй Цікота 4 снежня 1891 года ў недалёкай Тупальшчыне Жодзішкаўскай парафіі. Тут ён правёў свае дзіцячыя гады, адсюль у 1903 годзе выправіўся на вучобу ў Ашмянскае гарадское трохкласнае вучылішча. Трэба ўдакладніць, што цяпер родная хата вядомага каталіцкага святара знаходзіцца ў вёсачцы Плавушка, якая прытулілася да межаў неіснуючага сёння маёнтка Тупальшчына. Верагодна, гэтая вёска першапачаткова ўваходзіла ў Тупальшчынскі асяродак, а толькі з пачатку 20 стагоддзя займела сваю сучасную мілагучную назву.
Пасля заканчэння ў 1913 годзе каталіцкай Віленскай духоўнай семінарыі працягнуў далейшае навучанне ў Петраградскай духоўнай акадэміі. Выйшаўшы з яе сцен у 1917 годзе са ступенню кандыдата багаслоўя, быў накіраваны ў Маладзечна. Узначаліў тутэйшы прыход, заснаваў прыходскую школу, прымаў удзел у пасляваенным узнаўленні рэлігійнага і культурнага жыцця рэгіёна. Памяць аб гэтым перыядзе жыцця А. Цікоты жыве ў людскіх душах да сённяшняга часу.
У 1918 годзе ён становіцца прафесарам фундаментальнай і дагматычнай тэалогіі ў Мінскай духоўнай семінарыі. Уступіўшы ў Ордэн айцоў марыянаў, з 1920 года праходзіць навіцыят у літоўскім Марыямпалі, затым працуе ў Амерыцы. У 1924 годзе быў назначаны пробашчам і суперыёрам айцоў марыянаў у Друі. Друйскі марыянскі кляштар з`явіўся першым беларускім па сваёй ідэйнай накіраванасці каталіцкім кляштарам. Адным з накірункаў дзейнасці новага кляштара стала аднаўленне ўсіх будынкаў, заснаванне школы і навіцыяту для беларусаў-кандыдатаў у манахі, пры ім дзейнічаў гарадскі тэатр, выдавалася рэлігійная шматканфесійная газета. У час знаходжання ў Друі ён заснаваў тут некалькі пачатковых школ, затым гімназію імя Стафана Баторыя, быў ініцыятарам адкрыцця гарадской касы ўзаемадапамогі...
З 1933 года па 1939 год выконваў абавязкі генеральнага настаяцеля Ордэна айцоў марыянаў, не пакідаючы апекі над рэлігійнымі і адукацыйнымі ўстановамі Друі. У 1939 – 1948 г.г. А. Цікота, будучы Апостальскім адміністратарам, ўзначальвае місію для каталікоў усходняга абраду ў Манджурыі. Напрыканцы 1948 года быў арыштаваны, у наступным годзе атрымаў 25 гадоў зняволення па надуманых абвінавачваннях і, трапіўшы ў сібірскія лагеры, памёр 13 (іншая дата 11) лютага 1952 года паблізу сумна вядомага горада Тайшэт. У 2003 годзе афіцыйна пачаўся працэс беатыфікацыі архімандрыта Андрэя Цікота.
Штогод у першую нядзелю ліпеня дубоцкая Кальварыя збірае на ўрачыстасць шматлікіх пілігрымаў з усіх куткоў краю і замежжа. У гэты святочны дзень наведвальнікі не толькі ўмацоўваюць малітвай веру, прамаўляюць сваёй нябеснай заступніцы словы зямной удзячнасці і павагі, але аддаюць даніну памяці стваральнікам дадзенага шанаванага і ўтульнага кутка на беразе Вяллі. Кальварыя годна вытрымала выпрабаванні часу, а вера, як дзве тысячы гадоў таму, кранае і выратоўвае чалавечыя душы, працягваючы далейшае сваё існаванне. У вякі вякоў.


Уладзімір ПРЫХАЧ.