Чаму для хрысціян так важна захоўваць пост?

16:33 / 13.03.2012
5635

Якую карысць душы прыносіць устрыманне? Чым пост адрозніваецца ад дыеты? Якім павінен быць наш пост, каб ён быў заўгодны Богу і выратавальны для нашай душы? Не трэба мудрыць з пошукам адказаў на гэтыя пытанні. Неабходныя якасці посту ўказаны ў Евангеллі.


Першая ўмова хрысціянскага постунезласлівасць душы. Чалавеку ганарыстаму, неміралюбнаму, упартаму недаступныя суцяшэнні сапраўднага посту. Калі душу нашу апаноўваюць нядобрыя ўспаміны і нядобразычлівасць, калі сэрца напоўнена пачуццямі гневу, помсты і нянавісці, то мы не посцімся. У такім стане чалавек, хаця вусны яго і паўтараюць словы малітваў, а слых убірае царкоўныя песнапенні, не замольвае грэх, а паглыбляе яго. Чалавек – раб страсцей. Сапраўдны ж пост абуджае ў душы самыя чыстыя і высакародныя пачуцці любові. На шляху да гэтай мэты кожнаму, хто жадае належным чынам правесці Вялікі пост, трэба ні на хвіліну не забываць абавязак быць пакорлівым. Пакора і ўступчывасць – першыя адметнасці хрысціянскага посту. Уменне стрымаць гнеўны парыў, аддаліць ад сябе зайздрасць і саперніцтва, навык велікадушна паступіцца сваімі правамі – гэта і ёсць богаўгодны пачатак хрысціянскага посту.
Працягваючы ісці ў тым жа накірунку, хрысціянін павінен выпрацаваць у сабе яшчэ адну каштоўную дабрадзейную якасць – паблажлівасць. Забываючыся пра асабістыя недахопы, мы часта выступаем грознымі і суровымі суддзямі ў адносінах да чужых памылак і ўчынкаў. Горкім асуджальным словам, пагардлівым поглядам мы прыніжаем асобу іншага чалавека. Гэта грэх, які губіць любоў нашай душы. Добра таму, хто ў дні посту паспее зламаць і знішчыць у сабе гэты грэх і на яго месцы ўсталюе добразычлівасць, сяброўскую паслужлівасць і іншыя чыстыя праявы Божай любві. Такім чынам, галоўная і першая ўмова посту – прабуджэнне чалавекам любові да іншага чалавека.
Другая ўмова хрысціянскага посту адлюстравана ў словах Самога Ісуса Хрыста: “Калі посціцеся, не будзьце панылыя, як крывадушнікі. Крывадушнікі азмрочваюць свае твары, каб паказаць перад людзьмі, што посцяцца” (Мф.6,16). Крывадушнікі захоўваюць правілы посту толькі на паказ людзям, а не для Бога. Яны хочуць, каб іншыя лічылі іх поснікамі, а не для таго, каб скіраваць сваю душу на добрыя справы і дагадзіць Богу. Сапраўдны пост павінен захоўвацца для таго, каб душэўнымі і цялеснымі подзвігамі ачысціцца ад грахоў, настроіцца на дабро. Відавочна, такая душэўная дзейнасць цяжэйшая за крывадушны цялесны пост. Тут чалавек знаходзіцца ў штомінутным судакрананні са сваім сумленнем, якое пастаянна нагадвае яму аб пакоры, засмучэнні сэрца, паказвае нашай свядомасці душу ў непрыглядных яе становішчах. Калі хворы чалавек бачыць і адчувае гнойныя раны на сваім целе, ён моцна пакутуе і не стане выстаўляць гэтыя балячкі напаказ. Так і ўсведамленне сваёй душэўнай недасканаласці ёсць першы крок да яе выпраўлення.
Трэцяя ўмова хрысціянскага посту, паводле вучэння Евангелля, – гэта пастаянны зварот чалавека ў думках да Царства Нябеснага, якое здабыў для нас Ісус Хрыстос. Нас хрысцілі немаўлятамі ў купелі для таго, каб мы трапілі ў гэтае Цаства. Нас падводзілі да чашы Хрыстовай толькі для гэтага. Але найчасцей наша жыццё яўна адмаўляе гэтае памкненне. У чалавека ў такім выпадку з’яўляецца дзіўная і неспасцігальная нязгода з самім сабой. Бывае так па простай прычыне – многія з нас невыразна, слаба і няпэўна ўяўляюць сабе нябесныя даброты і ўвогуле душэўную асалоду. А між тым, гэтае ўяўленне нябеснага і чыстага і складае для чалавека сапраўдную радасць, сапраўдную крыніцу вады жывой, пра якую Хрыстос размаўляў аднойчы з самаранкаю (Ін.4). Мы, прывыкшыя весці разлікі толькі з цяперашняй рэчаіснасцю, падобныя на людзей, што наталяюць смагу каламутнай і гнілой вадой. Але гэтае наталенне непрыкметна прыводзіць да паслаблення і расстройства сіл. Душа чалавечая не можа задавольвацца цяперашнім, абмежаваным, пачуццёвым. Ёй неабходна радасць не на час, а назаўсёды. Калі мы сапраўды любім, нам хочацца любіць вечна, бясконца. Часовае валоданне – гэта эгаізм, пачуццё, не вартае чалавека.
Жадаем усім прыхаджанам нашага храма годна правесці Вялікі пост, набыць дабрадзейнасць незласлівасці, паблажлівасці і любві адзін да аднаго.


Настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла іерэй Георгій САВІЦКІ.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений