У Астравецкім храме Святых апосталаў Пятра і Паўла загучыць благавест

11:06 / 29.03.2012
Паважаныя астраўчане і жыхары раёна! Святар і прыхаджане храма святых апосталаў Пятра і Паўла просяць вашай малітоўнай дапамогі і, па магчымасці, матэрыяльнай падтрымкі высакароднай справы – набыцця і ўстаноўкі званоў і рэканструкцыі званіцы. За кожнага ахвяравальніка мы будзем шчыра маліцца, прасіць у Госпада благадаці і абароны яму, яго родным і блізкім. Нават самая сціплая ваша лепта дапаможа збыцца даўняй і патаемнай мары многіх астраўчан – пачуць Благавест, які будзе склікаць людзей на супольную малітву Госпаду нашаму Ісусу Хрысту.

Званы для праваслаўнага богаслужэння былі прыняты шмат стагоддзяў таму. Царкоўны звон склікае вернікаў на богаслужэнне, выказвае асаблівую ўрачыстасць царквы, абвяшчае ўсім, каго няма ў храме, аб часе здзяйснення асабліва важных частак Богаслужэння.


Звонам указвалі дарогу падарожнікам, якія заблудзіліся ў непагадзь, паведамлялі аб небяспецы ці няшчасці – да прыкладу, аб пажары. У трагічныя для Радзімы дні звон узнімаў народ на абарону Бацькаўшчыны. Звон жа абвяшчаў перамогу над ворагам і вітаў пераможцаў, што вярталіся з поля бітвы.
Вучоныя адзначаюць спрыяльны, лекавы ўплыў царкоўнага звону на здароўе чалавека, некаторыя даследчыкі нават сцвярджаюць, што ён здольны змяніць хімічны склад вады, выдаліць шкодныя для чалавечага арганізму рэчывы. Зрэшты, успомніце, шаноўныя браты і сёстры, што кожны з вас адчуваў, слухаючы царкоўны звон? Здаецца, душа сягае да нябёсаў, лёгкія напаўняюцца паветрам, а мускулы сілай – ці не так?
Рускі народ, назваўшы ўдарную частку звана языком, упадобіў звон жывому голасу. Сапраўды, хіба інакш, як не вуснамі, што гавораць, можна назваць царкоўны звон? У дні вялікіх свят ён нагадвае нам аб радасці нябеснай, у дні святых Божых – расказвае аб вечным супакоі святых небажыхароў, у дні Страсной сядміцы напамінае аб нашым прымірэнні з Богам праз Хрыста Збавіцеля, у дні Светлай Пасхальнай сядміцы абвяшчае аб перамозе жыцця над смерцю і аб вечнай, несканчонай радасці будучага жыцця ў Царстве Хрыстовым.
Абвяшчаючы славу імя Хрыстовага, раздаючыся днём і ноччу з вышыні храмаў Божых, царкоўны звон сам сабою напамінае нам словы Госпада Уседзяржыцеля, сказаныя праз старазапаветнага прарока Ісайю: “ На сценах тваіх, Іерусалім, Я паставіў вартавых, якія не будуць змаўкаць ні днём, ні ноччу..., напамінаючы пра Госпада” (Іс.62,6).
Царкоўны звон дзеліцца на тры асноўныя віды: 1.благавест, 2. перазвон, перабор, 3. уласна звон.
Благавест – гэта размераныя ўдары ў адзін вялікі звон. Гэтым звонам вернікам падаецца добрая вестка аб пачатку богаслужэння ў храме. Благавест бывае святочны, будзённы і посны.
Перазвон – гэта перабор ад самага вялікага да самага маленькага ці наадварот з рознай колькасцю удараў у кожны звон. Існуюць два асноўныя пераборы – пахавальны і водасвятны.
Уласна звон – характэрны рытмічны звон з выкарыстаннем усіх асноўных груп звановага гукараду. Да звонаў гэтай групы адносяцца: святочны звон (трызвон, двухзвон), будзённы звон, а таксама звоны, складзеныя самім званаром — вынік яго творчай працы і самавыражэння.
Званы – неабходная прыналежнасць храма. Але па волі абставін склалася так, што наша царква ў імя Святых апосталаў Пятра і Паўла пакуль не мае свайго голасу. Прыхаджане памятаюць, у якіх складаных умовах вялося яе будаўніцтва ў няпростыя 90-я гады. Трэба было як мага хутчэй узвесці храм, каб праваслаўныя вернікі маглі размаўляць з Госпадам, даносіць да яго свае малітвы. З-за недахопу фінансаў званы не былі выраблены і ўстаноўлены.
Прайшло больш чым дзесяць гадоў пасля асвячэння храма, праваслаўны прыход умацаваўся, згуртаваўся і плённа працуе ў славу Божую для яго добраўпарадкавання і ўпрыгажэння. Агульнымі малітвамі і намаганнямі наладжаны абагрэў храма, заменены вокны і дзверы, устаноўлены новы прыгожы кананічны іканастас. Надышла пара паклапаціцца пра рэканструкцыю званіцы і ўстаноўку званоў. Ёсць дамоўленасць з звоналіцейным прадпрыемствам у расійскім Варонежы, якое славіцца сваімі майстрамі ў гэтай справе, на выраб званоў для нашага храма. З Божай дапамогай загучыць благавест і ў Астраўцы!


Іерэй Георгій САВІЦКІ, благачынны Астравецкага благачыння, настаяцель храма св. апосталаў Пятра і Паўла.