Островчане поучавствовали в цикле бесед о проблемах современных семей

11:55 / 18.07.2012

Сёлета святкуецца 20-годдзе аднаўлення Навагрудскай епархіі. Гэты знамянальны юбілей адзначаецца многімі  мерапрыемствамі духоўнай накіраванасці – лекторыямі, гутаркамі з вернікамі на актуальныя тэмы  паўсядзённага жыцця, выставамі, канцэртамі і іншымі.


Адна з такіх сустрэч адбылася ў мінулую сераду ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. Госцем, якога прадставіў благачынны Астравецкага благачыння іерэй Георгій Савіцкі,  быў клірык  храма Царственных Мучанікаў г. Ліды іерэй Арцемій Папко. Ён прэзентаваў цыкл сваіх гутарак аб сучаснай сям’і і яе праблемах.


Айцец Арцемій прывёў сумную статыстыку заключаных і скасаваных шлюбаў па горадзе Лідзе і раёне за пражытую частку бягучага года. З папраўкамі ў лічбах яна, на жаль, не нашмат лепшая і ў нас.  Прычын распаду новаствораных і сталых сем’яў шмат, але галоўная, на думку айца Арцемія, — адсутнасць духоўнага падмурку, веры ў Бога, якая цэментавала  чалавечы род на працягу многіх стагоддзяў. Страта яе найбольш балюча адбілася на ўзаемаадносінах старэйшых і малодшых пакаленняў. Бацькі і дзеці, бабулі-дзядулі і ўнукі развучыліся разумець адны адных. У выніку абясцэнілася сама сутнасць сямейных адносін, шлюбу, маладыя людзі вырастаюць эгаістамі, падыходзяць да стварэння сям’і са спажывецкімі меркамі: “Жанюся (выходжу замуж), бо хачу мець: пэўны набор матэрыяльных даброт, клопат, догляд і г.д”. І мала хто з маладажонаў ставіць перад сабой задачу не мець жонку (мужа), а быць жонкай (мужам), а з часам, адпаведна, стаць сапраўднымі бацькамі для сваіх дзяцей.


На прыкладзе ўласнай сям’і  айцец Арцемій паказаў, як вера ў Госпада, сумесная малітва дапамагае пераадольваць непаразуменні, рознасць поглядаў і характараў, бытавыя цяжкасці, і пажадаў прысутным умацоўвацца ў веры, шчыра маліцца дома і ў храме, каб у сем’ях усталяваліся паразуменне, лад і каханне.


Таіса СЯМЁНАВА. Фота аўтара.