Известная поэтесса в Островце

17:00 / 19.07.2012

“Лепш за ўсёбыць пісьменнікам” – вырашыла пяцігадовая Танечка Дашкевіч і ўпарта ішла да сваёй мэты. У 15 гадоў была першая публікацыя. У 18 – паступленне ў прэстыжны Літаратурны інстытут імя Горкага ў Маскве. Сёння – 22 выдадзеныя кніжкі, у асноўным дзіцячыя. Таму першая  сустрэча ў Астраўцы ў Таццяны Мікалаеўны адбылася з яго маленькімі грамадзянамі – выхаванцамі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1. “Вельмі ўдзячная і надзвычай інтэлігентная публіка”, — пахваліла паэтэса пазней, на сустрэчы ў раённай бібліятэцы з дарослымі чытачамі.


Не перабольшу, калі скажу, што для чытачоў і нават саміх супрацоўнікаў бібліятэкі гэтая сустрэча стала адкрыццём. Справа ў тым, што творы Таццяны Дашкевіч больш вядомы масквічам, дзе яна 15 гадоў працавала ў розных выданнях,  а ў Беларусі часцей друкуюцца ў праваслаўных выданнях – газетах “Царкоўнае слова”, “Воскресение”, часопісах, а яны вы-пісваюцца не ў кожны дом.  Штогод 25 студзеня ў сталічным Тэатры-студыі кінаакцёра ладзяцца  яе творчыя вечары, на якія правінцыйнаму аматару духоўнай паэзіі трапіць таксама мала шанцаў. І раптам – гэткая цудоўная магчымасць асабістага знаёмства. Шкада, нямногія яе выкарысталі...


Сустрэчу можна назваць канцэртам – Таццяна Мікалаеўна выконвала пад акампанемент на гітары  ўласныя песні і творы свайго мужа, вядомага рускага праваслаўнага пісьменніка і барда Мікалая Шыпілава. Гэтае імя астравецкаму чытачу таксама невядома – аўтар друкаваў свае аповесці, апавяданні ў расійскіх выданнях. Адна са старонак яго творчасці – супрацоўніцтва са спеваком Дзмітрыем Малікавым, які напачатку сваёй артыстычнай кар’еры выканаў песню Шыпілава “Пасля балю”. Праўда, напачатку ў запісах песні значылася “Аўтар невядомы”. Па волі Божай аўтарства праяснілася ў 1998 годзе перад выніковым канцэртам “Песня года”. Завязаліся творчыя кантакты.  У рэпертуары спевака з’явілася  песня на словы Мікалая Шыпілава і Таццяны Дашкевіч “З днём нараджэння, мама”.


Знаёмства гэтых неардынарных людзей адбылося ў інстытуце, умацоўвалася ў студэнцкай агітбыгадзе, якая аб’ездзіла з канцэртамі ўсю некалі вялікую краіну. Настаў момант, калі яны зразумелі, што не павінны разлучацца. Пажаніліся, нарадзілі  цудоўных сыночка і дачушку. На жаль, у 2006 годзе Мікалай Шыпілаў памёр, і Таццяна прысвяціла сябе захаванню яго творчай спадчыны.


Але самай важнай на сённяшні дзень справай пісьменніца лічыць напісанне кнігі аб  святой блажэннай Валянціне Мінскай. Стваралася  яна па заказу Мінскай епархіі, з блаславення Уладыкі Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.


– Праца прасоўвалася цяжка, — успамінае Таццяна Мікалаеўна. – У мяне не было ніякіх дакументальных звестак аб жыцці святой і я не ведала, дзе іх можна адшукаць. Але па промыслу Божаму  мая мама, урач, пазнаёмілася з адной жанчынай, якая захоўвала асабісты архіў матушкі Валянціны. Да моманту  кананізацыі блажэннай у 2006 годзе Беларускай праваслаўнай царквой кніга была выдадзена.


Таццяна Мікалаеўна прысвяціла песню святой блажэннай Валянціне Мінскай, якую выканала для слухачоў.


Закончылася сустрэча, вядома ж, раздачай аўтографаў – слухачы разабралі маляўнічыя дзіцячыя кніжкі для сваіх малышоў, дарослыя набылі дыскі з песнямі – для сябе, і ўсім хацелася атрымаць пісьмовыя сардэчныя зычэнні аўтаркі.



Таіса СЯМЁНАВА. Фота аўтара.