Даніла Сваяк – прадаўжальнік справы Казіміра Сваяка

08:49 / 21.05.2012

Вестка пра тое, што  з”явіўся святар, які ўзяў сабе прозвішча СВАЯК, даляцела да мяне з Камаяў.  Вельмі ўзрушыла і ўсхвалявала.  У Камайскі касцёл , дзе ўшаноўваецца памяць святара-паэта Казіміра Сваяка, ксёндз Яцэк сёлета запрасіў праводзіць  перадвелікодныя рэкалекцыі  будучага святара, дыякана Данілу Сваяка, які зараз накіраваны на душпастырскую працу ў Глыбокае Віцебскай вобласці.


Як расказала мне актывістка касцёла ў Камаях Генавефа Дубіловіч, з першага дня рэкалекцый дыякан  Даніла  паланіў сэрцы парафіян  сваімі казаннямі. Нягледзячы на малады ўзрост прамоўцы, яны вылучаліся навуковасцю і глыбінёй, даступнасцю і шчырасцю.


Усё, што датычыцца Сваяка – для мяне, як, думаю, і для многіх жыхароў Астравеччыны – важна і дорага. Пагэтаму асоба дыякана Данілы мяне моцна зацікавіла. Хацелася даведацца, чаму ён змяніў прозвішча і стаў Сваяком, ці звязана гэта  з імем нашага земляка?


У першую чаргу звярнулася за інфармацыяй у інтэрнэт. І адразу стала зразумела, што Даніла Сваяк  – вельмі здольны, талевіты і актыўны святар.


Не ўпершыню заўважаю, што многія з тых людзей, якія нарадзіліся недзе па-за межамі Беларусі, а потым пераехалі на жыхарства да нас,  лічаць Беларусь квітнеючым раем, любяць, цэняць і праслаўляюць яе (як, напрыклад Уладзімір Мулявін і іншыя).  Даніла Сваяк таксама  нарадзіўся ў Расіі ў горадзе Перм у праваслаўнай сям’і.   Але карані яго ў Беларусі -  у Брэсцкай вобласці жыў  дзядуля Даніла. Закончыў у Пермі сярэднюю школу. Хоць у Беларусі стала не жыў, але ўсё жыццё юнак не парываў сувязь з ёю,  заўсёды памятаў пра сваё паходжанне і адчуваў сябе беларусам незалежна ад месца жыхарства.


Яшчэ ў школе меў здольнасць і цікаўнасць да моваў,  добра ведаў славацкую, украінскую і польскую. Выхаваны ў хрысціянскіх традыцыях, ён з маленства быў актыўным вернікам. Богаслужэнні ў царкве наведваў пастаянна. А калі  аднойчы юнак  трапіў у касцёл, то застаўся ў ім, можна сказаць, на ўсё жыццё. І нават пайшоў вучыцца на каталіцкага святара. І, відаць, не памыліўся бо гэта самае высокае прызванне. Правідзенне Божае выбірае сабе на службу лепшых сыноў зямлі. Як сказаў Казімір Сваяк, “…у парадку рэлігійным няма на свеце чалавека большае годнасці за вернага свайму прызову ксяндза”.


Дыякан Даніла бліскуча валодае беларускай мовай, хаця жыве ў Беларусі толькі адзін год. На маё здзіўленне ён адказаў: “Гэта, напэўна, на генным узроўні. Ды і як можна яе не любіць? Беларусь – гэта  дар Божы, які не кожнаму дадзены”.  Калі закончыў  духоўную семінарыю ва Вроцлаве (Польшча), папрасіў біскупа накіраваць на службу ў нашу краіну.


Падчас вучобы ў семінарыі яго моцна зацікавілі асобы  ксяндзоў-патрыётаў, нашых суайчыннікаў  Язэпа Германовіча, Яна Семашкевіча, Адама Станкевіча, Вінцэнта Гадлеўскага і Канстанціна Стаповіча. Яго глыбока ўразіла, што жылі  на зямлі людзі, якія ўмеюць так  любіць Радзіму, што могуць  прысвяціць ёй усё сваё жыццё, аддаць сябе самога і сваё жыццё без астатку. Але  найбольш яго ўразіла творчасць,  жыццёвы шлях і бязмежная любоў да Айчыны  ксяндза К.Стаповіча, які стаў для яго ідэалам у служэнні  Богу і Радзіме.


Гляджу на дасланы фотаздымак, на прыгожы, чысты, натхнёны твар  дыякана Данілы Сваяка, міжволі параўноўваю  яго з Казімірам Сваяком, які стараўся быць “чыстай і простай мыслі” – і знаходжу падабенства. Дай Божа, каб сцежкі Твайго новага слугі былі простымі і гладкімі, каб глеба, на якую падаюць яго словы, была ўрадлівай, каб  стаў “здабыўцам сэрцаў беларусаў” – такім  як і яго “ідэёвы” і духоўны настаўнік Казімір Сваяк.



Іаланта Валуевіч, в.Спонды.