Сёння праваслаўная царква святкуе Хрышчэнне Гасподняе

08:03 / 19.01.2012

19 студзеня праваслаўная царква святкуе Хрышэнне Госпада нашага Ісуса Хрыста. Гэта адно з вялікіх двунадзясятных свят, якое адзначаецца не менш урачыста, чым Ражаство Хрыстова. Да ІУ стагоддзя Ражаство і Хрышчэнне былі адным святам і спраўлялася ў адзін дзень. Можна сказаць, што і зараз яны складаюць адну ўрачыстасць, бо звязаны асаблівым перыядам – святкамі.


Свята Хрышчэння называецца таксама Богаяўленнем, таму што гэтай падзеі свету аб’явіліся ўсе тры асобы Святой Тройцы: Бог Сын хрысціўся ў Іардане, Бог Айцец сведчыў аб Ім голасам з нябёсаў: “Ты Сын Мой узлюблены, у Якім Маё дабраволенне” (Мк.1,11), і Бог Дух Святы, Які сышоў з нябёсаў на Хрыста ў выглядзе голуба.
Святая Царква ў свяце Хрышчэння Гасподняга зацвярджае нашу веру ў найвышэйшую, неспасцігальную для розуму таямніцу Трох Асоб Адзінага Бога і вучыць нас аднолькава спавядаць і праслаўляць Святую Тройцу Адзінасутную і Непадзельную, выкрывае і разбурае памылкі старажытных і сучасных ілжэвучыцеляў і сектантаў, якія спрабуюць няправільна тлумачыць Святое Пісанне.
Цяпер давайце акунемся ў глыб гісторыі і паглядзім, як адбывалася само Хрышчэнне Госпада Ісуса Хрыста. Пасля таго, як памёр цар Ірад, Святое Сямейства вярнулася з Егіпта і пасялілася ў невялікім горадзе Назарэце, які знаходзіўся ў Галілеі. З Прасвятой Сваёй Маці і праведным Іосіфам Ісус жыў тут да свайго трыццацігоддзя. Калі ж споўніўся трыццаты год яго зямнога жыцця – час, да якога па закону іудзейскаму нікому не дазвалялася настаўнічаць у сінагогах і прымаць сан святара, настала пара яўлення Яго народу ізраільскаму. Але перад гэтым момантам, паводле прарочага слова, павінен быў з’явіцца Ізраілю Прадцеча, на якім ляжала задача падрыхтаваць народ Ізраіля да прыняцця Месіі, той, пра каго прарок Ісая прадказаў: “голас, які крычыць у пустыні: падрыхтуйце шлях Госпаду, прамымі зрабіце ў стэпе сцежкі Богу нашаму» (Іс. 40,3).
Удалечыні ад людзей, у глыбіні суровай іудзейскай пустыні было слова Божае да Іаана (Лк. №.”). Гэтае слова Божае загадала Іаану выйсці ў свет з пропаведдзю пакаяння і ахрысціць Ізраіль, каб сведчыць аб Святле, каб усе ўверавалі праз Яго (Ін.1,7). І Іаан, слухаючы слова Божае, хадзіў па ўсёй краіне іарданскай, прапаведуючы хрышчэнне пакаяння для даравання грахоў (Лк. 3,3). Паслухаць яго пропаведзь выходзіла ўся іудзейская краіна і жыхары Іерусаліма, якія хрысціліся ў яго ў водах ракі Іардан, спавядаючы свае грахі.
Іудзеі, што прыходзілі да Іаана, пыталіся: ці не ён той Збавіцель, Суцяшэнне Ізраілева? Хрысціцель жа адказваў: “Ідзе за мной Мацнейшы за мяне, у Якога я не варты, нахіліўшыся, развязаць рэмень абутку Яго; я хрысціў вас вадой, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым” (Мк, 1, 7-8). І вось у адзін звычайны дзень, калі Іаан з пропаведдзю звяртаўся да іудзеяў, што сабраліся ля Іардана, ён Духам Святым пазнаў сярод людзей таго, перад кім трыццаць гадоў назад узыграў у лоне маці сваёй. Ісус прыйшоў з Галілеі на Іардан, каб прыняць хрышчэнне ад Іаана нароўні з усімі. Іаан жа стрымліваў Яго і гаварыў: мне трэба хрысціцца ад Цябе, і ці Ты прыходзіш да мяне? (Мф. 3,14). Святы Іаан, убачыўшы перад сабой Сына Божага, непадуладнага граху, сам патрабаваў ад яго хрышчэння, як той, хто знаходзіцца пад грахом непаслушэнства, перайшоўшым ад Адама на ўвесь род чалавечы. Але Ісус сказаў яму: пакінь зараз, бо так належыць нам выканаць усялякую праўду (Мф,3,15). Ён не меў патрэбы ў гэтым хрышчэнні, як бязгрэшны і беззаганны, народжаны ад Прачыстай Дзевы Марыі і Сам, па боскасці Сваёй, быў крыніцай усялякай чысціні і святыні, але, паколькі Ён узяў на Сябе грахі ўсяго свету, то і прыйшоў да вод Іарданскіх, каб ачысціць іх праз хрышчэнне. Ён прыйшоў хрысціцца для таго, каб асвяціць Сабой ваду, каб і нам даць купель святога хрышчэння. А яшчэ – для таго, каб Іаан убачыў спаўненне слова Божыя, што загадала яму выйсці з пустыні: “На каго ўбачыш Духа, што сыходзіць і прабывае на Ім, Той ёсць хрысцячы Духам Святым” (Ін, 1,33).
