Сёння ў католікаў Папяльцовая серада

08:03 / 22.02.2012

Менавіта яна з’яўляецца пачаткам, першым днём Вялікага Посту, які мы будзем перажываць на працягу сарака дзён.


Лічба 40 – вельмі сімвалічная для хрысціяніна: на працягу сарака дзён Езус пасціўся ў пустыні перш, чым распачаць Сваю місійную дзейнасць; сорак дзён не спыняўся лівень Сусветнага патопу; сорак гадоў яўрэі, пакінуўшы Егіпет, блукалі па пустыні; 40 дзён прабыў на гары Сінай Маісей перш, чым атрымаў ад Бога скрыжалі з запаведзямі…
На працягу сарака дзён Вялікага Посту кожны з нас стараецца знайсці ўласную дарогу да ўдасканалення, да ўзмацнення веры. Праз абмежаванні ў ежы і зносінах, праз асаблівы, больш аскетычны лад жыцця. Праз малітвы, удзел у Крыжовых Дарогах, пілігрымкі ў святыя месцы. Праз ачышчэнне споведдзю і ўдзел у літургіях, праз роздум і медытацыю. Праз добрыя справы і ахвяраванні.
Сорак дзён мы будзем старацца расці – у сабе і над сабой. Над сваімі слабасцямі, сумненнямі, лянотай. Расціць уласную душу, каб, калі прыйдзе на тое час, годна прыняць Найвялікшую Ахвяру – Уваскрашэнне Богачалавека.
І сёння, у Папяльцовую сераду, мы, як гэта спрадвеку рабілі нашы продкі, пасыпаем свае галовы попелам раскаяння за грахі, здзейсненыя намі праз мову, учынак і занядбанне, і ўзгадваем, што мы, людзі “…з попелу выйшлі і попелам станем урэшце…”


Ганна ЧАКУР.
Фота Карнэлія КОНСЭКА.