Пасхальны спектакль падарылі прыхаджанам вучні Нядзельнай школы

10:40 / 22.04.2012





У дзень светлай Пасхі Хрыстовай па традыцыі вучні Нядзельнай школы пры храме святых апосталаў Пятра і Паўла парадавалі прыхаджан сваёй мастацкай творчасцю – пасля вячэрняга богаслужэння паказалі дзве пастаноўкі: “Сляпая прынцэса” і “Мех яблыкаў”.


Першую падрыхтавалі вучні старэйшай групы, другую – сярэдняй і малодшай. П’есы расказваюць аб вечных хрысціянскіх каштоўнасцях – міласэрнасці і міласціне, спагадзе да бліжняга і гатоўнасці ў патрэбны момант падаць руку дапамогі. І, канешне ж, аб цудах, якія адбываюцца па волі Божай. У фінале сляпая прынцэса Фаўста (яе ролю цудоўна выканала Ангеліна Казарэз) дакранаецца да Гроба Гасподняга – і яе вочкі пачынаюць бачыць навакольны свет: яркае сонейка, рознакаляровыя кветачкі і спадарожнікаў, што разам з ёю прыйшлі ў святы горад Іерусалім. А сярдзітая Варона (непераймальная Настачка Азевіч), якая ўвесь час пасмейвалася з добрага Зайкі-таты за яго шчодрае сэрца, якая нават падмяніла поўны мех на пусты – нібыта Заяц раздаў усе яблыкі сустрэчным лясным жыхарам, а галодным дзеткам нічога не пакінуў – у рэшце рэшт папрасіла прабачэння і сама прынесла зайчаняткам гасцінец – кошык велікодных яек.
У абодвух спектаклях было занята больш за палову вучняў Нядзельнай школы, і ўсе без выключэння выдатна, як сапраўдныя артысты, выканалі свае ролі. Тыя ж, каму роляў не дасталося, вывучылі і натхнёна прачыталі вершы пра светлае Хрыстова Уваскрэсенне. А Насця Вайцяхоўская, Ліза Кандратовіч і Насця Мялешка парадавалі цудоўнымі Пасхальнымі песнапеннямі прыхаджан не толькі ў храме, але і на іх рабочых месцах, наведаліся ў госці да пагранічнікаў.


Таіса СЯМЁНАВА.