Святы Іаан Хрысціцель падпарадкаваўся слову Хрыстоваму і Іардан прыняў у свае воды Таго, па волі якога пачаў сваё цячэнне. Як апавядае Евангелле, пасля прыняцця хрышчэння Гасподзь адразу выйшаў з вады, у той час як святы Іаан Хрысціцель кожнага чалавека, які хрысціўся ў яго, акунаў у ваду па шыю і трымаў так, пакуль той не выспаведваў усе свае грахі. Толькі пасля гэтага чалавеку дазвалялася выйсці з ракі. Калі бязгрэшны Хрыстос выходзіў з вады, раскрылася неба, і Дух Святы сышоў на Яго ў цялесным выглядзе як голуб. І быў голас з нябёсаў, які гаварыў: Ты Сын Мой Узлюблены; у Табе Маё дабраволенне! (Лк,3, 21-22). Як у часы Ноя галубіца паведаміла аб змяншэнні вод патопу, так і тут падабенства голуба ўказвала на заканчэнне патопу духоўнага. Голуб – сімвал любві, чысціні і пакоры. Так і Дух Святы ёсць крыніца чысціні, бездань чалавекалюбства, настаўнік пакорлівасці і міру.
Згодна з царкоўным паданнем, пропаведзь Іаана Прадцечы, а таксама хрышчэнне ім Збавіцеля адбываліся на месцы старажытнай пераправы праз Іардан, прыблізна ў пяці кіламетрах ад упадзення ракі ў Мёртвае мора. Ужо ў часы цара Давіда тут быў збудаваны паром, а ў 19-м стагоддзі гэтае месца называлася Паломніцкім бродам – з-за мноства паломнікаў, што сцякаліся сюды для амавення ў водах Іарданскіх. Зараз непадалёк размяшчаецца грэчаскі манастыр святога Іаана Прадцечы.
Дзень, што папярэднічае святу Хрышчэння Гасподняга, называецца Хрышчэнскім сачэльнікам. Гэта таксама дзень строгага посту, якім заканчваюцца святкі – святочныя дні пасля Ражаства Хрыстовага. У гэты дзень служыцца Літургія свяціцеля Васілія Вялікага. Чытаюцца парэміі – урыўкі са Старога Запавету, у якіх правобразна гаворыцца аб Святым Хрышчэнні, аб таямнічых уласцівасцях вады, праз якую перадаецца людзям благадаць Божая. Гэтак жа, як і ў само свята Хрышчэння, у храмах здзяйсняецца асаблівы чын – вялікае асвячэнне вады. Вада, асвечаная ў гэтыя дні, называецца хрышчэнскай або “Вялікай Агіасмай” і валодае асаблівымі дабрадатнымі ўласцівасцямі асвячаць матэрыяльныя прадметы і лячыць духоўныя і цялесныя немачы. Ужываць яе неабходна з верай і малітвай, пажадана кожны ранак перад адыходам на працу ці вучобу, нашча, а падчас цяжкай хваробы – незалежна ад пары сутак.
Не варта слухаць розныя забабоны наконт таго, што ваду, асвечаную ў сачэльнік і ў само свята, нельга захоўваць разам. Вада гэтая аднолькавая, бо чытаюцца адныя і тыя ж малітвы на яе асвячэнне. Не атрымліваецца ўзяць вады на Хрышчэнне – набірайце ў сачэльнік і наадварот.
У праваслаўных вернікаў існуе добры звычай штогод, набраўшы святой вады, акрапляць ёю сваё жытло. Такім чынам мы просім у Бога блаславення нашаму дому, дапамогі сабе ў набожным і богаўгодным жыцці, а таксама ачышчаем сваё жытло ад нячыстых сіл – ворагаў нашага выратавання. Лепш, каб ваш дом ці кватэру асвячаў святар. Калі ў мінулым годзе нехта не змог ці не паспеў запрасіць бацюшку для асвячэння жылля, сёлета можна запісацца ў іконных лаўках праваслаўных храмаў раёна.
Віншуем усіх са святам Хрышчэння Гасподняга! Няхай Гасподзь асвяціць нас сваёй Благадаццю.


Благачынны Астравецкага благачыння іерэй Георгій САВІЦКІ.